Вы тут

Анатоль ЛІС: Выдаткаваць сродкі з бюджэту, правесці за іх добраўпарадкаванне — важна, але не менш важна выйсці на суботнік, пасадзіць дрэва, вырасціць кветку, прыбраць двор


Працягваем публікацыю матэрыялаў праекта, прымеркаванага да трылогіі Года малой радзімы. Пра асаблівасці работы на Брэстчыне, знакавыя мясціны і аб'екты рэгіёна сённяшняя гутарка са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем ЛІСАМ.


Эканоміка ва ўмовах пандэміі

— Прапаную пачаць размову са становішча ў эканоміцы, бо ажыццяўленне любых праектаў магчыма пры стабільных паступленнях у бюджэт. Год 2020-ы, які сыходзіць, быў надзвычай складаны і перш за ўсё з-за эпідэмічнай сітуацыі. Як у такіх няпростых умовах працавала эканоміка з яе адкрытымі межамі? Як складвалася сітуацыя ў плане экспарту тавараў і паслуг?

— Сапраўды, складаная эпідэмічная сітуацыя, што ўзнікла ў свеце з-за пандэміі, не магла не паўплываць на эканоміку, у тым ліку і нашай вобласці. Фактычна няма ніводнай галіны, якая б сёлета не панесла нейкія страты. Але ж найбольш пацярпелі, на мой погляд, прадпрыемствы сферы паслуг.

У складанай сітуацыі аказаліся транспартныя арганізацыі. Закрыццё межаў суседніх дзяржаў і вымушаныя рэкамендацыі па абмежаванні руху насельніцтва ўнутры краіны прывялі да зніжэння пасажыразвароту ў цэлым па вобласці за 11 месяцаў больш чым на 20 працэнтаў і, як вынік, да істотнага зніжэння даходаў арганізацый галіны. Акрамя таго, як вядома, давялося павялічыць затраты на правядзенне санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў па апрацоўцы маршрутных аўтобусаў і іншых транспартных сродкаў для бяспекі пасажырскіх перавозак.

Закрыццё межаў нанесла адчувальны ўрон сферы турызму. Большасць тураператараў рэгіёна вымушаны былі прыпыніць сваю дзейнасць. Невялікае ажыўленне назіралася ў канцы лета, аднак яно было не доўгім. У выніку аб'ём аказаных турыстычных паслуг насельніцтву за студзень—верасень склаў усяго 18,1 працэнта ад узроўню мінулага года.

Таксама да ліку найбольш пацярпелых галін можна аднесці сферу грамадскага харчавання. З-за рознага роду абмежаванняў таваразварот грамадскага харчавання вобласці за 11 месяцаў у параўнанні з леташнім скараціўся на 17,7 працэнта.

І, разам з тым, варта адзначыць, што ў асноўным нам удалося забяспечыць нармальнае функцыянаванне прадпрыемстваў усіх галін вытворчасці. Па выніках 11 месяцаў на 1,5 працэнта вырас
аб'ём прамысловай прадукцыі. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 106,1 працэнта — гэта другі паказчык у краіне. Вытворчасць малака павялічылася на 6,7 працэнта. Значна вырасла прадукцыйнасць малочнай галіны, па надоях ад каровы мы традыцыйна лідзіруем у краіне. Выраслі асноўныя паказчыкі ў галіне вытворчасці мяса.

Добры ўраджай сёлета атрымалі земляробы. У сельгасарганізацыях намалочана 1,4 мільёна тон збожжа (пасля дапрацоўкі) пры ўраджайнасці 37,9 цэнтнера з гектара, у тым ліку 167 тысяч тон кукурузы з ураджайнасцю 54,9 цэнтнера з гектара. У прамысловым сектары індэкс фізічнага аб'ёму за 11 месяцаў склаўся на ўзроўні 101,5 працэнта. І калі ў цэлым крыху знізіўся тэмп росту аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ, то, напрыклад, для грамадзян, якія паляпшаюць жыллёвыя ўмовы з дзяржаўнай падтрымкай, увялі ў строй жылля 118,1 працэнта ад гадавога задання.

