Вы тут

Цыганскі боль на Беларусі


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню дэманстравалася экспазіцыя “Кто ты, народ рома?”. Яе экспанаты прыадкрываюць жорсткую праўду пра цыганоў як ахвяраў злачынстваў нацыстаў на Беларусі.


Фота БЕЛТА

Чаму людзі забіваюць адзін аднаго? Па розных прычынах. Для нацыстаў, як мы ведаем, адной з іх магла быць і прыналежнасць чалавека да пэўнай нацыянальнасці. Халакост яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны прызнаны сёння па ўсім свеце. А пра масавыя знішчэнні цыганоў пачалі гаварыць параўнальна нядаўна. У тым ліку і ў Беларусі, на тэрыторыі якой на пачатку 1941‑га жыло каля 7 тысяч рамалаў. (Дарэчы, самі прадстаўнікі народа не называюць сябе словам “цыганы” (якое, лічыцца, паходзіць ад грэчаскага “αθίγγανος” (атцынгані), перакладаецца як “недатыкальны”). Цыганамі гэтых людзей называюць у нас, у Расіі, некаторых іншых суседніх краінах. А далей па Еўропе ў іх саманазоў “рома” (Roms, Romanіes). І ў нас цяпер цыганоў называюць “рама” (па-руску “рома”: з націскам на апошні склад, ці “рамалэ” (клікальная форма ад назоўніка). — Рэд.) У вайну ж цыганскае насельніцтва мэтанакіравана вынішчалася акупантамі: паводле розных ацэнак, у Беларусі загінула каля 70–80 % цыганоў. Пра тое й расказвала экспазіцыя “Кто ты, народ рома?”, што працавала ў Беларускім дзяржмузеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У выставачнай зале “Дарогамі вайны” былі ўстаноўлены банеры, на іх размясцілі надрукаваныя ўспаміны цыганоў — тое, што самі перажылі ці чулі пра злачынствы нацыстаў у дачыненні да іх родных на беларускай зямлі. Прыводзім некаторыя з іх. Што да выставы, то яна — перасоўная, і арганізатары маюць намер паказаць яе ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Германіі.

Галіна з вёскі Норшты

Галіна Александровіч з Мінска (1938 года нараджэння) дзіцем зразумела: яе прыналежнасць да цыганскай нацыянальнасці можа каштаваць ёй жыцця. Бацькоў яе нацысты забілі менавіта па гэтай прычыне. “Я — дзіця вайны, — прызнаецца Галіна Іванаўна. — Мне на той час было 4 гады. Мы жылі ў вёсцы Норшты Ашмянскага раёна. Акупаваўшы вёску, немцы аб’явілі пра выдачу ўсім жыхарам новых пашпартоў. Але, як аказалася, у іх быў хітры намер. Такім чынам яны змаглі даведацца, хто якой нацыянальнасці ды хто з нас Рама. У хуткім часе немцы прыехалі ў вёску, сагналі ўсіх рамалаў у хлеў і замкнулі. Пратрымаўшы суткі, вывелі ў лес і расстралялі 44 рамалы і 1 яўрэя. Стралялі ў грудзі, у плечы, і толькі потым у галаву. Пэўна, для таго, каб бачыць страх на тварах людзей. Забілі маіх бацькоў, многіх блізкіх сваякоў, суседзяў. Мяне з сястрой і братам выратавала мясцовая жанчына. Схавала нас, а потым адправіла ў суседнюю вёску. Праз некаторы час маміна сястра знайшла нас і забрала, і мы паехалі ў пасёлак Шчучын Гродзенскай вобласці. Там і жылі да заканчэння вайны, разам з усімі пераносячы ўсе яе нягоды.

