Вы тут

Саракагадовы юбілей святкуюць сёлета два філіялы музея гісторыі беларускай літаратуры


Саракагадовы юбілей святкуюць сёлета два філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: Літаратурны музей Петруся Броўкі і Хата-музей Петруся Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічы. Гісторыя іх пачалася ў хуткім часе пасля смерці пісьменніка: 10 ліпеня 1980 года тагачасным Старшынёй Савета Міністраў Беларускай ССР А. Н. Аксёнавым была падпісана пастанова «Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР П. У. Броўкі (Петруся Броўкі)».


Дом пад нумарам 30

Музей паэта ў сталіцы быў створаны ў цэнтры, на вуліцы Карла Маркса — менавіта тут, у доме пад нумарам трыццаць, у чацвёртай кватэры, з 1951 па 1980 год жыла сям’я Броўкаў. Сёння гэты будынак — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, адзін з самых прыгожых старых дамоў у цэнтры, пабудаваны ў стылі мадэрн архітэктарам Генрыхам Гаем.

Для арганізацыі музея неабходна было выводзіць кватэру з жылога фонду. 15 лютага 1982 г. выканкам Мінгарсавета прыняў рашэнне «Аб размяшчэнні літаратурнага музея П. Броўкі ў г. Мінску». Міністэрству культуры было дазволена правесці невялікую перапланіроўку памяшканняў, неабходную пад экспазіцыю музея. У мэтах размяшчэння фондаў, бібліятэкі і навуковага аддзела ў склад музея ўвайшло службовае нежылое памяшканне ў цокальнай частцы дома.

Першым дырэктарам Літаратурнага музея Петруся Броўкі стала жонка народнага паэта Алена Броўка. Пад яе кіраўніцтвам распачалі працу па падрыхтоўцы да адкрыцця — пачалося камплектаванне штату супрацоўнікаў, папярэдні адбор дакументаў, фотаздымкаў, аўтографаў, лістоў і іншых матэрыялаў, звязаных з дзейнасцю паэта, і камплектаванне музейных калекцый. Стварылі асноўны і дапаможны фонды музея.

Алена Броўка не надоўга перажыла мужа: восенню 1981 года рэзка пагоршыўся стан здароўя, і 15 жніўня 1982 года яе не стала. Аднак за нядоўгі перыяд дзейнасці на пасадзе дырэктара музея яна паспела закласці асновы для таго, каб папулярызаваць і ўвекавечыць дзейнасць народнага паэта, таленавітага лірыка, адказнага палітычнага і грамадскага дзеяча.

Другім дырэктарам музея стаў сын пісьменніка. Юрый Броўка быў адным з найлепшых спецыялістаў у сваёй галіне: працаваў у Інстытуце дзяржавы і права Акадэміі навук Беларусі, а з 1965 да 2017 гг. — у БДУ, спачатку на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, а потым на кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін; як член дэлегацыі БССР прымаў удзел у канферэнцыях ААН. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы, намагаючыся ў прававым вымярэнні захаваць незалежнасць самастойнай дзяржавы.

Юрый Пятровіч быў дырэктарам Літаратурнага музея Петруся Броўкі 24 гады — з 1982 да 2005. Менавіта ён развіў музей, стварыў базу для сучаснага навуковага супрацоўніка. Пад яго кіраўніцтвам былі адноўлены ў ранейшым выглядзе мемарыяльныя пакоі, падрыхтавана памяшканне для размяшчэння экспазіцыі. Працу па мантажы першай экспазіцыі музея завяршылі да канца кастрычніка 1984 года, а ўжо 29 снежня Літаратурны музей Петруся Броўкі прыняў першых наведвальнікаў.

У 2017 годзе Юрый Пятровіч перадаў на захаванне 17 чамаданаў з асабістай перапіскай свайго бацькі, нататкамі, чарнавікамі, фотаальбомамі, узнагародамі і іншымі каштоўнымі рэчамі.