Што датычыцца экспарту тавараў і паслуг, то атрыманыя вынікі таксама абумоўлены ўплывам пандэміі. У цэлым па вобласці экспарт паслуг скараціўся амаль на трэць. Але ў кожнай галіне сітуацыя складвалася па-рознаму. І калі турыстычныя паслугі ў параўнанні з леташнім скараціліся на 75,2 працэнта, то аб'ём экспарту будаўнічых паслуг вырас больш чым на 5 працэнтаў. Нашы будаўнікі шмат папрацавалі за мяжой.

Экспарт тавараў у цэлым узрос. Традыцыйна вобласць утрымлівае першае месца ў краіне па аб'ёме экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання.

У студзені—кастрычніку 2020 года экспартныя пастаўкі ажыццяўляліся ў 102 краіны свету. Пры гэтым ў краіны «дальняй дугі» экспарт вырас у два разы ў параўнанні з папярэднім годам.

Цікавая і бяспечная для інвестараў

— Пра паступальнае развіццё, добраўпарадкаванне, павышэнне дабрабыту людзей цяжка гаварыць, не абапіраючыся на даныя пра сур'ёзныя інвестыцыі. Якія інвестыцыйныя праекты рэалізоўваюцца цяпер, наколькі спрыяльны інвестыцыйны клімат у вобласці?

— Для шырокага прыцягнення замежных інвестыцый у нас ёсць добрыя магчымасці. Перш за ўсё маю на ўвазе заканадаўчую базу, якая для гэтага створана. За пяць гадоў, пачынаючы з 2015-га, ад замежных інвестараў у вобласць паступіла 1,3 мільярда долараў, у тым ліку амаль 359 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці краін-суседзяў, выкліканых пандэміяй, нам удалося забяспечыць прыцягненне замежных інвестыцый на прыстойным узроўні.

Напрыклад, сёлета паступленне прамых замежных інвестыцый за студзень—верасень склала амаль 85 мільёнаў долараў, што на 23 мільёны больш, чым было ў аналагічным перыядзе летась. Такім чынам, рост паступлення замежнага капіталу ў эканоміку вобласці сведчыць пра цікавасць і бяспеку рэгіёна для замежных капіталаўкладальнікаў. У вобласці дзейнічае цэлы шэраг прэферэнцый, якія могуць быць карыснымі кампаніям з пункту гледжання падатковага планавання і аптымізацыі расходаў, напрыклад, дзейнасць у якасці рэзідэнтаў тэхнапарка ў сярэдніх і малых гарадах.

Акрамя таго, свабодная эканамічная зона «Брэст» на плошчы больш за 100 квадратных кіламетраў забяспечвае выгадныя ўмовы для вядзення бізнесу. Спалучэнне падатковых, мытных, адміністрацыйных ільгот і надзейных прававых гарантый дазваляе кампаніям-рэзідэнтам паспяхова рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты і атрымліваць высокі прыбытак. Сёння ў нашым рэгіёне працуюць інвестыцыі з 32 краін свету. За апошнія гады асноўнымі краінамі-донарамі замежных інвестыцый былі Германія, Расія, Вялікабрытанія, Польшча, ЗША, Кіпр.

Падчас пасадкі дрэў у парку Тысячагоддзя.

За пяцігодку ў вобласці рэалізаваны шэраг праектаў з удзелам замежных інвестараў. Многія праекты знаходзяцца на стадыі рэалізацыі цяпер. Можна сказаць пра самыя буйныя з іх. Гэта, напрыклад, будаўніцтва турыстычнага комплексу «ЭкаБелКолбавічы» каля вёскі Колбавічы Баранавіцкага раёна інвестарам з Расійскай Федэрацыі. У саміх Баранавічах узводзіцца памяшканне для вырошчвання грыбоў з уласнай кацельняй ТАА «ЭлегмаІнвест» з брытанскім капіталам. Вытворчасць мяккай мэблі на арандаваных плошчах прадпрыемства «Івацэвічдрэў» арганізоўвае нямецкі бізнесмен. Амерыканская карпарацыя «Сілікон Матэрыалз інк» прыйшла ў Пінск, каб наладзіць вытворчасць зліткаў монакрысталічнага крэмнію.

