Вы тут

Сваё 50-годдзе Ашмянскі яслі-сад № 3 сустрэў цалкам абноўлены


Сваё 50-годдзе Ашмянскі яслі-сад № 3 сустрэў сёлета не проста цалкам абноўлены звонку і ўнутры, а яшчэ і далучаны да найноўшых тэхналогій, якія «сябруюць» з прыродай. Першыя выхаванцы (былыя і новыя) апрабавалі новы будынак, рэканструкцыя якога абышлася больш як у пяць мільёнаў рублёў, ужо ў лістападзе.


Со­неч­ныя батарэі на даху ясляў-сада.

Сучаснае энергазберагальнае начынне садка дазваляе спажываць удвая менш энергіі і эканоміць каля 100 тон СО2. Тут устанавілі індукцыйную пліту і параканвектамат. Дзякуючы сонечнаму калектару і цеплапомпам абаграваецца будынак і падаграваецца вада. Калі сонца недастаткова, сістэма цеплазабеспячэння аўтаматычна падключаецца да кацельнай ЖКГ. А сонечныя панэлі забяспечваюць садок электрычнасцю. У добрае надвор'е вада награваецца да 80 °С, а анціфрыген, якім запоўнены сонечныя панэлі, ахалоджвае празмерны градус. Тэмпература вады ў кране выстаўлена на 27 °С з сямі да пяці вечара, тэмпература ў батарэях — 44,7 °С.

Сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла падагравае марознае паветра з вуліцы, перш чым яно трапіць у групы, і не дае цяплу сысці з пакояў — усё зроблена, каб захаваць здароўе дзетак. Для гэтага ж існуе і сучасны медыцынскі блок, дзе малыя, якія часта хварэюць, могуць аздаравіцца з дапамогай біяптрона, магнітнага выпраменьвальніка ды інгалятара.

За­гад­чык яс­ляў-са­да Тац­ця­на БІ­ЗУ­КОЙЦЬ  з дзецьмі ў групе.

А яшчэ ў дзіцячай установе з'явіліся, напрыклад, асобныя спальні замест памяшканняў, якія сумяшчаліся з гульнявымі пакоямі.

— Наш садок перабудавалі цалкам. Нават педагогі, якія ў ім працавалі да мадэрнізацыі, пакуль яшчэ блукаюць. А дзеці дык першыя часы пыталіся, ці прыйдуць яны ў садок заўтра, або толькі часова тут, бо многія год чакалі, каб вярнуцца сюды, пакуль ішла рэканструкцыя, — смяецца загадчык ясляў-сада № 3 горада Ашмяны Таццяна БІЗУКОЙЦЬ. — З'явілася спартзала, пад якую раней быў прыстасаваны групавы пакой. У кожным групавым пакоі ёсць бактэрыцыдная лямпа, а ў раздатачных — стэрылізатары для посуду.

Акрамя звычайных груп, у садку дзве спецыяльныя групы. У кожнай з іх з дзеткамі працуюць па два выхавацелі і настаўнік-дэфектолаг.

— Кожнаму выхаванцу патрэбны індывідуальны падыход: педагог і дзіця адзін на адзін, — кажа Ірына ГАРЛУКОВІЧ, выхавацель ясляў-сада № 3. — Ёсць дзеці, дыягназ якіх дазваляе ім асвоіць толькі базавыя сацыяльныя навыкі, і ім лепш у спецгрупах.

Да рэканструкцыі ў садку-юбіляру было 11 груп — цяпер шэсць; дзяцей сюды хадзіла 205 — цяпер будынак разлічаны на 110 малых, і ім ёсць дзе разгарнуцца ва ўсіх праявах дзіцячага імпэту.

Ірына СІДАРОК, фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Дзіцячы сад, які сілкуецца сонцам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.