Вы тут

У Целяханскай гарпасялковай біблятэцы да святаў стварылі кніжную ёлку


На маёй малой радзіме ёсць непаўторны куток, дзе душу радуюць адметныя краявіды, а сэрца натхняецца веліччу гісторыі. Гарадскі пасёлак Целяханы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці славіцца знакамітымі лыжамі, якія з 1944 года ў краіне выпускалі толькі тут, Агінскім каналам, які побач, маляўнічымі азёрамі: Вулькаўскім, Выганашчанскім, Бабровіцкім, Сомінскім. А яшчэ тут віруе культурнае жыццё. Дзякуючы энтузіязму і нястомным творчым знаходкам руплівіц на чале з Таццянай Луцэвіч, якія працуюць у Целяханскай гарпасялковай бібліятэцы — структурным падраздзяленні Івацэвіцкай раённай бібліятэчнай сеткі, тут заўсёды на ўздыме творчасць і ініцыятыва, што цэняць наведвальнікі.


Вера Харужая і маці Ракасоўскага

Такая арыгінальная ёлка ў кампаніі снегавіка і аленя

Целяханская гарпасялковая бібліятэка да свайго росквіту прайшла вялікі шлях. Гісторыя гарадскога пасёлка Целяханы сягае ў далёкае мінулае. Існуе легенда, што ў ХІІІ ст., падчас нашэсця на Русь манголаў, тут адбылася бітва паміж татара-мангольскімі полчышчамі і беларуска-літоўскімі княжацкімі атрадамі. У гэтай бітве, згодна з легендай, быў забіты татара-мангольскі хан. На месцы яго пахавання манголы насыпалі курган, вядомы сёння як «Лысая гара». А ад слоў «цела хана» і пайшла назва Целяханы.

Папярэдніцай бібліятэкі тут была хата-чытальня ў  доме яўрэя, якая працавала з 1925 года. А бібліятэку ў пасёлку адкрылі ў 1940 годзе, згодна з рашэннем Целяханскага райвыканкама, пасля ўсталявання савецкай улады. Нягледзячы на невялікі фонд, кніжніца карысталася попытам. Але ўсё змяніў 1941 год. Расказваюць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку жыла Вера Харужая, а яшчэ — што тут пахавана маці Ракасоўскага, знаходзілася яўрэйскае гета. Пасля вайны Целяханы было не пазнаць. Узнаўляцца ўсё пачалося, у тым ліку і бібліятэка, толькі ў жніўні 1944-га, пасля вызвалення пасёлка. Хай чытачоў было толькі каля 300, а кніг — 480, бібліятэкар Наталля Юркевіч, якой выдалася працаваць у гэты складаны час, не апускала рукі. І ўжо ў 1976 годзе пасялковая бібліятэка магла пахваліцца фондам у 27  240 экзэмпляраў кніг. Сярод іх, як сведчаць архіўныя дакументы, была літаратура грамадска-палітычная (7548 экз.), тэхнічная (1276), сельскагаспадарчая (826), прыродазнаўства і матэматыка (1104) і, вядома, мастацкая (10 897). Колькасць чытачоў вырасла да 1200 чалавек, а кнігавыдач у год — 17  258. Шмат гадоў загадчыцай бібліятэкі працавала Марыя Капыціч. У 1985 годзе кніжны фонд склаў ужо 30 000 кніг, кнігавыдач зроблена 19 239, а колькасць чытачоў вырасла да 1548 чалавек.

У 1967-м на базе гарпасялковай адкрылі і дзіцячую бібліятэку. Першай яе загадчыцай была Галіна Кошык. Так сталі прыцягваць да кнігі дзяцей.

Фотазона — крок у казку

Святочная фотазона ў Целяханскай гарпасялковай бібліятэцы збірае сяброў

Сёння час патрабуе новых спосабаў прыцягнення ў  бібліятэку. І супрацоўніцы Целяханскай гарпасялковай бібліятэкі гэта добра разумеюць. Стваральніцы чароўных бібліятэчных сусветаў Таццяна Луцэвіч, Валянціна Леановіч, Ларыса Янковіч ловяць дух часу і ператвараюць бібліятэку ў месца для адпачынку. Галоўны ініцыятар праектаў — Таццяна Луцэвіч: яе ідэям няма межаў, і, што важна, яны паспяхова рэалізоўваюцца ў праекты. Як і цяперашні, што стаў найлепшым аздабленнем навагодняга свята. Непаўторная фотазона з арыгінальнымі дэкарацыямі з кніг так і цягне да сябе наведвальнікаў. Нядзіўна: камін — як сапраўдны, з агеньчыкамі, утульнае крэсла, у якім можна пагайдацца, чароўная лаўка жаданняў і, вядома, адметная ялінка з кніг — фантазія дбайных супрацоўніц Целяханскай бібліятэкі разгарнулася на ўсю моц.

— Такая экспазіцыя ў нас упершыню, — расказвае Таццяна Луцэвіч. — Задумка нарадзілася яшчэ ў ліпені. Я падпісана ў інтэрнэце на замежныя бібліятэкі. Штосьці бяру на заметку, дадаю сваё. Спачатку малюю вобразы ў галаве, потым увасабляю разам з калегамі. Як кажуць, адна галава — добра, а дзве — лепш.

