Вы тут

Танец у жыцці, жыццё ў танцы


Ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі прысвоена Ніне Мікалаеўне Дзьячэнцы — выкладчыцы народнага (характэрнага) і беларускага танца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Значэнне педагога-рэпетытара ў балетным тэатры велізарнае, хоць роля часта бывае недаацэнена. Нямногія, на жаль, звяртаюць увагу ў афішы на той радок, дзе напісана імя педагога. Аднак самі артысты і дасведчаны глядач шануюць добрага выкладчыка не менш, чым пастаноўшчыка.


Ніна Дзьячэнка.

Н. Дзьячэнка заявіла пра сябе спачатку як таленавітая танцоўшчыца, затым як выдатны педагог. Яна адносіцца да ліку тых, што не засталіся незаўважанымі дзякуючы свайму арыгінальнаму «почырку» і высокаму прафесіяналізму.

Ніна Мікалаеўна — артыстка балета, харэограф, заслужаная артыстка РСФСР. Усё яе жыццё — у танцы. Скончыўшы Пермскае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, яна паспяхова выступіла ў партыі Анітры («Пер Гюнт») і паказала сябе як перспектыўную характэрную танцоўшчыцу. Два гады працавала ў Львоўскім тэатры оперы і балета і дваццаць — у Пермскім тэатры оперы і балета імя П. І. Чайкоўскага. Тут салістка балета выканала свае вядомыя партыі: Вулічная танцорка, Мерседэс, Цыганка («Дон-Кіхот»), Маладая Панна, Чорная жонка, Зарэма («Бахчысарайскі фантан»), Егіпецкая танцоўшчыца, Эгіна («Спартак»), Фея Бэзу («Спячая прыгажуня»), Каралева («Тры мушкецёры»), Салістка («Іспанскія мініяцюры»), Графіня («Тры карты»), Сіньёра Капулецці («Рамэа і Джульета»), Тэрэза («Прывал кавалерыі»), Кармэн («Кармэнсюіта»), Фартуна («Арфей і Эўрыдыка») і інш.

Танцоўшчыца яркіх, насычаных харэаграфічных вобразаў і востраканфліктных сітуацый, Н. Дзьячэнка арганічна спалучала задуму балетмайстра са сваімі багатымі выразнымі магчымасцямі і акцёрскім тэмпераментам. Найбольш ярка гэта праявілася ў спектаклі «Іспанскія мініяцюры», дзе яна выступіла не толькі як выканаўца адной з галоўных партый, але і як асістэнт балетмайстра. Выступленне Н. М. Дзьячэнкі ў дывертысментах з яе партнёрам І.  Шапавалавым было вельмі запамінальным. Замежная прэса іх дуэт называла «бліскучым, непараўнальным». Фрагмент іх выступлення ўвайшоў у фільм «І зноў прэм’ера», які быў зняты ў 1981 годзе Пермскай студыяй тэлебачання і прысвечаны творчасці Н. Дзьячэнкі. Тонкасць, грацыя, адточанасць рухаў, высокая тэхнічнасць, адчуванне стылю — усё гэта імгненна счытваецца гледачом.

Ніна Мікалаеўна адной з першых у Пярмі была ўдастоена правядзення творчага вечара, праграма якога ўключала прэм’еру аднаактовага балета «Клеапатра» (1-е аддзяленне) і рознахарактарны дывертысмент (2-е аддзяленне). Апошнія гады працы ў Пермскім тэатры оперы і балета Н. Дзьячэнка спалучала з выкладаннем характарнага танца ў харэаграфічным вучылішчы. А потым адбыўся пераезд у Мінск.

— У 1985 годзе майго мужа, народнага артыста Расіі спевака Эдуарда Пелагейчанку, запрасілі працаваць у Беларускі тэатр оперы і балета. Разам з ім перабралася ў Мінск і я. На той час я яшчэ была ў добрай балетнай форме, але разумела: тое, што даруюць мне як салістцы пермскай трупы, у якой пратанцавала дваццаць два гады, там, не даруюць тут. I таму вырашыла скончыць сваю сцэнічную кар’еру і працаваць толькі як педагогрэпетытар, — расказвае Ніна Мікалаеўна.

У Мінску Н. Дзьячэнка выдатна праявіла сябе як выкладчык народна-сцэнічнага танца, працуючы ў харэаграфічным вучылішчы, а затым — як галоўны балетмайстар Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Ніна Мікалаеўна здолела стварыць такую балетную трупу тэатра, якая ўяўляла сабой дзейсны творчы арганізм, здольны ажыццяўляць самастойныя пастаноўкі. Так, ужо праз некалькі гадоў сваёй плённай працы ў Музычным тэатры яна выхавала вядомую пару — Юлію Дзятко і Канстанціна Кузняцова, якія сталі лаўрэатамі некалькіх міжнародных балетных конкурсаў. Дзякуючы прафесіяналізму Ніны Мікалаеўны на сцэне Музычнага тэатра былі пастаўлены «Жызель», «Іспанскі дывертысмент», «Новыя амазонкі», «Вальпургіева ноч», «Па-дэкатр» і інш. З многімі спектаклямі беларуская балетная трупа выступала на гастролях за мяжой.

Сёння Ніна Мікалаеўна Дзьячэнка працуе педагогам у  Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы. У выкладчыцкай дзейнасці яна цвёрда трымае ўдар і перадае маладому творчаму пакаленню свой багаты прафесійны вопыт, набыты за многія гады працы як на сцэне, так і за кулісамі. Н. Дзьячэнка — узор высокага прафесіяналізму і адданасці сваёй справе, асоба, якая, змяніўшы краіну пражывання, засталася нязменнай сваім прынцыпам, а таму і здолела зрабіць вялікі ўнёсак у развіццё беларускага музычнага мастацтва.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота з сайта Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».