Вы тут

У Беларусі працуюць выстаўкі, прысвечаныя ёлачным упрыгажэнням


Правілы ўпрыгажэння каляднага дрэва існавалі здаўна. Верхавіну павінна вянчаць «Віфлеемская зорка», «яблыкі» — а сёння шары — увасабляюць біблейскі «забаронены плод», свечкі, што гараць, — у наш час гэта разнастайныя электрычныя гірлянды — сутнасць ахвярнасці Хрыста. У перыяд Сярэднявечча на галінкі навагодняга дрэва абавязкова вешаліся фігуркі з вафель — як правобраз прэсных хлябцоў, якія ўжываліся пры абрадзе прычашчэння. Прайшло шмат часу, перш як ёлачныя цацкі сталі проста ўпрыгажэннем, у якое не ўкладваюць асаблівых сэнсаў, тым больш біблейскіх. Але некаторыя з іх па праве можна лічыць творам мастацтва.


Аздабленне ёлак мянялася ў залежнасці ад моды. Гісторыя расказвае: яркая, уся ў цацках навагодняя ёлка, папулярная да 1900 года, на рубяжы стагоддзяў стала лічыцца прыкметай кепскага густу, і яе выцесніла стыльнае дрэва ў серабрыста-белых танах... Тэндэнцыі змянялі адна адну, і, магчыма, менавіта пастаянныя змены зрабілі навагоднюю цацку неабходным атрыбутам свята, які падстройваўся пад любую эпоху. Сёння ж гэты прадмет — праваднік у мінулае, што расказвае шмат пра савецкі час.

З 1925-га навагодняе святкаванне ў Савецкім Саюзе было забаронена і адноўлена толькі ў 1935-м. Але Новы год зрабілі савецкім святам, таму змяніліся і цацкі. Фігуркі дзяцей, клоўнаў, балерын, птушак, жывёл, садавіны і агародніны, вядома, засталіся. А замест анёлаў з’явіліся піянеры, будзёнаўцы, чырвонаармейцы, жанчыны ў чырвоных хустках. Эра паветраплавання адбілася на навагодніх ёлках цацкамі-дырыжаблямі з надпісам «СССР», цацкамі-самалёцікамі, парашутамі з малюсенькімі парашутыстамі. Пазней сталі папулярныя казачныя персанажы: Айбаліт, Дзед Мароз, Снягурка, Чыпаліна, розныя звяры. З выхадам фільма «Карнавальная ноч» у 1956 годзе выпушчаны цацкі «Гадзіннік» са стрэлкамі, якія паказваюць пяць хвілін да поўначы...

Сёння, нягледзячы на багацце гатовых вырабаў, ёлку стала модна ўпрыгожваць цацкамі ручной работы. Але ўсё роўна з асаблівым трапятаннем і любоўю людзі дастаюць толькі старадаўнія шары, якія захаваліся ад бабуль і прабабуль. Старэйшае пакаленне імкнецца прадэманстраваць маладзейшаму ўсю прыгажосць і непаўторнасць ёлачных упрыгажэнняў з мінулага, і гэта рэдкі выпадак, калі людзі розных узростаў знаходзяць паразуменне. Адмысловыя выстаўкі, што працуюць зараз на разнастайных пляцоўках, таксама дапамогуць даведацца больш пра навагоднюю цацку — як прадмет мастацтва і экспанат у музеі.


Нацыянальны гістарычны музей

Яшчэ ў пачатку лістапада адкрыўся традыцыйны маштабны навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак». Убачыць навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі, Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі, можна ў будынку гістарычнага музея. Музейны праект існуе з 2014 года. Кожны год «Музей ёлачных цацак» абнаўляе свае фонды, таму знайсці новае і цікавае змогуць нават пастаянныя наведвальнікі. Экспазіцыя расказвае аб гісторыі вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгажэнняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён і знаёміць з традыцыямі навагодніх свят такіх экзатычных краін, як Конга, Перу, Інданезія, Новая Зеландыя, Паўночная Карэя і многіх іншых.