У 1990 годзе я знайшла месца расстрэлу ўсіх маіх родных. Па драбніцах збірала гісторыю тых падзей. Пасля вайны мясцовыя ўлады клапаціліся, каб дагледжанай была брацкая магіла, устанавілі на ёй невялічкі помнік. Пазней я сваімі сіламі, з дапамогай сям’і, паставіла яшчэ адзін — большы, пакінуўшы побач і ранейшы. Кожны год у Дзень Перамогі я з сям’ёй прыязджаю на тое журботнае месца. Збіраюцца й мясцовыя жыхары. Да падножжа помніка нясуць і нясуць кветкі… Колькі б разоў я ні расказвала гэту гісторыю, штораз сціскаецца сэрца, працінае душэўны боль і цякуць, і цякуць слёзы… На вайне ўсё страшна, але найстрашней жыць без бацькоў. Шмат лёсаў маіх дарагіх рамалаў зламала праклятая вайна.”

“Ульяна, забяры й маё дзіця”

Павел Гарбуноў з Гомеля (1930 года нараджэння) расказаў, што ўратаваўся ад знішчэння нацыстамі дзякуючы таму, што ён і яго стрыечныя браты й сёстры аказаліся больш “светлымі”, чым астатнія цыганы. Гісторыю 90‑гадовага Паўла Яўменавіча дапамог запісаць яго сын. “Калі пачалася вайна, сям’я майго бацькі пераехала з Гомеля ў Бранскую вобласць: як тады здавалася, далей ад вайны, — чытаем запіс. — У вёсцы Кажаны Новазыбкаўскага раёна жылі нашы сваякі ды шмат сем’яў рамалаў. Ва ўсіх былі свае дамы, гаспадарка, ворныя землі. У бацькі была вялікая сям’я: яго бацькі, пяць братоў і дзве сястры, цёткі й дзядзькі. Сталі жыць там. І вось неяк ранняй вясной 1942 года, напярэдадні Вялікадня, фашысты сабралі чалавек 70 рамалаў і пешшу пагналі ў горад Клінцы, дзе была нямецкая камендатура. Ішлі некалькі дзён. Прывялі рамалаў на ўскраіну горада, дзе была ўжо выкапана шырокая, глыбокая яма. Вакол стаялі фашысты й паліцаі. Калі пачалі падпіхваць рамалаў да ямы, падняўся страшны крык і плач. Людзі зразумелі: гэта яма для іх. Родная цётка майго бацькі, Ульяна Арцёмаўна Іванова, была падобная на рускую: светлыя вочы, валасы і скура. І раптам перад самай ямай ёй сказалі, што яна можа забіраць сваіх дзяцей ды ісці. Немцы вырашылі: патрапіла памылкова. А з ёй былі чацвёра дзяцей і таксама ўсе светленькія. Яе сястра Марыя, маці майго бацькі, сказала: “Ульяна, забяры й маё дзіця, ён таксама светлы”. І цётка забрала Паўліка, майго бацьку. Вось так яны засталіся жывыя, а ўсіх астатніх расстралялі. Гаварылі, што ў яму кідалі нават жывых. Потым цётка Ульяна яшчэ нядзелю хадзіла да ямы, спрабуючы рукамі адкапаць сваіх родных. Пазней яна з дзецьмі хадзіла па вёсках. Так і дайшла да роднага Гомеля, дзе й засталася жыць, гадаваць сваіх дзяцей і пляменніка, майго бацьку. Я неаднаразова ездзіў на месца гібелі сваякоў ды іншых рамалаў. Там сёння стаіць абеліск. Многія мясцовыя жыхары былі сведкамі той страшнай трагедыі”.

