Вы тут

​Чаму ў Польшчы азмрочаны зімовыя святы?


Жыхары Польшчы адлічваюць апошнія «вольныя дзянькі»: улады краіны прынялі рашэнне на тры тыдні ўвесці глабальны жорсткі лакдаўн. Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі. «З 28 снежня да 17 студзеня мы ўводзім нацыянальны каранцін», — заўважыў чыноўнік. Па словах міністра, у гэты перыяд будзе забаронена работа гасцініц (раней яны маглі прымаць гасцей, якія вандруюць па службовай неабходнасці). Спыняецца таксама дзейнасць гарналыжных схілаў. Усе крамы будуць зачынены, за выключэннем харчовых, гаспадарчых і аптэк. Як патлумачыў Нядзельскі, выйсці можна толькі па істотнай неабходнасці, напрыклад, у аптэку ці на працу. «Трэба заставацца дома», — падкрэсліў міністр. У Новы год увогуле ўводзіцца каменданцкая гадзіна. У «Tвітэры» канцылярыі прэм'ер-міністра Матэуша Маравецкага з'явілася паведамленне, што перамяшчэнне з 19.00 31 снежня да 6 раніцы наступнага дня па ўсёй краіне будзе забаронена. Пасля гэтага ў школьнікаў наступяць зімовыя вакацыі. З-за каранціну дзеці да 16 гадоў змогуць выходзіць на вуліцу толькі ў суправаджэнні дарослых. Наступленне ковіду — адна з праяў шэрагу цяперашніх вострых праблем Варшавы. Чаму ў Польшчы азмрочаны зімовыя святы?


Ковід забівае двойчы

У мінулым месяцы па прычынах, не звязаных наўпрост з захворваннем на каранавірус, у Польшчы памерла людзей на 70 працэнтаў больш, чым у лістападзе 2019-га. Справа ў тым, што польская сістэма аховы здароўя не вытрымлівае выпрабаванні COVІD-19: на пацыентаў з іншымі хваробамі не хапае рэсурсаў, адзначае rg.ru.

«Ковід забівае двойчы», — так назвалі сваё расследаванне журналісты польскага выдання Dzіennіk Gazeta Prawna. Са звестак, прадстаўленых ім Нацыянальным фондам аховы здароўя, вынікае, што з пачаткам эпідэміі зменшыліся магчымасці для лячэння захворванняў, звязаных з кардыялогіяй, анкалогіяй, пульманалогіяй. Спецыялісты зафіксавалі на паўмільёна менш зваротаў да кардыёлагаў. Больш за тое, кардыялагічны цэнтр у польскай сталіцы быў пераабсталяваны пад хворых з COVІD-19, з прычыны чаго была замарожаная праграма апекі над пацыентамі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Медыкі б'юць трывогу: з-за апасення заразіцца ковідам людзі ўсё часцей пераносяць інфаркты «на нагах», каб не ісці ў бальніцу. Яшчэ горш ідзе справа з лячэннем захворванняў лёгкіх: колькасць пацыентаў, якім была аказана дапамога ў стацыянары, паменшылася за восем месяцаў на сорак працэнтаў з-за таго, што зараз большасць спецыялізаваных аддзяленняў у шпіталях займаецца наступствамі каранавіруса. Анколагі паведамляюць, што з-за адсутнасці рэгулярных абследаванняў на траціну менш злаякасных новаўтварэнняў выяўляюць на ранніх стадыях. Па словах медыкаў, усё больш людзей трапляюць сёння ў бальніцы з запушчанымі захворваннямі. Крызіс, выкліканы эпідэміяй каранавіруса, не пашкадаваў і іншыя галіны медыцыны, у тым ліку псіхіятрыю. Але тут колькасць зваротаў да ўрачоў, наадварот, вырасла, а вось аказаць дапамогу няма дзе.

