Вы тут

Куды ляціць «Страла»? Расказваем пра славутае спецпадраздзяленне


Дзейнасць гэтага спецыяльнага падраздзялення недасведчаны чалавек заўважае рэдка. Часцей за ўсё экіпажы ДАІ мы бачым, калі яны разбіраюць дарожна-транспартнае здарэнне або патрулююць вуліцы. З гэтай задачай выязджаюць і экіпажы спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» Міністэрства ўнутраных спраў. Але робяць гэта толькі ў той час, калі яны не занятыя сваімі асноўнымі абавязкамі.


Галоўная задача «Стралы» — суправаджэнне і эскартаванне найвышэйшых службовых асоб нашай краіны і кіраўнікоў дэлегацый замежных дзяржаў, калі гэта рэгламентавана дыпламатычным пратаколам. Якраз падчас праезду картэжаў мы і бачым яе ў дзейнасці. Задача работы спецпадраздзялення некалі была вынесена і ў яго назву. Назва ж «Страла» з'явілася толькі ў нулявых гадах, адначасова з сімволікай — сіне-белым ромбам са стралой унутры. Атрымаўся цікавы сімбіёз — як вядома, стрэлы ляцяць вельмі хутка, а колеравая гама мае адсылку да Дзяржаўтаінспекцыі.

— Перадгісторыя «Стралы» мае свае карані яшчэ за савецкім часам, — згадвае начальнік спецпадраздзялення падпалкоўнік міліцыі Сяргей Дземчанка. — Мінск тады таксама наведвалі высокія госці з іншых краін — як капіталістычнага, так і сацыялістычнага лагера. Прыязджалі сюды і прадстаўнікі высокіх дзяржаўных пасад з Масквы. Адпаведна, была пастаўлена задача належным чынам забяспечыць урачыстую сустрэчу гасцей з рангам і праводзіць іх назад. Дзеля гэтага ў рэспубліканскай Дзяржаўтаінспекцыі быў створаны спецыяльны ўзвод матацыклістаў. У сваю чаргу, ДАІ горада мела ў сваім складзе групу суправаджэння, якая перамяшчалася на аўтамабілях, як бы цяпер сказалі, элітнага класа. Вось так з двух кампанентаў і збіраўся парадны картэж. Гісторыя ж «Стралы» ў яе сучасным выглядзе адлічваецца ад 27 лютага 1993 года. Менавіта ў гэты дзень тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў падпісаў загад аб стварэнні адмысловага падраздзялення.

— Акрамя асноўнай функцыі, у чым яшчэ адметнасць «Стралы»?

— Мы працуем не па прынцыпе тэрытарыяльнасці, а па ўсёй краіне. Камандзіровак у нашых экіпажаў вельмі шмат. Аказваем практычную дапамогу абласным ДАІ, дзе сітуацыя на дарогах можа быць складаная. Таксама «Страла» можа суправаджаць каштоўныя грузы.

— Ці ёсць нейкія асаблівыя патрабаванні да супрацоўніка «Стралы»?

— Перш за ўсё ён павінен мець вышэйшую юрыдычную адукацыю. У сістэме Дзяржаўтаінспекцыі працоўны стаж мусіць складаць не менш за пяць гадоў, каб дасканала ведаць усе асаблівасці службы. Справа ў тым, што на «Стралу» ўскладзена таксама функцыя каардынацыі работы падраздзяленняў ДАІ. І, канешне ж, адпавядаць нашым спецыяльным патрабаванням. Адбор патэнцыйных кандыдатаў вядзецца не толькі па стане здароўя, але і па псіхалагічных якасцях. Менавіта гэты этап і з'яўляецца вырашальным падчас адбору супрацоўнікаў ДАІ, якія пажадалі служыць у нашым падраздзяленні. Напрыклад, на матацыкле можа ездзіць кожны. Але далёка не кожны здольны ехаць увесь час на аднолькава зададзенай хуткасці на адлегласці адзін ад аднаго. А так да дасведчаных супрацоўнікаў ДАІ мы прыглядаемся ўвесь час, асабліва да тых, хто добра зарэкамендаваў сябе ў прафесійных конкурсах. Калі ў «Страле» з'яўляецца вакантнае месца, то кола магчымых прэтэндэнтаў ужо збольшага акрэслена. Канешне, калі да нас прыйдзе афіцэр і скажа, што хоча служыць у «Страле», то пры паспяховым праходжанні адбору ніякіх перашкод для гэтага не будзе.

— Але эфектыўнасць работы залежыць не толькі ад асабовага складу, але яшчэ і ад тэхнікі.

— Наш аўтапарк абнаўляецца ў планавым рэжыме. Напрыклад, для эскартавання выкарыстоўваюцца матацыклы Yamaha, зробленыя па адмысловым заказе. Іх «фірменнае» адрозненне — белы колер. Таксама ёсць у нас матацыклы BMW. А вось што да аўтатэхнікі службы суправаджэння, то мы выкарыстоўваем як BMW, так і «седаны» Geely SE. Шэсць аўтамабіляў беларускай вытворчасці мы атрымалі мінулай вясной. І дарэчы, зарэкамендавалі яны сябе добра. «Мерседэсы» E-класа мы звычайна выкарыстоўваем для патрульнага рэжыму. А вось аўтамабілі маркі Chrysler ужо пакрысе выходзяць з эксплуатацыі. Хоць і дагэтуль у страі застаюцца машыны, выпушчаныя дзесяць і нават 14 гадоў таму. Справа ў тым, што яны яшчэ не вырабілі ўстаноўлены ліміт прабегу. Ён у нас рэгламентаваны вельмі жорстка. Як толькі гэты рубеж перасякаецца, машыну перадаюць у іншую службу.

Увесь наш спецыялізаваны транспарт знаходзіцца, абслугоўваецца і рамантуецца ў аўтамабільнай гаспадарцы Міністэрства ўнутраных спраў. Яна знаходзіцца побач з тым будынкам, дзе размяшчаецца «Страла».

— А ці зберагаецца тэхніка, напрыклад, у спецыяльным музеі?

— Пасля рэканструкцыі будынка, у якім мы знаходзімся, з'явіцца спецыяльны музей ДАІ. Будуць у ім і экспанаты, якія маюць дачыненне да «Стралы». Таксама пад шкло вітрыны трапяць загады, асабістыя рэчы супрацоўнікаў. Можна будзе пабачыць і сёе-тое з тэхнікі. Напрыклад, міліцыянеры захоўваюць матацыкл «Урал». Ён выкарыстоўваўся для эскартавання ў 80-я гады. Увогуле, «Уралы» да нас прыходзілі і ў 90-я. Пасля, калі змяніліся задачы, іх замясціла нямецкая тэхніка.

— Раскажыце, калі ласка, колькі слоў пра трэніроўкі асабовага складу.

— Яны праводзяцца пастаянна, каб быць увесь час у баявой форме. А вось сутнасць практыкаванняў залежыць ад канкрэтнай службы. Іх у «Страле» ўсяго пяць — аператыўна-дзяжурная, эскартавання, суправаджэння, спецыяльных мерапрыемстваў і інфармацыйна-аналітычнай работы ды матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Напрыклад, служба суправаджэння адточвае свае навыкі на звычайных дарогах. Яны мусяць дзейнічаць правільна ў розных сітуацыях, у тым ліку і надзвычайных. Матацыклісты службы эскартавання выконваюць прыёмы ваджэння як у камандзе, так і паасобку. Напрыклад, на трасе выстаўляюцца спецыяльныя фішкі. Іх кожны матацыкліст мусіць аб'ехаць і не закрануць ніводную, прычым зрабіць гэта на хуткасці. А гэта практыкаванне вельмі няпростае. Спачатку матацыклісты ездзяць па адным, пасля парамі, тройкамі і ў складзе групы. І толькі калі на праезнай частцы ўсе неабходныя навыкі замацаваны, адбудзецца сумесны выезд і трэніроўка матацыклістаў разам з машынамі суправаджэння. Вось так за знешне прыгожай карцінкай, якую шмат хто хоць раз бачыў ужывую, стаяць сотні гадзін напружанай, сканцэнтраванай работы.

Каманда спецыяльнага падраздзялення «Страла» неаднаразова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх аглядах-конкурсах прафесійнага майстэрства, якія праводзіліся сярод супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы. Увесь час яна займала і займае прызавыя месцы. А гэта лепш за ўсё сведчыць пра ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара і спецпадраздзялення «Страла»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».