Вы тут

Карпаратывы сыходзяць у анлайн


А хто не ўяўляе сустрэчу Новага года без шумнай кампаніі, едуць на банкет у санаторыі.

У гэтым годзе Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе адмовіцца ад навагодніх карпаратываў. Тым не менш, варыянт, як адзначыць Новы год з калегамі, ёсць.


Фота: ainews.kz

Забавы на паўзе

Перш за ўсё, гэта анлайн-карпаратывы. І праводзяць іх не толькі IT-кампаніі, хоць, яны, зразумела, піянеры ў гэтым напрамку. Многія арганізацыі адмовіліся ад правядзення традыцыйных карпаратываў, а каб павіншаваць персанал са святам, фармуюць навагоднія падарункі не толькі для дзяцей, але і для саміх работнікаў.

Дзе-нідзе ўсё ж такі вырашылі ладзіць карпаратывы ў звыклай форме: хтосьці спрабуе замовіць вечар у рэстаране, хтосьці арандуе катэдж ці аграсядзібу. Дарэчы, забароны ладзіць карпаратывы няма, іх толькі рэкамендавана выключыць — канчатковае рашэнне за мясцовымі ўладамі і кіраўніцтвам устаноў. Напрыклад, у сталіцы рашэннем Мінгарвыканкама рэкамендавана «выключыць правядзенне заказных мерапрыемстваў у аб’ектах грамадскага харчавання, але не забараніць». У частцы абмежаванняў ва ўстанове можа быць запаўняльнасць залы да 50%, пры гэтым на танцпляцоўцы можа быць толькі адна кампанія, растлумачылі ў Мінгарвыканкаме.

Пандэмія вельмі моцна ўдарыла па рынку забаўляльных мерапрыемстваў. Некаторыя агенцтвы нават вымушаныя былі ўзяць паўзу, а то і зусім зачыніцца.

«Сёлета заказчыкаў навагодніх карпаратываў у класічным фармаце ў нас на 90% менш, чым летась, — кажа Аляксандар Рак, дырэктар івэнт-агенцтва „Берсерк“. — У мінулым годзе другая палова снежня была распісана літаральна па гадзінах. З сакавіка мы пачалі пераходзіць на новы фармат работы, ладзіць мерапрыемствы анлайн: дыстанцыйна праводзілі семінары, канферэнцыі і мерапрыемствы забаўляльнага фармату. Цікавасць да анлайн карпаратываў ёсць, аднак тут таксама не без нюансаў. Шмат што залежыць ад тэхнічных рашэнняў, магчымасці знайсці крэатыўны падыход».

Фота: rbdnoticias.com

Як праходзяць карпаратывы ў анлайн-фармаце

Аляксандр распавёў нам, як праходзяць карпаратывы ў анлайн-фармаце. Удзельнікі мерапрыемства атрымліваюць спасылку на тую ці іншую платформу, доступ да якой ніхто акрамя іх не мае. У студыі знаходзіцца вядучы і запрошаныя госці: топ-менеджмент або ключавыя супрацоўнікі кампаніі. Па відэасувязі да іх могуць далучыцца супрацоўнікі і са сваіх хатніх кампутараў, тэлефонаў. Зносіны праходзяць у фармаце ток-шоў. Як і на звычайным карпаратыве, выступаюць артысты — яны таксама выходзяць у эфір.

«Мы прадумваем розны інтэрактыў, які дазваляе заняць супрацоўнікаў, віктарыны, камандныя і інтэлектуальныя гульні, ёсць методыкі, як падзяліць удзельнікаў на каманды. Робім усё для таго, каб людзі былі ўдзельнікамі, а не сузіральнікамі, — тлумачыць Аляксандр. — Нярэдка праходзяць гібрыдныя мерапрыемствы, калі ўдзельнікам анлайн-карпаратыва развозілі падарункі ад кіраўніцтва кампаній — гэта могуць быць гастранаборы, падарункі для дзяцей і нават інструкцыі для ўдзелу ў гульні. Натуральна, усё гэта арганізавана з улікам рэкамендацый медыкаў адносна эпідэмічнай сітуацыі».

Фота: ihg.com

Навагодняя ноч у санаторыі: на банкет у масцы?

Навагоднія туры ў беларускія санаторыі даўно сталі традыцыяй. І сёлетні снежань не стаў выключэннем. Такія туры звычайна прапаноўваюць на 3–4 сутак, бо санаторыі зарабляюць перш за ўсё на пражыванні гасцей. У калектыўнай рэкламе здраўніц ёсць забаўнае папярэджанне, маўляў, уважліва чытайце, што ўваходзіць у кошт тура — дзесьці банкет з’яўляецца абавязковай часткай праграмы. Нагадаем, што ў санаторыях на перыяд пандэміі дзейнічае правіла: аднамеснае рассяленне, выключэнне — члены сям’і.

«Юнацтва» — адзін з самых дарагіх санаторыяў і ўжо 17 снежня там не было пуцёвак для ахвочых наведаць банкет, на якім будзе 160 чалавек.

Яшчэ адна здраўніца побач з Мінскам — санаторый «Беларусачка». Тут кошт пражывання на дваіх ад 128 рублёў у суткі, а навагодні банкет для дарослага абыдзецца ў 190 рублёў, для дзяцей да 14 гадоў — 95 рублёў.

У санаторыі «Парэчча», які размешчаны ў 30 кіламетрах ад Гродна, не змаглі адказаць на пытанне, колькі дакладна будзе чалавек на святочнай вячэры, бо навагоднія пуцёўкі ўсё яшчэ ёсць у продажы. І калі да пандэміі «ўсе ішлі на банкет, то цяпер ахвотнікаў менш». Кошт навагодняга банкета на адну персону — 130 рублёў.

У Белавежскай пушчы адсвяткаваць могуць людзі з розным даходам. У навагодні тур уключаны: экскурсіі, у тым ліку ў маёнтку Дзеда Мароза, забаўляльныя мерапрыемствы, феерверк, наведванне вальераў, навагодні банкет. У гасцініцы на тэрыторыі самога нацпарка ўжо ўсе пуцёўкі на такі тур выкупленыя, а самая танная з іх — 1127 рублёў на дваіх чалавек. Можна замовіць трансфер з Брэста за 45 рублёў, а з Мінска давязуць за 319 рублёў.

Фота: event-live.ru

Больш сціпла можна адсвяткаваць Новы год у гасцініцы № 2, размешчанай у аграгарадку Камянюкі (адміністрацыйным цэнтры Нацыянальнага парка «Белавежская пушча»). Тут за пражыванне аднаго чалавека плюс сняданак трэба заплаціць ад 42 рублёў у суткі. Банкет на 30 персон арганізуюць у кафэ, а ацанілі яго ў 70 рублёў з чалавека.

Пытанне пра колькасць людзей на святочнай вячэры нам не падаецца лішнім. Пагадзіцеся, што чым іх менш, тым менш і шанцаў заразіцца. Бо скажам прама — маскі на свяце будуць скінутыя. З відавочнымі сімптомамі ВРВІ ніхто, будзем спадзявацца, нікуды не паедзе, але ж COVID-19 не адразу дае аб сабе знаць.

Запрашаюць на Новы год і аграсядзібы. Але калі ў санаторыях усё выразна і добразычліва тлумачаць, шмат інфармацыі на сайтах, то з сядзібамі ўсё больш складана. У аб’яве — адзін кошт, па факце — іншы. Але ў той жа час больш-менш вядомыя сядзібы занятыя з 25 снежня і мінімум да 7 студзеня.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».