Спыніць трэцюю хвалю

У Польшчы захоўваецца абвешчаны ўладамі ў сакавіку рэжым эпідэміі. Урад прыняў рашэнне ўвесці ў краіне частковы каранцін: зачыненыя ўстановы культуры, спартыўныя комплексы, грамадзянам рэкамендавана заставацца дома і працаваць аддалена. Па ўсёй краіне ўведзены масачны рэжым, школьнікі вучацца дыстанцыйна, рэстараны, кафэ і бары працуюць толькі навынас. Збірацца ў групах больш за пяць чалавек забаронена.

Па словах міністра аховы здароўя Польшчы, калі не прыняць адпаведныя меры, можа надысці трэцяя хваля эпідэміі, падчас якой сутачны прырост новых хворых будзе дасягаць 40 тысяч. Адам Нядзельскі лічыць, што трэцяя хваля эпідэміі каранавіруса ў краіне рэальная, пра што ён праінфармаваў прэзідэнта і прэм'ер-міністра на пасяджэнні Бюро нацыянальнай бяспекі, паведаміла «Польскае радыё». «Цяпер захворванне складае ў сярэднім 10 тысяч чалавек у дзень. І калі б трэцяя хваля нас захліснула, то гэта прывяло б да велізарных ускладненняў у сістэме аховы здароўя. Гэта тым больш важна таму, што ў лютым-сакавіку назіраецца пік захворвання на грып», — заявіў міністр.

Кіраўнік Канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык паведаміў, што сустрэча ў Бюро нацыянальнай бяспекі была апошнім этапам кансультацый па Нацыянальнай праграме вакцынацыі ад каранавіруса. Пасля дакумент быў прыняты ўрадам. Згодна з праграмай, на першым этапе ў Польшчы будуць вакцынавацца медыкі, пажылыя людзі, прадстаўнікі службаў, якія займаюцца барацьбой з эпідэміяй, а таксама жыхары дамоў састарэлых і лячэбна-прафілактычных устаноў. Ва ўрадзе Польшчы адзначаюць, што трэба вакцынаваць як мага больш палякаў, каб дамагчыся імунітэту ўсяго насельніцтва краіны.

Ковід, на жаль, працягне наступаць і надалей. Намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска ў інтэрв'ю TVP Іnfo заявіў, што пандэмія каранавіруса, хутчэй за ўсё, працягнецца да лета 2021 года. «Па тэхнічных прычынах мы не можам вакцынаваць усіх жыхароў Польшчы на працягу аднаго-двух тыдняў, таму, хоць вакцына і з'явіцца ўжо ў перспектыве аднаго-двух месяцаў, мы будзем жыць у пэўных абмежаваннях да лета: маска, сацыяльная дыстанцыя і дэзынфекцыя», — заўважыў Вальдэмар Краска.

Урачы на радзіму не збіраюцца

Ліст з пажаданнем хутчэйшага выздараўлення і прапановай дапамогі прэзідэнт Германіі Франк Вальтэр Штайнмаер накіраваў свайму польскаму калегу Анджэю Дуду яшчэ напрыканцы кастрычніка, калі стала вядома, што прэзідэнт Польшчы хворы на каранавірус. Штайнмаер напісаў, што «пандэмія каранавіруса стала для ўсіх цяжкім выпрабаваннем: як для нашых сістэм аховы здароўя, нашых эканомік і адзінства ў нашым грамадстве, так і для кожнага з нас асабіста». У апошнім абзацы ён падкрэсліў, што «там, дзе магчымасці медыцыны дзяржавы дасягаюць мяжы, мы павінны дапамагаць адзін аднаму». Свой ліст прэзідэнт Германіі скончыў просьбай да польскага калегі даць яму знак, калі ў цяперашніх абставінах ФРГ можа нешта зрабіць для Польшчы, і падпісаўся: «Твой Франк».

