Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Галоўным прынцыпам вакцынацыі ад каранавіруса будзе добраахвотнасць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння Гарадскую дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу Мінска.


Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай медыцынскай установы, арганізацыяй стацыянарнага лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, а таксама з магчымасцямі клінікі па аказанні меддапамогі дзецям ва ўмовах аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Гарадская дзіцячая інфекцыйная клінічная бальніца - самая буйная медустанова для непаўналетніх у сталіцы і адзіны дзіцячы інфекцыйны стацыянар у краіне. Ён разлічаны на 600 ложкаў. Менавіта тут зараз лечацца малыя з прыкметамі кавіду і пнеўманіямі. Таксама ў ГДІКБ медыцынская дапамога аказваецца пацыентам з хваробамі органаў дыхання, страўніка, нервовай сістэмы.

У клініцы працуюць 900 супрацоўнікаў, дзве траціны з іх - медыцынскі персанал.


Прэзідэнт настойвае на функцыянальнасці падчас будаўніцтва бальніц

Марына Сакалова, галоўны ўрач бальніцы, адзначыла ў пачатку размовы функцыянальнасць медустановы па раздзяленні плыняў пацыентаў. Сістэма асобных будынкаў, што складаюць бальніцу, па яе словах, дазваляе хутка змяняць структуру адносна ад хваробы.

«Новы корпус, што мы пабудавалі, прымае пацыентаў з кішэчнымі хваробамі. Пры неабходнасці мы можам адаптаваць яго і пад тых, хто пакутуе на іншыя захворванні», — дадала ўрач.

«Мы задумалі будаўніцтва новай бальніцы ў Мінску, у раёне Навінак. Нам неабходна вызначыцца жалезабетонна па функцыянальнасці. Да гэтага трэба імкнуцца. І не таму, што трэба эканоміць, а таму што лячэнне чалавека — гэта яшчэ і псіхалогія, камфорт, утульнасць», — зазначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт нагадаў, што лячэнне кавідных хворых абыходзіцца ў істотныя сумы.

«І не тое, што эканоміць, а па-гаспадарску трэба і будаваць бальніцы правільна, і абсталёўваць гэтыя бальніцы рацыянальна», — падкрэсліў кіраўнік краіны.


«Гэта стыль маёй работы на працягу чвэрці стагоддзя»

Пасля наведвання «чырвонай зоны» Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з калектывам бальніцы і адказаў на пытанні не толькі медыкаў, але і журналістаў.

Прэзідэнт традыцыйна растлумачыў прычыну свайго прыезду ў чарговую бальніцу.

«Гэта стыль маёй работы на працягу чвэрці стагоддзя. Уборачная, пасяўная — я ў сялян. Ёсць праблемы ў зоне прамысловасці — я туды. Трэба нешта прадаць — я за мяжу. Сёння самая вялікая праблема для нашага грамадства — хвароба нашых людзей. Дзякуй Богу, нас яна яшчэ крыху пашкадавала і шкадуе», — адзначыў Прэзідэнт.

Па яго словах, галоўную ролю ў лячэнні людзей адыгрывае іх настрой і думкі. «Калі ты заходзіш у рэанімацыйную палату і бачыш, якія там вочы, — у хворых з’яўляецца надзея. Калі я дапамагу стварыць настрой аднаму-дваім — гэта ўжо плюс», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што яшчэ ў гэтым годзе плануе пабываць і ў дзіцячым анкалагічным цэнтры пад Мінскам.


«Галоўнае — прынцып дабраахвотнасці» — Лукашэнка пра масавую вакцынацыю

«Вакцынацыя будзе, захочаце — вакцынуйцеся, не захочаце — нікога прымушаць не будзем, вырашайце самі », — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Па яго словах, жадаючым прышчапіцца дадуць магчымасць выбраць, вакцынай якога вытворцы гэта зрабіць. Але ў асноўным будуць вакцынаваць расійскім прэпаратам, які плануюць ствараць у Беларусі.

«Мы хочам яшчэ 5–6 вакцын прывезці ў Беларусь», — адзначыў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён асабіста адносіцца да катэгорыі скептыкаў, якія лічаць, што пры нармальным ладзе жыцця чалавек мае ў прынцыпе дастатковы імунітэт для супрацьстаяння шматлікіх захворванняў.


Прэзідэнт падвёў вынікі трылогіі гадоў малой Радзімы

«Ад Мінска да аграгарадкоў мы дайшлі. Зараз трэба закончыць рамонт дарог у аграгарадках. За гэту пяцігодку мы гэта дакладна зробім, каб былі нармальныя двухпалосныя дарогі. Буйныя вёскі не кінулі і нават маленькія, неперспектыўныя хутары не думаем закідваць», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка планамі і ўжо зробленым.

Прэзідэнт дадаў, што шкадуе — не прапанаваў ідэю аднаўлення закінутых вёсак і хутароў раней. Ён нагадаў, што агітаваў напярэдадні выбараў і пасля гараджан купляць маленькія ўчасткі зямлі і будаваць там дамы.

«Каб вы ў суботу, нядзелю з дзеткамі проста пахадзілі па зямлі, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Шмат хто кажа: басанож пахадзі па зямлі, па траве — і ўся дурная энергія сыходзіць у зямлю».

Па словах Прэзідэнта, у нашай краіне выпрацавана добрая сістэма развіцця ўсіх сфер грамадства, у тым ліку і медыцыны, якая будзе запатрабавана ва ўсім свеце.

«Хутка нашу мадэль (развіцця — «Зв.») запазычыць увесь свет», — адзначыў кіраўнік краіны.


Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў патлумачыць прычыны смерці дзіцяці 16 снежня ў Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска

«Таго, каго трэба лячыць, таго трэба лячыць і ратаваць. Каб не было вось так, як у вас атрымалася (можа, не столькі ў вас) з гэтым 13-гадовым хлопчыкам. Я не абвінавачваю пакуль нікога. Усякае можа быць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У бальніцы, як дадаў галоўны ўрач, падлетак правёў менш за суткі. «А чым займалася паліклінічнае звяно? Не павінна гэтага быць. Вы бацькам не растлумачыце. Вы ж сама мама (звяртаючыся да Марыны Сакаловай. — «Зв.»). Я бацька. Разумееце, для мяне дзіця — гэта больш чым святое, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы павінны былі распачаць усякія меры для таго, каб выратаваць дзіця. Калі памірае дзіця — гэта катастрофа».

Кіраўнік краіны патрабаваў далажыць, у чым прычына смерці. «Калі нашы ўрачы не ўмеюць з нейкімі відамі хвароб змагацца, калі яны ўвогуле не разумеюць, што гэта такое, ну так мы будзем іх вучыць. Гэта ж зразумела, яны ж не богі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба своечасова і аператыўна рэагаваць на хваробу, асабліва ў дзяцей.

«Я разумею, што да вас прывезлі, тут самае сучаснае абсталяванне. Вядома, вы рабілі ўсё, што маглі. Але калі ўжо незваротныя працэсы пачаліся, што зможаш... Вось тут мы павінны працаваць», — заключыў кіраўнік краіны.


Візіт Прэзідэнта ў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу працягвае серыю паездак кіраўніка дзяржавы па рэгіянальных установах аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем ковідных пацыентаў.

Аляксандр Лукашэнка ўжо наведаў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу4-ю і 6-ю гарадскія клінічныя бальніцы Мінска, Віцебскі абласны клінічны радзільны дом і Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.