Вы тут

Актуальныя задачы Парламента напярэдадні агульнанацыянальнага форуму


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання


Фота БЕЛТА

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання завяршае сваю работу.

Яна праходзіла ў няпростых умовах.

Не спыняліся спробы дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі і беспрэцэдэнтны знешні ціск, які мяжуе з прамым умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі.

Гэта запатрабавала дакладных і зладжаных дзеянняў усіх органаў улады па абароне суверэнітэту і незалежнасці краіны, падтрыманні грамадскага парадку і забеспячэнні бяспекі нашых грамадзян.

Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што абраная дзяржавай стратэгія паказала сваю эфектыўнасць.

Чарговы раз беларускі народ праявіў мудрасць і талерантнасць, пацвердзіў сваю прыхільнасць такім асноўным каштоўнасцям, як мір і бяспека.

Дыялог і эвалюцыйны шлях развіцця — гэта тыя прынцыпы, на якіх грунтуецца беларуская мадэль сацыяльна арыентаванай дзяржавы.

Упэўнены, што маючы адбыцца Усебеларускі народны сход дазволіць без якога-небудзь умяшання і пасрэдніцтва звонку вызначыць лёс краіны, самастойна вырашыць найважнейшыя пытанні яе грамадска-палітычнага ладу.

У сваю чаргу, дэпутацкі корпус павінен адыграць самую актыўную ролю ў падрыхтоўцы ключавых дакументаў, якія будуць вынесены на разгляд гэтага агульнанацыянальнага форуму.

У ходзе сесіі намі ўжо прыняты шэраг важных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне грамадзянскага міру і стабільнасці, забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы.

Так, Палатай прадстаўнікоў дадзена згода Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на прызначэнне Прэм'ер-міністра, заслухана і адобрана Праграма дзейнасці ўрада да 2025 года.

Станоўчая дынаміка развіцця краіны наўпрост залежыць ад мер, якія прымаюцца па павышэнні эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі, яе здольнасці хутка рэагаваць на змяненне знешніх умоў гаспадарання, па асваенні новых ніш і рынкаў збыту айчыннай прадукцыі.

Галоўная задача дэпутацкага корпуса пры вырашэнні заканадаўчых пытанняў эканамічнага блока — стварыць умовы для стабілізацыі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і стымуляваць рост дзелавой актыўнасці.

Менавіта ў рамках такога падыходу ішла работа па падрыхтоўцы праекта Закона аб рэспубліканскім бюджэце і паправак у Падатковы кодэкс.

Прынцыпова важна, што, нягледзячы на ўсе складанасці, выкліканыя пандэміяй, у бюджэце закладзены механізмы дзяржаўнай падтрымкі беларускага вытворцы, а таксама захоўваецца яго сацыяльная накіраванасць. Ахова здароўя, адукацыя, сацыяльнае забеспячэнне, паступальны рост зарплаты ў бюджэтнай сферы па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы.

Пазітыўным вынікам сесіі для грамадзян з'яўляецца таксама тое, што пры карэкціроўцы Падатковага кодэкса ўрэгулявана і тэма так званага дарожнага збору, якая шырока абмяркоўваецца.

Наша задача — уважліва адсочваць, як гэта норма будзе выконвацца, каб, калі спатрэбіцца, вызначыць шляхі ўдасканалення выпрацаванага сумесна з урадам механізму.

У ходзе сесіі прыняты значныя для бізнес-супольнасці праекты законаў па пытаннях дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, гандлю і грамадскага харчавання, выканаўчай вытворчасці, аграпрамысловага комплексу.

Яшчэ па цэлым шэрагу законапраектаў, разгледжаных намі ў першым чытанні, варта працягнуць цеснае ўзаемадзеянне з урадам. Асаблівую ўвагу пры гэтым дэпутатам трэба звярнуць на дапрацоўку законапраекта аб самарэгулюемых арганізацыях, удасканаленне заканадаўства па развіцці банкаўскай сферы і рынку каштоўных папер.

Неабходнасць надзейнага забеспячэння дзяржаўнага суверэнітэту запатрабавала прыняцця рашэнняў у сферах нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку. У гэтым плане своечасова выканана яшчэ адна важная задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, — прынятыя новыя рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Варта адзначыць, што дэпутацкі корпус правёў вялікую работу пры падрыхтоўцы гэтых дакументаў з улікам прапаноў, якія паступілі ад грамадзян і зацікаўленых арганізацый.

Вынікам гэтай работы сталі нарматыўныя прававыя акты, якія ўлічваюць сучасны ўзровень развіцця грамадскіх адносін. Іх галоўнай асаблівасцю з'яўляецца прафілактычны і папераджальны характар. Разам з тым нароўні з гуманізацыяй заканадаўства дзяржава пакідае за сабой права прымяняць жорсткія меры рэагавання за грубыя і сістэматычныя правапарушэнні.

Згодна з такім падыходам, была праведзена работа па комплекснай карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства, якая прадугледжвае ў тым ліку дэкрыміналізацыю шэрагу саставаў злачынстваў, удасканаленне інстытута вызвалення ад крымінальнай адказнасці і прымяненне інстытута паручыцельства пры памілаванні асуджаных.

Неабходна прадоўжыць сістэмную работу па далейшай лібералізацыі крымінальнай адказнасці і ўжо на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў пачаць разгляд праектаў новых Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў.

Шырокі рэзананс у грамадстве выклікалі прынятыя змены ў заканадаўства аб грамадзянстве.

Гэтыя карэкціроўкі дазволяць найбольш поўна рэалізоўваць права на набыццё грамадзянства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку непаўналетнімі дзецьмі, будуць спрыяць павышэнню міграцыйнай прывабнасці, паляпшэнню дэмаграфічнага і эканамічнага патэнцыялу нашай краіны.

Развіццё прававых асноў сацыяльнай сферы нязменна з'яўляецца адным з прыярытэтаў у заканадаўчым парадку дня дэпутацкага корпуса. Разгледжаны дакументы, якія датычацца пытанняў пенсійнага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы, а таксама сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян.

У найбліжэйшы час мы чакаем унясенне новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

Дэпутацкаму корпусу трэба аператыўна ўключыцца ў работу над гэтым важным дакументам, а пры неабходнасці — правесці парламенцкія слуханні з прыцягненнем самага шырокага кола зацікаўленых.

Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з пандэміяй і пераводам большасці мерапрыемстваў у анлайн-рэжым, не зніжалася інтэнсіўнасць і нашай міжпарламенцкай дзейнасці.

Мы актыўна задзейнічалі магчымасці міжпарламенцкага супрацоўніцтва для давядзення да парламентаў замежных краін, міжнароднай грамадскасці аб'ектыўнай інфармацыі аб сітуацыі ў краіне.

Адпаведныя сумесныя звароты спікераў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь былі накіраваныя ў адрас кіраўніцтва парламентаў 27 краін — членаў Еўрапейскага саюза.

Ад імя кіраўнікоў рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў накіраваны пасланні ў адрас замежных калег-парламентарыяў з 44 краін.

Акрамя таго, намі зроблены шэраг афіцыйных заяў аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы ў сувязі з рэзалюцыямі, прынятымі ў дачыненні да Беларусі. Любыя спробы знешняга ціску на Рэспубліку Беларусь, дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі, дыктату і санкцый абсалютна недапушчальныя.

Пры гэтым мы па-ранейшаму застаёмся прыхільнікамі шматвектарнага
знешнепалітычнага курсу, у аснове якога ляжаць прынцыпы добрасуседства, павагі, узаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва і забеспячэння рэгіянальнай бяспекі.

Наша пазіцыя нязменная — адкрыты, канструктыўны, раўнапраўны і сумленны дыялог, прасоўванне аб'яднаўчага парадку дня, садзейнічанне гандлёва-эканамічным і гуманітарным сувязям, умацаванне даверу паміж народамі.

Менавіта ў такім духу ўзаемадзеяння з міжнароднай супольнасцю, у ходзе паслядоўнай і прадказальнай знешняй палітыкі вялася работа беларускіх парламентарыяў у Міжпарламенцкім саюзе, на мерапрыемствах Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Дадатковы імпульс атрымала наша дзейнасць у рамках інтэграцыйных утварэнняў, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

У фармаце відэаканферэнцыі прайшлі пасяджэнні камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, дзе абмяркоўваліся пытанні бюджэту і фінансаў, эканамічнай, сацыяльнай і маладзёжнай палітыкі, навукі, культуры, экалогіі і прыродакарыстання.

Днямі адбудзецца чарговая сесія Парламенцкага сходу, і вельмі важна максімальна выкарыстаць магчымасці гэтага форуму для ўмацавання стратэгічнага партнёрства і Саюзнай дзяржавы.

Узаемадзеянне на пляцоўках Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД служыла абмену вопытам па важных бягучых палітычных і прававых пытаннях.

Удзел парламентарыяў у рабоце ПА АДКБ спрыяў умацаванню салідарнасці краін-удзельніц перад тварам нарастальных знешніх пагроз.

Яшчэ адным кірункам работы з'яўлялася назіранне за выбарамі ў складзе місій назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса прынялі ўдзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Таджыкістане і Малдове.

У студзені 2021 года плануецца ўдзел беларускіх парламентарыяў у міжнародным назіранні за датэрміновымі выбарамі Прэзідэнта ў Кыргызстане і парламенцкімі выбарамі ў Казахстане.

Мы павінны максімальна задзейнічаць патэнцыял міжнародных пляцовак і розных формаў камунікацыі з замежнымі калегамі для адстойвання нацыянальных інтарэсаў.

Самую сур'ёзную ўвагу ў ходзе сесіі дэпутацкі корпус аддаў рабоце ў выбарчых акругах. Акрамя традыцыйных сустрэч з выбаршчыкамі, дэпутаты сталі актыўнымі ўдзельнікамі рэгіянальных дыялогавых пляцовак па абмеркаванні перспектыў сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Трэба і далей, асабліва напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, выкарыстоўваць гэты фармат работы як канал зваротнай сувязі з насельніцтвам, што дазваляе не толькі выяўляць, але і максімальна поўна рэагаваць на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, а дзесьці іх і фарміраваць.

Ва ўмовах бесперапыннага масіраванага дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння асаблівую значнасць набывае наша задача па захаванні грамадскага міру і згоды.

Неабходна даносіць да людзей аб'ектыўную інфармацыю аб мерах, якія прымаюцца дзяржавай у гэты няпросты перыяд, аказваць максімальнае садзейнічанне мясцовым органам улады ў падтрыманні рытмічнай работы прадпрыемстваў і працоўнай дысцыпліны.

Безумоўна, нельга пакідаць без увагі і вырашэнне праблемных пытанняў выбаршчыкаў.

Важна сістэмна аналізаваць сітуацыю і на выхадзе мець прапрацаваныя канкрэтныя прапановы ўраду, губернатарам, падказваць, дзе ёсць рэзервы.

Традыцыйна дэпутаты прымаюць самы актыўны ўдзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Зразумела, цяперашняя эпідэмічная сітуацыя накладвае некаторыя абмежаванні на фармат правядзення мерапрыемстваў, але нам неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзеці, асабліва тыя, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, адчулі нашы ўвагу і клопат.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за плённую работу і павіншаваць з надыходзячымі каляднымі святамі і Новым годам.

Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і поспехаў у працы на карысць роднай Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».