Вы тут

Баброўня памятае паэта Міхася Васілька


Міхаіл Касцевіч пабачыў свет 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня: цяпер яна ў Гродзенскім раёне. Бацька, Восіп Мацвеевіч, быў лесніком. З тае ж вёскі родам і дзядзька паэта, Макар Мацвеевіч Касцевіч (1891 — пасля 1939‑га), пад псеўданімам Макар Краўцоў вядомы як аўтар гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. У часе Першай сусветнай вайны сям’я Касцевічаў падалася ў бежанцы, жылі на Тамбоўшчыне, у горадзе Казлове (з 1932 года Мічурынск). За час бежанства Міхаіл паспеў закончыць сярэднюю школу, а Баброўня перажыла розныя ўлады. Касцевічы пакідалі яе як падданныя апошняга расійскага імператара. Калі ж вярнуліся дадому ў 1922‑м, то ўжо год як была гэта Польская Рэспубліка.


Будучы нацыянальна свядомым беларусам, юнак рэзка адмоўна ўспрымаў антыбеларускую палітыку польскіх уладаў, ды і сацыяльна-эканамічная, пэўна ж, была не па ім. І пачаў змагацца супраць такой палітыкі — словам, як паэт, і як сябар Таварыства беларускай школы, Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Гродзенскі гісторык, краязнавец Віктар Саюцін пісаў: “Ён адчуў на сабе ўвесь цяжар панскае “апекі”. Ён добра памятае турмы, шматлікія ператрусы, арышты, на якія паны не скупіліся. Пасля кожнага ператрусу жандары стараліся ўсяляк зняважыць уразлівага паэта: “Гэй ты, Максім Горкі, пакідай пісаць свае вершы, ідзі лепш вазіць гной!” — здзекаваліся з яго. Жандарам не па нутры было, што беларускі “хлоп” адважваецца пісаць вершы, якія, дарэчы сказаць, з‑за адсутнасці друкаванае трыбуны для беларускага слова больш разыходзіліся ў рукапісах”.

Калі ўважліва пагартаць віленскія выданні 1926–39 гадоў, то можна-такі знайсці вершы ўраджэнца Баброўні. Паступова набралася вершаў на некалькі зборнікаў, і, нягледзячы на перашкоды з боку польскіх улад, Міхась Васілёк паспеў за той час падрыхтаваць да друку тры. Першы — “Шум баравы”, выйшаў у Вільні ў 1929‑м, але быў канфіскаваны паліцыяй. Канфіскацыя дэфензівай і поўнае знішчэнне чакалі рукапіс другога зборніка: у 1934‑м. Нарэшце, зборнік “З сялянскіх ніў” (1937, Вільня) аказаўся адзіным, які дайшоў з тых часоў да чытача.

На час нападу гітлераўскай Германіі ды яе саюзнікаў на Польскую Рэспубліку (1939) паэту было 33 гады, яго мабілізавалі ў польскае войска. Ён апынуўся на перадавой, змагаўся з агрэсарамі, трапіў у палон, з якога ўрэшце збег у жніўні 1941‑га. У родных мясцінах Міхаіл Касцевіч узяў на сябе кіраўніцтва Скідзельскім падпольным антыфашысцкім камітэтам, які адзначыўся шэрагам слаўных спраў. Ягоны кіраўнік нярэдка друкаваўся ў партызанскіх газетах пад псеўданімам Язэп Гром.

Пасля вызвалення Беларусі Міхась Васілёк пачаў працаваць у скідзельскай райгазеце “Чырвоны сцяг”, праз два гады яго запрасілі на працу ў “Гродзенскую праўду”. Там і працаваў да смерці, якая наступіла 3 верасня 1960 года. Побач з ім у розныя гады працавалі пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, якія заўсёды вельмі цёпла ўспаміналі пра Міхася Васілька.

Працуючы ў газетах, ён прадаўжаў паэтычную творчасць. Многія вершы пасляваенных гадоў сюжэтнымі лініямі спалучаны з вайной. Скажам, вось гэты: “Я помню цяжкі час, як сонечны палетак,/ Як нівы родныя гразёю заплылі,/ Як на вачах у матак катавалі дзетак,/ Каб потым закапаць жыўцом іх у зямлі./ Не выкрасліць радкоў з гісторыі нікому,/ Упісаных крывёю змучаных ахвяр…”. Гэта верш “Занёс прывет”, ён — пра трагічную падзею ў Сухініцкім лесе, ад якога рукой падаць да Скідзеля. Там гітлераўцы расстралялі народных мсціўцаў, якіх добра ведаў Міхась Васілёк.

