Вы тут

Творчыя здабыткі сталічнага міліцыянера


Лічыцца, што адна з умоў атрымання задавальнення ад жыцця — збалансаванасць працоўнай дзейнасці. Гэта значыць, што калі пастаянная работа звязана перш за ўсё з разумовай дзейнасцю, то ў вольны час пажадана мець хобі з разраду «зрабі сам», спартыўнага або творчага кірунку. А калі яшчэ іх удаецца спалучаць разам…


Інспектар па дазвольнай рабоце Кастрычніцкага РУУС Мінска маёр міліцыі Юрый Кузюковіч прытрымліваецца менавіта такога пункту гледжання. У яго службовыя абавязкі ўваходзіць кантроль за абарачэннем зброі на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі. У вольны час ён — майстар на ўсе рукі. Па творчых слядах бацькі пайшоў і сын, які ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, а цяпер атрымлівае адукацыю дызайнера. Зрэшты, аб усім па парадку.

Як настаўнік перакваліфікаваўся ў міліцыянера

Першая адукацыя ў Юрыя Кузюковіча — зусім не юрыдычная, а педагагічная. Працаваў некаторы час настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 95 у Мінску. Маладога настаўніка заўважылі — па кар'ернай лесвіцы ён падняўся на прыступку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. І здавалася б, далейшы лёс ужо прадвызначаны, аднак…

Даўняе жаданне стаць міліцыянерам яго не пакідала. У 2014-м годзе ён паступіў у Акадэмію МУС. Акрамя таго, наш герой шчыра сябруе са спортам. Некалі ён займаўся сілавым трохбор'ем, пастаянна практыкаваўся з гірай. Яна, дарэчы, не выходзіць з самастойнага плана заняткаў афіцэра і сёння. Больш за тое, з'яўляецца яго любімым спартыўным снарадам.

— Гіравы спорт даступны для ўсіх, хто не мае абмежаванняў па здароўі. І адначасова не патрабуе якіх-небудзь вялікіх грашовых укладанняў, — расказвае наш герой пра сваё захапленне.

Аднак не спортам адзіным захапляецца Юрый. У яго далёкіх планах — напісаць уласную кнігу, фактуры за час службы сабрана дастаткова. А здольнасць прыгожа выказваць думкі на паперы ў яго ёсць. Напрыклад, да 100-годдзя ГУУС Мінгарвыканкама ён напісаў адмысловы верш з трапнай назвай «На варце». Як прызнаецца сам суразмоўнік, муза можа напаткаць яго дзе заўгодна, нават у самых нечаканых месцах. Можна думаць тыдзень і не напісаць ні радка. А можна напісаць цэлы твор усяго за пару гадзін…

— Я ж колькі часу адпрацаваў звычайным участковым інспектарам, таму ёсць пра што расказаць людзям. Работа ўчастковага шматгранная, вымагае вялікай мабілізацыі сіл і сканцэнтраванасці. А яшчэ — жадання дапамагчы людзям саскочыць з крывой дарожкі.
Юрый Кузюковіч згадвае некалькі гісторый, якія, магчыма, калісьці трапяць на кніжныя старонкі.

— Я заўжды кіруюся прынцыпам, што да чалавека трэба адносіцца справядліва і спагадліва. Толькі тады табе павераць і не пабаяцца прыйсці і расказаць аб сваёй праблеме. З майго боку, калі нешта паабяцаў, то гэта абавязкова трэба зрабіць. Узяць хоць бы тую ж дапамогу ў працаўладкаванні, якая актуальная для тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Так, чалавек аступіўся калісьці, здзейсніў дрэнны ўчынак. Але за гэта ён ужо адказаў. І цяпер стаіць іншая задача — вярнуць яго ў соцыум. А часам даводзілася выцягваць людзей з самага «дна».

Суразмоўнік у думках пераносіцца на дзесяць гадоў таму:

— Запомніўся малады чалавек, якому было недзе пад трыццаць гадоў. Ён актыўна ўжываў курыльныя сумесі. Праз гэта ў яго пачаліся праблемы. Пасля, дзеля большага «эфекту», ён пачаў ужываць заадно і алкаголь. Жыццё пакацілася па нахільнай: сышла жонка з дзіцем, звольнілі з работы, сустрэў дрэнную кампанію. Пасля пераехаў да бацькоў, пастаянна з імі сварыўся... Так мужчына трапіў у поле зроку міліцыі. Я з ім вельмі шчыра пагаварыў. Кажу: ну вось табе 28 гадоў, малады мужчына — і свядома заганяеш сябе ў труну? Адна размова, другая... І вось небарака сам пытаецца: што ж рабіць у такой сітуацыі? Адказ быў навідавоку — калі нельга справіцца самому, трэба лячыцца. Прабыў там ажно год! Калі мы пасля выпадкова сустрэліся, то ён вельмі моцна дзякаваў. Сказаў, што як толькі прыехаў туды, то ўбачыў, як праз ломку ад крыку заходзяцца наркаманы, і зразумеў, што можа стаць такім жа. Да яго вярнулася жонка, паразуменне ў сям'і аднавілася. Нават аўтамабіль купіў…

«Усе падарункі я ствараю сам»

У сапраўдную творчую майстэрню ператворана кватэра, дзе жыве сям'я Юрыя Кузюковіча. Шчыруюць на творчым полі яны разам з сынам. Апошні, дарэчы, вырашыў звязаць сваё жыццё з творчасцю — адвучыўся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, цяпер атрымлівае прафесію дызайнера. Як і бацька, займаўся спортам. Вось толькі не сілавым, а каратэ Шатакан. На спаборніцтвах займаў прызавыя месцы, але пасля зрабіў круты паварот у сваім жыцці і знайшоў сябе ў творчасці.

— Апошнюю сумесную работу мы скончылі зусім нядаўна. Зрабілі за тры дні драўляны барэльеф з падсветкай. Праект абмеркавалі з сынам, ён зрабіў эскіз. Маё меркаванне — мастак мусіць быць таксама і крыху скульптарам, каб адчуваць форму і аб'ём. Ды і жыццё цяпер патрабуе быць разнапланавым. Дарэчы, барэльеф у нас — не першы. Пачыналі мы калісьці з пейзажа Венецыі. Яго рабілі па адмысловым эскізе, знойдзеным на прасторах інтэрнэту. Ну а пасля пачалі ўжо нешта прыдумляць самі. 

Юрый Кузюковіч згадвае, што ў дзіцячым садку вельмі любіў маляваць, а вось нешта ляпіць з пластыліну — зусім не. Праўда, інтарэс да жывапісу не ўключае ў сябе партрэты — хутчэй, гэта нейкія кампазіцыі альбо нешта адцягнутае. Цікавасць да лепкі адкрыў выпадкова. Неяк перад Раством дапамагаў сыну ляпіць з гліны зайца. І раптам убачыў, што адчувае форму ў прасторы і можа яе перадаць праз матэрыял…

Цікаўлюся ў суразмоўніка, як жа ён усё паспявае?

— Сакрэт поспеху просты — жалезная дысцыпліна. Трэба быць вельмі патрабавальным да сябе і планаваць свой рабочы дзень і тыдзень. І, вядома ж, мець адпаведны псіхалагічны настрой, спрыяльны для творчасці. Увогуле, я стараюся ўсе падарункі ствараць сваімі рукамі. Не магу прыйсці ў госці з рэччу, якая прадаецца ў краме. Гэта нецікава. Ды і прыемна ведаць, што ў сябра ці знаёмага застанецца на памяць часцінка тваёй творчасці…

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва Юрыя КУЗЮКОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.