Германія ўжо аказвае такую дапамогу Чэхіі — туды накіравалі рэспіратары, грамадзяне гэтай краіны лечацца ў нямецкіх шпіталях. Але прэзідэнт Польшчы прапанову Штайнмаера дыпламатычна адхіліў. І хоць яго краіна сапраўды не спраўляецца з крызісам, выкліканым эпідэміяй, рэгіянальныя чыноўнікі ўпрошваюць улады прыняць прапанову ФРГ, а гэтым часам людзі, як паведамляе інфармацыйны партал oko.press, паміраюць у карэтах хуткай дапамогі, паколькі ў шпіталях не хапае месцаў, Дуда ў адказ таксама прапанаваў Штайн-
маеру дапамогу.

Як вядома, кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць» абвінавачвае нямецкія ўлады ў падтрымцы польскай апазіцыі, а падчас выбарчай кампаніі Анджэя Дуды з яго вуснаў гучалі варожыя да Германіі заявы. Нядзіўна, што і ліст Штайнмаера выклікаў у паплечнікаў Дуды незадаволенасць. Адна з дэпутатаў польскага сейма Іаана Ліхоцка выступіла з прапановай, як менавіта ўлады ФРГ маглі б дапамагчы Польшчы: «Няхай нямецкія федэральныя землі на час пандэміі накіруюць у Польшчу ўрачоў, якія працуюць у іх службе аховы здароўя ... А Германія хай фінансуе гэта, дасць нашым суайчыннікам аплатныя адпачынкі на гэты перыяд. Вось у такой дапамозе былі б карысць і сэнс».

Аднак польскія медыкі на радзіму, як высветлілася, не збіраюцца. Напярэдадні польская медыцынская супольнасць ФРГ накіравала кіраўніку прэзідэнцкай кіруючай партыі Яраславу Качыньскаму ліст, у якім было растлумачана, чаму: «У Германіі і Аўстрыі магчымасці атрымання паслядыпломнай спецыялізацыі значна большыя, чым у Польшчы. Акрамя таго, вялікае значэнне мае арганізацыя працы, атмасфера ў краіне пражывання. Ратуючы з поўнай самааддачай здароўе і жыццё пацыентаў, урачы не хочуць, каб іх праследавалі і прыніжалі як прафесійную супольнасць або палохалі пракурорам», — згадала пасланне медыкаў Deutcshe Welle.

«Так рабіць нельга»

Крокі польскіх улад па барацьбе з пандэміяй выклікаюць крытыку, у тым ліку з боку праваабаронцаў. Рашэнне забараніць перамяшчэнне ў навагоднюю ноч беспадстаўнае і ўяўляе сабой парушэнне грамадзянскіх правоў і свабод. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі польскі амбудсмен Адам Боднар, паведаміла ТАСС. «Так рабіць нельга. Пазбаўленне нас грамадзянскіх правоў і свабод на падставе распараджэння не павінна мець месца, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што падтрымлівае ўрад у барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса. — Аднак калі ўрад выдумляе механізмы абмежавання правоў на друзлых прававых падставах, мой абавязак — выказаць сваю пазіцыю», — адзначыў Адам Боднар.

Раней у эфіры тэлеканала TVN24 прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер, адказваючы на пытанне аб тым, ці будзе паліцыя ў навагоднюю ноч штрафаваць грамадзян, якія выходзяць з дома без вострай неабходнасці, заўважыў, што на падставе распараджэння такая магчымасць будзе.

А між тым, у Польшчы не сціхаюць пратэсты, у якіх бяруць удзел розныя сацыяльныя групы насельніцтва. Напрыклад, актыўна працягваюцца шматтысячныя акцыі фермераў. Як паведамляе мясцовае выданне Dzіennіk Lodzkі, днямі пратэстоўцы на трактарах перакрылі дарогі ў Лодзінскае ваяводства. Арганізатар акцыі — кампанія AGROunіa, якая аб'ядноўвае польскіх аграрыяў. «Няхай кіламетровыя пробкі сімвалізуюць бязмерны застой у сельскай гаспадарцы і бесперспектыўнасць. Прэм'ер робіць выгляд, што праблем няма», — адзначаецца ў паведамленні арганізацыі ў Facebook. Па словах фермераў, грошы, якія выплачваюцца аграрыям за агародніну і мяса, ніжэйшыя за рэнтабельныя. У той жа час у супермаркетах Польшчы перад Калядамі цэны растуць.

