Вы тут

Першым, хто назваў сябе беларусам, быў паэт, народжаны 460 гадоў таму


«Спыніся, вандроўнік, хто б ты ні быў, і пабач маленькае і вялікае, найвышняе і найменшае. Ты знойдзеш, што вечнасць пад Богам — нішто, у адно імгненне значнасць вялікіх рэчаў абрынаецца і зніштажаецца».

Паэт, народжаны 460 гадоў таму, уключае гэтыя словы ў свой паэтычны зборнік — вядома, на лацінскай мове, бо латынь — гэта ж мова ўніверсуму, тое, па чым пазнаюць адзін аднаго адукаваныя людзі Еўропы...

А ў актах Альтдорфскага ўніверcітэта за 2 снежня 1586 года ён запісаўся як «Solomo Pantherus Leucorussus» — Саламон Пантэрус беларус. І гэтак жа назваў сябе ў ліставанні з нямецкім сябрам Конрадам Рытэрсхаўзенам.

Такім чынам Саламон Pысінскі ўвайшоў у гісторыю як першы, хто назваў сябе беларусам, а сваю краіну — Leucorossіa, Беларусь.


Герб Астоя.

Рыцар з мячом у святле месяцовым

460 гадоў са дня нараджэння... Вядома, праз такую часавую завесу мала што можна разгледзець. Нават месца нараджэння гэтага чалавека называлася рознае — найбольш верагодна, што прыйшоў на свет паэт і мысляр Саламон Рысінскі ў сям’і небагатага шляхціца Хведара Рысінскага ў маёнтку Кабыльнікі на Віцебшчыне. Герб ягоны быў «Астоя» — рыцарскі меч паміж двух паўмесяцаў, памяць пра тое, як рыцар Астоя пры святле месяца знішчыў варожы лагер.

Але Саламону было наканаванана заваяваць словамі больш, чым мячом.

Нарадзіўся, аднак, ён у часы вайны, і выхоўваўся, несумненна, як шляхціц. Будучым ваярам не давалі залішне спесціцца — у маленстве некаторых будзілі стрэлам у столь, маглі паслаць ноччу з якім-небудзь заданнем, напрыклад, сарваць з суседняга поля пару каласкоў. Каб страху не меў і прывыкаў без ваганняў выконваць загады. Абвесціць князь ці кароль паспалітае рушэнне — шляхціц мусіць пакінуць баляванні, паляванні ды маладую жонку і тут жа адпраўляцца ў войска. Закранулі гонар — змывай крывёй, учынілі наезд на маёнтак — барані...

Але ясна, што і прага да ведаў была ў Саламона з маленства... Пачатковую адукацыю атрымліваць быў пасланы пры чужым шляхецкім двары. Там здольнага хлопца прыкмецілі прыдворныя князя Юрыя Радзівіла — падобна, гаворка ідзе пра будучага біскупа Віленскага, сына Мікалая Радзівіла Чорнага. Пра гэта сведчыць і тое, што Юрый Радзівіл вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце, і туды ж пры ягонай падтрымцы адправілі Саламона Рысінскага.

На той час Юрый быў яшчэ, як бацька, пратэстанцкага веравызнання, гэта пасля ён разам з братамі зробіцца зацятым каталіком. А пакуль бедны, але здольны Саламон паступае ў Лейпцыгскі ўніверсітэт, царква якога ў 1545-м была асвечана Марцінам Лютарам, дзе жыў дух Рэфармацыі, а на змену сярэднявечнай схаластыцы прыходзіў гуманізм.

Януш Радзівіл, муж Сафіі Слуцкай.

У кампаніі Сенекі і Рэфармацыі

Няма сумненняў, што ўсе прагрэсіўныя павевы і веды Рысінскі засвойваў, і яму было мала. Бо пасля паступіў у Альтдорфскі ўніверсітэт каля Нюрнберга. І, безумоўна, паэтычны дар дапамагаў прабіцца — тады кожны адукаваны чалавек павінен быў умець напісаць оду, эпітафію, мадрыгал. Недарэмна разам са згаданым сябрам Рытэрсхаўзенам Рысінскі каментаваў рымскага паэта Аўзонія, каментаваў таксама Авідзія, Плаўта, Клаўдзіяна, аналізаваў пісьмы Сенекі. Пісаў на лаціне, карыстаўся польскай... Але ствараў і на роднай старабеларускай мове. У віленскіх выданнях Мамонічаў даследчыкі знайшлі тры яго эпіграмы: «На герб ясневельможного пана Остафея Воловіча...» (1585), «На гербы... Льва Сапегі» (1588), «На гербы ясневельможного пана... Теодора Скуміна» (1591). Вядома і тое, што пераклаў ён з беларускай на лаціну вершы яшчэ аднаго нашага паэта таго часу — Андрэя Рымшы.

