Вы тут

Як працуюць сталічныя паліклінікі пасля спынення планавай дапамогі?


З 5 снежня мінскія паліклінікі спынілі аказанне планавай медыцынскай дапамогі. Рашэнне было прынята з-за хуткага распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Гэта значыць, што ўзяць талончык да неўролага, акуліста і нават урача агульнай практыкі пакуль немагчыма. Усе медыкі працуюць з пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй і іншымі рэспіраторнымі хваробамі. Як цяпер арганізавана работа паліклінік, куды мусяць звяртацца людзі з сімптомамі рэспіраторнай інфекцыі і што рабіць, калі абвастрылася захворванне, не звязанае з COVІD-19, а таксама для каго зробяць выключэнне і прымуць урачы-спецыялісты? Пра гэта і іншае мы даведаліся, наведаўшы 11-ю сталічнаю паліклініку.


Да вымярэння тэмпературы, з якога пачынаецца наведванне паліклінікі, асобнага ўваходу для пацыентаў з рэспіраторнымі сімптомамі і медыкаў у ахоўных касцюмах мы прызвычаіліся яшчэ падчас першай хвалі каранавіруса. Усё гэта захавалася і цяпер. На ўваходзе ўдакладняюць, з якой мэтай вы прыйшлі ў паліклініку. Калі па бальнічным — накіруюць у стол даведак, дзе для вас падбяруць найменш загружаны ў гэты момант кабінет урача, калі адчуваеце сябе прастуджаным — ісці трэба ў інфекцыйны блок. Калі ж, напрыклад, у вас падняўся ціск ці пасля пералому неабходна назіранне хірурга, урача трэба выклікаць на дом.

Да такой мадэлі работы паліклінікі рыхтаваліся яшчэ з восені.

— Ацэньваючы сітуацыю, якая ўвосень складвалася з распаўсюджваннем рэспіраторных захворванняў, у тым ліку COVІD-19, мы пастараліся абмежаваць прыём пацыентаў з хранічнымі захворваннямі ў паліклініцы, стараліся максімальна аказаць ім медыцынскую дапамогу дома, — расказвае галоўны ўрач 11-й гарадской паліклінікі Ірына Болдырава. — Калі пацыент выклікаў урача на дом, мы ўдакладнялі прычыну. Калі гэта тэмпература і іншыя прыкметы рэспіраторных захворванняў, накіроўвалі дзяжурнага ўрача. Калі пацыент казаў, што кантактаваў з хворым на COVІD-19 ці з'яўляецца кантактам, накіроўвалі кантактную брыгаду. Калі ж неабходныя рэцэпты, то іх дастаўляў медыцынскі работнік з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй або санітарка. Некаторыя пацыенты баяліся кантактаваць з медыцынскімі работнікамі, у такіх выпадках пакідалі рэцэпты ў паштовай скрыні і па тэлефоне кантралявалі, каб пацыенты іх забралі.

Яшчэ з восені скараціўся прыём па талонах ва ўрачоў агульнай практыкі. Калі раней ён доўжыўся пяць гадзін, то па меры таго, як расла колькасць захварэлых з рэспіраторнымі хваробамі, скарачаўся — да чатырох, трох, а потым і да дзвюх гадзін. У час, які вызваліўся, урачы агульнай практыкі прымалі людзей, што знаходзіліся на бальнічных. Дапамагалі ім і ўрачы-спецыялісты.

— Але тых пацыентаў, якія загадзя запісаліся на прыём на снежань-студзень, у тым ліку і праз інтэрнэт, урачы-спецыялісты прымуць. Тым больш што іх няшмат — тры-чатыры ў дзень. Мы ўсім ім патэлефанавалі, удакладнілі прычыну запісу на прыём. У некаторых стан здароўя не пагоршыўся, яны толькі хацелі скарэктаваць лячэнне, і ў выніку адмовіліся ад прыёму.

Пасля спынення аказання планавай дапамогі ўсе ўрачы — неўролаг, акулісты, эндакрынолаг, оталарынголаг, урачы агульнай практыкі, гінеколагі, хірургі, інфекцыяніст, герыятр, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі, урач аддзялення дзённага знаходжання — задзейнічаны ў аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з прыкметамі ВРВІ і COVІD-19. Дарэчы, усе яны, паводле слоў галоўнага ўрача, атрымліваюць адпаведныя надбаўкі да зарплаты.

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ.