Краязнаўчы музей у Скідзелі. Да 80-годдзя паэта скульптуру Міхася Васілька зрабіў гродзенскі майстар Алесь Ліпень

З часам тэматыка творчасці паэта значна пашырылася. Пры жыцці пабачылі свет ягоныя зборнікі: “Выбраныя вершы” (1950), “Выбраныя творы” (1955), пазней — “Зоры над Нёманам” (1963) і “Вершы” (1973). Аўтар бачыцца мне ў вершах як філосаф, псіхолаг, гуманіст, патрыёт, які прыўносіць свае непаўторныя вобразы ў энцыклапедыю беларускіх народных характараў. Адметная й мова твораў, у якіх “алітаратурваюцца” многія побытавыя словы й выразы: ці то прыдуманыя аўтарам, ці то падслуханыя ў родных мясцінах. Сябар паэта, вядомы харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі й музычны дзеяч Рыгор Шырма пісаў: “Па сваёй шчырай песеннасці, па сваёй любові да Радзімы й працоўнага народа, па свежасці паэтычных вобразаў Міхась Васілёк, несумненна, адносіцца да таленавітых паэтаў. Яго муза развівалася ў Заходняй Беларусі ды прайшла цярністы шлях разам з народам. Яна ведае этапныя дарогі, па якіх польскі пан дубінаю гнаў беларускі народ і яго творчасць, імкнучыся пахаваць за астрожнымі кратамі і вызваленчыя ідэі, і мову народа, і ўсю яго культуру”. Сябрамі паэта былі таксама Валянцін Таўлай, Максім Танк, Янка Брыль.

Цяпер адна з вуліц Гродна мае імя Міхася Васілька: па ёй стаяў дом, у якім жыла сям’я майстра слова. Мноства імпрэзаў, прысвечаных памяці паэта, праходзіла ў 2‑й гродзенскай школе. У іх неаднойчы ўдзельнічалі жонка паэта, Марыя Іванаўна, і сын Яраслаў: ён вучыўся ў той школе з першага класа да выпускнога. Калі бацька пайшоў з жыцця, яму было 10 гадоў.

Імем Міхася Васілька названа вуліца ў Скідзелі. Матэрыялы пра жыццё й творчасць паэта прадстаўлены ў краязнаўчым музеі Скідзельскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя (гл. фотаздымак). Памяць пра слаўнаго родзіча зберагае й жыхарка Скідзеля Ала Раманенкава — праўнучка Макара Краўцова. Невялікія экспазіцыі ў гонар Міхася Васілька ёсць у музеі Васіля Быкава ў Гродне, у музеі “Гродзенскай праўды”. Педагог, краязнаўца, журналіст Андрэй Юшкевіч зняў фільм пра жыццё й творчасць Міхася Васілька.

Міхаіл Стралец,  доктар гістарычных навук

Ад рэдакцыі. Дзякуючы наводцы аўтара стэлефанаваліся з Аленай Салей, захавальніцай згаданага ў тэксце краязнаўчага музея ў Скідзелі. Алена Міхайлаўна падказала: у 2012‑м у Баброўні дзякуючы намаганням энтузіястаў адкрыты Памятны камень. Надпіс там на мемарыяльнай дошцы: “У вёсцы Баброўня нарадзіліся слынныя сыны беларускай зямлі, дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: паэты Міхась Васілёк (Міхаіл Восіпавіч Касцевіч) 14.11.1905–03.09.1960 і Макар Краўцоў (Макар Мацвеевіч Касцевіч) 18.08.1891–1939”.

Што да музея, то ў ім сярод экспанатаў ёсць 4 зборнікі паэта, прычым адзін — з праўкамі рукою паэта. Такі рарытэт перадала ў музей скідзяльчанка Валянціна Петушок. Ёсць матэрыялы, лісты, што сведчаць пра сяброўства Міхася Васілька з Максімам Танкам, Янкам Брылём: іх перадалі жонка й дачка паэта. З Янкам Брылём, то яны разам былі ў нямецкім палоне як жаўнеры Войска польскага. І менавіта Міхаіл Касцевіч паслужыў правобразам Сяргея Крушыны з аўтабіяграфічнага рамана Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды. Кніга адной маладосці” (пабачыў свет на пачатку 1960‑х). Як патлумачыла Алена Міхайлаўна, Янка Брыль не раз бываў у Скідзелі, і вобраз мужнага печніка з твора “Memento morі” пісаў на аснове мясцовых трагічных падзей у вёсцы Пузавічы — цяпер Партызанская: “Правобразам галоўнага героя паслужыў наш зямляк, выдатны пячнік, скідальчан Даніла Скварнюк. Яму зондэрфюрэр загадаў — і прыйшлося рабіць печкі. Яны ўдаліся, добра грэлі. За тое фашыст быў гатовы падараваць жыццё майстру, калі ўбачыў яго сярод тых, каго намерваліся расстраляць карнікі. Ямы былі ўжо выкапаныя, і групамі падводзілі да іх людзей. Там было расстралана 650 чалавек. І Даніла Скварнюк не прыняў фашысці “падарунак” — быў там жа расстраляны разам з усімі. На месцы трагедыі цяпер устаноўлены помнікі”.

Адзначалі ў музеі сёлета 115‑я ўгодкі Міхася Васілька: прайшла паэтычная імпрэза “Я ўсяго васілёк”. Са студэнтамі сустрэлася праўнучка паэта Іна Валер’еўна Шлык. “Чыталі вершы, знаёмілі з біяграфіяй, літаратурнай дзейнасцю, — расказала Алена Салей. — Раней у нас бывалі абодва сыны паэта: Леанід і Яраслаў. Першы ў зэльвенскай райгазеце працаваў, а Яраслаў Міхайлавіч — на станцыі тэхабслугоўвання ў Гродне”.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. 

Грамадства

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці.