Вы тут

Эфектыўная заканадаўчая база — аснова паспяховага развіцця краіны


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанавай на закрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання


Фота БЕЛТА

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння завяршае сваю работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

2020 год быў адным з самых складаных і напружаных.

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі паставіла ўсіх перад новым выклікам.

Мы сталі жыць і працаваць у новай рэальнасці, але не дапусцілі спынення эканомікі, працягнулі развіваць сацыяльную сферу, усе сілы кінулі на падтрымку аховы здароўя. І час пацвердзіў нашу праўду.

На фоне гэтай няпростай сітуацыі прайшла выбарчая кампанія. Яна выклікала павышаную цікавасць і ў нашай краіне, і за мяжой.

Беларускі народ чарговы раз зрабіў свой выбар. Аднак замест павагі да гэтай пазіцыі мы зведалі беспрэцэдэнтны знешні ціск, падвергліся спробам унесці раскол у грамадства, змяніць вектар развіцця Беларусі.

Нам прыйшлося мабілізаваць усе сілы для супрацьстаяння правакацыям і інфармацыйным атакам.

Большасць беларусаў, сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, з'ядналася перад знешнімі і ўнутранымі пагрозамі.

Мы будзем і надалей адстойваць мір, парадак і стабільнасць. Без гэтага немагчымыя далейшы прагрэс, стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей, упэўненасць у заўтрашнім дні.

Так, сёння неабходны дыялог. Але дыялог канструктыўны, накіраваны як на вырашэнне наяўных праблем, так і на вызначэнне шляхоў далейшага развіцця краіны.

Для гэтага ёсць нямала механізмаў: асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і моладдзю.

Дзякуючы такім формам работы ў Савет Рэспублікі паступае вялізная колькасць прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, дзяржаўнага будаўніцтва, узмацненні ролі мясцовага кіравання і самакіравання, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і шэрага іншых пытанняў. Усе яны старанна прапрацоўваюцца, аналізуюцца і, безумоўна, будуць улічвацца пры падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу.

Менавіта на пляцоўцы гэтага ўсенароднага форуму нам трэба будзе абмеркаваць актуальныя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: «Гэта павінен быць рэальны дыялог па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Няхай людзі адкрыта гавораць, абмяркоўваюць — прымем рашэнні і будзем па іх жыць».

Нам, членам Савета Рэспублікі, варта больш актыўна ўключыцца ў падрыхтоўку будучага мерапрыемства, абагульняць прапановы з месцаў, сустракацца з людзьмі, выходзіць на адкрыты і гранічна сумленны дыялог.

Неабходныя вопыт, веды і навыкі ў нас ёсць.

Паважаныя калегі!

Хачу падвесці некаторыя вынікі нашай дзейнасці і абазначыць задачы на перспектыву.

У рамках работы па ўдасканаленні заканадаўства разгледжаны 41 законапраект, у тым ліку 10 — аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Прынята да ведама два дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вырашаны кадравыя пытанні.

Ухвалены найважнейшы эканамічны дакумент — рэспубліканскі бюджэт на 2021 год. Ён пераканаўча сведчыць аб захаванні фінансавых прыярытэтаў. Толькі ўдумайцеся: 45 працэнтаў кансалідаванага бюджэту — гэта сацыяльныя выдаткі. Дзяржавай будуць прыняты ўсе меры па выкананні бюджэтных абавязацельстваў у галіне сацыяльнай палітыкі.

Праведзена маштабная работа па канцэптуальным пераглядзе заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці. З улікам мэтавых установак кіраўніка дзяржавы праекты адпаведных кодэксаў арыентаваны на ўзмацненне прафілактычных мер уздзеяння і гуманізацыю адміністрацыйнага працэсу.

Змяненні ў сферы крымінальнай адказнасці забяспечаць яе комплексную лібералізацыю, суразмернасць мер крымінальна-прававога ўздзеяння ўчыненаму.

Карэкціроўка Закона «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» пашырае выпадкі выкарыстання Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

На павышэнне міграцыйнай прывабнасці, абарону канстытуцыйнага ладу і дзяржаўнага суверэнітэту накіраваны папраўкі ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».