З рэспіраторнымі сімптомамі — у інфекцыйны блок

Такім чынам, вялікая частка пацыентаў, якія цяпер наведваюць паліклініку, — гэта людзі з прыкметамі ВРВІ. Яны накіроўваюцца ў інфекцыйны блок праз асобны ўваход — з іншага боку будынка. Медыкі туды трапляюць праз шлюз, дзе пераапранаюцца ў ахоўныя касцюмы. Акрамя некалькіх асобных кабінетаў для ўрачоў у інфекцыйным блоку маецца працэдурны кабінет, дзе фельчар-лабарант пры неабходнасці адразу робіць аналіз крыві з пальца, экспрэс-аналіз і забор мазкоў на COVІD-19. Таксама ёсць магчымасць зрабіць электракардыяграму. У залежнасці ад колькасці пацыентаў рэгулюецца і колькасць працуючых кабінетаў — прымаць можа да чатырох урачоў у змену. У дзень нашага наведвання паліклінікі (у другой палове дня ў сераду) прыём вёў усяго адзін урач, бо і пацыентаў было няшмат — перад кабінетам мы засталі ўсяго двух мужчын. У калідорах для наведвальнікаў маюцца дэзсродкі, вешалкі для верхняга адзення, ёмістасць для адпрацаваных масак, лямпы для абеззаражвання паветра, на падлозе нанесеная разметка, якая нагадвае пра захаванне бяспечнай дыстанцыі.

Пасля агляду ў інфекцыйным блоку пацыент, як правіла, атрымлівае лісток непрацаздольнасці на максімальна магчымы перыяд, пакуль ён лічыцца заразным, — 7—10 дзён. Пасля, калі няма прыкмет рэспіраторнага захворвання, ён ужо ідзе ва ўмоўна чыстую зону паліклінікі (з цэнтральнага ўвахода) да любога ўрача, які вядзе прыём. Па бальнічных прыём пацыентаў ідзе на працягу ўсяго дня — з 8 раніцы да 20 гадзін вечара. Трэба звярнуцца ў стол даведак, і там парэкамендуюць, у які кабінет прайсці.

Урач агуль­най прак­ты­кі Свят­ла­на Януш­ка і па­моч­нік ура­ча Ган­на Вой­цік.

Калі неабходны здымак...

Калі пацыент звяртаецца ў інфекцыйны блок, і ўрач западозрыў захворванне, якое патрабуе рэнтгеналагічнай дыягностыкі ці КТ, медык суправаджае хворага ў рэнтгеналагічны кабінет. Паколькі патрэбнае абсталяванне знаходзіцца ва ўмоўна чыстай зоне паліклінікі, пацыента праводзяць праз шлюз — апрацоўваюць дэзсродкамі і даюць дадатковыя ахоўныя сродкі. Здымак тэрмінова апісваецца ўрачом-рэнтгенолагам і вынік праз непрацяглы час атрымлівае ўрач агульнай практыкі. Калі выяўляецца пнеўманія, а аб'ём паражэння лёгкіх урач бачыць нават па рэнтген-здымку, пры гэтым у пацыента зніжаецца сатурацыя (насычэнне кіслародам), яму выклікаюць аўтамабіль, што ажыццяўляе перавозку такіх хворых, і накіроўваюць у стацыянар.

У выпадку калі шпіталізацыя патрабуецца пацыенту, які лечыцца дома, кантактная брыгада выклікае аўтамабіль для перавозкі і ўзгадняе, у якім стацыянары маюцца месцы.

— Днямі нашага пацыента шпіталізавалі ў РНПЦ фтызіятрыі і пульманалогіі. Урачы адразу інфармуюць кіраўніцтва паліклінікі, мы трымаем на кантролі такія выпадкі, — кажа Ірына Болдырава.

Калі патрэбна дапамога траўматолага...

У снежні фіксуецца вялікая колькасць галалёдных траўмаў. З імі, як правіла, атрымліваюць першую дапамогу ў траўмапунктах, а далей пацыенты маюць патрэбу назірацца ў хірурга ці траўматолага па месцы жыхарства. Аказанне траўматалагічнай дапамогі ў паліклініцы не спынена.

— Траўмахірургічнае аддзяленне, а яно ў нас укамплектавана на 100 %, працуе ў дзве змены. Траўматалагічную дапамогу мы максімальна стараемся аказваць дома. Пацыент выклікае ўрача, і той згодна з інструкцыямі аб парадку правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці мае права выдаць бальнічны на тэрмін да 30 дзён, калі не патрабуецца больш доўгага назірання. Мы інфармуем пацыента, што ў выпадку пагаршэння стану здароўя неабходна выклікаць урача на дом. У паліклініцы пацыент з'яўляецца толькі тады, калі неабходна зрабіць чарговы здымак, — каментуе Ірына Болдырава. — Ніякіх эксцэсаў няма, пацыенты задаволены такім падыходам. У астатні час урачы-хірургі падключаюцца да работы з пацыентамі, якія знаходзяцца на бальнічных з рэспіраторнымі захворваннямі і COVІD-19.

З абвастрэннямі хранічных захворванняў пацыенты таксама мусяць выклікаць урача на дом. Але цалкам верагодна, што давядзецца пачакаць да вечара. Візіты цяпер ажыццяўляюцца цягам рабочага дня — з 8 да 20 гадзін, пры гэтым пацыентаў нямала.

