Вы тут

Забароненае кіно: як працавала кінацэнзура ў БССР


Асабліва раззлавалі экспертаў апошнія словы сцэнарыя Уладзіміра Караткевіча: «Слава сыну божаму! Гора сыну чалавечаму!»

Кінематограф у СССР лічыўся галоўным з усіх мастацтваў, партыйныя ідэолагі надавалі яму значэнне найважнейшага сродку выхавання і прапаганды. Кінавытворчасць у БССР, з аднаго боку, знаходзілася пад кантролем саюзна-рэспубліканскага Міністэрства кінематаграфіі, з другога — кантралявалася беларускім і агульнасаюзным партыйнымі кіраўніцтвамі. Там выносіўся канчатковы прысуд сцэнарыям і гатовай кінапрадукцыі, прынятай мастацкім саветам кінастудыі «Беларусьфільм». Удзел Галоўліта БССР у працэсе цэнзуравання кінапрадукцыі абмяжоўваўся кантролем сцэнарыяў і ў асобных выпадках зманціраванага матэрыялу дакументальных фільмаў.


17 снежня 1924 года было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі «Белдзяржкіно», якое мела манапольнае права на пракат фільмаў на тэрыторыі рэспублікі. Яно ж давала дазвол на кіназдымкі ўнутранага жыцця БССР па ўзгадненні з НКУС. Адначасова са стварэннем «Белдзяржкіно» пры агітацыйна-прапагандысцкім аддзеле ЦК КП(б)Б паўстаў кінакамітэт, які акрамя арганізацыйных і тэхнічных пытанняў разглядаў і зацвярджаў змест сцэнарыяў. Напрыклад, са сцэнарыя кінахронікі БССР за 1925 год членамі камітэта быў выкраслены сюжэт пра прызначаных адказных работнікаў. Выклікаў пытанні сюжэт пра ліквідацыю ў Мінску старых яўрэйскіх могілак і брукаванне вуліц магільнымі плітамі.

З 46 фільмаў 18 былі забаронены

Палітычны кантроль кінавытворчасці ўзмацніўся пасля партыйнай нарады па пытаннях кіно, якая адбылася ў лютым 1928 года. Спробы адыходу ад звыклых агітацыйна-прапагандысцкіх стэрэатыпаў адразу ж выклікалі негатыўную рэакцыю цэнзуры. Так было з гісторыка-рэвалюцыйным фільмам «Першы ўзвод», знятым Корш-Сабліным у 1932 годзе, і карцінай аб сучаснасці «Двойчы народжаны» (рэжысёр — Аршанскі, 1933 год).

Не ўбачылі шырокага экрана сатырычныя стужкі «Хамелеон» (рэжысёр — дэбютант Леўшын, 1930 год), «Інжынер Гоф» (рэжысёры — Шпіс і Мільман, 1935). Фільм «Салавей» паводле вядомай аповесці Змітрака Бядулі (рэжысёр — Аршанскі, 1937 год) — адзіная экранізацыя твора беларускай літаратуры ў 1930-я гады — быў забаронены загадам Дзяржаўнага ўпраўлення кінематаграфіі СССР. І толькі пасля шматлікіх зваротаў «Белдзяржкіно» ў Маскву фільм дазволілі да паказу толькі ў беларускім рэспубліканскім кінапракаце. Героіка-рэвалюцыйнаму фільму «Балтыйцы» саюзны Галоўрэперткам доўгі час не адважваўся выдаць пашпарт. Маскоўскіх цэнзараў стрымлівалі сумненні адносна таго, як у беларускай карціне быў выведзены вобраз Сталіна. У 1939 годзе агітацыйна-прапагандысцкі аддзел ЦК КП(б)Б з-за эпізода, дзе гераіня крыўдзіць героя-стаханаўца, уключыў у катэгорыю «не рэкамендаваных да прагляду» фільм Корш-Сабліна «Маё каханне». Партыйных ідэолагаў не спыніла тое, што да таго часу фільм карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю ў СССР, а яго ардэнаносны рэжысёр, лаўрэат Сталінскай прэміі, з'яўляўся мастацкім кіраўніком беларускай кінастудыі.

