Выява працавітага чмяля першапачаткова была афіцыйнай эмблемай Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Пазней на ўваходзе ў будынак з'явіўся жартаўлівы чмель, які стаў талісманам і для школы, і для фестывалю-конкурсу для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Вясёлы Жужа», які праходзіць у аграгарадку Гальшаны апошнія пяць гадоў.
Дарэчы, выканаў Жужу, які з лёгкасцю заваяваў сэрцы маленькіх і дарослых прыхільнікаў, качагар школы літаральна з падручных матэрыялаў. Але ж такога абаяння і заліхвацкага выгляду вы не знойдзеце ні ў воднай моднай статуэтцы з крамы. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што рэчы, якія зроблены з душой, і жывуць даўжэй, і прыносяць больш радасці.
На конкурсе хлопчыкі і дзяўчынкі прадстаўляюць свае творчыя здольнасці ў чатырох намінацыях: вакальны жанр, выяўленчае мастацтва, мастацкае слова і інструментальны жанр. Нават у сёлетні год пандэміі «Вясёлы Жужа» атрымаў 510 відэаролікаў ад канкурсантаў. Аўтарытэтнае журы прызнала пераможцамі ўсіх без выключэння ўдзельнікаў фестывалю.
— Конкурс дае магчымасць самым маленькім далучыцца да мастацтва, паспрабаваць свае сілы, а таксама сустрэць сяброў. А яшчэ тутэйшае мерапрыемства становіцца стартавай сцежкай на дзіцячае «Еўрабачанне», — смяецца дырэктар школы Наталля ЯЛФІМАВА. — Людзі едуць сюды за атмасферай, бо да ўсіх канкурсантаў добразычлівае стаўленне, кожнага ўдзельніка заахвочваюць, кожнаму дораць увагу і салодкія падарункі, а таксама кубкі, статуэткі і дыпломы.
За час існавання Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў 25 вучняў станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Ірына СІДАРОК
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.