— Па тэлефоне мы вызначаемся: калі чалавек можа пачакаць, да яго прыходзіць дзяжурны ўрач, калі боль узмацняецца або ціск не купіруецца і чакаць нельга, то трэба выклікаць хуткую дапамогу ці звяртацца ў бальнічныя арганізацыі. Колькасць візітаў я кантралюю штодзень — учора праз стол даведак іх было 137, — адзначае галоўны ўрач. — Гэта без уліку тых, што ажыццяўляюць кантактныя брыгады да пацыентаў з COVІD-19 і кантактаў першага ўзроўню.

Для цяжарных жанчын у 11-й паліклініцы вылучылі асобнае памяшканне ў чыстай зоне з асобным уваходам з вуліцы. Яно складаецца з трох кабінетаў, у тым ліку працэдурнага, дзе ёсць магчымасць правесці КТГ і зрабіць агляд. Хоць планавыя візіты цяжарных цяпер мінімізаваныя, але пры неабходнасці яны могуць быць агледжаны ўрачом-акушэрам-гінеколагам без дадатковых рызык.

Як працуюць кантактныя брыгады

Хворых на COVІD-19 і кантакты першага ўзроўню, як у першую хвалю распаўсюджвання інфекцыі, наведваюць так званыя кантактныя брыгады. На сёння ў 11-й паліклініцы, якая абслугоўвае 31 тысячу насельніцтва сталіцы, такіх брыгад тры. Кожная робіць каля паўсотні візітаў штодзень. Урачэбная брыгада выязджае, калі здароўе пацыента пагаршаецца ці патрабуецца карэкціроўка лячэння і правядзенне экспертызы часовай непрацаздольнасці. У астатніх выпадках (калі неабходны забор мазка ці экспрэс-тэсціраванне, калі стан здароўя пацыента не выклікае апасенняў), едзе сястрынская брыгада.

Урач агульнай практыкі, выконваючы абавязкі загадчыка 1-га тэрапеўтычнага аддзялення Святлана Янушка і памочнік урача Ганна Войцік працавалі ў кантактных брыгадах яшчэ падчас першай хвалі. Параўноўваючы стаўленне пацыентаў да хваробы тады і цяпер, адзначаюць, што яно стала больш абыякавым.

— Не ўсе пацыенты прытрымліваюцца рэкамендацый і абмежаванняў, гэта абцяжарвае нашу работу. Прыязджаеш на візіт — іх можа не быць дома. Калі раней было больш пацыентаў з лёгкім і бессімптомным цячэннем, то цяпер часцей сустракаюцца больш цяжкія формы. Тэрміны бальнічных сталі больш працяглыя, пацыенты не так хутка папраўляюцца, — кажа Святлана Янушка. — Штодзень тры-чатыры чалавекі мы накіроўваем у стацыянар.

Цяпер урачы паліклінікі могуць устанаўліваць факт і ўзровень кантакту па COVІD-19. Раней гэтым пытаннем займаліся тэрытарыяльныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

— Раней даводзілася чакаць, пакуль нам дашлюць інфармацыю, таму мы праводзілі экспертызу, а лісткі непрацаздольнасці выдавалі пазней за мінулыя дні. Цяпер наша работа ў гэтым плане спрасцілася. Мы вырашаем усе пытанні, прыйшоўшы ў кватэру, — перапісваем усе ачагі, калі гэта дзеці, інфармуем дзіцячыя паліклінікі, калі дарослыя, якія будуць самаізалявацца ў іншым месцы, інфармуем медустанову па месцы іх ізаляцыі, — тлумачыць Ірына Болдырава.

За што ўдзячны пацыенты?

— Людзі з разуменнем ставяцца да сітуацыі, якая склалася. Па чацвяргах у нас праходзіць прыём грамадзян, і людзі запісваюцца толькі дзеля таго, каб выказаць нашым медыкам словы падзякі. У мінулы чацвер, 10 снежня, я пачула прыемныя рэчы адразу ад трох чалавек. Адзін з іх дзякаваў за аказанне медыцынскай дапамогі яго маці, нашы дактары выратавалі жыццё гэтай пажылой жанчыне. Іншы пацыент дзякаваў за арганізацыю работы: ён быў уражаны, як дакладна рэагуюць на ўваходзе, што ў нас і разметка тут ёсць. Яшчэ адзін чалавек дзякаваў па тэлефоне. Я таксама ўдзячная людзям, што яны нас падтрымліваюць, ставяцца з разуменнем да часовых абмежаванняў і змен, — прызнаецца галоўны ўрач.

Дарэчы, як і падчас першай хвалі, так і цяпер паліклініцы працягваюць аказваць бязвыплатную дапамогу. Дзякуючы ёй нядаўна ўдалося набыць пульсаксіметр. Калі раней імі былі забяспечаны толькі ўрачы агульнай практыкі, то цяпер іх мае кожны ўрач-спецыяліст і памочнік урача, якія аказваюць дапамогу пацыентам з COVІD-19 і іншымі рэспіраторнымі інфекцыямі.

— Нашы людзі праяўляюць свае найлепшыя якасці — адгукаюцца і дапамагаюць, не пакідаючы нас у такі няпросты час. Для нас такая падтрымка надзвычай важная, — падкрэслівае Ірына Болдырава.

Алена КРАВЕЦ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.