Вы тут

У Мінску адкрылася выстаўка прадметаў яўрэйскай культуры «Тутэйшы Іерусалім»


У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка прадметаў яўрэйскай культуры «Тутэйшы Іерусалім». У экспазіцыі прадстаўлены дзясяткі сярэбраных рэчаў, а таксама іншыя экспанаты XVІІІ—ХХ стагоддзя, з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага. Адзін з самых каштоўных рарытэтаў — кніга-гербарый з травамі і кветкамі Іерусаліма 1890 года. Такія сувеніры са Святой зямлі прывозілі паломнікі. Прычым захоўваўся гэты рарытэт у праваслаўнай сям'і. Так, рэчы падказваюць, што народы ўзаемадзейнічалі. І вывучэнне розных культур дазваляе нам лепш адчуваць нашу агульную гісторыю.


— Маё дзяцінства праходзіла ў сімбіёзе з рознымі традыцыямі. Сярод сваякоў былі праваслаўныя, католікі, яўрэі. Натуральна, гэта адбілася і на маёй калекцыі, якая называецца «Гісторыя Беларусі». Сёння экспануецца толькі невялікая яе частка, — заўважыў падчас адкрыцця выстаўкі Ігар Сурмачэўскі.

З XVІ стагоддзя яўрэі масава сяліліся ў беларускіх гарадах і мястэчках і аказвалі моцны ўплыў на мясцовае жыццё: займаліся рознымі відамі рамёстваў, гандлем. У Мінску, напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя яны ўзначальвалі многія банкаўскія канторы, выступалі заснавальнікамі прамысловых прадпрыемстваў, былі ўладальнікамі большасці гасцініц. Пры гэтым працягвалі захоўваць сваю культуру, мову і рэлігію.

Да пачатку Другой сусветнай вайны амаль палову сталічнага насельніцтва складалі яўрэі, прычым размяшчаліся яны ў розных раёнах горада. Прадметы, пададзеныя на выстаўцы, дазваляюць «зазірнуць» у іх дамы, больш даведацца пра традыцыі.

Аснова прыведзенай калекцыі — сярэбраныя кідушныя кубкі. У экспазіцыі іх прадстаўлена больш за сотню. Па пятніцах у такі рытуальны посуд налівалася віно (лічылася, што яно павінна далівацца да краёў кубка, бо гэта сімвалізавала дабрабыт). Абрад кідуша з падзякай Богу за дараваныя святочныя дні і суботу здзяйсняўся ў кожным доме іўдзея ці ў сінагозе.

Варта прыгледзецца да ўзораў на кідушах — на іх майстры выразалі гарадскі пейзаж. Менавіта такія выявы на кубках — тыповая асаблівасць нашых зямель, у еўрапейскіх музеях на кідушах у асноўным малявалі раслінны арнамент альбо свяшчэнных жывёл, якіх было дванаццаць. Часта на кідушах майстры стараліся паказаць Іерусалім — той, якім яны яго сабе ўяўлялі, бо многім не тое што не пашчасціла пабываць на Святой зямлі, яны нават карцін з выявамі горада не бачылі. Таму і стваралі мастакі на кідушах свой — тутэйшы Іерусалім, адлюстроўваючы знаёмыя гарадскія пейзажы. Дарэчы, гравюру XVІІІ стагоддзя, якая сведчыць, як выглядаў Іерусалім, таксама можна пабачыць на выстаўцы. Уражвае, як майстры дасканала выводзілі найдрабнейшыя дэталі складаных малюнкаў на сярэбраным посудзе. Гарадскія пейзажы, выявы сінагог, можна было сустрэць на цукарніцах, графінах, талерках, маслёнках. Росквіт гэтага мастацтва прыйшоўся на сярэдзіну ХІХ стагоддзя, а пасля ганення на яўрэяў у 1880-х гадах справа пайшла на спад.

Посуд, які выраблялі майстры з Беларусі, карыстаўся шырокім попытам далёка за межамі нашых гарадоў. На жаль, імёны тых майстроў сёння ў нас прызабытыя. Хоць у той жа час іх могуць шанаваць у нашых суседзяў. Як, напрыклад, ювеліра са Шклова Ізраэля Ёселевіча Заходэра. У 1851 годзе майстар з Магілёўшчыны адкрыў сваю майстэрню, якая ў асноўным выконвала заказы з Масквы. Натуральна, пасля таго як у 60-х гадах ХІХ стагоддзя яўрэям дазваляюць пераадолець мяжу аседласці (пры ўмове што яны з'яўляюцца купцамі першай гільдыі і, валодаюць сумай у 50 тысяч рублёў), майстар перабіраецца бліжэй да кліентаў. У майстэрні, якую ён адкрыў у Маскве, працавала 40 чалавек. Попыт на посуд, які яна выпускала, рос. Але ў 1881 годзе па загадзе новага генерал-губернатара яўрэям забаранілі знаходзіцца ў Маскве і Маскоўскай губерні і на працягу 3—12 месяцаў абавязалі пакінуць гэтыя тэрыторыі. Тады майстар перабіраецца ва Украіну, у Бердзічаў. Вырабы Заходэра адзначаюцца вышэйшымі ўзнагародамі на міжнародных выстаўках, а тавары з яго фабрыкі экспартуюцца ў Турцыю і Аўстра-Венгрыю...

Тора на выстаўцы размешчана ў адпаведнасці з традыцыямі. Так, у сінагозе свяшчэнная кніга іўдзеяў ляжала на поўдзень, у бок Іерусаліма.

Тору клалі на дарагія тканіны (у тым ліку на персідскія дываны). І калі захоўвалі, закрывалі дарагім матэрыялам (гэта маглі быць макаты ці, як Ігар Сурмачэўскі знайшоў сведчанне ў польскіх архівах, слуцкія паясы).

Яшчэ адзін з рарытэтаў расказвае, што яўрэі асаблівую ўвагу аддавалі адукацыі. На выстаўцы размешчаны цдакі — капілкі. Іх дарылі падлеткам, калі тым спаўнялася 13 гадоў і адзін дзень. У іх маладыя людзі збіралі грошы на сваё навучанне.

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны побытавай культуры мінскіх яўрэяў — паказваюцца кухня, медны посуд, інсталяцыя інтэр'ера.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Сакрэты на срэбры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.