Вы тут

Дзеля памяці. Дзіцячы пісьменнік Уладзімір Паўлаў


Уладзімір Паўлаў у маім пісьменніцкім даведніку пакінуў прарочыя словы: «Хай родзіць і росіць роднае слова». І я паставіў бы гэта выказванне эпіграфам да жыцця слыннага пісьменніка Беларусі.


Як і многія майстры Слова, Уладзімір Андрэевіч Паўлаў — выхадзец з вёскі, дзе спрадвеку жыла і жыве сакавітая, меладычная, вострая, вобразная мова беларусаў. Яна ўліваецца дзіцяці разам з малаком мамы, з яе калыханкамі, з яе мудрымі павучаннямі, прымаўкамі, прыказкамі.

Вось і для Уладзіміра Паўлава ўзлётнай паласой у літаратуры стала вёска Замошша Любанскага раёна. Я бываў частым госцем у тым раёне, дзе Янка Купала пісаў паэму «Над ракой Арэсай». Там усё люба: з любасцю ўжываецца ў побыце родная мова, з любоўю пестуюцца дзеці, якія дужа моцна сябруюць з беларускай «Вясёлкай».

Пра незабыўнага Уладзіміра Паўлава, душа якога адляцела ў рай (веру, менавіта ў рай!) восенню 2020 года, крытыкі і даследчыкі беларускай літаратуры яшчэ напішуць шмат добрых слоў. У яго кнігах вершаў «Узлётная паласа», «Сонца купаецца», «Каласы радкоў», у яго кнігах прозы «Пажарніца», «Годы нашы — птушкі», «Ад агню і мяча», «Чуж-чужаніца» шмат праўды, шмат творчых вобразаў. У яго кнігах — наша жыццё на тым этапе явы, на якім яму выпала доля тварыць, быць актыўным змагаром за Айчыну.

Я ж хачу адзначыць Уладзіміра Паўлава найперш як дзіцячага паэта. Ён не так многа напісаў для юных чытачоў, але яго слова прыкметнае, вобразнае, дасціпнае і, веру, жывучае, запатрабаванае.

У свой зборнік для дзяцей «Згадка на дабро» Уладзімір Паўлаў уключыў вершы, забаўлянкі-пазнаванкі, загадкі і паэму-казку. Вельмі цікавы, карысны падарунак паэта. Ганаруся, што ён дастаўся і мне з подпісам аўтара.

Лірычна, тонка, займальна Уладзімір Паўлаў даводзіць сваім дасціпным чытачам, як жа трэба слухацца маму. А ў прыклад ставіць зайчыка, які аднойчы парушыў маміну просьбу, каб не адыходзіў ад яе:

Ад сям'і сваёй адбіўся,

Загуляўся, заблудзіўся.

А тут цемра наступае,

і сава, чутно, лятае.

Сеў пад кусцік, вушкам водзіць:

Можа, блізка й воўк дзе ходзіць?!

Ах, як страшна, як няўтульна!..

Як адрэзаны акрайчык,

Аказаўся...

Плача зайчык.

Усе вершы паэта з ненавязлівай мараллю, хутчэй, падказкай ад мудрага, сталага чалавека, які тонка адчувае струны душы дзіцяці.

Укладвае дзяўчынка лялек спаць. Тыя не хочуць яе слухацца, і маленькая мама разумее, чаму яе мамачцы не спіцца. Карысныя падказкі чытачам закладзены ў вершах «Якалы», «Чысцёха», «Коця-браце», «Расці, Максім!».

Раздзел «Забаўлянкі-пазнаванкі» пабудаваны арыгінальна, скіраваны на тое, каб малы чытач не толькі агучваў для сябе тэкст, а задумваўся над ім і быў асцярожны, бо дзядзька-паэт Уладзімір Андрэевіч падкідвае для роздуму шмат пазнаванак.

У паношаны камзол

Сунуў хлеба лусту

І пайшоў стары казёл

Вартаваць капусту.

Але ж чакайце, не вельмі давярайце хітраму аўтару. Хіба можна пускаць казла ў агарод вартаваць капусту? Капуста для яго — найлепшы ласунак, і ён яе не ўвартуе, а ўсю пахрумкае.

З такімі ж нечаканкамі паэт пабудаваў вершы-пазнаванкі «Калі цвіце папараць», «Буслік», «Бурак і гарбуз», «Барсук», «Вадзяныя жывёлы», «Дрэвы» ды іншыя.

Вось такі дзіцячы паэт Уладзімір Паўлаў. Пусціў сваім чытачам «на разагрэў» свае забаўлянкі, а ў канцы кнігі, «на закуску», прыдумаў сто трыццаць загадак ды паэму-казку «Пра Янку, Ганку і казак вязанку».

Пра стог загадак можна пісаць цэлае даследаванне. Яны самі па сабе заманлівыя, бо вымушаюць думаць, раздумваць. Але Уладзімір Паўлаў як бы ўдасканаліў гэты жанр, прыдумаў загадкі на, здавалася б, неверагодныя рэчы, з'явы: пра баабаба, тэлебачанне, засуху, хмары ў вадзе, цень у хаце, гарошыны ў струку, цвік у абутку, след ад самалёта...

Пра паэму-казку, якая разышлася тыражом толькі ў дзве тысячы экзэмпляраў, мушу сказаць асобна. Веру: у нашай дзіцячай літаратуры яна зойме асаблівае месца. Адметнае. Бо, зноў жа, пабудавана на нечаканасцях, якія вельмі падабаюцца дзецям.

Паэт вядзе сваіх герояў Янку і Ганку ў лес. Яны — блізняты, юныя даследчыкі, хочуць пра ўсё дазнацца. Ім у лесе ўсё цікава: і куст ажыны, і «цар грыбоў», і арэшнік з арэхамі... Загуляліся дзеці ў лесе дый заблудзіліся. І здарылася з імі неверагоднае. Раптам з дуба Чарадзея выйшаў дзед Дабрадзей, «падперазаны паяском слуцкае работы». Нечаканы казачнік прапануе дзецям вандроўку ў звышпадарожжа. На светлалёце, падобным на празрысты, імклівы шар, яны паляцелі ў Свет Адваротны. Там усё не так, як у вёсцы: жаба гоніцца за буслом, у валёнкі жук абуўся, варона спявае, як салавей, «на пакорлівай лісе едзе певень верхам». Цуд!

А далей дзед Дабрадзей скіраваў свой шар ажно ў космас. Там яны пазнаёміліся з усімі планетамі, якія ёсць вакол Сонца. Па-іншаму ўбачылі сваю Зямлю. Яна падалася ім сінім прывабным акенцам у Сусвеце. Янка і Ганка просяць чарадзея вярнуць іх дамоў, бо найлепш дома, з мамай, татам, сябрамі...

Паэта, празаіка Уладзіміра Паўлава можна і трэба адкрываць нанова. Сціплы ў жыцці, патрабавальны ў літаратуры, ён заслугоўвае таго, каб сучасная моладзь перачытала яго кнігі — дарагую ўсім нам духоўную спадчыну. Калі пісьменніка не стала сярод нас, усе адчулі, што збяднелі на выдатную асобу, каля якой непрыкметна грэліся, наталяліся. Давайце не спазняцца гаварыць пахвальныя словы жывому аўтару, каб не прыйшлося рабіць гэта са слязою на вейцы. Тайны космасу — цалік, іх ніхто да канца яшчэ не зведаў. Дык не стомімся і мы адкрываць космас душы і таленту тых, хто быў, хто ёсць каля нас, у яве райскага жыцця.

Уладзімір ЛІПСКІ

Прэв’ю: unn.com.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».