Вы тут

Простая мова. Год пачынаецца з надзей


Снежань, праспект, вольная часіна... Можна прайсціся, а калі і пад руку...

Ззаду дзіўныя гукі: не тое шоргат, не тое стук? І галоўнае, што нікога там, апроч... маленькага шэрага сабачкі, абутага, як аказалася, у адмысловыя чаравічкі.

А што — зручна: выводзячы на вуліцу, усцягнуў, вярнуўшыся дадому — зняў. Лапкі можна не мыць, ваду і свой час не траціць...

Лянота — рухавік прагрэсу.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Не пра сабаку

Святло ў гэтай хаце загаралася пазней — спачатку, як казалі вяскоўцы, «уключалася радзіва». Гэта значыць, на ўсю вуліцу неслася грознае: «Гультаіна! Пустадомак! Дакуль ты будзеш ляжаць? Столькі работы, столькі работы!..»

Пералік яе шчодра «аздабляўся» папрокамі і крыўднымі параўнаннямі (нехта зрабіў, а ты не), безліч было абраз, а то і мацюкоў: Галя будзіла мужа.

Што цікава, ужо другога. Першага, як казалі вяскоўцы, яна «загрызла» раней.

(У Даля, дарэчы: «Сабака разумнейшы за бабу: на гаспадара не брэша»).

Каму відней?

Халадзільнік дома вялікі — здараецца, усё «не ўпасеш». Тварог вось пераляжаў: дастала на вячэру, а там, што называецца, чорным па беламу: «Срок годности до...». І дата... Калі ёй верыць, то прадукт трэба выкінуць.

Адкрыла — нічога такога: тварог як тварог — і на від, і на пах, і на смак (гарчынка — хіба ў галаве — ад надпісу).

...У Балгарыі, між іншым, яны не такія: там на ўпакоўках прадуктаў пазначаецца кароткае: «Най добър до...».

А далей ужо сам глядзі. І сам думай.

Не лёс

Гога, ён жа Гоша... Але не Жора. Ён — Ігар.

Імя як імя. І занятак у яго як занятак: ён мерчандайзер — прадае, дакладней, адсочвае продаж пэўных тавараў. Спачатку — сродкаў для мыцця, потым — кавы ды гарбаты.

Пра іх Гоша ведае ўсё! Ён добра працуе і зарабляе. Што, вядома ж, радуе яго сям'ю...

І што, вядома ж, засмучае ўсіх, хто ведаў, як марыў гэты хлапчук стаць архітэктарам, як тройчы паступаў, як прагна вучыўся, каб ведаць... Усё...

Не пра мыйныя сродкі і каву.

Пералом

На работу ў той ранак Ваня паехаў сам, а вось адтуль яго ўжо забралі: на «хуткай», без рукі — так званая вытворчая траўма.

Хапіў з ёю ліха... Але ж, дзякаваць Богу, «ласты не склеіў»: навучыўся (адной левай!) адзявацца-раздзявацца, дровы секчы, потым машыну вадзіць — сваю... А ўжо далей болей — стаў рамантаваць чужыя і, можна сказаць, аджыў... Але тут жонцы яго не пашчасціла — зламала нагу...

Надоечы мы ёй званілі — на мабільны. Спыталі найперш, ці не перашкодзілі, ці можа яна размаўляць?

— Магу, — ахвотна адгукнулася Алачка, — мы тут з мужам у краме... Прадукты на тыдзень бяром, а заадно — людзей весялім.

«Убачылі», як яны, напару (ён з пустым рукавом, яна ў гіпсе і на мыліцах) ходзяць па гандлёвай зале, як перад імі расступаецца народ, з якой цікавасцю пазірае, бо пара ж і сапраўды нечаканая, сапраўды прыгожая...

І хто б гэта ўбачыў, калі б... не пераломы?

Слава не абдыме...

...«Дзед, глянь, гэта я намалявала!» — пахвалілася малая, уручыўшы не старому яшчэ свае карціны.

Той уважліва ўсё разгледзеў — мусіць, каб потым зрабіць выснову: «Ты, унучка, не будзеш мастачкай, не... Бо ты ўжо мастачка!»

Не дзіва, што тое дзіця ёй стала.

Іншае — пакуль што расце... І вучыцца. Днямі, напрыклад, з гадзіну карпела, але ж намалявала тату, маму, кошку Умку і брата, які прынёс ёй мышку... Карацей — усіх самых любімых, сваю сям'ю.

Што цікава, намаляваць яе можа нават дзіця, а вось стварыць ці хаця б захаваць...

Складаная справа, пакуль не зразумееш, што сям'я (спачатку тая, у якой нарадзіўся, потым тая, што стварыў) — гэта самае важнае, што кар'ера, як казаў хтосьці з вялікіх, не будзе чакаць цябе дома, грошы не вытруць слёзы, а слава не абдыме ноччу.

Забудзься!

Дом. Кухня. Тэлевізар (звыклы памагаты). Рэклама... Значыць, уключаем іншы канал. І...

Гэта трэба было ўбачыць!

Лета на экране, рэчка. Двое — ён і яна — відаць, закаханыя, плёскаюцца ў вадзе, смяюцца, цалуюцца...

Яшчэ двое — ён і яна — значна старэйшага ўзросту — назіраюць за парай з берага.

— Ты нічога не бачыў. Забудзься, — загадвае жанчына (відавочна, мужу той, што купаецца).

— Але як? — не разумее той. — І чаму?.. Калі я магу зараз падысці, сказаць... І нават даць у морду.

— Ну дасі... І атрымаеш сам... Ён — хутчэй за ўсё — цябе пераможа. І яна застанецца з ім...

— А калі я перамагу?

— ...Яна ўсё роўна застанецца з ім, бо стане шкадаваць... Таму забудзься — ты нічога не бачыў. І будзеш жыць, як жыў.

...Цікава: колькі сямейных саюзаў распалася з-за таго, што ў горкую гадзіну побач (з мужам ці жонкай) не было вось такога дарадцы.

Што праўда, тое праўда

У аб'ёмным выданні — аб'ёмны артыкул. Актуальная тэма: спецыялісты пішуць, як да старасці захаваць свае зубы. Добра было б пачытаць, калі б час быў... Калі няма, дастаткова ўспомніць крылатае: «Зубы лепш за ўсё ратуе своечасова закрыты рот».

Так гавораць аўцюкі. І не паспрачаешся.

«Санта-Барбара» мясцовага «разліву»

...Гэтыя аднакласнікі, як і многія, абяцалі з'язджацца ў школу штогод і налета прыехалі, потым — праз пяць гадоў пасля выпуску, праз 20 і нават праз 40 з двух класаў аж пятнаццаць чалавек сабраліся — пераважна «дзяўчат». Але «хлопцы» таксама былі. І нават зрабілі ўсё па-даросламу, па-мужчынску: прывезлі на сустрэчу любімых настаўнікаў, заказалі рэстаран...

Добранька пасядзелі: пагаварылі, патанцавалі, а «дзяўчаткі» нават пасакрэтнічаць паспелі.

Адна з іх расказала, як закахалася («дах падчыстую знесла!»), як кінула дом, дзяцей (!), як паехала на край свету... Як жыла там, што называецца, «на разрыве» паміж сапраўдным і пакінутым, як яно, апошняе, стала ўсё больш перацягваць і як тады першы муж сказаў: «Вяртайся. Слова даю, што ніколі ні ў чым не папракну»...

«Санта-Барбара», карацей.

«Дзеўкі» слухалі яе, стаіўшы дыханне, а адна — самая чуллівая — дык нават слязу пусціла.

— Не трэба мяне шкадаваць, — спыніла яе апавядальніца.

— А я не цябе, не! — шморгнула носам аднакласніца. — Я... сябе шкадую: ані разу ў жыцці мне «дах не зносіла»...

І ўжо не знясе.

Жыццё працягваецца

Сталіца. Могілкі і магілкі.

Яны, як паўсюль, розныя. На нейкіх — адразу відаць — сваякі бываюць часта, прыбіраюць і даглядаюць, на нейкіх — не бываюць зусім, бо помнікі даўно пахіліліся, а то і разваліліся, абгародкі «патанулі» ў быльнягу ды кустоўі...

Адзінае, што на іх відаць было, — гэта прымацаваныя белыя «цыдулкі» з патрабаваннем навесці парадак і папярэджаннем, што ў адваротным выпадку помнікі могуць знесці.

...Дзе-нідзе такое ўжо робіцца: гэта значыць, на месцы старых магіл з'яўляюцца новыя.

І тым самым ад тых, хто ў гэтым горадзе жыў, не застаецца нават імёнаў: Цыля, Ізя, Марфа, Збышак... Іх быццам не было...

Калі не было нашчадкаў.

Паралелі

Некалі з асалодай чытала ўспаміны Аляксея Карпюка «Развітанне з ілюзіямі», потым — Уладзіміра Познера, што таксама развітваўся — расказваў пра сябе, пра час і Расію.

Адзін эпізод: у 2005-м з Масквы прыляцеў у Нью-Ёрк і па дарозе згубіў пашпарт.