Песня жыццё ўратавала

Віктар Мурачкоўскі з Нясвіжа (1963 года нараджэння) распавёў пра роднага дзядзьку-цыгана, які выратаваўся дзякуючы ўменню прыгожа спяваць. І яго сям’я дасюль па святах спявае песню, якая дапамагла іх сваяку выжыць. “У 1942 годзе майго бацьку й дзеда забралі ў армію прама з табара, яны прайшлі ўсю вайну. А мой дзядзька заставаўся ў табары, — расказаў Віктар Уладзіміравіч. — Качавалі тады ў раёне Касцюковічаў, па Гомельшчыне. Хаваліся па лясах і вёсках. Удавалася ў вёсках агароды араць, дапамагаць па гаспадарцы: работы заўсёды хапала. Так і зараблялі на пражытак. Жанчыны плялі кошыкі й мянялі іх на бульбу й сена, гадалі. У вёску спачатку ішлі ромкі: спадзяваліся, што жанчын забіваць не будуць. А табар у лесе чакаў. Але бывала, што ромкі не вярталіся, іх расстрэльвалі, і табар адыходзіў. У лясах хаваліся бліжэй да балота, таму што немцы там баяліся хадзіць. Бывала, заходзілі ў само балота, каб перачакаць, калі немцы былі побач. Рамалаў расстрэльвалі ўсюды, нават на палявых дарогах. Фашыстам было ўсё роўна, мужчыны гэта ці жанчыны. Аднойчы й той табар немцы знайшлі, прывялі ўсіх у нейкую вёску паблізу Касцюковічаў. Паставілі да сцяны хлява 6 сем’яў: каля 35 чалавек. Аўтаматчыкі паднялі ствалы. І раптам мой дзядзька ў афіцэра запытаў: “Ці можна мне спець песню?” Афіцэр дазволіў. Дзядзька быў маленькага росту, ён устаў на пянёк і заспяваў. Немцу так спадабалася, што ён вырашыў адпусціць спевака. Дзядзька пачаў прасіць і за сваю сям’ю. Урэшце забраў жонку, сына — і ў лес. Так і выратаваліся! Астатнія былі расстраляныя. Пасля дзядзька патрапіў у Бабруйск, там і застаўся жыць. Уся наша сям’я па святах дасюль спявае гэтую песню”.

У экспазіцыю “Кто ты, народ рома?” увайшлі інфабанеры пра гісторыю цыганоў, іх жыццё да 1941 года, генацыд у часе акупацыі Беларусі (1941–1944). Пададзены архіўныя фотаздымкі, апавядаецца пра цяперашняе жыццё рамалаў па свеце. Месцы расстрэлаў мірнага насельніцтва зафіксаваныя на фотаздымках, якія прадаставілі Нацыянальны архіў, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларуская цыганская дыяспара. Месцы нацысцкіх лагераў смерці й масавага знішчэння насельніцтва былі пазначаны на спецыяльнай карце Беларусі.

Расстрэльвалі ўвесь табар

Для таго, каб зладзіць выставу й такім чынам зберагчы памяць пра ахвяры нацыстаў, спатрэбілася цэлае даследаванне. Яго праводзілі нямецкі адукацыйны цэнтр “За мір” (г. Берлін, Германія), грамадскае аб’яданне “Беларуская цыганская дыяспара”, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў 2019–2020 гадах. Прадстаўнікі гэтых арганізацый збіраліся разам, штодзень на працягу месяца ездзілі па вёсках і гарадах краіны, каб сустрэцца з цыганамі, пачуць ад іх гісторыі трагедый, якія яны ведаюць. Усяго ўдалося ўзяць звыш 50 інтэрв’ю. На першых з іх быў намеснік старшыні Беларускай цыганскай дыяспары Артур Гоманаў: цыганы, калі на парозе дома бачылі такога ж як яны рамала, то больш давяралі гасцям з Германіі, станавіліся гаваркімі.

