Вы тут

Цеплыня Піліпаўскіх вячорак


Даўнюю традыцыю вясковых вячорак паспрабавалі дастасаваць да нашага часу ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры


Піліпаўскія вячоркі — важная частка як побытавай, так і духоўнай культуры продкаў. Гэта, пішуць фалькларысты й згадваюць старэйшыя людзі, былі дзявочыя вячоркі з розным рукадзеллем, пераважна праннем, вязаннем ды вышываннем, на якіх дзяўчаты й спявалі ды жаніхоў выглядалі. Пачыналіся вечаровыя пасядзелкі ў праваслаўных ад Піліпаўкі (28 лістапада), доўжыліся ў Піліпаўскі (Калядны) пост да 6 студзеня ўключна. У каталіціх асяродках збіраліся вячоркі ў часе Адвэнту, чатыры тыдні перад Калядамі.

З адметнай традыцыяй мы, супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, знаёмілі цікаўных 9 снежня 2020 года ў фармаце анлайн. Выконваючы ўсе кавідныя перасцярогі, відэаздымкі зрабілі загадзя. Нагадалі: на Піліпаўскія вячоркі дзяўчаты збіраліся невялікімі групамі па чарзе ў хаце кожнай з сябровак. Прыходзілі з рукадзеллем, у часе працы спявалі спакойныя песні, накшталт “Цячэ вада на быстрыні”: “Казаў мілы, казаў мілы,/ што мяне папросіць,/ як у полі пры таполі/ пшанічаньку скосіць./ Ой, ён косіць, ой, ён косіць,/ ужо й восень мінае./ Ён жаніцца бярэ другу,/ а мяне кідае…”

Асноўным заняткам на вячорках было прадзенне (часам і вячоркі называлі: попрадкі. — Рэд.), кожная з дзяўчын прыносіла калаўрот альбо прасніцу. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце, самай дасведчанай: тая ж магла нешта падказаць, нейкім сакрэтам працы навучыць. Пра тое й распавяла нам Галіна Сантоцкая, па-майстэрску спраўляючыся з кудзеляй. Ды ў нашым часе прадзенне ўжо не зусім актуальнае, і мы пашырылі межы традыцыйных вячорак-попрадак, дадалі ў іхні “фармат” іншыя віды рукадзелля.

Калі ніткі з лёну ці шэрсці спрадзеныя, з іх можна ткаць палатно. Раней узімку ў кожнай вясковай хаце ставілі кросны: ткацкі станок. У нас на кроснах умее працаваць Дагнія Літвіноўская. Паказвала, як што робіцца. Ну а з ільнянога палатна шмат чаго рабілі: шылі вопратку, пасцельную бялізну, ручнікі, абрусы, фіранкі, якія ўпрыгожвалі вышыўкай. Кожная дзяўчына ці жанчына ўмела вышываць — так і ўпрыгожвала побыт. Асабліва старанна маці працавалі над пасагам для дачок, паступова, з узростам і цалкам у іх рукі перадаючы важную працу. Пра тое расказала Марыя Памецька. Да таго ж многія гаспадыні ўмелі вязаць на спіцах — скажам, шарсцяныя шкарпэткі. А іх шмат трэба было: сем’і ж вялікія. З вязальным рамяством знаёміла Жанна Раманоўская. А як ткалі ці выпляталі пояс, які абавязкова ёсць у народным строі, паказвала Ірына Апэйнанэ: яна ўмее рабіць такія абярэгі на дошчачках.

Гэтыя майстэрствы, перададзеныя нам у спадчыну, ажывалі, ажыўлялі вячоркі пад пералівы акардэона Вячаслава Пятрова: ён віртуозна граў беларускія мелодыі, найгрышы. У часе вячорак раней шмат спявалі — і мы традыцыю прадоўжылі. Расказвалі, што можна й што нельга рабіць у такую пару. Што, нягледзячы на пост, весяліцца не забаранялася — таму на вячоркі запрашалі музыку, танцавалі, у гульні гулялі. У хату на вячоркі абавязкова зазіралі хлопцы, выглядвалі працавітую нявесту. Бо ўжо на Масленіцу пачыналася пара вяселляў.

Напрыканцы вячорак гаспадыня хаты частавала гасцей поснай вячэрай. На стале абавязкова былі жытні хлеб і адвараная бульба, ды яшчэ квашаная капуста, салёныя гуркі, грыбы, журавінавы морс, іншыя посныя стравы. Эх, шкада, што ўсім тым вы не зможаце пачаставацца разам з намі! А паглядзець вячоркі — калі ласка: ёсць відэа “Піліпаўскія вячоркі” ў запісе ЦБК на Facebook, на YouTube.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.