Вы тут

Нацыянальны Алімпійскі камітэт падвёў вынікі года


Выканкам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта падвёў вынікі дзейнасці арганізацыі ў 2020 годзе і зацвердзіў план работы на 2021 год, які пройдзе пад знакам Алімпійскіх гульняў у Токіа і 30-годдзя НАК Беларусі, паведамілі ў прэс-службе НАК.


Галоўным накірункам дзейнасці НАК у 2020 годзе стала падтрымка і прасоўванне беларускіх ініцыятыў па актуальных пытаннях міжнароднага спартыўнага руху. У прыватнасці, пытанняў, скіраваных на паніжэнне суб'ектывізму судзейства, павелічэнне колькасці беларускіх прадстаўнікоў у міжнародных спартыўных структурах і дэпалітызацыю спорту ў цэлым.

Галоўнай падзеяй 2021 года стануць Алімпійскія гульні ў Токіа, што значна ўплывае на кірункі дзейнасці НАК у наступным годзе. Арганізацыя супрацоўнічае з нацыянальнымі федэрацыямі па відах спорту і праводзіць маніторынг заваявання алімпійскіх ліцэнзій беларускімі спартсменамі. Наладжана супрацоўніцтва з арганізацыйнымі камітэтамі алімпіяды-2021 у Токіа і алімпіяды-2022 у Пекіне, што дазваляе аператыўна і якасна вырашаць усе пытанні, звязаныя з удзелам беларускіх спартсменаў у будучых спаборніцтвах.

Падводзячы вынікі года, выканкам НАК станоўча ацаніў выступленне беларускай каманды на ІІІ Юнацкіх зімовых Алімпійскіх гульнях у Лазане, дзе хакеіст Ілья Корзун заваяваў залаты медаль, а біятланістка Юлія Кавалеўская — бронзавы.

У 2020 годзе НАК Беларусі рэалізаваў шэраг праектаў пры падтрымцы Алімпійскай салідарнасці, сярод якіх — папулярнае адукацыйнае выданне для шырокага кола чытачоў «Гісторыя алімпійскага руху для кожнага «Хутчэй. Вышэй. Мацней», якое выйшла ў свет у пачатку навучальнага года. У чэрвені стартаваў праект «Правілы жыцця беларускіх спартсменаў», які ўключае ў сябе серыю відэаролікаў і выданне кнігі. У гэтым годзе Нацыянальны Алімпійскі камітэт актыўна супрацоўнічаў з установамі адукацыі для папулярызацыі алімпійскіх каштоўнасцяў. Напрыклад, у 2020 годзе ў штаб-кватэры НАК былі праведзены экскурсіі для 705 чалавек. Асноўныя катэгорыі наведвальнікаў: навучэнцы ўстаноў агульнай, сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Удзел у экскурсіях бралі замежныя госці і члены афіцыйных дэлегацый, работнікі фізічнай культуры і спорту.

Праз цяжкія эпідэміялагічныя ўмовы некаторыя мерапрыемствы НАК Беларусі былі праведзены ў сацыяльных сетках. У Міжнародны дзень спорту на карысць развіцця і міру, 6 красавіка, беларускія спартсмены далучыліся да акцыі Міжнароднага Алімпійскага камітэта #StayStrong, #StayActіve, #StayHealthy і на ўласным прыкладзе паказвалі ўсім аматарам спорту, як падтрымліваць добрую фізічную форму ў дамашніх умовах. На жаль, некаторыя мерапрыемствы былі адменены ці перанесены праз пандэмію каранавіруса.

Дзякуючы супрацоўніцтву з Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэтам зацверджаны спіс з 40 спецыялістаў для атрымання дадатковай адукацыі на базе РМАУ. Беларускія спецыялісты стануць удзельнікамі адукацыйных праграм і праграм пера- падрыхтоўкі ў галіне спартыўнага менеджменту для сусветнай індустрыі спорту і алімпійскага руху.

На выніковым пасяджэнні выканкам НАК падоўжыў часовае прызнанне сямі грамадскіх аб'янанняў: Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту, Федэрацыі экіпіровачнага і класічнага паўэрліфтынгу, Беларускай федэрацыі шашак, Беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага бокса, Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Амерыканскі футбол», Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі, Беларускага рэспубліканскага танцавальнага саюза.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Хутчэй. Вышэй. Мацней

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.