Вы тут

Мікалай Шарснёў падчас прамой тэлефоннай лініі за тры гадзіны выслухаў дваццаць чалавек


Кранула просьба жыхаркі абласнога цэнтра дапамагчы прайсці рэнтген-даследаванне, якое неабходна з-за бясплоднасці. З кастрычніка яна ў чарзе. Але з-за пандэміі гараджанка атрымаць медыцынскую паслугу пакуль не можа. Старшыня аблвыканкама адразу даручыў кіраўніку галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя, які прысутнічаў у кабінеце, зрабіць выключэнне. Калі спатрэбіцца, жанчыне могуць прапанаваць неабходнае нават у Мінску. Трэба падтрымаць жанчыну, якая вельмі хоча стаць мамай!


Пасля званка (таксама з Віцебска) наконт жыллёва-камунальнай праблемы губернатар патрабаваў правесці службовае расследаванне. Мужчына з дома на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў паведаміў, што тры тыдні з-за прарыву сістэмы каналізацыі ў пад'ездзе адчуваецца непрыемны пах.

А палачанка распавяла пра кватэру, якая ўжо больш за два месяцы таму пацярпела з-за цечы даху. Жыллё з-за ападкаў залівае, а камунальнікі не спяшаюцца выправіць становішча. У іх свой погляд на праблему: каб адрамантаваць каля 35 квадратных метраў даху, неабходна правесці тэндар. Але ж па-чалавечы: хацелі б яны столькі чакаць і назіраць, як жыллё прыходзіць у непрыдатнасць?

З Оршы з аднаго дома выйшлі на сувязь з губернатарам двое жыхароў. Абодва паскардзіліся, што ў новым «разумным доме» холадна ў кватэрах. І вада не гарачая, а «цёпленькая». У райвыканкаме ў курсе праблемы, там паабяцалі зрабіць усё, каб выправіць недахопы.

А дзякуючы званку жыхара пасёлка Светлы Віцебскага раёна будзе прааналізавана актуальная для ўсёй краіны тэма: магчымасці пераводу шматкватэрнага жылля на электрычнае ацяпленне. Мужчына расказаў, што мае печку. Ён спытаў: ці магчыма зрабіць падагрэў электрычным? Для гэтага неабходны новы «ўводны» кабель на ўвесь дом, у якім восем кватэр. Зразумела, аднаму аплаціць усё не па кішэні. Ды і не ўсе суседзі за перамены. Пакуль губернатар высвятляў нюансы, спецыялісты растлумачылі: на Віцебшчыне ў найбліжэйшай перспектыве запланавана перавесці на электрычнае забеспячэнне 23 дамы... Беларуская АЭС і была пабудавана, каб панізіць выдаткі пры выпрацоўцы электраэнергіі, якую трэба актыўна выкарыстоўваць. І такія грамадзянскія ініцыятывы толькі вітаюцца.

Жыхарка вёскі Цітова Лёзненскага раёна не скардзілася на бюракратызм і няўважлівасць да яе асабіста і насельніцтва ў цэлым, наадварот, папрасіла неяк адзначыць прадстаўнікоў мясцовай прадстаўнічай улады. У прыватнасці, шмат цёплых слоў выказала ў адрас старшыні Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамары Дрылёнак. Яна, як падкрэсліла заяўніца, вельмі працавітая, тактычная і праяўляе цярпенне ў адносінах з землякамі. Губернатар паабяцаў, што, канешне, будзе прынятае адпаведнае арганізацыйнае рашэнне.

Падводзячы вынікі размовы, Мікалай Шарснёў канстатаваў: у адрозненне ад многіх папярэдніх прамых ліній, пытанні прагучалі актуальныя. Па-ранейшаму праблема, якая найчасцей агучваецца, — дзейнасць ЖКГ. Паабяцаў больш грунтоўна ўзяцца за выпраўленне недахопаў гэтай галіны. Туды на кіраўнічыя пасады трэба прызначаць нераўнадушных, прыстойных, разумных — тых, хто стараецца індывідуальна падыйсці да разгляду скаргі, выказаўся губернатар. І яны павінны падабраць каманду такіх жа адказных прафесіяналаў.

Па традыцыі некаторыя сігналы будуць на асабістым кантролі губернатара.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: novostipmr.com

Загаловак у газеце: Ініцыятывы — вітаюцца

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.