Вы тут

У тэатры музкамедыі адбылася прэм'ера мюзікла «Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пасля»


У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм'ера новага мюзікла. «Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пасля» — дзея ў дзвюх частках пад музыку Аркадзя Укупніка. Перад прэм'ерай каманда, якая працавала над пастаноўкай, падзялілася ўражаннямі.


— Работа прайшла вельмі прадуктыўна, нягледзячы на даволі складаныя абставіны, — адзначыў мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч. — З чатырохсот работнікаў тэатра захварэла дзесяць працэнтаў. Але нам вельмі падабаюцца і музыка, і драматургія спектакля. Асобна хацеў бы адзначыць работу мастака-пастаноўшчыка Андрэя Меранькова і мастачкі па касцюмах Валянціны Праўдзінай: калі я ўбачыў пастаноўку ў маскоўскай аперэце, я засумняваўся, што ў нас гэта можа атрымацца. Але ў выніку тое, што стварылі Андрэй і Валянціна, абвергла ўсе мае сумневы.

Дырыжор-пастаноўшчык Юрый Галяс дадае:

— Хацеў бы звярнуць увагу на музыку кампазітара Аркадзя Сямёнавіча Укупніка. Ён вельмі вядомы спявак, і я, не знаёмы з музыкай да гэтага спектакля, чакаў трошкі іншага. Але, як выявілася, музычны матэрыял і аранжыроўка вельмі дастойныя. Я лічу,што гэта адзін з моцных бакоў пастаноўкі.

Сюжэт п'есы «Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пасля» заснаваны на здагадцы, як склалася б жыццё герояў вялікай шэкспіраўскай п'есы, калі б яны не памерлі.

Закаханыя бягуць у Геную, дзе Рамэа, пазбаўлены сродкаў да існавання, становіцца ўдачлівым кантрабандыстам, а яго жонка выхоўвае дачку Віялету, жывучы пры гэтым свецкім жыццём. Але немагчыма схавацца ад свайго мінулага. І вось праз дваццаць гадоў падчас гарадскога свята ў Генуі з'яўляецца загадкавы чалавек у чорным...

— Я запрашаю ўсіх на цікавы, яскравы і актуальны мюзікл Аркадзя Укупніка, лібрэта да якога напісаў Карэн Кавалеран, — кажа рэжысёр-пастаноўшчык Ілья Усцянцаў. — Той, хто апынецца ў зале, сыдзе, спадзяюся, з эмацыянальным захапленнем. Усё, што будзе прадстаўлена на сцэне, — дзеля вас і, самае галоўнае, у імя кахання, якое і з'яўляецца дамінантай гэтага спектакля.

Квіткі на «Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пасля» ўжо ёсць у продажы.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі б Рамэа і Джульета пасталелі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата.