Вы тут

Каварны астэахандроз. Як пазбегнуць праблем з пазваночнікам


Працяглая сядзячая работа, работа на дачы ці ў гаражы ў выхадныя, няправільны пад'ём цяжару — і гэтага дастаткова, каб адчуць боль у спіне. З узростам ад яго пакутуе ледзь не кожны, а да ўрача часта звяртаюцца тады, калі ўжо занадта позна. Як нашы звычкі і спосаб жыцця знішчаюць пазваночнік, чаму не трэба шкадаваць грошы на добры артапедычны матрац і падушкі, і што рабіць, калі астэахандроз вы ўжо «нажылі», расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гурбаніджад Гумен Гушанг.


— Гумен, ёсць меркаванне, што не існуе такога дыягназу, як астэахандроз…

— Пачну з таго, што наша планета — не самае лепшае месца для пражывання чалавека. Акрамя розных хвароб, гэта не самыя камфортныя ўмовы: летам трэба змагацца сфа спёкай, зімой — з холадам. Жывёлы, у адрозненне ад нас, больш адаптаваныя да перападаў тэмператур і хвароб. Ні адна жывёла на нашай планеце не ламае канечнасці, падаючы з вышыні свайго росту, чалавек жа, паслізнуўшыся, можа атрымаць сур'ёзныя траўмы. Да сілы прыцягнення наш арганізм таксама не вельмі адаптаваны. Дарэчы, вучоныя, якія прытрымліваюцца тэорыі касмічнага паходжання чалавека на планеце, прыводзяць гэта адным з доказаў сваёй тэорыі. Сіла прыцягнення для нашага пазваночніка — гэта лішак. І праблемы з пазваночнікам пачынаюцца ў нас ледзь не з нараджэння, а заканчваюцца толькі са смерцю.

Насамрэч астэахандроз пазваночніка — гэта натуральны працэс яго зношвання. І калі бабулі ці дзядулі ў 70-75 гадоў паставілі дыя-гназ астэахандроз, гэта варыянт нормы, а не хвароба, бо суставы і пазваночнік з узростам змяняюцца. Але вось калі мы кажам пра астэахандроз у маладым узросце, гэта ўжо праблема. У нас ёсць два ўзросты: той, што ў пашпарце, і біялагічны. І яны не заўсёды супадаюць. Напрыклад, калі дзіця ў першым класе носіць акуляры з тоўстым шклом, біялагічны ўзрост яго зроку нашмат большы, чым фізічны. У 70-гадовага мужчыны, які ідзе на паляванне і без акуляраў цэліцца, біялагічны ўзрост зроку меншы, чым фізічны. Гэтак жа біялагічны ўзрост мае і наш апорна-рухальны апарат. Ёсць нават амерыканская шкала па вызначэнні біялагічнага ўзросту, дзе адзін з элементаў — зношванне суставаў і ступень астэахандрозу.

— Вы сказалі, што праблема пачынаецца ў дзяцінстве. Як ёй супрацьстаяць?

— Пры неспрыяльным генетычным фактары з дзяцінства будуць слабыя косці і звязкавы апарат. Натуральна, потым гэты чалавек пастаянна мае праблемы то з суставамі, то з касцямі, то з пазваночнікам: усе каталіся з горкі і падалі, але толькі ён зламаў руку.

У дзяцінстве з гэтым можна змагацца з дапамогай харчавання, багатага на кальцый і вітамін Д. Гэта актуальна для беларусаў, бо мала сонечных дзён і хранічна не хапае вітаміну Д. Але яго можна кампенсаваць харчаваннем. Праўда, трэба памятаць, што ў дзяцінстве нельга злоўжываць гэтым вітамінам. Яго лішак нават больш небяспечны, чым недахоп. Калі вітаміну Д зашмат, можа закрыцца зона росту — падаўжэнне трубчастых касцей — і дзіця перастане расці. Таму ў дзіцячых вітамінных комплексах вельмі старанна падабрана яго доза. Тут патрэбна залатая сярэдзіна: мала — дрэнна, зашмат — яшчэ горш.

Мець добры апорна-рухальны апарат і моцныя косці асабліва важна для дзяўчынак, бо падчас і пасля цяжарнасці пазваночнік адчувае велізарныя нагрузкі. Адначасова дзіця забірае кальцый, і пасля родаў такая жанчына можа мець праблемы. І яны будуць толькі ўскладняцца, калі яна захоча нарадзіць некалькі разоў. Таму, акрамя харчавання, бацькі павінны звяртаць увагу на тое, як развіваецца ў дзіцяці пазваночнік. Калі бачым, што дзіця няправільна сядзіць за сталом ці стаіць, варта рабіць заўвагі. У асобных выпадках можна выкарыстоўваць гарсэты, якія надзяваюць днём, падчас урокаў, а ўвечары здымаюць. І дадаваць палепшанае харчаванне з вялікай колькасцю кісламалочных прадуктаў. Астэахандроз усё роўна будзе, але наша задача — націснуць на тармазы, каб ён развіваўся маленькімі крокамі.

— Што яшчэ ўплывае на здароўе пазваночніка?

— Правільны кровазварот. Мы яго не адчуваем, але бачым наступствы, праўда, ужо тады, калі становіцца позна. Буйныя сасуды ў нашым арганізме, якія вядуць да галаўнога мозга, праходзяць уздоўж пазваночніка. Гэта галоўныя артэрыі, і яны павінны быць чымсьці абаронены, пазваночнік выконвае для іх ролю своеасаблівага панцыра. І калі доўгі час наша спіна знаходзіцца ў нязручным становішчы, артэрыя пачынае пераціскацца. Калі мы, седзячы, час ад часу рухаемся на крэсле, мяняем позу, артэрыя калі і пераціскаецца на непрацяглы час, то парушэння кровазвароту як такога няма. Калі ж мы доўгі час знаходзімся ў нязручнай позе, натуральна, наш пазваночнік пазбаўляецца нармальнага кровазвароту. А дрэннае харчаванне, недахоп кіслароду паскараюць яго зношванне.

Мы ўсе спім мінімум 6-8 гадзін. Калі нам нязручна, прачнуўшыся, мы будзем адчуваць дыскамфорт у розных частках цела. Калі матрац і падушка нязручныя, цягам 6-8 гадзін парушаецца кровазварот пазваночніка. Калі гэта адбываецца кожны дзень, мы сутыкнёмся з пэўнымі наступствамі. Таму не трэба шкадаваць сродкаў на тое, каб стварыць сабе камфортнае месца для сну. Гэта павінны быць добрыя артапедычныя матрац і падушка. Прычым не трэба іх выбіраць па прынцыпе «чым даражэй, тым лепш». Гэта як туфлі — прымяраем і адчуваем, камфортна ці не. Жорсткасць артапедычнага матраца выбіраецца ў залежнасці ад вагі цела і стану пазваночніка. Памер пляча ў кожнага чалавека розны, таму падушка выбіраецца з улікам адлегласці ад шыі да краю пляча. Калі падушка занадта высокая, шыйны аддзел пазваночніка будзе скручвацца наверх, калі нізкая — згінацца ўніз. Калі ж вы спіце на канапе, яна павінна быць цвёрдая і не правальвацца. Калі заначавалі дзесьці ў гасцях, лепш пасцяліць некалькі коўдраў на падлозе і спаць на жорсткім, чым на паламанай канапе, калі раніцай будзе балець і шыя, і спіна, і ногі.

— Калі раніцай прачынаешся і нічога не баліць, значыць, умовы для сну нармальныя?

— Звычайна так. Сон адыгрывае важную ролю ў нашым жыцці: калі ён некамфортны, наступны дзень будзе разбіты. Для камфортнага сну павінна быць не толькі зручнае месца, але і пусты страўнік. Калі вы паелі на ноч, арганізм вымушаны працаваць, ператраўліваючы ежу. Негатыўна на сон уплывае і храпенне. У гэты час мозг пакутуе ад гіпаксіі — недахопу кіслароду. Трэба вырашаць гэту праблему медыцынскімі метадамі або прымаць позу, у якой храп найменшы. Спрыяюць храпенню лішняя вага і ўжыванне ўвечары алкагольных напояў. Храпенне ў далейшым выклікае гіпертанію, гіпаксію мозга і іншыя праблемы. Калі гэтыя ўмовы — камфортнае спальнае месца, пусты страўнік і нармальнае дыханне — выконваюцца, можна гарантаваць, што на наступны дзень вы будзеце бадзёрыя, працаздольныя і ў добрым настроі.

— Пры сядзячай рабоце праблемы са спіной, здаецца, непазбежныя…

— Сапраўды, правільна арганізаванае рабочае ці вучэбнае месца важныя для здароўя пазваночніка. Найперш яно павінна быць дастаткова прасторнае, каб была магчымасць выцягнуць ногі і паварушыць імі. У сядзення павінна быць артапедычная спінка, цяпер прадаюцца дадатковыя падкладкі, і яны таксама падбіраюцца індывідуальна. Калі вы вымушаны доўга сядзець, кожныя 15—20 хвілін трэба ўставаць і размінаць цела, рухацца, каб аднавіць кровазварот.

— Калі скрыўленне пазваночніка ўжо ў наяўнасці, што рабіць?

— Наш пазваночнік мае ўласны мышачны гарсэт. Гэта мышцы, якія ахопліваюць яго з чатырох бакоў. Развіваць іх важна з дзяцінства. Яны бяруць на сябе пэўную дадатковую нагрузку, якая ідзе на пазваночнік. Чым лепш яны развітыя, тым большую нагрузку бяруць на сябе, калі мы перагружаем свой пазваночнік. Калі «гарсэт» слабы, то падчас работы на дачы, прыборкі ці пад'ёму цяжару наш пазваночнік больш уразлівы.

