Вы тут

Як былы міліцыянер разводзіць галубоў і нават вывеў новую пароду — «Мінскую бярозавую»


Бадай, няма чалавека, які б хоць раз у жыцці ні глядзеў фільм з такой назвай рэжысёра Уладзіміра Мяншова, дзе галоўны герой Васіль Кузякін захапляецца галубамі. Незабыўная карціна: як прыгожа, грацыёзна ўзлятаюць у неба гэтыя птахі і лунаюць над зямлёю. Дзмітрый Халадзінскі з Маладзечна мог бы стаць галоўным героем кінастужкі.


Любоў да галубоў у Дзмітрыя Дзмітрыевіча з дзяцінства. У яго бацькі было шэсць братоў, і пяць з іх трымалі галубоў і дзікіх пеўчых птушак. А ў Дзмітрыя Дзмітрыевіча ў свой час было 60 відаў і разнавіднасцяў крылатых. Людзі лічаць, што самыя верныя птахі — лебедзі. Пра іх нават песня складзена, якая калісьці стала хітом.А вось мой суразмоўнік лічыць, што самая верная на свеце птушка — гэта голуб. У голуба і галубкі адносіны такія, як і ў людзей. Яны нават цалуюцца, як закаханыя юнак з дзяўчынай. Людзям у многім варта павучыцца ў іх. Гэтыя птушкі ствараюць пару на ўсё жыццё. Разам выбіраюць месца для гнязда. Не спадабалася сяброўцы — шукаюць новае. Калі нарэшце знойдзена, то самец выдае своеасаблівыя гукі, папярэджваючы супляменнікаў, каб не прэтэндавалі на гэтую плошчу. Галінкі для гнязда звычайна прыносіць галава сямейства, а гаспадыня ўкладвае іх.

Птушынае малако ўсё-такі бывае

Кожны з нас неаднойчы спрабаваў цукеркі «Птушынае малако». І ніколі не задумваўся, што яно сапраўды існуе ў прыродзе. Малако выпрацоўваецца ў валляку галубоў і нагадвае густую масу, падобную да смятаны. Першыя дні сямейная пара корміць гэтым далікатэсам сваіх дзяцей. І яны растуць вельмі хутка, як на дражджах. «Па маіх назіраннях выкормліванне малых на 80 працэнтаў залежыць ад самца, бо галубка цераз два з паловай — тры тыдні пачынае зноў адкладваць яйкі. На яйках яна сядзіць прыкладна з чатырох да дзесяці гадзін раніцы, затым яе змяняе самец. Я назіраў, як голуб карміў нават чужых птушанят, магчыма, свае загінулі. Хоць гаспадар гнязда і адганяў чужынца. Голуб — адзіная птушка, якая вернецца дадому за тысячу кіламетраў, а спартыўныя галубы — наогул за дзве тысячы кіламетраў. Галубы вельмі прывязаны да свайго кутка», — кажа Дзмітрый Дзмітрыевіч.

Ён — былы супрацоўнік органаў унутраных спраў, працаваў у дзяжурнай часці. У 1994 годзе выйшаў на пенсію па выслузе гадоў. І літаральна праз колькі дзён былая дырэктар школы (цяпер гэта гімназія № 3 г. Маладзечна) прапанавала яму ўзначаліць арніталагічны гурток. Калі пабудавалі новую школу, то памяшканне старой перадалі пад яго патрэбы. Пачынаць давялося з нуля: арганізавалі рамонт, са старых шафаў зрабілі вальеры і паліцы для жывога кутка. Пазней гурток перайменавалі ў клуб, што асабліва важна было для старшакласнікаў, маўляў, крута і прэстыжна. Затым з'явіўся і арніталагічны музей «Свет птушак» — адзіны музей такога кшталту на прасторы былога СССР. Сярод экспанатаў захоўваюцца і шматлікія кубкі, узнагароды, якія заваявалі гурткоўцы на розных конкурсах, выстаўках. Музей працуе і цяпер.

Гурток як школа выхавання

Два–тры разы на тыдзень настаўнік са сваімі падапечнымі на світанні выходзілі ў лес, кальцавалі птушак. Бязмежная радасць ахоплівала гурткоўцаў, калі акальцаваную імі птушку лавілі ў Еўропе або калі замежны госць заляцеў на іх тэрыторыю. Але самае галоўнае, што арніталагічны гурток, а затым клуб сталі сапраўднай школай выхавання, узаемавыручкі, сяброўства. Тут дзеці праяўлялі свае найлепшыя якасці, дзяліліся адзін з адным апошнім. У гурток Дзмітрый Халадзінскі прымаў нават вучняў першага класа. Яго выхаванцы не былі выдатнікамі. Непаседы, неслухі, «залётныя». Аднойчы настаўніца французскай мовы папрасіла Дзмітрыя Дзмітрыевіча выключыць з гуртка аднаго з выхаванцаў, маўляў, па яе прадмеце ў яго двойкі. Ды педагог адмовіўся: «Ён выдатны гуртковец. А вуліца дрэнна ўплывае на дзяцей і падлеткаў». Былыя гурткоўцы і цяпер наведваюцца да свайго настаўніка, згадваюць удзел у гуртку як найлепшы перыяд жыцця. Некаторыя звязалі жыццё з жывой прыродай. Напрыклад, чацвёра з іх закончылі ветэрынарны тэхнікум, адзін — ветэрынарную акадэмію.