Літаральна нядаўна, летам гэтага года, прадпрыемству з удзелам польскага капіталу прададзены Гарынскі агракамбінат у Столінскім раёне. Новы ўласнік узяў абавязацельства не мяняць профіль прадпрыемства (гэта перапрацоўка агародніны, фруктаў, ягад, выпуск кансерваў), а таксама захаваць сярэдняспісачную колькасць работнікаў.

Найбольш перспектыўнымі на найбліжэйшыя гады выглядаюць такія праекты, як будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра па апрацоўцы грузаў у раёне вёскі Харытоны пад Брэстам, узвядзенне лагістычнага цэнтра каля вёскі Малыя Косічы Брэсцкага раёна.

Асаблівыя праекты ў плане добраўпарадкавання

— Якую адзнаку па выніках трылогіі, на ваш погляд, усё ж варта паставіць берасцейцам за работу на сваёй зямлі?

— Думаю, мы заслужылі калектыўнай добрай адзнакі. Вядома, ёсць пэўныя праблемы, не ўсё ўдалося зрабіць, што запланавалі. Але і зроблена многа. Вялікая работа па добраўпарадкаванні праводзіцца ў райцэнтрах, малых гарадах, аграгарадках. За тры апошнія гады істотна папрыгажэлі Пінск і Баранавічы. Як вядома, праводзяцца ў жыццё распрацаваныя раней комплексныя планы па развіцці гэтых гарадоў. Скажам, у Баранавічах рэалізавана і на стадыі рэалізацыі дзясяткі інвестыцыйных праектаў, якія паспрыяюць перааснашчэнню і мадэрнізацыі прамысловасці. Усё ўзаемазвязана: стабільная работа прадпрыемстваў і калектываў забяспечваюць паступленні ў бюджэт горада, і вынікам становіцца яго далейшае паляпшэнне па ўсіх кірунках. А па добраўпарадкаванні самага вялікага райцэнтра вобласці зроблена нямала: пачынаючы ад рэканструкцыі вакзала Баранавічы-Палескія і заканчваючы пасадкай дрэў і ўладкаваннем газонаў і клумб на тэрыторыі новых садкоў і школ.

Запрашаю ўсіх паглядзець, як упрыгожаны, добраўпарадкаваны цэнтральныя вуліцы старажытнага Пінска. Горад, які мае 186 аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, асабліва папрыгажэў у 2019 годзе, калі быў культурнай сталіцай краіны. За тры гады ў Пінску былі заасфальтаваны дзясяткі вуліц, праведзены рамонт фасадаў дамоў і тратуараў. Варта сказаць, што работнікі камунальнай гаспадаркі творча падышлі да аздаблення гарадской тэрыторыі. Пешаходная вуліца Леніна стала асаблівым гарадскім праектам у плане добраўпарадкавання. На некаторых гістарычных будынках паявіліся інфармацыйныя таблічкі з QR-кодамі, што надзвычай зручна для гасцей горада.

У такім плане можна знайсці што сказаць пра кожны райцэнтр. Іванава, напрыклад, пераўтварылі да Дня пісьменства. Але не толькі цэнтры раёнаў вядуць пастаяннае добраўпарадкаванне. Дажынкі паспрыялі таму, што чатыры былыя райцэнтры — Давыд-Гарадок, Высокае, Ружаны, Дзівін — сёння выглядаюць не як былыя мястэчкі, а як сапраўды сучасныя, стыльныя невялікія гарадкі. Многія сельскія населеныя пункты набліжаюцца да гарадскіх стандартаў.

Сказанае вышэй мае на ўвазе найперш работу выканаўчай улады, канкрэтных арганізацый, выдаткаванне значных бюджэтных сродкаў. Але варта сказаць сёння і пра дзясяткі і сотні суботнікаў, акцый па азеляненні і добраўпарадкаванні, якія правялі працоўныя калектывы, актывісты па месцы жыхарства, проста нераўнадушныя людзі, што выйшлі і пасадзілі дрэва, навялі парадак у ваколіцы, каб горад ці вёска сталі прыгажэйшымі. І такіх прыкладаў, на шчасце, вялікае мноства. Таму і сказана напачатку, што ў цэлым мы з вамі, жыхары вобласці, заслугоўваем добрай адзнакі за работу на сваёй зямлі.