Калі польскія ўлады па-ранейшаму будуць ігнараваць патрабаванні фермераў, то пасля навагодніх свят аграрыі заблакіруюць дарогі па ўсёй краіне. «Гэта перадкалядны перыяд, таму мы не будзем занадта ўскладняць жыццё. Гэта папярэджанне. Кіроўцы, якія стаяць у заторах, вітаюць нас і кажуць, што разумеюць», — заявілі ў AGROunіa.

Перспектывы пакуль зусім не аптымістычныя. Днямі вучоны з аддзялення інфекцыйных захворванняў і гепаталогіі ў тым жа Лодзі прафесар Ганна Пякарская заявіла, што ў яе арганізацыі чакаюць рэзкі ўсплёск колькасці заражэнняў каранавіруснай інфекцыяй у Польшчы ў студзені 2021 года, паведаміў Dzіennіk. Па словах навукоўца, ужо цяпер у краіне можна назіраць тэндэнцыю паступовага павелічэння колькасці заражэнняў у суткі, хоць яшчэ зусім нядаўна лічба стабілізавалася і трымалася на ўзроўні 5—10 тысяч новых заражэнняў за 24 гадзіны.

«У выпадку захавання такога тэмпу росту колькасці заражэнняў у студзені мы будзем фіксаваць рост колькасці заражэнняў
на 70 працэнтаў у параўнанні з бягучым узроўнем. І пакуль няма ніякіх перадумоў, што гэта спыніцца: наперадзе Каляды і Новы год, людзі будуць дакладна больш актыўна бавіць час разам і выходзіць з дому, чым у звычайныя дні», — заявіла Пякарская. Так што зімовыя святы ў Польшчы трывожныя.

Даслоўна

«У польскіх улад няма ні сораму, ні сумлення»

Беларусь ніколі не ўмешвалася ва ўнутраныя справы Польшчы. Аднак пры гэтым ацэнкі польскіх кіраўнікоў адных і тых жа дзеянняў праваахоўнікаў у Польшчы і ў Беларусі вельмі адрозніваюцца. Аб гэтым заявіў карэспандэнту БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў.

«Калі ў Мінску несанкцыянаваныя шэсці паступова губляюць сваю масавасць, то ў суседняй Польшчы, якая так люта не толькі цікавіцца беларускай тэматыкай, але і актыўна ўдзельнічае ў падтрымцы дэструктыўных акцый пэўнай часткі насельніцтва Беларусі, дэманстрацыі супраць дзеянняў польскіх улад захоўваюць сваю сілу і агрэсіўнасць», — падкрэсліў Сяргей Рачкоў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што польскія праваахоўнікі дзейнічаюць жорстка: затрыманні з выкарыстаннем фізічнай сілы, у тым ліку дэпутатаў, слёзатачывы газ, дубінкі. «Ужо не здзіўляюць рознанакіраваныя ацэнкі польскіх кіраўнікоў адных і тых жа дзеянняў праваахоўнікаў ва ўласнай краіне і ў Беларусі. У нас — гэта неапраўданае прымяненне сілы, гвалт, а ў іх роднай Польшчы — гэта навядзенне і падтрыманне парадку. Як у народзе кажуць, у польскіх улад «няма ні сораму, ні сумлення». Пры гэтым польскія палітыкі напышліва спрабуюць сцвярджаць, што «Польшча ніколі не будзе выглядаць як Беларусь», — адзначыў сенатар.

«Беларусь ніколі не ўмешвалася ва ўнутраныя справы Польшчы. Разлічваем, што ў Польшчы пераможа разумны сэнс, і яна вернецца на шлях канструктыўнага супрацоўніцтва ў духу добрасуседства з нашай краінай», — выказаў меркаванне Сяргей Рачкоў.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Сумныя Каляды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.