Музей служыў і эксперыментальнай базай па атрыманні гібрыдаў птушак. Тут працавала лабараторыя, быў арганізаваны цэнтр селекцыйна-племянной работы.

Мінскія бярозавыя

У свеце існуюць тысячы парод і разнавіднасцяў галубоў. І вельмі крыўдна было Дзмітрыю Дзмітрыевічу, што Беларусь практычна адзіная з былых саюзных дзяржаў, дзе няма сваёй пароды галубоў. Так было да 1981 года, калі ў краіне з'явілася парода «мінскія мурыя».

Зыходным матэрыялам для яе вывядзення сталі старатыповыя «нікалаеўскія» галубы, якія мелі розную масць і афарбоўку. Іх яшчэ называлі «мурыя» і «шызыя белахвостыя».

У лютым 1981 года ўпершыню беларускіх галубятнікаў запрасілі паўдзельнічаць ва Усесаюзнай выстаўцы, дзе прысутнічалі і прадстаўнікі іншых сацыялістычных краін. Дзмітрый Халадзінскі прапанаваў калегам паказаць на выстаўцы «мінскіх мурых». Многія былі супраць гэтай ідэі, маўляў, нас засмяюць. Аднак Дзмітрый Дзмітрыевіч адстаяў сваё меркаванне і прывёз у Маскву дзве пары акальцаваных галубоў з аднолькавай афарбоўкай і экстэр'ерам. Ні адна парода галубоў не прыцягнула столькі ўвагі і спрэчак, як прывезеныя Халадзінскім. Многія члены судзейскай камісіі падтрымалі мінчан, маўляў, бачна, што з птушкамі вядзецца селекцыйная работа. Па меркаванні Дзмітрыя Халадзінскага, быў выстаўлены адзін голуб, які атрымаў 94 балы па 100-бальнай міжнароднай шкале і заваяваў малы залаты медаль. Так галубятнікі тагачаснага Савецкага Саюза даведаліся аб мінскай пародзе. Пракансультаваўшыся з вядомымі маскоўскімі галубятнікамі, Дзмітрый Халадзінскі распрацаваў стандарт-апісанне на пароду «мінскі муры», які быў прыняты на першым сходзе клуба. Цягам часу ў выніку жорсткага адбору птушка ўдасканальвалася. У 1986-м стандарт быў перагледжаны, і назва пароды была зменена на «мінскія бярозавыя». Трэці, дзейны, стандарт перапрацаваны і дапоўнены цэнтрам селекцыйна-племянной работы па захаванні і ўдасканальванні пароды галубоў «мінскія бярозавыя» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Халадзінскага ў 2011 годзе. Існуе пяць афарбовак апярэння «мінскіх бярозавых»: шакаладныя, мармуровыя, грэцкія, бярозавыя і бярозава-жоўтыя.

За палётам гэтых птушак можна назіраць бясконца — настолькі яны грацыёзныя. Працягласць палёту правільна вырашчаных і трэніраваных «мінскіх мурых» можа працягвацца тры–чатыры гадзіны, а некаторых —
і да васьмі гадзін. Па заканчэнні палёту галубы амаль заўжды па адным апускаюцца на галубятню, рэдка — па два або тры. Найлепшыя з іх пры пасадцы, апусціўшыся нізка, раптоўна зноў набіраюць вышыню і працягваюць лятаць. Дарэчы, гэтая парода выведзена з улікам кліматычных умоў Беларусі, дзе надвор'е часта мяняецца, бываюць моцныя ветры.

«Мінскія бярозавыя» — пакуль адзіная беларуская парода з апісаным стандартам. Рыхтуюцца матэрыялы для ўнясення яе ў Еўрапейскі каталог чыстапародных галубоў. Магчыма, у недалёкай перспектыве з'явіцца яшчэ адна парода «чыстакроўных». У цэнтры працуюць над вывядзеннем класічных парод галубоў шляхам селекцыі «тульскага жарага стужкавага турмана» і «кішынёўскага чорнага тупатага турмана». У выніку павінен атрымацца «беларускі стужкавы турман» чорнай афарбоўкі з белай шырокай палоскай на спіне. Работа ідзе даволі паспяхова. Ужо з'явіліся метысы трэцяга пакалення.

Дарэчы, пакуль мы любуемся рознакаляровымі галубамі, з суседняга вальера раздаецца голас: «Карлуша — малайчына, прыгажун».

— Гэта воран, жыве ў мяне 30 гадоў. У лесе пілавалі дрэвы, гняздо ўпала на зямлю. У ім аказаліся тры птушаняты. Вось і забраў аднаго з іх, выкарміў, можна сказаць, з рукі, выгадаваў, навучыў гаварыць.

Трэба сказаць, што Дзмітрый Дзмітрыевіч — чалавек разнапланавых захапленняў. Ён сабраў калекцыю фарфоравых фігурак, у тым ліку галубоў заводаў былога СССР.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Любоў і галубы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.