У калекцыянера і арганізатара выстаўкі Андрэя Бегуна ідэя ўзнікла падчас вандровак па свеце: ён зацікавіўся ёлачнымі цацкамі і пачаў іх калекцыянаваць. Спачатку яны захоўваліся дома, а потым у Андрэя Бегуна ўзнікла думка арганізаваць «Музей ёлачных цацак». Першая выстаўка адразу выклікала вялікую цікавасць з боку наведвальнікаў, таму было вырашана паўтараць яе штогод. «А пасля з’явілася жаданне арганізаваць вытворчасць ёлачных цацак, бо людзі хацелі набыць нешта сваё, беларускае. Так хобі ператварылася ў справу жыцця. З цеплынёй успамінаю ёлачныя цацкі з майго дзяцінства, якія былі ў бабулі. I, вядома, кожная цацка з калекцыі мне таксама дарагая, бо за ёй — гісторыі і дарагія ўспаміны. Кожны раз, калі некуды прыязджаю, імкнуся знайсці экспанаты, якімі змагу папоўніць і разнастаіць калекцыю», — распавядае Андрэй Бягун.

Праект рэалізоўваецца сумесна з фабрыкай ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі АЙчыны!»). Сёння тут прапаноўваюць вялікі асартымент вырабаў. Ёсць, напрыклад, цацкі з дрэва, што і танна, і экалагічна, з полікерамікі, шкляныя шары з барэльефам. Выбар на любы густ, але з акцэнтам на беларускія традыцыі. Наведвальнікі музея змогуць даведацца пра ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх аздабленняў і не толькі.


Салігорскі краязнаўчы музей

На адмысловай выстаўцы прадстаўлена каля 250 ёлачных упрыгажэнняў другой паловы мінулага стагоддзя. Як расказала галоўны захавальнік фондаў Салігорскага краязнаўчага музея Кацярына Кароль, збіраць калекцыю сталі, калі жыхары горада і раёна пачалі прыносіць у музей савецкія ёлачныя цацкі: «Людзям было шкада выкідваць каштоўныя прадметы, з якімі звязана шмат прыемных успамінаў, але патрэба ў іх знікла — з’явіліся больш сучасныя і зручныя ў выкарыстанні цацкі. Мы вырашылі даць прытулак у сябе старым упрыгажэнням, якія адлюстроўваюць дух таго часу, і ў пэўны момант зразумелі, што іх сабралася дастаткова, каб зрабіць выстаўку».

На агляд выставілі ёлачныя ўпрыгажэнні 60—80-х гадоў мінулага стагоддзя, але ў калекцыі таксама ёсць асобнікі 40—50-х гадоў. «У перыяд Вялікай Айчыннай вайны вялікае распаўсюджанне атрымалі самаробныя цацкі, якія стваралі з таго, што трапіцца пад руку. Так, на выстаўцы прадстаўлена ўпрыгажэнне ў форме пяціканцовай серабрыстай зоркі, якое было зроблена са шчыльнага кардона практычна адразу пасля вайны», — адзначыла галоўны захавальнік фондаў музея.

Усе экспанаты на выстаўцы нібы ілюструюць усё тое, што было характэрна для савецкіх краін у момант вырабу цацкі. Калі ў пачатку 50-х гадоў са шкла рабілі фігуркі бытавых прадметаў, жывёл і людзей, то ў канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў у моду ўвайшлі цацкі з выявамі гародніны. «У гэты перыяд у СССР рабілі акцэнт на развіцці сельскай гаспадаркі, таму на выстаўцы дэманструюцца навагоднія фігуркі кукурузы, памідораў, цыбулі, яблыкаў і груш, — распавяла Кацярына Кароль. — У гэты перыяд таксама папулярнай тэмай было засваенне космасу, таму ў калекцыі ёсць некалькі цацак у выглядзе планет, ракет і дзяцей, апранутых у касцюмы лётчыкаў і касманаўтаў». Выстаўка ў Салігорскім краязнаўчым музеі будзе доўжыцца да 15 студзеня.


Дом-музей I з’езда РСДРП

Тым часам у філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка ёлачных цацак «У госці да казкі». У экспазіцыі больш за 700 ёлачных упрыгажэнняў 1940—1980-х гадоў з прыватных збораў бабруйскага калекцыянера Галіны Жук. «Наведаўшы гэтую выстаўку, вы зможаце на свае вочы пабачыць вярхоўкі, шары, домікі, грыбочкі, ліхтарыкі, бусы, святлафоры, матрошкі, суквецце казачных персанажаў, якія выраблены ў розных тэхніках і з розных матэрыялаў, а ўнікальныя святочныя маскі мінулага стагоддзя распавядуць гасцям музея “свае гісторыі”», — адзначаюць арганізатары.

