Вы тут

Да чаго прывяла «арабская вясна»?


Дзесяць гадоў таму — у снежні 2010-га — на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы пачалася «арабская вясна». Хваля маштабных пратэстаў, якая пракацілася па краінах стратэгічнай у сусветным геапалітычным раскладзе тэрыторыі, вельмі хутка перарасла ў масавыя беспарадкі і ўзброенае супрацьстаянне з паліцыяй і войскам. Далейшыя трагічныя падзеі перайначылі палітычны, грамадскі і нават рэлігійны ландшафт рэгіёна, адзначае lenta.ru. Пры гэтым сённяшнія рэаліі зусім не аптымістычныя: за дзесяць гадоў мясцовыя жыхары аб'ектыўна сталі жыць горш. Да чаго ж прывяла «арабская вясна»?


Крызіс за крызісам

17 снежня 2010 года ў туніскім горадзе Сідзі-Бузід 26-гадовы мужчына падышоў да будынка адміністрацыі. З сабой у яго былі каністра з бензінам і запалкі. Ён выліў на сябе бензін і дастаў запалкі са словамі: «Як, па-вашаму, я магу зарабіць на жыццё?» Гэта быў Махамед Буазізі, гандляр садавіной. Прычынай яго ўчынку паслужыў канфлікт з мясцовымі чыноўнікамі, якія патрабавалі ў яго хабар за права гандляваць з латка гароднінай і садавіной.

Інцыдэнт выклікаў масавыя пратэсты супраць нізкага ўзроўню жыцця і карупцыі. Пратэсты ў Тунісе прывялі да найбольш значных перамен. Ужо 14 студзеня 2011 года прэзідэнт адправіў урад у адстаўку і прызначыў датэрміновыя парламенцкія выбары, абвясціўшы, што не будзе балаціравацца. Крыху пазней у той жа дзень ён пакінуў краіну.

Пратэсты ў Тунісе выклікалі эфект даміно і хутка перакінуліся на іншыя краіны арабскага свету. На вуліцы сваіх гарадоў выходзілі жыхары Алжыра, Лівіі, Емена, Егіпта, Марока і Бахрэйна, хваля маніфестацый пракацілася нават па Амане, Судане, Кувейце, Заходняй Сахары, Саудаўскай Аравіі і неарабскім Іране.

Аднак за дзесяцігоддзе відавочна прафесійна зрэжісіраваную эйфарыю змяніла расчараванне. Замест веры ва ўласныя сілы і надзеі на перамены да лепшага жыхары закранутых «вясной» краін атрымалі рост нестабільнасці, экстрэмізму і тэрарызму, зацяжныя ўзброеныя канфлікты і мільёны бежанцаў. Як заўважыў lenta.ru прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта Джэймс Гелвін, за апошнія 10 гадоў рэгіён перажываў адзін гуманітарны крызіс за другім. «У зонах самых разлютаваных баявых дзеянняў — Сірыі, Лівіі, Емене, Іраку — гарады і пасёлкі былі закінутыя, а іх насельніцтва бегла ў розныя бакі. Рэзка ўзрасла колькасць унутрана перамешчаных асоб і бежанцаў. Вайна і грамадзянскія беспарадкі не толькі прывялі да ахвяр сярод насельніцтва, але і разбурылі інфраструктуру коштам у мільярды долараў, падарвалі сістэму грамадскай аховы здароўя», — падкрэсліў Гелвін. Такім чынам, пастаянная пагроза жыццям мільёнаў людзей — масавы голад, «які з'яўляецца адначасова вынікам і прыладай вайны», дадаў эксперт.

Як на вулкане

Большасць жыхароў краін, якіх у значнай ступені закранула «арабская вясна», сёння лічаць, што жывуць пры мацнейшай сацыяльнай няроўнасці, чым да хвалі пратэстаў. Гэта вынікае з апытання, праведзенага YouGov па замове The Guardіan у васьмі краінах, якія ў большай ці меншай ступені закранула хваля беспарадкаў (Судан, Туніс, Алжыр, Ірак, Егіпет, Лівія, Сірыя і Емен). Роўна ў палове з іх працягваюцца ўзброеныя канфлікты, а эканоміка разбурана.

Большасць рэспандэнтаў Сірыі (75 працэнтаў), Емена (73 працэнта) і Лівіі (60 працэнтаў) адказалі, што цяпер знаходзяцца ў горшым становішчы, чым да 2011 года. У Егіпце і Алжыры каля траціны грамадзян думаюць, што сітуацыя не змянілася.

