Вы тут

Песні, што злучаюць сэрцы


У Даўгаўпілсе, у камернай зале Дома Адзінства прайшоў ІІ Фестываль беларускай аўтарскай песні


Спяваюць Алена Віткевіч і Валеры Ермачэнка. Фота - Жанна Раманоўская, Марыя Памецька

Мы расказвалі чытачам “Голасу Радзімы”, што леташні фэст паяднаў 12 бардаў, аўтараў і выканаўцаў з Латвіі, Літвы й Беларусі. А задуманы ён для пашырэння сучаснай аўтарскай песні. Меркавалася: штогод будзе збіраць фэст гасцей ў Даўгаўпілсе. І хоць пандэмія закрыла межы, ды не перашкодзіла пабудаваць нам песенны бардаўскі мост “Даўгаўпілс — Вентспілс”. Пра тое як аўтар ідэі, праекта казала я, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей. Ладзяць жа фэст Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у супрацы з Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілса ды падтрымкаю гарадской думы.

Традыцыі — гэта перадача з пакалення ў пакаленне духоўных каштоўнасцяў: менавіта на іх грунтуецца культурнае жыццё. Робіцца традыцыяй, гучыць першай на фэсце песня “Беларусь” — вядомы хіт мінскага барда Арона Крупа, ураджэнца Даўгаўпілса. Яго называюць класікам турыстычнай бардаўскай песні. Арон загінуў у 1971‑м у часе паходу ў Саяны: праз два месяцы пасля таго, як была напісана гэтая песня. Магнітафонны запіс захаваў голас аўтара, які з любоўю спявае пра Беларусь.

Традыцыі нараджаюцца ў сустрэчным руху, і фэст наш зноў віталі беларускія дыпламаты. На гэты раз Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць пажадаў культурнаму форуму поспехаў ды адзначыў: бардаўская песня — гэта песня інтэлектуальная, інтэлігентная, песня з сэнсам. А гонар адкрыць канцэрт мела Кацярына Варкалава з Вентспілса, былая мінчанка: спявала пад гітару дзве свае песні на беларускай мове ды адну на рускай. Дарэчы, па ўмовах фэсту кожны ўдзельнік выконвае песні на свой выбар на любой мове, ды адну — абавязкова на беларускай. Віталь Міхайлоўскі выбраў “Калыханку для душы” (словы Л. Дранько-Майсюка, музыка З. Вайцюшкевіча), Андрэй Парневіч — “Рабіны” (Станіслаў Валодзька, Дзмітрый Пятроў), Таццяна Саксаганская (верш Максіма Багдановіча “За дахамі месца памеркла нябёс пазалота”), Аляксандр Мірвіс — “Успамін пра Браслаўскія азёры” (Барыса Вайханскага ў перакладзе Георгія Ліхтаровіча), Марыя Гербрэдэрэ — “Бялявая, чарнявая” (з рэпертуару “Песняроў”), Юры Саксаганскі — “Шалёная” (Віктара Шалкевіча).

Беларускія песні чаргаваліся з бардаўскімі, аўтарскімі на рускай мове, у тым ліку Арона Крупа, Алега Міцяева, Іосіфа Бродскага, Алены Рэшатняк, Сяргея Матвеенкі. Наталля Леанчук спявала свае новыя песні, а Лілія Воранава прысвяціла фэсту верш. Фэст-выступленні й закрывала крупаўская “Беларусь”, але ўжо на беларускай мове (пераклад С. Валодзькі), спяваў дуэт: Алена Віткевіч і Валеры Ермачэнка. У фінале фэсту арганізатары ўручылі яго ўдзельнікам дыпломы, сувеніры ды лілеі — сімвал Даўгаўпілса.

Мяркую, наш горад прыўносіць у рух філасофскай бардаўскай песні, які актыўна развіваецца, свой асаблівы, беларускі акцэнт на латвійскай зямлі. Гэткую тонкую “асалоду для душы”. Пра тое казала сузаснавальніца суполкі “Уздым” Яўгенія Гуляева, вітаючы аўтараў і выканаўцаў. І на заканчэнне ансамбль “Таццянін дзень” з Вентспілса (500 км да нас праехалі артысты, каб выступіць!) спяваў “Змагаемся з дэпрэсіяй” Цімура Шаовы. Аптымістычна, эфектна завяршыўся канцэрт!

Наступным днём госці зрабілі экскурсію па горадзе, знаёміліся з экспазіцыямі Цэнтра М. Роткі. Дэлегацыя з Вентспілса, дарэчы, валодае багатым досведам арганізацыі бардаўскіх злётаў: іх штогадовы студзеньскі фестываль “Таццянін дзень” прайшоў 18 разоў. І нас на яго запрасілі. Ды й мы, арганізатары Фестывалю беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе, самі ўжо маем новыя ідэі, планы на будучы год. Таму конкурс на яго назву — прадаўжаецца: чакаем варыянты. І заяўкі на ўдзел ад новых бардаў таксама прымаем.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».