Вы тут

Што атрымаюць беларусы ад АЭС у 2021-м


Новыя тарыфы на электраэнергію і пашырэнне сфер яе выкарыстання насельніцтвам, магчымасці будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС і газіфікацыя ўсіх населеных пунктаў краіны. Гэтыя і іншыя планы, магчымасці і дасягненні энергасістэмы краіны абмяркоўвалі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні Дня энергетыка.


Першы рэактар ізноў працуе

Сваю асноўную задачу — надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў электрычнай цеплаэнергіяй, трэверным звадкаваным газам, цвёрдым палівам — энергетыкі сёлета выканалі, упэўнены міністр энергетыкі краіны Віктар КАРАНКЕВІЧ:

— Спажыванне электраэнергіі ў краіне па выніках года чакаецца ў аб'ёме каля 37,9 млрд кВт·г, а гэта практычна ўзровень мінулага года.

Бягучы год адзначыўся рэалізацыяй буйных інвестыцыйных праектаў, найважнейшы з якіх — будаўніцтва АЭС. Першы энергаблок станцыі гатовы на 99 %. 21 снежня на ім завяршыўся этап энергетычнага пуску, падчас якога выкананы 246 выпрабаванняў, у тым ліку рэжым скідвання нагрузкі турбагенератара энергаблока з 500 МВт да нуля (адключэнне рэактара). Увечары 21 снежня турбагенератар першага энергаблока зноў падключылі да энергасістэмы.
У найбліжэйшы час пачнецца этап яго доследна-прамысловай эксплуатацыі, расказаў ён:

— У межах гэтага этапу плануецца павелічэнне магутнасці рэактара з 50 % да 100 % і асваенне магутнасці турбагенератара з 500 МВт да 1190 МВт — яго намінальнай магутнасці.

За гэты час будуць праведзены неабходныя выпрабаванні, у тым ліку скідванне нагрузкі турбагенератара да нуля. Пасля іх паспяховага заканчэння правядуць комплекснае выпрабаванне энергаблока працягласцю 15 сутак на намінальнай магутнасці, пасля чаго першы энергаблок будзе прыняты ў эксплуатацыю, паабяцалі энергетыкі.

Будаўніча-мантажныя работы на другім энергаблоку выкананы на 75 %. Цяпер тут манціруецца асноўнае абсталяванне, тэханалагічныя трубаправоды, пракладваецца кабель. Тэрміны ўводу станцыі ў эксплуатацыю запланаваны ў 2021-м (першы энергаблок), першае паўгоддзе 2022-га (другі энергаблок).
Адносна планаў будаўніцтва ў краіне другой АЭС міністр заўважыў: «Вядзецца работа над матэрыяламі, задзейнічаны адпаведныя органы дзяржкіравання. Гэтую работу плануецца выконваць на працягу 2021 года».

Стымуляцыя рублём

Каб стымуляваць павелічэнне спажывання электраэнергіі ў краіне, летась уведзены новыя тарыфныя групы на электраэнергію для насельніцтва для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, нагадаў Віктар Каранкевіч. Па інфармацыі на лістапад 2020-га, больш за 10 тысяч абанентаў перайшло на разлікі па гэтых тарыфах, а спажыванне электраэнергіі пры гэтым узрасло за 11 месяцаў у параўнанні з мінулагоднім у восем разоў і склала 65 млн кВт·г.
Рыхтуецца комплексная праграма па павелічэнні выкарыстання электраэнергіі насельніцтвам на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне.

— Мы планавалі сёлета цалкам сфарміраваць яе і ўвязаць з рэалізацыяй дзяржпраграм «Будаўніцтва жылля» і «Камфортнае жыллё» ў частцы рэканструкцыі электрасетак у сельскай мясцовасці, а ў пачатку 2021-га прыняць яе непасрэдна да рэалізацыі, — падзяліўся міністр.
Праграма мае тры асноўныя кірункі.

Будаўніцтва электрасеткавай інфраструктуры да новага жылля: шматкватэрнага і індывідуальнага. Сёлета ўведзена ў эксплуатацыю каля 33 тысяч м2 такога жылля.

Перавод шматкватэрнага жыллёвага фонду, дзе для ацяплення выкарыстоўваецца цвёрдае паліва, на электраэнергію. Ужо сфарміраваны дакладны пералік 85 такіх дамоў, на мадэрнізацыю атрымана згода іх жыхароў. За наступныя пяць гадоў гэта рэалізуюць.

Перавод індывідуальных жылых дамоў (у асноўным на вёсцы) на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. У 2020-м ад грамадзян паступіла 22,4 тысячы заявак аб выдачы тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў да электрасетак для выкарыстання электраэнергіі на ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і гатаванне ежы. 80 % з іх задаволены. «Тых, хто не змог атрымаць тэхумовы, уключаюць у перспектыўныя планы рэканструкцыі электрасетак», — удакладніў міністр.

З 1 студзеня 2021 года плануецца новы тарыфны план для энергаёмістых вытворчасцяў у залежнасці ад аб'ёмаў спажывання электраэнергіі. Мяркуецца выдзеліць шэсць груп вытворчасцяў. Тарыфы для іх будуць дыферэнцыравацца па прынцыпе «чым большы аб'ём спажывання, тым ніжэйшы кошт электраэнергіі».

А ў канцы 2021-га ў краіне павінна з'явіцца першая лічбавая «Падстанцыя «Магілёў-330». Гэты праект ужо актыўна рэалізоўваецца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».