Вы тут

З днём нараджэння, баскетбол!


Як мяч і кошык пакарылі сэрцы беларусаў.

21 снежня адзначаецца дзень нараджэння баскетболу. Менавіта ў гэты дзень у 1891 годзе адбыўся першы ў гісторыі баскетбольны матч. Выкладчык каледжу Моладзевай хрысціянскай асацыяцыі са Спрынгфілда Джэймс Нейсміт вырашыў правесці заняткі па фізкультуры ў новым фармаце. Прывязаўшы два кошыкі з-пад персікаў да парэнчаў балкону спартыўнай залы, ён раздзяліў васямнаццаць студэнтаў на дзве каманды. Гульцы перакідвалі мяч адзін аднаму, стоячы на месцы і спрабуючы закінуць яго ў кошык. Перадачы ажыццяўляліся выключна дзвюма рукамі знізу ці ад грудзей. Пасля паспяховай атакі адзін з удзельнікаў забіраўся на лесвіцу і даставаў мяч з кошыку.


У пачатку ХХ стагоддзя ў Злучаных Штатах Амерыкі пачалі з’яўляцца першыя прафесійныя баскетбольныя каманды. А ў 1932 годзе на першай міжнароднай канферэнцыі нацыянальных баскетбольных асацыяцый была заснавана Міжнародная федэрацыя баскетболу. Алімпійскія гульні 1936 года ў Берліне былі першымі для баскетболу.

Беларускі баскетбол пачаўся ў Віцебску, дзе ў 1923 годзе была сфарміравана першая мужчынская каманда. На сваіх першых усесаюзных спаборніцтвах беларускія баскетбалісты занялі 3-е месца. У канцы 1929 году баскетболам у Беларусі займалася 2,4 тысячы чалавек. Пасля Вялікай Айчыннай вайны беларускія каманды выступалі ў чэмпіянаце СССР, але ў прызёры не траплялі.

Самым вядомым беларускім баскетбалістам савецкага часу з’яўляецца Іван Ядзешка. У складзе зборнай СССР беларус удзельнічаў у легендарным фінале Алімпіяды-1972, вынік якога вырашыўся за тры апошніх секунды. Менавіта Іван за тры секунды да канца матчу аддаў пас праз усю пляцоўку Аляксандру Бялову, які закінуў вырашальны мяч. З вынікам 52:51 зборная Савецкага Саюзу ўпершыню перамагла на Алімпійскіх гульнях.

У 1994 годзе, дзякуючы перамозе мужчынскай моладзевай зборнай на чэмпіянаце Еўропы, у беларускага баскетболу адкрылася другое дыханне. У 2006 годзе жаночая зборная пад кіраўніцтвам Анатоля Буяльскага ўпершыню прайшла ў фінал чэмпіянату Еўропы і заняла там трэцяе месца. Упершыню на Алімпійскіх гульнях беларускія баскетбалісты выступілі ў 2008 годзе. У алімпійскі Пекін паехала жаночая зборная і заняла там шостае месца. На Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа беларуская жаночая каманда заняла 9-е месца. Нацыянальная жаночая зборная па баскетболе — адзіная ігравая каманда ў гісторыі суверэннай Беларусі, якая двойчы ўдзельнічала ў летняй алімпіядзе.

Сучасны беларускі баскетбол зараз знаходзіцца на ўздыме. Лепшыя баскетбалісты актыўна выступаюць у замежных топ-клубах. Напрыклад, гулец клуба «Цмокі-Мінск» Максім Салаш у снежні дэбютаваў у іспанскім клубе «Бургас», пераможцы Лігі чэмпіёнаў ФІБА сезону 2019/2020. Беларускія гульцы замежных клубаў актыўна абараняюць і колеры родных клубаў, што падымае ўзровень нацыянальнага чэмпіянату. Дарэчы 26–27 снежня, у Магілёве чатыры лепшыя мужчынскія каманды краіны — «Цмокі-Мінск», «Барысфен», «Гродна-93» і «Рубон» — будуць змагацца за перамогу ў XXIV Кубку Рэспублікі Беларусь.

Баскетбол — гульня, якая пачалася са студэнтаў. Беларускія студэнты таксама шчыра шануюць гэтую гульню. Студэнцкія каманды ўдзельнічаюць ва ўніверсіядах па звычайным баскетболе і баскетболе 3×3. На мінулым тыдні вызначыўся пераможца Рэспубліканскай універсіяды па баскетболе 3×3 сярод жаночых каманд. Трафей заваявала каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі перамагла аналагічным турніры сярод мужчынскіх каманд.

Дарэчы, развіццё баскетболу 3×3 — трэнд баскетбольнага жыцця ў Беларусі. На ІІ Еўрапейскіх гульнях 2019 года ў Мінску беларускія жаночая і мужчынская каманда сталі бронзавымі прызёрамі. А жаночая нацыянальная зборная мае шанцы выступіць на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Адборачныя матчы пройдуць у маі 2021 года.

Беларуская федэрацыя баскетболу шмат увагі надзяляе папулярызацыі цікавай гульні. Акрамя міжнародных спаборніцтваў, кшталту чэмпіянату свету сярод жаночых каманд U-17 у 2018 годзе, беларусы любяць розныя сацыяльныя праекты. Напрыклад, дзіцячыя праекты «Крок у будучыню» ці «Яе свет, яе правілы», якія беларуская федэрацыя праводзіць сумесна з еўрапейскай. Хутка прычын палюбіць баскетбол стане больш. Летам на сталічным праспекце Пераможцаў павінны з’явіцца баскетбольныя пляцоўкі, адкрытыя для ўсіх аматараў гэтай гульні.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.