Цяпер Літаратурны музей Петруся Броўкі — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Пад кіраўніцтвам загадчыка Наталлі Мізон змяніў стратэгію працы на «культуру ўдзелу», калі наведвальнікі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі музейнага жыцця, на пашырэнне кола па камунікацыі і культурным узаемадзеянні Літаратурнага музея Петруся Броўкі, інфармацыйны і каштоўнасны абмен паміж прадстаўнікамі разнастайных прафесійных, сацыяльных і ўзроставых груп, якія ўваходзяць як у рэальную, так і патэнцыяльную аўдыторыю музея.

Напрыклад, цяпер ладзіцца святочная праграма «Новы год у Броўкі», паўдзельнічаць у якой можа невялікая група наведвальнікаў, спрэс інтэрактыўная: гэта майстар-класы па стварэнні папяровых анёлаў, гульні «Мінск вачыма Петруся Броўкі» і «Сэт», квэсты па экспазіцыі. Днямі ў сценах установы адкрылася часовая выстаўка «Акадэмік Мікалай Нікольскі: жыццё ў гісторыі». Якая сувязь паміж Петрусём Броўкам і Мікалаем Нікольскім? Выбітны вучоны стаяў каля вытокаў стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў кіраўніком секцыі этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, а пазней узначаліў і сам інстытут. З самага пачатку стварэння гістарычнага факультэта БДУ ў 1921 г. ён узначаліў кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. — кафедру гісторыі старажытнага свету. Першы на тэрыторыі Беларусі ўніверсітэт з’яўляецца і альма-матар Петруся Броўкі: паэт скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1931 годзе. М. Нікольскі і П. Броўка ў адным годзе справілі наваселле і сталі суседзямі: вучоны засяліўся ў дом пад нумарам 30 на вуліцы Карла Маркса ў трэцюю кватэру.

Прадстаўленыя на выстаўцы асабістыя рэчы акадэміка і частка яго архіва раскрываюць факты біяграфіі даследчыка. Знаёмячыся з жыццём і працай гісторыка і акадэміка Мікалая Нікольскага, мы можам лепш зразумець эпоху, сведкам якой быў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка.

Броўкаў чароўны край

Музей пісьменніка ў маляўнічай вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці быў заснаваны на месцы сядзібы, дзе жыла сям’я будучага народнага паэта.

Варта наведаць гэты прыгожы ўзгорысты куток Бацькаўшчыны, багаты на празрыстыя невялікія азёры, крыштальна чыстыя крыніцы і імклівыя ручаі, самыя разнастайныя лясы, каб зразумець, адкуль надзвычай тонкі лірызм і глыбокая захопленасць, замілаванасць роднымі краявідамі ў вершах Петруся Броўкі. Асабліва прыгожа тут улетку: рака Вушачка на сваіх хвалях адлюстроўвае мільярды залатых і срэбных позіркаў: удзень — сонца, а ўночы — месяца. Навокал — смарагдавы дыван сакавітай травы, дзікарослыя хмызнякі, густыя бары, найчысцейшае паветра з ўсёй палітрай адценняў летніх водараў кветак. Ёсць сваё хараство і ў час зімовага зацішша, калі магутныя карані векавых лясоў і спляценні танюткіх каранёў красак адпачываюць, набіраюцца сіл на новы віток у цыкле спрадвечнага кругазвароту жыцця і смерці...

У пабудаванай спецыяльна пад музей хаце (ад аўтэнтычнай, спаленай падчас вайны, засталіся толькі фрагменты) размешчана экспазіцыя з дзвюх частак — этнаграфічнай і літаратурнай. У этнаграфічнай адлюстраваны побыт сялян пачатку ХХ стагоддзя, а ў літаратурнай — асаблівасці жыцця і творчасці пісьменніка: менавіта гэты куток Айчыны — яго малая радзіма, у гэтым краі ён нарадзіўся і рос, знайшоў першых сяброў, напісаў першыя вершы. Пра паэта сведчаць арыгінальныя дакументы, паперы, копіі рукапісаў, выдадзеныя творы, фотаздымкі, асабістыя рэчы.