Нават у Тунісе, які бачаць ледзьве не «гісторыяй поспеху», пануе глыбокае расчараванне. Палова жыхароў гэтай краіны лічаць, што іх становішча стала дрэнным. Аднак узровень беднасці застаецца высокім, беспрацоўе дасягае 15 працэнтаў, а дзяржаўны доўг падвоіўся. Не ўдалося выкараніць карупцыю і абуральную сацыяльную няроўнасць. 10-годдзе сваёй рэвалюцыі тунісцы адзначаюць маршамі пратэсту і забастоўкамі. Каля шасці тысяч чалавек раней выехалі ў Ірак і Сірыю, каб далучыцца да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Рознагалоссі паміж свецкімі і рэлігійныя партыямі вядуць да палітычнай нестабільнасці і міністэрскай мітусні. Грамадзяне вінавацяць палітычную эліту ў няздольнасці або нежаданні заняцца справай. «Туніс сядзіць на вулкане, які невядома, калі выбухне», — напісаў напярэдадні юбілею ў штотыднёвіку Arab Weekly мясцовы эканаміст Хашэмі Алай.

Дарэчы, ва ўсіх васьмі краінах большасць мясцовых жыхароў не спадзяецца на лепшую будучыню для сваіх дзяцей, а ў Сірыі і Емене песімісты колькасна пераўзыходзяць аптымістаў прыкладна ў дзесяць разоў. Большасць сцвярджае, што разрыў паміж багатымі і беднымі за апошнія 10 гадоў павялічыўся. У Сірыі так лічыць 92 %, у Емене — 87 % апытаных.

Радыкалы і карупцыя

Адзіным «значным вынікам» «арабскай вясны» стала ўзмацненне пазіцыі радыкальных ісламістаў, адзначыў gazeta.ru прэзідэнт расійскага Інстытута Блізкага Усходу Яўген Сатаноўскі. «Гэта адбылося, напрыклад, у Егіпце, Сірыі, Лівіі і Емене. Менавіта ў ходзе «арабскай вясны» пра сябе заявілі сілы, што найбольш радыкальным чынам аспрэчваюць статус-кво, які існуе ў рэгіёне — «Ісламская дзяржава» і курды. Яна прывяла да ўлады ісламістаў. Дзесьці надоўга, як у Тунісе, хоць яны не манапалізавалі ўладу, дзесьці на год, як у Егіпце, дзесьці разбурыла дэ-факта краіну — у Емене сапернікамі Салеха былі ісламісты. Ніколі мяцяжы, бунты, перавароты, у якіх выйграюць ісламісты, не прыводзяць да паляпшэння ні для каго, акрамя іх», — адзначыў эксперт.

Больш за тое, пратэсты абрынулі эканоміку. Па падліках Міжнароднага валютнага фонду, страты краін, якія ўдзельнічалі ў канфліктах, склалі больш чым 55 мільярдаў долараў. Пры гэтым страчаны эканамічны рост за перыяд з 2011 года перавысіў $614 млрд. Яшчэ адным вынікам «арабскай вясны» стаў паток бежанцаў, якія рванулі ў Еўропу. Міграцыйны крызіс, з якім сутыкнуўся Еўрасаюз, да гэтага часу не вырашаны.

Даследаванне грамадскай думкі, якое ў кастрычніку правёў Арабскі цэнтр даследавання палітыкі, стала найбуйнейшым у гісторыі Блізкага Усходу. 900 сацыёлагам спатрэбілася амаль 70 тысяч гадзін працоўнага часу, усяго яны праехалі 820 тысяч кіламетраў, каб апытаць 30 тысяч чалавек у 13 краінах — у Маўрытаніі, Марока, Алжыры, Тунісе, Егіпце, Судане, Палесціне, Ліване, Іарданіі, Іраку, Саудаўскай Аравіі, Кувейце і Катары. Паводле даных цэнтра, 91 працэнт апытаных лічыць, што ў іх краінах высокая карупцыя.

Моладзь без работы

У дзясятую гадавіну пачатку «арабскай вясны» эксперты Савета па міжнародных адносінах (Councіl on Foreіgn Relatіons, CFR — самая магутная прыватная арганізацыя па ўплыве на знешнюю палітыку ЗША) правялі параўнанне эвалюцыі краін арабскага свету да і пасля гэтых падзей. Высновы несуцяшальныя — паўстанні прывялі да жахлівага і працяглага гвалту, масавай міграцыі і абвастрэння рэпрэсій у некаторых частках рэгіёна.