Дадатковую абарону атрымалі найбольш уразлівыя катэгорыі грамадзян: шматдзетныя сем'і, грамадзяне з інваліднасцю, а таксама сем'і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.

Павышэнню якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, узроўню аховы здароўя насельніцтва спрыяюць папраўкі ў законы «Аб ахове здароўя» і «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі».

Змены закранулі прадпрымальніцкую і гаспадарчую дзейнасці.

Комплекс навацый, унесеных у Закон «Аб гаспадарчых таварыствах», дазволіць палепшыць умовы работы такіх прадпрыемстваў і павысіць яе якасць.

Спрошчаны патрабаванні да вядзення бізнесу ў сферах гандлю і грамадскага харчавання, а таксама да ўмоў ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці.

Значна абноўлена дагаворна-прававая база міжнароднага супрацоўніцтва.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Прыярытэтным кірункам нашай дзейнасці з'яўляецца работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Сёння асабліва важна ўмацаванне зваротнай сувязі з людзьмі, аказанне ўсебаковай дапамогі ў вырашэнні іх надзённых праблем. Для гэтага ў нас паўнамоцтваў дастаткова.

У сесійны перыяд членамі Савета Рэспублікі праведзена больш за 140 асабістых прыёмаў, у тым ліку звыш 50 выязных, разгледжана каля 1000 зваротаў.

Грамадзяне звяртаюцца да нас не толькі з праблемамі асабістага характару. Часта ўзнімаюцца пытанні, якія закранаюць розныя аспекты жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства.

Пры садзейнічанні членаў Савета Рэспублікі многае вырашаецца станоўча. Людзі ўдзячныя за ўважлівыя, адказныя і неабыякавыя адносіны да іх. Словы падзякі паступілі ў адрас Сяргея Міхайлавіча Сіўца, Таццяны Аркадзеўны Рунец, Сяргея Анатолевіча Анюхоўскага, Валерыя Уладзіміравіча Гайдукевіча, Юрыя Іосіфавіча Наркевіча, Наталлі Віктараўны Якубіцкай.

Кожны чалавек павінен быць пачуты. Кожны з нас павінен дайсці да сутнасці праблемы, прадметна разабрацца і дапамагчы.

Па-ранейшаму мы атрымліваем шмат пісьмаў у падтрымку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца. Паступаюць і пісьмы з іншым пунктам гледжання.

За перыяд з верасня да снежня членамі Савета Рэспублікі праведзена больш за 500 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам. Хачу адзначыць актыўную дзейнасць Алены Алегаўны Зяблікавай і Рыгора Васілевіча Пратасавіцкага.

Калегі, звяртаю вашу ўвагу на неабходнасць актывізацыі работы і ў сродках масавай інфармацыі.

Як справядліва адзначыў наш Прэзідэнт, «інфармацыйная медыяпрастора ператвараецца ў поле бою геапалітычных інтарэсаў».

Мы павінны аператыўна і адэкватна адказваць на выклікі, прадстаўляць аб'ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі і на яе знешнім контуры.

Ад нашай грамадзянскай пазіцыі, умення даносіць свой пункт гледжання па грамадска значных пытаннях наўпрост залежаць імідж улады і давер да яе, суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны.

У гэтай рабоце трэба максімальна задзейнічаць патэнцыял памочнікаў членаў Савета Рэспублікі. Яны павінны актывізаваць сваю дзейнасць, працаваць ініцыятыўна, з поўнай аддачай.

За выніковасць іх работы вы адказваеце персанальна.

Паважаныя таварышы!

У сесійны перыяд праведзены шэраг важных мерапрыемстваў.

На базе прадпрыемства «Нафтан» і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося пасяджэнне навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. Мы разгледзелі комплекс пытанняў, звязаных з развіццём інавацыйна-прамысловых кластараў.

Чаму была выбрана гэта тэма? Кластарны падыход станоўча зарэкамендаваў сябе ў сусветнай практыцы. Стварэнне кластараў — адзін з галоўных фактараў павышэння канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў і нацыянальных эканомік.

На выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Беларусбанку былі разгледжаны пытанні збалансаванасці бюджэтнай сістэмы ў 2021 годзе, ключавыя кірункі фінансавання сацыяльнай сферы і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама рэзервы для росту бюджэтных даходаў у рэгіёнах.

Я хачу падзякаваць нашым членам Савета Рэспублікі — Дзямідаву Дзмітрыю Уладзіміравічу і Ананічу Віктару Міхайлавічу — за дапамогу ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў.

Набірае абароты дзейнасць Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Пад яго патранатам ва ўсіх рэгіёнах праведзены маладзёжныя форумы «Беларусь — гэта мы». Цяпер ідзе падрыхтоўка выніковага рэспубліканскага форуму.

Менавіта па прапанове Маладзёжнага парламента ва ўсіх абласцях пачалі функцыянаваць грамадскія прыёмныя, якія зарэкамендавалі сябе як актуальная і запатрабаваная форма работы з насельніцтвам.

Нам неабходна максімальна задзейнічаць магчымасці маладзёжнага парламентарызму. Гэты рэсурс можа стаць сур'ёзным інструментам узаемадзеяння паміж органамі ўлады і моладдзю.

Прашу вас актыўна ўключыцца ў работу з членамі Маладзёжнага парламента, аказваць дапамогу ў рэалізацыі іх ініцыятыў. Мы павінны пастаянна сустракацца з нашымі маладымі калегамі. Адным словам, працаваць сумесна.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У сучасных умовах асаблівае значэнне набывае міжнародная парламенцкая дзейнасць.

Сёння парламенты і еўрапейскія структуры прымаюць тэндэнцыйныя рэзалюцыі, заснаваныя на скажэнні і палітызаванай трактоўцы падзей у нашай краіне.

Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у афіцыйных заявах дадзена жорсткая ацэнка падобным дакументам як адкрытаму ўмяшанню ва ўнутраныя справы Беларусі.

Старшыням парламентаў дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза, кіраўнікам замежных міжпарламенцкіх камісій і рабочых груп накіраваны адпаведныя звароты. Аднак еўрапейскія «настаўнікі дэмакратыі» высакамерна не чуюць беларускіх парламентарыяў. Больш за тое, дэпутаты Еўрапарламента адкрыта дэзынфармуюць еўрапейскую грамадскасць аб сітуацыі ў Беларусі і дапускаюць грубыя абразы.

Таму нам трэба выкарыстоўваць усе свае міжнародныя кантакты і каналы камунікацый у мэтах аб'ектыўнага інфармавання аб становішчы спраў у краіне.

Важным прыярытэтам у міжнародным парадку застаецца ўзаемадзеянне на пляцоўках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Міжпарламенцкай Асамблеі СНД, Міжпарламенцкага саюза.

У ходзе лістападаўскіх мерапрыемстваў МПА СНД Сяргей Міхайлавіч Сівец і Таццяна Аркадзеўна Рунец выбраны намеснікамі старшыняў профільных пастаянных камісій. Прыміце нашы віншаванні і пажаданні поспехаў у адказнай дзейнасці.

Паважаныя калегі!

Цяпер, як ніколі, важная кансалідацыя грамадства ў вырашэнні палітычных і сацыяльных пытанняў. Будучыня залежыць толькі ад нас. Дзейнічаючы больш настойліва і энергічна, разам працуючы на карысць нашай Радзімы, мы вытрымаем выпрабаванні часу.

Менавіта справы, як слушна адзначыў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — гэта сапраўдны патрыятызм, справы, якія павышаюць якасць жыцця беларусаў і ўмацоўваюць нашу дзяржаву.

У адыходзячым годзе нам трэба зрабіць яшчэ адну добрую справу — прыняць удзел у штогадовай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».

Упэўнена, мы зможам падарыць свята кожнаму дзіцяці.

У заключэнне дазвольце падзякаваць вам за работу і павіншаваць з надыходзячымі Раством і Новым годам. Здароўя, шчасця, дабрабыту вам і вашым блізкім, поспехаў і выканання жаданняў. Нашай роднай краіне — стабільнасці і росквіту.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».