У адной з найлепшых на той час стужак — «Двойчы народжаны» з Крыловічам у галоўнай ролі (рэжысёр — Аршанскі, сцэнарый Кобеца, 1933) замянілі 5-ю частку, прыбраўшы з яе партрэт «ворага народа», старшыні ЦВК БССР Чарвякова. Падобныя аперацыі праводзіліся над стужкамі «Вяртанне Натана Бекера» (рэжысёр — Шпіс, 1932), «Сосны шумяць» (рэжысёр — Малчанаў, 1928) і іншымі. Яшчэ большую работу па «кастрацыі» цэнзарам давялося зрабіць у кінахроніцы — знішчальныя нажніцы прайшліся па кожнай стужцы. У 1930-я гады шэраг беларускіх кінакарцін быў фізічна знішчаны. Так, не ўратавала імя заснавальніка беларускага кінематографа Юрыя Тарыча ад гэтага лёсу яго фільм пра дэзерціра-чырвонаармейца «Уцекачы».

Кадр з кі­на­філь­ма «Ляс­ная быль»,  за­ба­ро­не­ны Га­лоў­рэ­перт­ка­мам БССР у кан­цы 1930-х гадоў.

У жніўні 1937 года кіраўнік трэста «Белдзяржкіно» Конік паведаміў у Дзяржаўнае ўпраўленне кінематаграфіі ў Маскву, што з 46 мастацкіх фільмаў, створаных за дзесяць гадоў існавання беларускага кіно, 18 былі забаронены для паказу. Акрамя таго, былі «зняты» ўсе дакументальныя карціны для знішчэння «шкодных» кадраў.

Палескіх рабінзонаў мусіў паспяхова адшукаць райкам, а не паляўнічы Якуб

У жніўні 1946 года выйшла ініцыяваная сакратаром ЦК ВКП(б) Жданавым пастанова «Аб кінафільме «Вялікае жыццё», якая на доўгія гады закрыла шлях да экрана шэрагу карцін, а таксама паставіла тэму сучаснасці ў кіно на мяжу знікнення. Сталінская ідэя выпуску ў СССР невялікай колькасці мастацкіх фільмаў, але выключна кінашэдэўраў, а таксама барацьба з касмапалітамі, падчас якой пацярпела шмат кінадзеячаў, прывялі да рэзкага скарачэння кінавытворчасці ў краіне — да дзевяці фільмаў у год.

Меркавалася, што адным з падобных кінашэдэўраў у БССР павінна была стаць карціна «Канстанцін Заслонаў», работа над якой распачалася ў 1945 годзе. Ад пачатку гэты праект ішоў цяжка. З-за канфлікту на студыі рэжысёрам карціны адмовіўся быць Саннікаў. Калі мастацкі савет міністэрства кінематаграфіі БССР у 1948 годзе рэкамендаваў літаратурны сцэнарый Маўзона да пастаноўкі, і на яго была надрукавана станоўчая рэцэнзія ў партыйнай газеце «Культура и жизнь», да сакратара ЦК КП(б)Б Іоўчука звярнуўся былы намеснік камандзіра партызанскай брыгады імя Заслонава па разведцы Андрэеў. Ён, у прыватнасці, пісаў, што «...сцэнарый Маўзона «К. Заслонаў» з'яўляецца вынікам несур'ёзнага і глыбока памылковага стаўлення да гэтай важнай тэмы, ён скажае і не раскрывае перад гледачом маральна-палітычнае аблічча, буйны арганізацыйны і баявы талент легендарнага народнага беларускага героя».

Пасля зацвярджэння літаратурнага сцэнарыя некалькі варыянтаў «Канстанціна Заслонава» (аўтары — Корш-Саблін і Файнцымер) абмяркоўваліся (чытай — цэнзураваліся) на самым высокім узроўні — у ЦК КП(б)Б. У выніку гэтага з'явілася сцэна, дзе жыхары рэспублікі слухаюць прамову Сталіна 3 ліпеня 1941 года. Быў зроблены акцэнт на моцным супраціўленні Чырвонай Арміі ў першыя дні вайны, арганізаваную эвакуацыю прамысловасці. Нарэшце, сцэнарый «узбагаціўся» эпізодам, у якім Заслонава з заданнем на акупаваную тэрыторыю адпраўляе сакратар ЦК КП(б)Б. Гэтая міфалагізаваная версія сцэнарыя была адпраўлена для зацвярджэння ў Маскву загадчыку аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) Шэпілаву і міністру кінематаграфіі СССР Бальшакову.