Ніякага ўстойлівага прагрэсу ў краінах, ахопленых пратэстамі «арабскай вясны», па даных CFR, не адбылося. Савет спасылаецца на «індэксы дэмакратыі» іншай амерыканскай ліберальнай структуры — Freedom House. Гэта ангажаваная крыніца, якая тым не менш прызнаецца, што свабода прэсы ў рэгіёне сёння горшая, чым у гады да паўстанняў.

«Арабская вясна», адзначае CFR, прывяла да істотнага зніжэння ўзроўню жыцця, перш за ўсё ў ахопленых вайной Сірыі, Лівіі і Емене. Надзеі моладзі, якая была адным з рухавікоў пратэстаў, на паляпшэнне свайго становішча не апраўдаліся: «Беспрацоўе сярод моладзі ў рэгіёне застаецца самым высокім у свеце і абвастрылася ў шэрагу краін, у некаторых выпадках распальваючы [новыя] пратэсты», — адзначаюць эксперты.

Карупцыя, супраць якой выступалі пратэстоўцы, нікуды не падзелася. Больш за тое, даныя Сусветнага банка сведчаць аб тым, што сітуацыя і ў гэтай сферы пагоршылася. У многіх выпадках замежнае ваеннае ўмяшанне ўзмацніла гвалт і беспарадкі, адзначае CFR. Колькасць бежанцаў з Сірыі і ўнутрана перамешчаных асоб у мінулым годзе склала амаль 13 мільёнаў чалавек, з Емена — 3,7 мільёна, з Лівіі — каля 400 тысяч.

У прадчуванні хвалі 2.0

Як заўважыў колішні пасол Вялікабрытаніі ў Сірыі і Бахрэйне Пітэр Форд, «арабская вясна» выдахлася яшчэ ў 2014 годзе — калі тыя, хто выйшаў на вуліцы, спалохаліся таго, што зрабілі. Але цяпер ужо трэба казаць аб сезоне больш страшным — «арабскай зіме». Людзі сталі жыць горш — і яны зноў выходзяць на дэманстрацыі. І зноў будуць забіваць адзін аднаго».

«Дэмакратыя прадугледжвае эвалюцыйны шлях развіцця, а не гвалтоўную змену ўлады і грамадскага ладу. Пераўтварэнні павінны натуральна абнавіць краіну. У той час як «арабская вясна» — гэта кантраляванае падрыванне дзяржаў знутры, якое прывяло да жахлівага ўзрушэння», — заўважыў rіafan.ru эксперт расійскай Асацыяцыі ваенных палітолагаў Андрэй Кошкін.

Прычым разбуральная хваля зноў набірае моц. «Праз дзесяць гадоў людзі па ўсім рэгіёне ўсё яшчэ падпальваюць сябе ў знак пратэсту: ад Судана да Лівана і Егіпта. Умовы, якія справакавалі паўстанні ў арабскіх краінах, у тым ліку карупцыя, крах эканомікі і пагаршэнне ў сферы сацыяльных паслуг, толькі ўзмацніліся ў многіх краінах, яны ўскладніліся пандэміяй. Паўсюдная няздольнасць рэгіянальных урадаў ліквідаваць гэтыя першапрычыны прывяла да «арабскай вясны 2.0»: новага вітка паўстанняў, падчас якіх пратэстоўцы патрабуюць паляпшэння якасці жыцця», — адзначыла рэдактар Mіddle East Eye Меган О'Тул.

У мінулым годзе ў рэгіёне пракацілася другая хваля пратэстаў. Аднак COVІD-19 фактычна паставіў на паўзу пратэсныя рухі, якія зноў пачалі набіраць абароты ў рэгіёне. Нягледзячы на «каранавірусную паўзу» ў пратэстах, пандэмія, дакладней, справакаваны ёю беспрэцэдэнтны эканамічны крызіс, можа стаць яшчэ адным каталізатарам рэвалюцый на Блізкім Усходзе. Як лічыць прафесар Ашкар з Лонданскага ўніверсітэта, ковід стварыў яшчэ больш спрыяльнае асяроддзе для сацыяльнага выбуху. «Пацярпелі нават багатыя арабскія краіны, чыя эканоміка моцна залежыць ад экспарту нафты, цэны на якую ўпалі, — падкрэсліў эксперт. — Значыць, эканамічная і сацыяльная сітуацыя сталі яшчэ больш напружаныя». Рэгіён зноў у прадчуванні ўзрушэнняў.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Дзясяты вал

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.