“Мы, можна сказаць, заскочылі ў апошні вагон цягніка, які адыходзіць, — гаворыць Артур Іванавіч. — Рамалы, якія могуць сведчыць, ужо ў пажылым узросце, ды і мала іх засталося. Забываюць назвы вёсак і гарадоў, дзе адбываліся ваенныя злачынствы. Усё ж мы паспелі ўзяць інтэрв’ю, стварыць карціну генацыду цыган у Беларусі. Гэта была цяжкая праца! Вельмі было балюча слухаць пра ўсе здзекі ў дачыненні да рамалаў ў гады вайны. Адна “ромка” мне расказвала, што адну яе сястрычку немец скінуў у калодзеж, а другую забіў, моцна стукнуўшы аб вугал дома. Рамалаў нацысты нішчылі цэлымі табарамі: калі ім на дарозе сустракаўся табар, яго расстрэльвалі, трупы скідвалі ў канаву, а коней ды ўласныя рэчы рамалаў забіралі з сабой. Шкада, што мы не можам устанавіць дакладную колькасць забітых і расстраляных рамалаў: яны ж тады качавалі, пераходзілі з месца на месца й не мелі ніякіх дакументаў. Дакладна вядома толькі тое, што больш за палову з іх былі зверскі замучаны й расстраляны. Многія цяпер ведаюць пра генацыд яўрэяў, але ж і пра масавыя забойствы, татальнае вынішчэнне нацыстамі Рамалаў не варта забываць. Нейкую адну нацыянальнасць тут вылучаць няварта: фашысты нішчылі і яўрэяў, і беларусаў, і ўкраінцаў, і рускіх, і людзей іншых нацыянальнасцяў. Але мы ўсё ж такі хочам давесці да свядомасці грамадства, што рамалы моцна пацярпелі ў часе Вялікай Айчыннай вайны. У іх бок генацыд быў мэтанакіраваны, пра што ніхто не гаворыць. Нельга забывацца й на тое, што рамалы змагаліся на фронце, сярод іх былі кіраўнікі партызанскага руху, лётчыкі, Героі Савецкага Саюза… Мае супляменнікі ваявалі й пакутавалі разам з іншымі”.

Суполцы “Беларуская цыганская дыяспара” ўжо 23 гады. За гэты час яе актывісты паспелі дамагчыся некаторых фінансавых выплат рамалам як ахвярам нацысцкіх рэпрэсій. У тым ім дапамог Беларускі рэспубліканскі фонд “Паразуменне й прымірэнне” (дзейнічаў да 2014 года). Была задума ўстанавіць адпаведны помнік рамалам як ахвярам нацыстаў. Леанід Левін, вядомы скульптар, які стварыў мемарыял “Яма” ды іншыя помнікі загінулым яўрэям, працаваў над праектам, але памёр, і справа спынілася.

Праігнараваны генацыд?

Праблему замоўчвання генацыду рамалаў на тэрыторыях, акупаваных Германіяй у Другую сусветную вайну, цяпер уздымае нямецкі адукацыйны цэнтр “За мір”, ён жа дапамог стварыць і згаданую выставу. Генацыд цыганоў супрацоўнікі цэнтра называюць праігнараваным. Паводле іх меркаванняў, дагэтуль у многіх краінах практычна не праводзіцца гістарычных даследаванняў, а памятныя месцы ахвярам фашызму звычайна не даюць тлумачэнняў адносна таго, што адбывалася менавіта з рамаламі. Цэнтр спрабуе звярнуць увагу грамадскасці на такую праблему. А яна заслугоўвае ўвагі: у часе вайны было знішчана каля паўмільёна цыганоў. Толькі ў Асвенцыме загінула, паводле розных дадзеных, ад 200 да 500 тысяч рамалаў.

Цэнтр “За мір” шмат робіць, каб зберагчы памяць пра ахвяры нацысцкіх злачынстваў ва Усходняй Еўропе, дзе акупанты сістэматычна забівалі як качавых цыганоў, так і аседлых. У тым генацыдзе прыняла ўдзел і Румынія — былы саюзнік Германіі. Апошнія праекты цэнтра прысвечаны генацыду румынскіх, малдаўскіх, украінскіх, беларускіх рамалаў у гады Другой сусветнай вайны. Супрацоўнікі цэнтра “За мір” наведаліся ў Румынію, на Украіну і ў Беларусь, узялі інтэрв’ю ў цыганоў, якія дзецьмі былі сведкамі забойства бацькоў і родных. Праект па Румыніі (“Прыднястроўе”) цэнтр завяршыў у 2017 годзе, па акупаванай немцамі частцы Украіны — у 2019/2020 гадах. Праект па Беларусі распачалі ў маі 2019‑га.

Ганна Лагун

Дарэчы. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, на тэрыторыі Беларусі налічвалася 7 тысяч рамалаў, найбольш іх жыве ў Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Паводле звестак актывістаў Беларускай цыганскай дыяспары, на пачатку 2000 гадоў у Беларусі жыло каля 60 тысяч іх супляменнікаў. Такую розніцу ў колькасці яны тлумачаць міграцыяй цыган у іншыя краіны ў пошуках лепшага заробку.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».