У 2014 годзе Хата-музей Петруся Броўкі, як і літаратурны музей у сталіцы, стала філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Музей размешчаны ў памяшканні плошчай 112 квадратных метраў, уяўляе сабой драўляны дом з акуратным ганкам, таксама выкананым з дрэва. Побач — помнік з надпісам пра маці паэта.

Наведванне музея ў беларускай глыбінцы навявае думкі пра сялянскае жыццё паэта ў пачатку мінулага стагоддзя і дае адчуванне асаблівай атмасферы, якой пазбаўлена па-вар’яцку імклівае, мітуслівае жыццё вялікіх гарадоў.

Шмат чаго трымаецца на энтузіязме супрацоўнікаў: загадчык філіяла і наглядчык — увесь штат установы. Міхаіл Сыс, нягледзячы на пасаду кіраўніка, акрамя таго, што сустракае групы турыстаў і праводзіць экскурсіі, робіць і іншую працу па доглядзе музейнай тэрыторыі: высаджвае кветкі, прыбірае лісце, рамантуе паломкі, косіцьтраву, прыбірае. Кар’ерапачаласяў 1995 годзе з пасады малодшага навуковага супрацоўніка. «Спачатку было цяжка, а цяпер прывык, — распавядаў ён падчас гутаркі. — Адно што робіцца тужліва, калі цемра накрывае наваколле. Ведаеш: побач — хаты, ды святла ў іх няма...» Але з розных куткоў Беларусі прыязджаюць аматары прыгожага пісьменства, часам заходзяць паразмаўляць ляснічыя, тэлефануюць сябры. Неяк з Кракава перадалі матэрыялы краязнаўцы Францішка Вярэнькі, які тут жыў і ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя вывучаў мясцовасць, займаўся археалогіяй. Краязнаўствам захоплены і Міхаіл Сыс: гадзінамі можа распавядаць гісторыю, падрабязнасці мясцовых знаходак і даследаванняў. А яшчэ пра тое, што можа стаць аб’ектам новых даследаванняў: у ваколіцах шмат гарадзішчаў і курганаў. Многія былі раскапаны ў савецкі час, але ёсць і амаль некранутыя. Паблізу — польскія і французскія пахаванні, а недалёка — так званы Галодны могільнік. Хоць на ім і рабіліся раскопкі, сур’ёзных даследаванняў не праводзілася. У адным са старажытных пахаванняў знайшлі рэшткі жанчыны арыстакратычнага роду з упрыгожаннямі. Знаходзілі ў ваколіцах і каменныя крыжы з надпісамі. На адным з пахаванняў, як распавядае М. Сыс, камяні з надпісамі выкладзены ў асаблівым парадку, быццам на нешта ўказваюць. Шмат было ў гэтым краі храмаў — пасля рэвалюцыі літаратуру з іх вывозілі абозамі. Былі знішчаны і старажытныя кнігі, і цэрквы. Потым на фундаментах некаторых з іх пабудавалі крамы, але прадаўцы, якія там працуюць, перакананы: месцы святыя не даравалі людзям святатацтва. Народ вяртаецца да веры: ёсць у ваколіцах і спецыяльна абсталяваная святая крынічка, вядомая з даўніх часоў, куды людзі прыязджаюць па Божую ласку і ацаленне.

…Старэнькія хаткі ўздоўж вуліцы, такое ж бяздоннашэрае неба, як і стагоддзе таму, калі юны Пятрусь любаваўся хараством вечаровага захаду сонца ці, упершыню закаханы, сустракаў світанне. Не хапае толькі яго самога ды вясёлага, а можа, заклапочанага працай перагуквання галасоў вяскоўцаў, задуменнага, а можа, і жартаўлівага разліву народнай песні, што спявалі ад паўнаты душы, з якой рвалася вонкі адлюстраванне навакольнай прыгажосці.

Па матэрыялах музея падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

Друкуецца ў «ЛіМе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.