І хай хто-небудзь усумніцца ў старадаўнасці гісторыі беларускай літаратуры...

Можна ўявіць, як у тым віраванні, выспяванні нацыянальных ідэй на скрыжаваннях Еўропы і малады мысляр Рысінскі асэнсоўвае сваю прыналежнасць да пэўнага народу і месца таго народу. Ён не лічыць сябе ні палякам, ні літоўцам, ні рускім. Таму і спатрэбіўся тэрмін — беларус. Даследчык Алег Латышонак у якасці доказу прыводзіць цытату з ліста Рысінскага да Рытэрсхаўзена пра ўжыванне прыналежных прыметнікаў: «Яшчэ й цяпер маскоўцы, беларусы (Leuсorussі) і вялікая частка літоўцаў такім часта карыстаюцца».

Менавіта там, у Альтдорфе, у 1587-м годзе, Рысінскі выдаў сваю першую кнігу — «Epіstolarum Salomonіs Pantherі lіbros duos», лісты да сваякоў, памерлых і выдуманых асоб.

Вышэй за ўсё ставіў Рысінскі майстэрства прыгожа выказваць думкі: «горача люблю тых, хто шануе і паважае годнасць гэтага даравання, настолькі, наадварот, тых, хто альбо не разумее, альбо пагарджае такім цудоўным праяўленнем мастацтва, я адхіляю і ўпэўнены, што яны наўрад ці варты называцца людзьмі».

Януш Ра­дзі­віл, унук Пе­ру­на.

Настаўнік для багатых спадчыннікаў

Чалавек вучоны, пачцівы, ды яшчэ паэт — магнаты былі гатовыя на многае, каб займець такога ў выхавацелі для сваіх нашчадкаў. Нагадаю, што і беларус Сімяон Полацкі, калі патрапіў у Масковію, дзівіў усіх, сярод іншага, паэтычным майстэрствам, і зрабіўся выхавацелем будучага Пятра І.

Саламон Рысінскі таксама пачаў кар’еру дамашняга настаўніка. Вучыў недаросткаў, суправаджаў іх за мяжу — падарожжы па Еўропе лічыліся абавязковай часткай выхавання багатага шляхціца. І ўрэшце трапіў да Крыштафа Радзівіла па мянушцы Пярун, зрабіўшыся прыдворным паэтам і ментарам яго сына, а пасля і ўнука. Менавіта пра грознага Перуна, які атрымаў сваю мянушку за «тактыку выпаленай зямлі», якой карыстаўся падчас ваенных дзеянняў, напісаў сваю вершаваную аповесць Андрэй Рымша.

Гэтыя Радзівілы, як вы разумееце, лагоднымі характарамі не вызначаліся. Калі Рысінскі трапіў у двор Перуна, а даследчыкі лічаць, што гэта было ў 1596-м годзе, князь быў жанаты ў чацвёрты раз. У яго меўся сын Януш ад другога шлюбу, ад Кацярыны Астрожскай, якая памерла хутка пасля родаў. Трэці раз Пярун ажаніўся быў з Кацярынай Тэнчынскай, старэйшай за яго, са сваймі дзецьмі. Яна была ўдавой слуцкага князя Юрыя Алелькавіча і багацці мела нямераныя. А ў 1593-м аўдавелы Крыштаф Радзівіл Пярун ажаніўся ў чацвёрты раз, з Альжбетай з Астрожскіх, учыніўшы скандал не тое што на ўсе ліцвінскія землі — на ўсю Еўропу. Справа не ў тым, што чацвёрты шлюб лічыўся грахом, і на яго трэба было ўзяць адмысловы дазвол. Але Альжбета была роднай сястрой другой жонкі Перуна, цёткай Януша Радзівіла. А гэта ўжо лічылася кровазмяшэннем.

Пярун доўга дабіваўся дазволу на шлюб — і зусім не з-за вялікага кахання. А таму, што Альжбета Радзівіл была ўдавой берасцейскага ваяводы Яна Кішкі і мела велізарныя ўладанні, апекуном над якімі якраз і быў прызначаны Пярун. Такі спакусны кавалак, ды пад носам... Альжбета таксама была зацікаўленая ў шлюбе, які абароніць яе ад наскокаў мужніных сваячкоў...

Дазволу на шлюб ніхто не даваў, Папа Рымскі не адгукнуўся, бо Пярун быў зацятым пратэстантам, адзінаверцы па ўсёй Еўропе таксама адмовілі... І Крыштаф Радзівіл плюнуў на ўсе ўмоўнасці і абвянчаўся.