Навагодні камін выкладзены з… тамоў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Работа аказалася вельмі карпатлівай. На каміне красуюцца самаробныя сані з трубачак газет. Гадзіннік камінны зроблены з абруча, упрыгожанага мішурой. Сапраўдныя дэкарацыі! Быццам кніжніца стала пляцоўкай для навагодняга спектакля. А бібліятэкаркі тут, бясспрэчна, выконваюць галоўныя ролі. І ў тэатр не трэба ісці, а сюды, у  Целяханскую бібліятэку, дзе чаруюць апантаныя творчасцю феі.

Кожны год тут робяць ёлку, вядома, кніжную. І, як бачым, атрымліваецца на ўра. Заўсёды ўражвае, калі ўмеюць крэатывіць прадстаўнікі розных прафесій. Вось мае сябры-аўтамабілісты нядаўна пахваліліся, што зробяць ёлку са спружын — маўляў, з шын ужо банальна. Ёлачка целяханскіх руплівіц незвычайная, ды і не ў адзіноце, а ў кампаніі снегавіка і аленя — таксама кніжных. Немагчыма застацца раўнадушным, гледзячы на такую навагоднюю кампазіцыю. Нядзіўна, што чытачы атрымліваюць вялікую дозу натхнення. Вось чаму сюды вяртаюцца зноў і зноў: і на фотасесію, і ў казку, і для настрою.

Лёсавызначальная авантура

Генератар ідэй бібліятэкар Таццяна Луцэвіч — асоба шматгранная, смелая, не баіцца спрабаваць новае. Аднойчы ў яе жыцці здарылася авантура, якая памяняла прафесію і прывяла ў бібліятэку:

— Калі б мне ў 18 гадоў сказалі, што я пакіну Мінск ды яшчэ апынуся ў бібліятэцы, плюнула б і не паверыла. Але 27 гадоў назад я сапраўды прыехала ў Целяханы з Мінска. З 1 лютага 1993 года працую ў Целяханскай бібліятэцы. А так я — ваеннаслужачая, шэсць гадоў адслужыла ва Уруччы ў Мінску. Там пазнаёмілася з мужам. З ім сюды і прыехалі. У нас вялікая бібліятэка, шмат прасторы — 340 м2 , зроблены рамонт, новая мэбля. Таму практыкуем вялікія, разгорнутыя выстаўкі: да Дня Перамогі, 75-годдзя вызвалення Беларусі. Рабілі сцяну памяці з кардонных папак і фота ветэранаў, а з маленькіх свечак-таблетак — алею. Ёсць у нас альбом «Вясковыя вуліцы ў памяць светлую». Мы выратавалі летапіс пасёлка, сабралі фота, якія адлюстроўваюць часы, калі тут яшчэ была вузкакалейка, калі Целяханы знаходзіліся пад панскай Польшчай. Дораць здымкі чытачы. Будзем удзельнічаць у абласным конкурсе.

Ступень энтузіязму, творчага імпэту ў целяханскай кніжніцы зашкальвае. Ствараючы такую прыгажосць, бібліятэкаркі прызнаюцца, што ім і самім прыемна. Дзякуючы падобным выстаўкам-інсталяцыям бібліятэка набывае новае аблічча, і не страшны ёй канкурэнт інтэрнэт. У захапленні ад выставачнай дзейнасці Целяханскай бібліятэкі і пастаянная чытачка Вера Якуш (нумар яе фармуляра Таццяна Луцэвіч ведае на памяць). Жанчына — урач, ужо 5 гадоў на пенсіі, але працуе. Дзеці прапаноўвалі ёй падарыць электронную кнігу, але вабіць шапаценне папяровых старонак, таму не расстаецца з жывой кнігай. У бібліятэку прыходзіць, бо прыемна мець зносіны з такімі крэатыўнымі супрацоўніцамі.

Жыццё — тэатр

Творчасць не мае межаў. Інакш як патлумачыць тое, што Таццяна Луцэвіч яшчэ і ў тэатры іграе?! Дык вось адкуль яе цяга да дэкарацый і ўвасаблення вобразаў! Народны тэатр пры Целяханскім цэнтры культуры і  вольнага часу — яшчэ адно месца для творчага самавыяўлення. Дарэчы, нядаўна тэатр заняў 2-е месца ў конкурсе «Тэатральнае Палессе» і пацвердзіў званне народнага. Камедыя «Ваяўніца Матрона, або Зараз як дам!», дзе іграе Таццяна Луцэвіч, пастаўлена па п’есе мясцовага аўтара Васіля Стральчука.

Так тэатральны запал перайшоў у бібліятэчную прастору. І гэта цудоўны прыклад таго, як бібліятэка, пераймаючы фарматы з роднаснай галіны, становіцца пляцоўкай для нахнення, зносін.

— Я люблю сваю работу. Асабліва выстаўкі — маё. Яшчэ — чытачоў прымаць, размаўляць, — дзеліцца Таццяна Луцэвіч. — Вось нядаўна малады мужчына прыйшоў проста пагаварыць. А мы прапануем зазірнуць на нашу навагоднюю фотазону і пафатаграфавацца, прытым бясплатна! Прыходзьце! Ранішнікі зараз адмяняюць, а мы прымем з задавальненнем!

Кніжны камін — любімец наведвальнікаў

На пытанне пра дэвіз па жыцці Таццяна Луцэвіч сціпла адказвае: «Культура — гэта наша ўсё. Не ўяўляю, дзе б я магла яшчэ працаваць». Гэта найлепшы доказ таго, што чалавек на сваім месцы і адбыўся ў жыцці.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».