Паркі, скверы, алеі

— І ўсё ж можна, відаць, канкрэтызаваць, колькі разбіта новых сквераў і паркаў, колькі дрэў пасаджана. Якія ініцыятывы знайшлі падтрымку мясцовай улады, каб кожны населены пункт, кожны куток малой радзімы меў годны выгляд?

— У Брэсце, напрыклад, з'явіліся цалкам новыя паркі і скверы ў год 1000-гадовага юбілею. Гэта парк 1000-годдзя, сад бесперапыннага цвіцення на Набярэжнай, Пушкінскі сквер і іншыя. У абласным цэнтры высаджаны дзясяткі памятных алей. Амаль ва ўсіх гарадах паявіліся алеі сямейных дрэў альбо прымеркаваныя да памятных дат і падзей. І галоўнае, што тое не носіць характар кампаній: гэта пастаянная работа па азеляненні, навядзенні парадку на зямлі.

Вось толькі з пачатку бягучага года ў населеных пунктах вобласці пасаджана амаль 78 тысяч дрэў, больш за 30 тысяч кустарнікаў. Праведзены работы па добраўпарадкаванні і рамонце 362 спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак, 202 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў, з іх 264 для раздзельнага збору. Праведзены рамонт 182,5 тысячы квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі, рэканструкцыі 21,3 гектара газонаў. А яшчэ чатыры зоны адпачынку аснашчаны пітной вадой, абсталяваны 25 спартыўных пляцовак у месцах адпачынку каля вады, праведзена рэкультывацыя 25 міні-палігонаў. Знарок прыводжу, на першы погляд, многа лічбаў, каб падкрэсліць, якая вялікая работа праведзена нават за адзін няпоўны год для паляпшэння нашых месцаў жыхарства, навакольнага асяроддзя і якасці жыцця ў цэлым.

Думаю, са школьнай праграмы многія памятаюць верш Петруся Броўкі: «Мая айчына — поле, нівы, // Над Нёманам зялёны гай, //Прыгожы Брэст і Мінск шумлівы...» Паўвека назад папярэднікі заслужылі такой высокай ацэнкі, якая знайшла ўвасабленне нават у паэтычным слове. Так што мусім адпавядаць.

Міжнародныя турыстычныя аб'екты

— Малую радзіму ўпрыгожваюць яе жамчужыны — помнікі гісторыі і культуры. Чым са зробленага за апошнія гады можна ганарыцца? А што ў найбліжэйшых планах?

— На шчасце, у нас нямала аб'ектаў, якімі мы па праве ганарымся, якія выклікаюць цікавасць у нашых людзей і гасцей з многіх краін свету. У першай шарэнзе такіх помнікаў — Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў, помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя ў стылі позняга класіцызму, які часта яшчэ называюць беларускім Версалем. Работы па яго аднаўленні былі распачаты ў 2008 годзе, у 2011 годзе адкрыты музей. Адноўлены ўязная брама, усходні і заходні флігелі. Зараз вядзецца рэстаўрацыя Усходняга корпуса.

Наведвальнікаў Ружанскага палацавага комплексу часцей за ўсё цікавяць адноўленыя інтэр'еры ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў, у якіх праводзяцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі, а таксама ўрачыстыя цырымоніі рэгістрацыі шлюбу ў гістарычнай атмасферы.

Косаўскі палацава-паркавы комплекс стаў міжнародным турыстычным аб'ектам, прызнаны перспектыўным камісіяй ЮНЕСКА.

Косаўскі палацава-паркавы комплекс стаў міжнародным турыстычным аб'ектам, прызнаны перспектыўным камісіяй ЮНЕСКА. Рэстаўрацыя вядзецца таксама больш за 10 гадоў. У 2017 годзе ў палацы адкрылася першая музейная экспазіцыя, сёлета першых наведвальнікаў прынялі рэстаран «Граф Пуслоўскі» і гатэль «Пуслоўскіх». У планах на 2021 год — адкрыццё пастаяннай музейнай экспазіцыі на першым паверсе палаца і белай бальнай залы. Таксама плануецца аднаўленне шкляной аранжарэі Пуслоўскіх, адкрыццё бібліятэкі ў галерэі, правядзенне розных фестываляў.