Назаўтра ён паведаміў пра гэта ў пашпартны цэнтр і далей досыць падрабязна апісвае, да каго там звяртаўся, колькі чакаў, на якім паверсе і ў якім акенцы запаўняў прапанаваны бланк, як здабываў ксеракопію дакумента аб грамадзянстве, потым высветліў, што патрэбен арыгінал, а той у Маскве, куды не вылеціш без пашпарта і ў Вашынгтоне... Яго, маўляў, прышлюць, праўда, за 90 долараў...

Чалавек без пашпарта згадзіўся б заплаціць куды болей! І па пашпарт прыйсці праз тыдзень ці нават праз месяц...

Яму назначылі сустрэчу на 15 гадзін таго самага дня і роўна ў 15 папрасілі распісацца — у атрыманні... новага пашпарта. «Сэр, я не магу падабраць словы, каб выказаць вам сваю ўдзячнасць за такую работу, — сказаў уладальнік. — Я вельмі ўражаны!»

На што чыноўнік — трэба разумець, не бачачы ў тым нічога незвычайнага — вельмі сур'ёзна адказаў: «Сэр, вы плаціце за гэта падаткі»...

Мы — у Беларусі, у Расіі — іх плацім таксама.

Цікава, за колькі дзён тут аднавілі б страчаны пашпарт?

У чым вымяраецца шчасце

Горад, кавярня, шматлюддзе і над усім — гучнае пытанне:

— Э-э, хто на ўваходзе свой чорны «Мэрседэс» паставіў?!

Замест адказу і з-за тога ж століка:

— Слухай, чаго ты крычыш? Гэта ж твая машына!

— А можа, хто не ў курсе?!

Гэта — анекдот, магчыма — пра Наташу, бо яна, здаецца, і сапраўды ўжо ўсім расказала, што бацька ёй трэцюю машыну купіў — новенькую, з салона...

— Добра табе...

— Шчаслівая...

— Багатая, — за вочы і ў вочы зайздросцяць сяброўкі...

Бо ў іх плюс-мінус 25 шчасце ды багацце і сапраўды могуць вымярацца «машынамі». А вось потым, у канцы...

Мусіць, колькасцю людзей (пажадана родных і побач!), якіх ты любіш і якія па-сапраўднаму любяць цябе.

Каб ведалі...

Горад, майстэрня, надпіс на сцяне:

«Хочаш дапамагчы малому — зрабі разам з ім,

Хочаш дапамагчы старому — зрабі замест яго,

Хочаш дапамагчы майстру — не замінай,

Хочаш дапамагчы дурню — сам такі».

Як быццам новага тут нічога — прапісныя ісціны. Але ж нехта сфармуляваў іх?

І тым самым «узброіў» іншых — на першы погляд элементарным: веданнем, як жыць.

Чаканне радасці

...Гэтае дрэўца расло асобна, можна сказаць, наводшыбе, але ўвагі на яго не звяртаў ніхто. Прынамсі — у пачатку лета. А вось пад восень...

Пад восень нешта зрабілася, і на ім, зусім маладым, неяк раптоўна апала лісце: здалёк стала відаць, што дрэўца — хворае, нават мёртвае (сярод жывых), што яно, вось такое, псуе гарадскі пейзаж.

Праўда, з сякерай ці пілой да яго чамусьці не ішлі, а вось з гірляндай...

Перад Раством даўжэзная, з блакітных электрычных лямпачак, яна «аблытала» доўгія сухія галіны. І дрэўца стала жывое, можа, нават адзіна жывое!..

Сярод безлічы «мёртвых».

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж: напярэдадні святаў тост-пажаданне (па просьбе чытачоў):

Так павялося між людзей —

Год пачынаецца з надзей...

Што новы — ён не будзе горшы,

Што на патрэбы будуць грошы,

Што нас здароўе не пакіне

І ўсё ліхое недзе згіне,

Што запануе згода ў свеце

І на пацеху будуць дзеці...

Калі змяніць яго не ў стане,

Душу начальства не дастане

Ды і другія лайдакі...

Што не разлюбяць сваякі.

Што будзе хлеб!

І ранкам — кава,

Што будзе час да нас ласкавы:

Не ляжа глыбаю на плечы.

І будзе што зварыць у печы.

І будзе гурт, каб тое з'есці.

І будзе кут усім пасесці.

І будуць келіх і віно...

Каб прагучала тут назноў:

Хай новы год не будзе горшы,

Хай на патрэбы будуць грошы...

(І... верш спачатку пачынай,

Змяніўшы «што...» на заклік «хай!»:

З мальбой —

Да Бога — ад людзей:

Год пачынаецца з надзей...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.