Вы тут

Арнаменты на кераміцы, сколы на крамянёвым наканечніку: прыгажосць, якой чатыры тысячы гадоў


Што можна разгледзець у археалагічных тэкстурах.

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь чакае наведвальнікаў фотавыстаўка «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым».


— Ідэя праекта «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі» ўзнікла даўно, у ёй шмат перспектыў. Канкрэтна гэтая фотавыстаўка прысвечана толькі аднаму з перыядаў у археалагічнай навуцы — гэта неаліт і бронзавы век. На ёй прадстаўлена зусім няшмат прадметаў, аднак яны вельмі дэталёвыя. Задума экспазіцыі — каб наведвальнік мог падрабязна іх разгледзець. Бо падчас дэманстравання экспанатаў у музейных вітрынах некаторыя рысы і дэталі заўжды застаюцца незаўважаныя, калі не звярнуць на іх увагу спецыяльна. Мы самі, калі пішам артыкулы і займаемся навукова-даследчай дзейнасцю, час ад часу робім для душы, для прыгажосці дэталёвыя фотаздымкі. Яны таксама паспрыялі ўзнікненню ідэі: паказаць тое, што схавана, — дзеліцца адзін з куратараў праекта, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Вікторыя Тарасевіч. — Прадметы, якія адлюстраваны на фотаздымках, знаходзяцца ў фондах акадэмічнага Інстытута гісторыі і, думаю, вельмі не хутка будуць прадэманстраваны ўжывую шырокаму колу зацікаўленых. Усе яны ў калекцыі Мікалая Крывальцэвіча, даследчыка дадзенага перыяду... У перспектыве паспрабуем арганізаваць лекцыю з гэтым археолагам, каб у гледачоў з'явілася магчымасць больш даведацца пра экспанаты і, можа, нават патрымаць іх у руках. Варвара Высоцкая — фатограф — таксама не выпадковы чалавек. Гэта наш валанцёр, дзяўчына ездзіць з намі ў экспедыцыі. І паколькі яна любіць гісторыю і некалі таксама хацела быць археолагам, то з цікавасцю адгукнулася на ідэю. Увогуле пытанне, чаму важна папулярызаваць археалогію, вельмі філасофскае. Археалогія тлумачыць, раскрывае нашу гісторыю. Некаторыя яе моманты нават у школьных падручніках застаюцца па-за ўвагай, а нам хочацца, каб такіх прабелаў не было. Хочацца, каб людзі ведалі, што і чатыры тысячы гадоў таму рукамі чалавека, які жыў на тэрыторыі Беларусі, рабіліся такія шыкоўныя і добра аздобленыя прадметы.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 20 дэталёвых фотаздымкаў асобных частак археалагічных знаходак: арнаменты на кераміцы, рэтушаваныя краі крамянёвых сякер і наканечнікаў, гравіроўка на нажы з ікла. Амаль усе артэфакты, якія бачым на фотаздымках, маюць узрост больш за 4 тысячы гадоў і належаць да неалітычнага перыяду і бронзавага веку. Прадметы гэтыя ў асноўным ствараліся ў чыста практычных мэтах, а цяпер уяўляюць каштоўную крыніцу інфармацыі не толькі для археолага, але і для ўсіх, хто цікавіцца і натхняецца мінулым. Прыгожыя формы, вылепленыя рукамі чалавека, кампазіцыі арнаментальнага дэкору глінянага посуду, сколы на крамянёвым наканечніку... Кожны прадмет унікальны, мае сваю непаўторную тэкстуру.

— Мы, у сваю чаргу, таксама натхніліся яшчэ і тым, што набліжаюцца святы, таму дадалі ў археалогію крыху Новага года. Атрымаўся цікавы святочны мікс, нягледзячы на ўсю навуковую накіраванасць і сур'ёзнасць праекта, — кажа куратар праекта, навуковы супрацоўнік экспазіцыйнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Данута Грынь. — Цікава, што калі да гэтага мы падымалі навуковыя тэмы, то дадзеная выстаўка — макраздымкі прадметаў, разглядаючы якія, без анатацыі цяжка нават здагадацца, што перад намі. Але добра пазнаюцца арнаменты, усе рыскі на прадмеце, і гэта можа быць важна для мастакоў, дызайнераў... Гэткая своеасаблівая крыніца для творчасці, якая можа быць пераапрацавана на сучасны лад.

Цэнтральнае месца ў праекце займае археалагічная калекцыя, атрыманая падчас раскопак пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Крывальцэвіча, старшага навуковага супрацоўніка сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук. Асноўная сфера зацікаўленасці даследчыка — археалогія позняга неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларускага Палесся. Прыходзьце на выстаўку і пераканайцеся, што на тэрыторыі Беларусі нават у часы неаліту жылі людзі, якія стваралі прыгажосць.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: istock

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.