Вы тут

У “Люстэрку лёсу” — Уладзімір Караткевіч


Да юбілею класіка выйшла з друку кніга Вячаслава Рагойшы “Дзесяць саг пра Караткевіча”


Вячаслаў Рагойша пры сваім доме з памятнай дошкай у Ракаве

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” якраз да 90‑х угодкаў слыннага пісьменніка падгадала з выдатным падарункам. У прадаўжэнне новай кніжнай серыі “Люстэрка лёсу” пабачыла свет кніга — можна сказаць, своеасаблівая біяграфія сяброўства — доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржуніверсітэта Вячаслава Рагойшы “Дзесяць саг пра Караткевіча”.

Вядомы літаратуразнаўца, аўтар многіх кніг, прысвечаных гісторыі, тэорыі ды сучаснасці беларускай літаратуры з 1966 года ўваходзіў у кола найблізкіх сяброў класіка. Чаго варты хаця б такі факт: Уладзімір Караткевіч быў сярод самых ганаровых гасцей на “вяселлі веку” — тады пабраліся шлюбам Вячаслаў Рагойша з Таццянай Кабржыцкай. У Ракаве, дзе тры дні гудзела тое вяселле, аўтар неўміручых твораў і пазнаёміў маладажонаў, а таксама ўсіх гасцей са сваёй абранніцай — Валянцінай Браніславаўнай, будучай жонкай.

Уладзімір Караткевіч прысвяціў Вячаславу Рагойшу некалькі вершаў і некалькі малюнкаў. Некаторы час навуковец-літаратуразнаўца ды аўтар “Каласоў пад сярпом тваім” і жылі побач: у суседніх кватэрах мінскага дома па вуліцы Карла Маркса, 36. Мноства сустрэч і ў Мінску, і ў Ракаве, мноства задушэўных размоў, агульныя паездкі падалей ад тлумнага горада — усё тое, дзякуючы расповеду сапраўднага сведкі, удзельніка розных падзей, нераўнадушнага сябра, набывае вялікую каштоўнасць, дапамагае разгледзець класіка зблізку. І паўстае Уладзімір Сямёнавіч перад намі жывым, не забранзавелым, яркім і вельмі каларытным чалавекам.

У афармленні кнігі выкарыстаны фотаздымкі Вячаслава Рагойшы, Сяргея Панізьніка, Міколы Пашкевіча, Леаніда Акаловіча, якія й самі па сабе — надзвычай красамоўныя дакументальныя крыніцы ў галіне караткевічазнаўства. Дарэчы, знаёмства з фотаілюстрацыямі вымушае нас падумаць пра яшчэ адзін гістарычна-культурны праект, звязаны з адлюстраваннем жыцця й творчасці пісьменніка. Чаму б не выдаць альбом “Уладзімір Караткевіч на фотаздымках”?!

Наклад кнігі “Дзесяць саг пра Караткевіча” — 500 асобнікаў. Яна, несумненна, знойдзе свайго чытача.

Максім Веяніс

Дарэчы. Пра “вяселле веку”, іншыя стасункі з Уладзімірам Караткевічам згадвае ў сваіх “Успамінах аб сустрэчах з Класікам” і Сяргей Панізьнік — у відэасюжэце па спасылцы https://youtu.be/8‑Ga6Ys7r0U (запіс Веранікі Панізьнік, аздоба Аляксандра Каралькевіча). Сімвалічна, што ўпершыню сустрэўся малады паэт з будучым класікам (выпускніком Кіеўскага ўніверсітэта) ды ўкраінскім навукоўцам Рыгорам Піўтараком (вывучыў беларускую мову, абараняў дысертацыю па беларускай тэматыцы, з 2009‑га ён — акадэмік НАН Украіны) у 1963 годзе ў купалаўскай Вязынцы пад Мінскам: на свяце Купалле. І ўжо з 1964‑га й сам Сяргей Сцяпанавіч спалучыўся з Украінай (стаў студэнтам факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча). А ў 1967‑м пабачыў свет яго першы паэтычны зборнік “Кастры Купалля”.

Жывыя ўспаміны Сяргея Панізьніка пра сустрэчы з класікам — у тым ліку і ў Латвіі, чэхаславацкай Празе — дапаўняюцца ягонымі ўнікальнымі фотаздымкамі, вершамі, аповедам пра цікавы “літаратурны след” Уладзіміра Караткевіча ў В’етнаме.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.