Калі падлічыць, атрымаем, што ў час з’яўлення Рысінскага на службе ў Крыштафа Перуна яму было каля 26 гадоў, а Янушу Радзівілу каля 17-ці. Не такая вялікая розніца ва ўзросце, дый Януш хутчэй за ўсё ў гэты час адукоўваўся ў Еўропе. Так што выхаваўчы імпэт, пэўна ж, быў скіраваны на малодшага сына Радзівіла Перуна, таксама Крыштофа, ад шлюбу з Кацярынай Тэнчынскай, які нарадзіўся ў 1585-м.

На скрыжаванні магнацкіх інтрыг

Ва ўсіх даследваннях гаворыцца, што Рысінскі быў не проста выхавацель ды прыдворны паэт, але для Перуна стаў дарадцам, адзінадумцам у кальвінізме і ў змаганні з арыянамі. Арыянства — адгалінаванне пратэстанцтва — тады набыло моц у княстве, менавіта ва ўладаннях Яна Кішкі, першага мужа чацвёртай жонкі Перуна, яны займелі найбольшую падтрымку. Кажуць, Пярун яшчэ і для таго дамагаўся скандальнага шлюбу, каб, скасаваўшы волю Кішкі, павыганяць блюзнераў, зачыніць на атрыманых з пасагам жонкі землях арыянскія школы ды друкарні.

Рысінскі, добры палеміст, не мог не ўдзельнічаць у дыспутах з арыянамі. Не мог застацца ў баку і ад падзей, звязаных са шлюбам Януша Радзівіла і Сафіі Слуцкай, унучкі трэцяй жонкі Радзівіла Перуна, Кацярыны Тэнчынскай. Сірата і багатая спадчынніца Сафія была самай спакуснай нявестай для прагнай магнатэрыі. Але яе апякун Геранім Хадкевіч і Радзівіл Пярун, нядаўнія сябры, пасварыліся з-за ейнай спадчыны (Хадкевіч тое-сёе ад пасагу падапечнай прыўлашчыў). Януша спусцілі з лесвіцы ў доме нявесты, ледзь не ўзнікла вайна. Кажуць, малітвы Сафіі, якая прызнаная цяпер святой благавернай, дапамаглі ўсё вырашыць мірам.

Сафія памерла, не пакінуўшы дзяцей, і Саламон Рысінскі напісаў вельмі прыгожую эпітафію на яе смерць.

Дзякуючы гэтаму шлюбу, пасля смерці Сафіі ў 1612 годзе Радзівілы атрымалі Слуцк. Там Рысінскі нейкі час жыў і працаваў. Вядома, што Януш зладзіў у Слуцку пратэстанцкую школу, а Рысінскі напісаў для яе статут.

Крыштаф Радзівіл Пярун, пры двары якога працаваў Саламон Рысінскі.

Два Крыштофы, два Янушы, адзін Саламон

Радзівілы-рэфарматары адчынялі школы і друкарні... І Рысінскі карыстаўся гэтым напоўніцу. У Любчы надрукаваў кнігу пра справы свайго ўладара, Крыштафа Радзівіла, дадаўшы вершаванае апісанне Лівонскай вайны. Выдаў зборнік панегірычных вершаў, у якіх услаўляў дзеянні Радзівілаў. А ў 1618-м — першы ў свеце зборнік славянскіх народных прымавак і прыказак, у колькасці 1800, якія збіраў тры дзесяцігоддзі. Запісваў па-беларуску, перакладаў на польскую і лаціну, шукаў аналагі ў старажытнарымскай і грэчаскай мовах... Каля паўтысячы тых прыказак і цяпер жывуць на Беларусі! Хаця ў назве гучыць «польскія», устаноўлена, што збіраў Рысінскі іх у накаволлі Слуцка і Нясвіжа. Вось што перавыдаць бы, з перакладам на сучасную беларускую!

Якраз у тыя гады, калі Саламон пісаў і выдаваў кнігі, ягоныя апекуны ўдзельнічаюць у вайне са шведамі. Пярун, выйграўшы некалькі слаўных бітваў, памёр у 1603-м годзе. Крыштаф Радзівіл і Януш праяўляюць сябе як здольныя вайскаводцы. А Януш яшчэ і падымае шляхецкі рокаш супраць караля.

Але ў тыя неспакойныя часы з’явіўся ў Саламона Рысінскага яшчэ адзін важны занятак. У 1612-м годзе ў Крыштафа Радзівіла, малодшага брата Януша, які пашлюбаваўся з Ганнай з Кішак, нарадзіўся сын Януш. Яго выхавацелем таксама стаў Саламон Рысінскі.

Згадзіцеся, можна заблытацца ў імёнах... Таму і сустракаюцца часам сцверджанні, што Рысінскі з дзяцінства выхоўваў сына Крыштафа Радзівіла Перуна Януша. Але гаворка пра ўнука Перуна.

