Вы тут

Адбылася сустрэча, прысвечаная беларускай прэм’еры дакументальнага фільма «Дзе ты, Адам?»


На мінулым тыдні ў Доме прэсы адбылася сустрэча, прысвечаная беларускай прэм’еры дакументальнага фільма «Дзе ты, Адам?». Кінастужка апавядае пра жыццё манахаў старажытнага манастыра Дахіяр, што месціцца на святой гары Афон у Грэцыі.


Кадр з фільма «Дзе ты, Адам?»

Меркаваннямі падчас сустрэчы падзяліліся прадзюсар стужкі дыякан Аляксандр Пліска, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ іераманах Афанасій Сакалоў, выконваючы абавязкі старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ Мікалай Ліс, іпадыякан Аляксей Хацкевіч.

Аляксандр Пліска расказаў журналістам шмат цікавых падрабязнасцей стварэння карціны. Напрыклад, высветлілася, што фільм здымаўся ажно 4 гады, а з моманту нараджэння ідэі прайшло ўвогуле 13! «Галоўны герой, ігумен манастыра нябожчык Рыгор, не пагаджаўся на здымкі 8 гадоў. Ён баяўся, што мы яму наладзім чалавечую славу, што пабудуем яму помнік», — распавёў айцец Аляксандр.

Наконт іншых тонкасцей стварэння кінастужкі прадзюсар паведаміў: «У фільме няма нічога штучнага: ні напісаных прамоў, ні просьбы што-небудзь сказаць, ні ўвогуле пастановачных сцэн. Гэта абсалютна чысты дакумент. Тое, што бачылі мы і што бачыла наша камера. Некаторыя думаюць нават, што яна была схаваная. Не, гэта вельмі далікатная праца рэжысёра Аляксандра Запарошчанка».

На пытанне журналісткі аб цікавасці карціны для людзей, далёкіх ад веры, айцец адказаў забаўнай гісторыяй. Паводле яго слоў, два гады таму, калі стужка ўпершыню дэманстравалася на вялікім экране (дарэчы, у Мінску), арганізатары паказу дзеля эксперымента запрасілі на яго 60 студэнтаў з філалагічнага і філасофскага факультэтаў. Дамовіліся, каб абавязкова былі тыя, хто ніводнага разу ў жыцці не пераступаў парог храма. Студэнты выходзілі пасля і казалі: «Гэта неверагодна! Гэта “Зоркавыя войны!”»

— Для такога фільма не існуе ні палітычных, ні канфесійных, ні рэлігійных, ні нацыянальных межаў. Калі мяне аднойчы спыталі, пра што кінастужка, я сказаў: «Гэты фільм пра цябе!» Яго сюжэт разгортваецца на тэрыторыі сэрца гледача, — дадае прадзюсар карціны.

Іераманах Афанасій Сакалоў выказаў меркаванне, што фільм мае асаблівую важнасць для беларускіх гледачоў, бо на Афоне шмат манахаў беларускага паходжання. Акрамя таго, месца вельмі папулярнае сярод паломнікаў, але не кожны можа дазволіць сабе наведаць святыя мясціны. Кінастужка, як лічыць іераманах Афанасій, робіць тое магчымым, таму што перадае саму сутнасць Афона.

Іншыя ўдзельнікі прэс-канферэнцыі падзяліліся ўражаннямі ад прагляду. Напрыклад, іпадыякан Аляксей Хацкевіч выказаўся наступным чынам: «Неабходна, як паветра, — усё, што можна сказаць пра гэты фільм».

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Загаловак у газеце: Гэты фільм пра цябе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.