— Пажылыя людзі зімой нярэдка вядуць маларухомы спосаб жыцця, а вясной, выязджаючы на агароды, атрымліваюць такую нагрузку, што часам прыходзіцца звяртацца па доктара…

— Любы ўрач са шматгадовым стажам скажа, што пажылыя людзі ўсю зіму лечаць спіну і суставы, каб псаваць іх летам. Прычым з закрыццём кожнага дачнага сезона абяцаюць, што гэта было апошні раз, а вясной, на жаль, усё пачынаецца зноў. Часам знішчаюць пазваночнік і апорна-рухальны апарат да такой ступені, што самастойна не могуць дайсці да дачы. Тут трэба разумець, што ў 70 гадоў нельга выканаць той жа аб'ём работ і з той жа хуткасцю, які вы рабілі ў 40. Калі па ранейшай звычцы хочацца ўсё зрабіць, то не трэба быць доктарам, каб прадказаць вынік.

Важна мець умераную нагрузку круглы год. Наш арганізм як ровар: пакуль рухаецца, ён трымаецца, калі спыняецца — падае. Фізічная нагрузка для арганізма — неабходнасць. Гэта не толькі падтрымлівае мышачны тонус, але і разганяе кроў, трэніруе сэрца і лёгкія, праз пот выходзяць шкодныя рэчывы.

Важна і тое, як мы носім цяжар: калі ідзём у магазін па прадукты, пажадана выкарыстоўваць каляску, а не карзіну. Калі набываем шмат прадуктаў і ідзём дадому пешшу, то варта несці дзве сумкі ў дзвюх руках. Лепш увогуле некалькі разоў схадзіць і ўзяць патроху, чым несці ўсё за адзін раз.

— Ці варта прымаць хондрапратэктары, каб палепшыць стан пазваночніка?

— Кожны пазванок мае свой храсток, і ён павінен быць эластычны. Чым большая пластычнасць, тым лепш працуе пазваночнік, тым больш гнуткая спіна. Тут важнае дастатковае ўжыванне вады, каб арганізм, а разам з ім і храсткі не перасыхалі, — 1,5-2 літры. Таксама трэба ўжываць прадукты, якія ўтрымліваюць жэлацін. Ён уваходзіць у структуру храстка і робіць яго больш эластычным. У сярэднім і старэйшым узросце варта перыядычна прымаць хондрапратэктары. Гэта вялікая група прэпаратаў, кожная фармацэўтычная фірма ўхваляе свой. Тут варта прыслухацца да парады вопытнага ўрача і іншых людзей, якія прымалі іх.

— У якім выпадку неабходна ісці да ўрача?

— Калі мы адчуваем, што боль з пазваночніка «аддае» ў ніжнія ці верхнія канечнасці — «страляе» ў руку ці нагу, — гэта сведчыць, што мы запусцілі астэахандроз і з'явіліся ўскладненні — пратрузіі, грыжы. І ў гэтым вінаватыя мы самі, бо прапусцілі момант, калі ў пачатку хваробы павінны былі звярнуцца да спецыяліста і разабрацца, чаму баліць пазваночнік. Замест гэтага мы перацярпелі, далі дадатковую нагрузку, сядзелі на рабоце не так, як трэба, перастараліся на дачы — і атрымалі пэўныя ўскладненні. Чаму «страляе» ў руку ці нагу? Паміж пазванкамі праходзяць нервовыя карэньчыкі. Калі адлегласць паміж пазванкамі змяншаецца, сохне храсток ці выступіла міжпазваночная грыжа, міжпазваночны нерв пачынае пераціскацца. І куды вядзе нерв, туды і адчуваецца «стрэл»: калі гэта верхні аддзел пазваночніка, то ў рукі, калі ніжні, то «страляе» ў ногі. На гэтай стадыі абавязкова трэба звярнуцца да спецыяліста, які прызначыць больш сур'ёзнае лячэнне. У некаторых выпадках даходзіць да аперацыі, бо медыкаментознага лячэння ці фізіятэрапіі ўжо недастаткова. Трэба разбіраць пазваночнік, вызваляць нерв, прыбіраць грыжу. Але гэта вялікая аперацыя і вялікі стрэс для арганізма. Трэба рабіць усё, каб да такога не дайшло.

Многім добра дапамагае турнік. Дастаткова проста павісець на руках, цалкам расслабіўшы ўсе мышцы. Працуе сіла прыцягнення, і калі гэта не надта запушчаны выпадак, пазванкі з часам расцягваюцца, становяцца на свае месцы, вызваляючы нервовыя карэньчыкі. Але тут важны момант прызямлення. Вышыня турніка павінна быць такой, каб пры спуску не трэба было скакаць. Бо ўсё, што мы расцягнулі, зноў сціскаецца. Лепш апускацца на дыбачкі. Я сам пастаянна раблю гэтае практыкаванне на турніку. Вісець трэба столькі, колькі атрымліваецца. Калі чалавек больш сталы, ён можа вісець менш, але часцей. Але гэта трэба рабіць працяглы час.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча

Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада. Дзень нараджэння нашага любімага Уладзіміра Сымонавіча Караткевіча.