Януш Радзівіл скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, статут якой напісаў ягоны настаўнік, і таксама адправіўся вучыцца ў Лейпцыгскі і Альтдорфскі ўніверсітэты. Але выедзе ён за мяжу ў шаснаццацігадовым узросце, на наступны год пасля смерці Саламона Рысінскага.

Януш, унук Перуна, увойдзе ў гісторыю як зацяты абаронца ідэі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, як той, хто на сойме гукне — «Прыйдзе час, — паны-палякі да дзвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем», намякаючы на падзеі ў Празе, калі немцаў-каталікоў, што нішчылі іх правы, чэхі-пратэстанты павыкідвалі ў вокны парламента. Ён будзе бараніць правы некаталіцкага насельніцтва, заключыць хаўрус са шведскім каралём у спадзяванні на стварэнне незалежнага княства, і загіне, атручаны і абвешчаны здраднікам.

Крыштаф Радзівіл, малодшы сын Перуна, вучань Саламона Рысінскага.

Нічога, акрамя кніг

Мяркуючы па ўсім, не было ў паэта-філосафа ўласнай сям’і. І, нягледзячы на ўсю сваю вучонасць, асаблівых даброт не здабыў. Цікава, што пры гэтым Рысінскі — ці не адзіны мысляр таго часу, які застаўся свецкага стану.

Захавалася сведчанне пра скананне паэта, які памёр у 1625-м годзе ў вёсцы Дзяляцічы Навагрудскага павета: «у першы чацвер пасля святога Марціна, пасля поўдня, калі ён за сталом сядзеў, параліж яго ўзяў і мову яму заняў. Потым ноччу меў кадук цяжкі разоў сорак. Памяці не страціў і бачання, што відаць было з ягоных жэстаў, якія паказваў на напамінанне ксяндза Раманоўскага, дазваляючы на замацаванне яго ў веры і надзеі, аб розных артыкулах. Паліўкі і воды розныя піў, ажно ўжо ў нядзелю вечарам больш глытаць не мог, а ўсё ж такі кадук меў, хаця не так цяжка і не так густа, ажно да самай смерці. А з панядзелка на аўторак на досвітку, у шэсць гадзін, пры пану Набароўскім і пры ксяндзу Раманоўскім, якія давалі малітвы, ды пры іншай моладзі ціхенька заснуў у Госпадзе пасля стагнання цяжкага».

Пахавалі першага чалавека, які назваў сябе беларусам, у Любчы. Ягоны вучань Крыштаф Радзівіл загадаў «над магілай пана Рысінскага высокі і харошы мураваны слуп узнесці і мармуровую табліцу ў яго паставіць, а з тылу каля гэтага слупа харошы курган насыпаць». Засталося ж пасля смерці Рысінскага адзінае багацце — кнігі. Затое, кажуць, іх было больш за тысячу, рэдкія выданні і рукапісы, па значнасці бібліятэка была параўнальная з каралеўскай.

Даследчык Яўген Парэцкі піша: «Творчая спадчына С. Рысінскага, які ад гуманіста-каментатара і даследчыка антычнай літаратуры, выкладчыка старажытных моў змог узняцца да вяршынь гуманізму — выяўлення ў народнай мове роднага краю вытокаў мудрасці, да апошняга часу амаль не даследавалася... Даць сёння аналіз творчасці Рысінскага і выдаць яго творы — гэта значыць вярнуць Беларусі аднаго з аўтараў выcокіх помнікаў культуры мінулага».

Слуцкая кальвініцкая гімназія. Малюнак Напалеона Орды.

А паэт Віктар Шніп так звяртаецца да Рысінскага ў сваёй баладзе:

«Ты ў князёў Радзівілаў прыдворны паэт.

Ты не рыфмы рыфмуеш, ствараеш свой свет,

У якім беларус мае права, каб жыць

І мець мову сваю, і ісці праз дажджы

І снягі да вялікага сонца, якім

Наш асвеціцца край, як Іерусалім,

І для ўсіх беларусаў ён будзе святы,

Бо ад Бога наш свет, і ўсе мы ў ім браты.

А вайна—не ад Бога, вайна ад людзей,

У якіх няма Бога ў душы і нідзе,

І ніколі не будзе, калі не любіць

Сіраціну бярозу, што ў полі шуміць,

У крынічнай вадзе заімшэлы валун,

І гучанне жалейкі, цымбалавых струн

Не любіць, не казаць анікому тых слоў,

У якіх, як у Храмах анёлы, любоў

Да зямлі, на якой нарадзіўся, памрэш.

І сляза закіпае ў табе, і ўжо верш

На паперу кладзецца, папера жыве,

Нібы новая фрэска ў тутэйшай царкве...»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Лацінская песня беларускага Саламона

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.