Вы тут

Якія прагрэсіўныя інстытуты з'явяцца для актывізацыі бізнес-супольнасці?


Навацыі ў законах, якія датычацца дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, наспелі даўно. Пад гэтыя нормы трапляюць 64 тысячы суб'ектаў гаспадарання краіны, якія створаны ў форме акцыянерных таварыстваў, таварыстваў з абмежаванай (некаторыя — з дадатковай) адказнасцю — а гэта амаль палова ўсіх існуючых на тэрыторыі краіны камерцыйных арганізацый. Таму невыпадкова, што пакуль законапраект рыхтаваўся распрацоўшчыкамі, да яго была вельмі павышаная ўвага. Аб усіх «навінках» і змяненнях сенатарам на заключнай сёлетняй сесіі Савета Рэспублікі расказаў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ.


Апцыёны працуюць на вынік

Ён паведаміў, што змены датычацца чатырох важных кірункаў: стварэння новых прагрэсіўных інстытутаў, паляпшэння ўмоў функцыянавання гаспадарчых таварыстваў, аховы правоў і інтарэсаў удзельнікаў і павышэння інфармацыйнай адкрытасці гаспадарчых таварыстваў. Разгледзім кожны больш падрабязна.

У дачыненні да новых інстытутаў гаворка ідзе аб трох навацыях. Першая — канвертацыя даўгоў акцый. На думку міністра, гэта найбольш актуальнае, істотнае і радыкальнае змяненне закона.

— Такая неабходнасць абумоўлена патрэбай у развіцці інавацыйных кампаній, пашырэнні магчымасці рэструктурызацыі пазыковых абавязацельстваў гаспадарчых таварыстваў. Законапраектам прапануецца дадзены механізм распаўсюдзіць на ўсе гаспадарчыя таварыствы, — растлумачыў ён.

Наступная навацыя — так званыя апцыёны, калі даецца магчымасць заахвочвання членаў органаў кіравання і іншых ключавых супрацоўнікаў акцыямі (долямі) гаспадарчых таварыстваў. Такая норма стане дадатковым і важным стымулам у павышэнні эфектыўнасці дзейнасці топ-менеджменту і ключавых супрацоўнікаў і, як вынік, дзейнасці самога таварыства. Бо ў такім выпадку актыўныя работнікі становяцца ўласнікамі, што стымулюе іх на дасягненне доўгатэрміновых вынікаў і фінансавай устойлівасці таварыства.

Навацыяй з'яўляецца і надзяленне ўдзельнікаў правам уносіць уклады ў маёмасць таварыства, якія не паўплываюць на павелічэнне статутнага фонду.

На думку міністра, такая норма ў заканадаўстве дазволіць аператыўна паляпшаць фінансавае становішча гаспадарчых таварыстваў, што можа разглядацца як інструмент аздараўлення, а таксама ўцягваць у гаспадарчае абарачэнне невыкарыстоўваемую і неэфектыўна выкарыстоўваемую маёмасць.

Таварыства з адным удзельнікам

Другі кірунак змяненняў у законе звязаны з паляпшэннем умоў функцыянавання гаспадарчых таварыстваў.

— Перш за ўсё гэта нормы аб магчымасці дыстанцыйна ўдзельнічаць як у рабоце агульнага сходу, так і назіральнага савета, — адзначыў Аляксандр Чарвякоў. — Гэта значна спрашчае ўдзел у рабоце як удзельнікаў таварыстваў, так і членаў наглядальных саветаў.

Закладзены таксама новы падыход у рэгуляванні прававога становішча закрытых акцыянерных таварыстваў. Уведзены нормы, якія адмяняюць абмежаванні максімальнай колькасці ўдзельнікаў. Гэта значыць, ЗАТ можа быць з любой колькасцю акцыянераў.

Таксама адмяняецца абавязак пераважнага права куплі акцый. У той жа час ЗАТ па жаданні могуць захаваць пераважнае права. Калі адмовяцца, то акцыянеры маюць магчымасць прадаць свае акцыі любой трэцяй асобе без згоды іншых акцыянераў.

Закон закрануў і такое важнае пытанне, як дзейнасць назіральнага савета. У ім дэталізаваны працэдуры склікання і правядзення пасяджэнняў савета, удакладнёна кола асоб, якія маюць права на ініцыяванне пасяджэнняў, вызначаны парадак абскарджання рашэнняў наглядальнага савета.

Яшчэ адна навацыя з'явілася пасля аналізу практыкі работы з замежнымі ўдзельнікамі, патлумачыў міністр эканомікі. Распрацоўшчыкі прыйшлі да высновы, што асобныя абмежаванні, якія існуюць цяпер, перашкаджаюць стварэнню ў краіне замежных кампаній. У выніку адмяняецца забарона на стварэнне гаспадарчых таварыстваў з адным удзельнікам. Такія падыходы практыкуюць кітайскія інвестары. Акрамя таго, здымаецца абмежаванне колькасці ўдзельнікаў акцыянернага пагаднення.

Для павышэння рэйтынга

Трэці кірунак звязаны з нормамі, скіраванымі на абарону правоў і інтарэсаў удзельнікаў. У гэтым шэрагу трэба адзначыць права ўдзельнікаў на абскарджанне рашэнняў назіральных саветаў, калі такія рашэнні прынятыя з парушэннем заканадаўчых норм і статута таварыства ці парушаны правы і законныя інтарэсы ўдзельніка.

Законам дастаткова падрабязна і дэталёва рэгламентуюцца парадак і тэрміны ўнясення ўдзельнікамі прапаноў у парадак дня як гадавога, так і пазачарговага сходаў. Між іншым, дакладныя правілы і тэрміны правядзення агульнага сходу з'яўляюцца гарантам абароны правоў і інтарэсаў удзельнікаў, што мае значэнне пры ацэнцы Сусветным банкам дзелавога клімату краіны.

І, нарэшце, чацвёрты кірунак навацый звязаны з павышэннем інфармацыйнай адкрытасці. Закон прадугледжвае для ААТ абавязацельства раскрыцця звестак з асноўных планавых дакументаў (стратэгіі прагнозу развіцця, бізнес-плана). У дапаўненне да гадавога сходу ўдзельнікам будзе давацца інфармацыя аб стане чыстых актываў, аб гадавым узнагароджанні (прыбытку) членаў савета дырэктараў і выканаўчага органа таварыства, інфармацыя аб апцыённых праграмах, калі такія будуць.

Міністр перакананы, што ўсе гэтыя меры дазваляюць, па-першае, стварыць новыя формы крыніц інвеставання, па-другое, — магчымасці для фінансавага аздараўлення гаспадарчых таварыстваў, па-трэцяе, — умовы для доўгатэрміновай матывацыі работнікаў таварыстваў і развіцця апцыённых праграм. Акрамя таго, усё гэта палепшыць практыку карпаратыўнага кіравання, узмоцніць абарону правоў удзельнікаў і павысіць рэйтынг нашай краіны ў справаздачы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу».

Сенатары пагадзіліся з гэтымі довадамі і падтрымалі законапраект.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: 4esnok.by

Загаловак у газеце: Стымулы для топ-менеджараў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.