Да ўвагі наведвальнікаў таксама іншы сімвал свята — святочныя паштоўкі. Ёсць магчымасць пабачыць, якімі былі навагоднія карткі ў той час і што жадалі адно аднаму паўстагоддзя таму.


Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

Экспанатамі святочнай выстаўкі «Што расце на ёлцы?» сталі шары, фігуркі, гірлянды і верхавінкі, выпушчаныя ў 1940—1980 гадах. Большасць прадстаўленых цацак сабрала мінчанка Алена Кастрыцкая. У экспазіцыі ёсць вырабы з розных матэрыялаў: шкла, ваты, пластмасы, кардону. Наведвальнікі змогуць убачыць як разнастайнасць ёлачных шароў з рознымі відамі пакрыцця, напыленнем і роспісам, так і больш мудрагелістыя формы — ледзяшы, ліхтарыкі, шышкі. Дэманструюцца і больш рэдкія экзэмпляры, сярод якіх — ватныя і шкляныя цацкі ў выглядзе персанажаў казак, людзей розных прафесій і народаў СССР, карданажныя і шкляныя фігуркі жывёл, мантажныя цацкі з пацерак і шклярусу, гірлянда са сцяжкоў, карнавальныя маскі. Прапануецца таксама паглядзець і на рэпрадукцыі навагодніх выпускаў дзіцячых часопісаў 1957—1962 гадоў.

«Гісторыя ёлачнай цацкі налічвае стагоддзі, і многія пагодзяцца, што ў старых навагодніх упрыгажэннях ёсць асаблівы шарм. Найбольш цэняцца савецкія цацкі. За сваю гісторыю навагоднія ўпрыгажэнні перажылі не адну трансфармацыю. Выстаўка дае магчымасць прасачыць за традыцыяй вытворчасці ёлачнай цацкі і тэндэнцыямі ва ўпрыгожванні ёлкі. Паглядзець на навагоднюю калекцыю будзе цікава тым, хто сам упрыгожвае ёлку цацкамі, якія засталіся з савецкіх часоў, і тым, хто выбірае сучасныя ўпрыгажэнні, але любіць эстэтыку савецкага Новага года», — адзначылі арганізатары.

Акрамя таго, у гасцей ёсць магчымасць паглядзець архіўныя відэа аб тым, як сустракалі Новы год у Мінску ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Наведаць выстаўку можна да 17 студзеня.


Вялікі тэатр

Тое, як выглядае сучасная ёлачная цацка, мы цудоўна ведаем: крамы штогод прапаноўваюць безліч прадукцыі, якая задавальняе ўсіх, акрамя апантаных аматараў мастацтва. Калі не знаходзіцца таго, што хочацца бачыць на навагодняй ёлачцы, трэба зрабіць гэта самому, і такую ініцыятыву ўжо традыцыйна падтрымлівае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і белета. «Вытанчаныя балерыны, чароўныя гадзіннікі, жар-птушкі і залатыя рыбкі, Маленькі Прынц і Бураціна з Пінокіа, Снежная Каралева, ялінкі самых розных колераў і памераў, Шчаўкунчык, сярэбраныя сняжынкі і званочкі, навагоднія шары і хлапушкі — каля 70 лялек і самых розных вырабаў, створаных рукамі дзяцей, іх бацькоў, бабуль і дзядуль, навучэнцамі школ і цэнтраў, даслалі ў гэтым годзе на сямейны конкурс «Навагодняя тэатральная цацка», які Вялікі тэатр Беларусі праводзіць ужо сёмы раз», — расказалі арганізатары.

Цацкі зроблены з самых розных матэрыялаў: пачынаючы ад гліны і пап’е-машэ да нітак, папяровых сурвэтак і нават абгортак ад цукерак. Па словах арганізатараў, некаторыя сем’і прымаюць удзел у конкурсе ўжо не першы год. 27 снежня адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне ўладальнікаў прызавых месцаў, а таксама ўсіх удзельнікаў. Дарослых і маленькіх гледачоў чакаюць навагоднія інтэрактыўныя гульні і конкурсы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Ёлачныя цацкі з выстаўкі ў Нацыянальным гістарычным музеі

Фота БелТА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.