Вы тут

Больш за тысячу зваротаў з пачатку года


Больш за тысячу зваротаў з пачатку года паступіла ў Пастаянную камісію па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі. Прыкладна палова зваротаў вырашана на карысць іх аўтараў. Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Міхаіл Русы падчас чарговай прамой тэлефоннай лініі.


Людзі звярталіся па шырокім тэматычным коле праблем. Было відавочна, што іх па-ранейшаму хвалююць недапрацоўкі мясцовых улад, хібы ў рабоце арганізацый і службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тут звароты датычыліся капітальнага рамонту дамоў, падтрымання ў зімовы перыяд належнай тэмпературы ў кватэрах, у тым ліку і шляхам уцяплення фасадаў. Прасілі дапамагчы разабрацца і з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый, прывядзеннем у парадак аўтамабільных дарог. Выказвалі цікавыя прапановы варыянтаў транспартнага падатку (інакш кажучы, дарожнага збору) для ўладальнікаў машын, пыталіся і пра выкарыстанне чэкаў «Маёмасць», задавалі іншыя пытанні.

Пазней Міхаіл Русы не толькі пракаментаваў журналістам званкі, якія паступілі падчас прамой лініі, але і падвёў папярэднія вынікі дзейнасці Пастаяннай камісіі і калег-сенатараў па рабоце з грамадзянамі. Паводле яго слоў, прамая тэлефонная лінія — гэта працяг той работы, што мэтанакіравана і пастаянна вядзецца Саветам Рэспублікі. Сенатар адзначыў: нямала цікавых прапаноў па ўдасканаленні дзеючага заканадаўства паступае ад неабыякавых людзей, якія падказваюць аб пэўных прабелах у тым ці іншым законе. Гэтыя заўвагі заўсёды ўлічваюцца парламентарыямі ў іх дзейнасці пры актуалізацыі пэўных заканадаўчых актаў.

Старшыня камісіі падзяліўся назіраннямі са свайго вопыту правядзення асабістых прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній. На яго думку, людзям трэба больш актыўна і самастойна абапірацца на сілу закона пры адстойванні правоў, у барацьбе за ўстанаўленне справядлівасці. І пры неабходнасці звяртацца ў мясцовыя праваахоўныя органы, суды, а не адразу пісаць у вышэйшыя дзяржаўныя інстанцыі і праз іх аўтарытэт спрабаваць дасягнуць патрэбнага вырашэння пытання. Варта памятаць: у рэшце рэшт усё будзе зроблена па законе.

— Мы ў Пастаяннай камісіі ўзялі за правіла прама казаць наведвальнікам падчас прыёму грамадзян, у ходзе прамой лініі, аб верагодных перспектывах станоўчага ці адмоўнага вырашэння іх пытання. Калі няма законных падстаў дапамагчы чалавеку, то мы так і кажам людзям, навошта іх дарэмна абнадзейваць, — гаворыць Міхаіл Русы.

На працягу года нямала зваротаў паступіла ў камісію ад шматдзетных сем'яў, пісалі і тэлефанавалі пра цяжкасці падзелу нерухомай уласнасці, скажам, пасля разводу мужа і жонкі, смерці бацькоў, сваякоў.

Сярод пастаянных тэм — зямельныя пытанні. І даволі часта іх аўтары самі вінаватыя ў праблемах, якія ўзніклі. Напрыклад, выдзелілі ўчастак зямлі пад вядзенне асабістай прысядзібнай гаспадаркі, а замест хляўчука для парсючкоў там узводзяць дом на тры паверхі. І потым скардзяцца на мясцовую ўладу, якая адмаўляецца ўзаконіць будынак. А як інакш — закон не дазваляе гэтага зрабіць.

Так, сёння чалавек павінен быць абаронены, лічыць Міхаіл Русы. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ўлады на месцах нярэдка фармальна ставяцца да вывучэння зваротаў грамадзян, што дасылаюцца з камісіі для разгляду і прыняцця мер. Амаль 35 працэнтаў такіх адказаў з органаў мясцовай улады даводзіцца адсылаць назад для больш уважлівага вывучэння сітуацыі і прыняцця ўзважанага рашэння па дадзенай праблеме. Скажам, стварэння безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў.

У ходзе прамой лініі ўсе, хто патэлефанаваў, былі ўважліва выслуханы. На асобныя званкі Міхаіл Русы адразу даў вычарпальныя адказы, тлумачэнні і парады. Былі і пытанні, якія запатрабавалі дадатковага вывучэння. Такія звароты накіруюць у адпаведныя дзяржаўныя структуры для разгляду.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?