Летась распачаты аднаўленчыя работы на аб'екце «Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Заказель Драгічынскага раёна. Рэстаўрацыя капліцы». На фінансаванне скіраваны сродкі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама раённага бюджэту.

З нашым краем звязаны жыццё і творчасць унікальнай асобы ў гісторыі беларускай і еўрапейскай культуры Напалеона Орды. На радзіме мастака ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна створаны музейны комплекс — карцінная галерэя і музей Напалеона Орды. Побач ва ўрочышчы Чырвоны Двор на старадаўнім фундаменце адноўлены сядзібны дом Ордаў. Зараз вядзецца афармленне экспазіцыі, у якой будзе адноўленая атмасфера шляхецкай сядзібы ХІХ стагоддзя. У 2021 годзе плануецца адкрыццё першай чаргі. Работа над другой чаргой экспазіцыі будзе працягнута ў 2022 годзе.

Відаць, было б не зусім правільна не сказаць пра знакавы аб'ект Брэсцкай вобласці Брэсцкую крэпасць-герой. Мемарыяльны комплекс — аб'ект, які ўвесь час развіваецца. Толькі за апошнія два гады тут адкрыліся два новыя музеі: «Летапіс Брэсцкай крэпасці» летась і «Абарона Усходняга форта» — сёлета. Наступны — год 80-годдзя абароны крэпасці і пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 50-годдзя адкрыцця мемарыяльнага комплексу. Да юбілеяў будзе прымеркавана шэраг мерапрыемстваў.

Галоўны скарб малой радзімы

— На вашу думку, найбольшы гонар Берасцейскага краю — гэта...

— Вядома, людзі. Менавіта яны, прафесіяналы, сумленныя, адказныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй — самы вялікі гонар і набытак вобласці. Дзякуючы іх працавітым рукам, розуму, таленту наш рэгіён развіваецца і дасягае ўражлівых поспехаў у многіх галінах народнай гаспадаркі.

Напярэдадні навагодніх свят, карыстаючыся магчымасцю зрабіць гэта са старонак найстарэйшай беларускай газеты, шчыра дзякую працаўнікам рэгіёна за іх уклад у агульную скарбонку. Упэўнены, што разам, талакой, як гэта заўсёды рабілася ў Беларусі, мы справімся з любымі праблемамі і задачамі. Для гэтага ёсць трывалая аснова:  любоў да роднай зямлі, вера ў свае сілы і магчымасці, вопыт і мудрасць старэйшага пакалення, энергія моладзі. Усё пералічанае, памножанае на працавітасць, дапаможа нам ва ўстойлівым развіцці і паляпшэнні якасці жыцця. Вельмі хочацца, каб маладыя, перспектыўныя юнакі і дзяўчаты звязвалі будучыню са сваёй малой радзімай, тым самым папаўняючы залаты фонд Берасцейшчыны.

— Што значыць малая радзіма асабіста для вас, Анатоль Васілевіч?

— Мне здаецца, кожнаму чалавеку дарагі той куточак, дзе ён нарадзіўся, зрабіў першыя крокі і адкуль пайшоў у вялікае жыццё. Ёсць такі і ў мяне. Праўда, з часам у многіх з нас з'яўляецца яшчэ адна малая радзіма — там, дзе жывеш і працуеш. На сёння такім месцам для мяне стала Брэсцкая вобласць. За шэсць гадоў я пазнаў гэты дзівосны край і яго людзей. Сустракаючыся з моладдзю, заўсёды кажу ім: менавіта родная зямля сілкуе нас і натхняе на добрыя справы. Таму трэба з любоўю ставіцца да родных мясцін, з пашанай — да людзей-землякоў, якія выхавалі, дапамаглі ў станаўленні асобы кожнага з вас. І, што вельмі важна, неабходна быць адказнымі за лёс свайго краю, а гэта значыць — працаваць так, каб з году ў год наша Радзіма, вялікая і малая, развівалася і квітнела.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.