Пасля вяртання сцэнарыя з Масквы, у студзені 1949 года, Корш-Саблін быў вымушаны ўнесці ў яго новыя змены: 1. Замест сцэны ў кабінеце Сталіна была дадзена сцэна прыёму Заслонава сакратаром ЦК КП(б)Б. 2. Са слоў Заслонава адабраны разважанні пра «рэйкавую» вайну, каб у гледача не ўзнікла ўражанне, што ён быў ініцыятарам апошняй. 3. Выпраўлены ўсе месцы, дзе Заслонаў быў паказаны як недастаткова вопытны кіраўнік барацьбы з фашыстамі, а таксама эпізоды, дзе фашысты былі паказаны дурнямі. 4. Зусім адабраны ўсе размовы Заслонава з Хіртам пра нібыта хуткі захоп немцамі Масквы. 5. Вобраз кіраўніка партыйнага падполля Кораня паглыблены, узмоцнена сцэна, дзе ён па радыё даведваецца пра разгром немцаў пад Масквой. 6. Выпраўлена сцэна ў канцы фільма, дзе Заслонаў павольна сыходзіў на вачах у немцаў (у новай версіі ён адступаў ужо з боем).

Сцэнарый мастацкага фільма «Палескія рабінзоны» яго аўтар Блажэвіч таксама перарабляў некалькі разоў, прычым заўвагі мінскіх партыйных функцыянераў пераўзыходзілі па колькасці і абсурднасці прэтэнзіі маскоўскага кінаначальства. Так, аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б прапанаваў у 1948 годзе наступныя змены ў сцэнарый фільма: «Паказаць хоць бы ў некалькіх кадрах, як у глухія, адарваныя ад шырокіх дарог мядзведжыя куты Палесся пранікала савецкая культура...», «...як выконваецца дзяржаўны план па асушэнні Палескай нізіны», «...піянеры не павінны дасылаць ліст-абавязацельства ў «Піянерскую праўду» дапамагчы навуковай экспедыцыі ў пошуку прыродных багаццяў без ведама сваіх кіраўнікоў», «...чаму райкам апынуўся бездапаможны ў пошуку зніклых піянераў, якіх па ўласнай ініцыятыве расшуквае паляўнічы Якуб» і да т. п.

Падчас экранізацыі аповесці «Трэцяя ракета» права ўмешвацца ў кінапрацэс мелі каля 60 чыноўнікаў

У пасляваенны пракат «трафейных» нямецкіх і (пераважна) амерыканскіх фільмаў трапляе традыцыя «кастрацыі» замежнага кіно ў СССР. Карціны скарачалі, пераймяноўвалі, здымалі з тытраў краіну вытворчасці.

У арыгінальным выглядзе ў савецкім пракаце не дэманстраваўся ніводны замежны фільм. Цэнзараў не задавальнялі эпізоды, якія, на іх думку, змяшчалі эротыку, жорсткасць, палітыку альбо не ўкладваліся ў часавыя пракатныя патрабаванні (паўтары гадзіны).

Абнаўленне савецкага кіно ў перыяд хрушчоўскай «адлігі» суправаджалася яго вяртаннем на міжнародную арэну, значным павелічэннем колькасці карцін і прыходам маладога пакалення творцаў. Лібералізацыя грамадскага жыцця, некаторыя цэнзурныя паслабленні, канешне, не азначалі адмену ідэалагічнага кантролю на такім важным участку, як кіно. У часы «адлігі» карціны ўжо не знішчалі, але іх марудна і цяжка прымалі на розных узроўнях, дзе аўтараў прымушалі зрабіць бясконцую колькасць правак. Менавіта ў гэты час з'явіўся феномен «паліцы», на якую фільм трапляў, калі яго непрымальнасць высвятлялася пасля здымак і мантажу.

Зачэпкі для цэнзурнага ўмяшання маглі быць розныя: ідэалагічныя памылкі, неадпаведнасць эстэтычным канонам сацрэалізму, афіцыйным уяўленням пра мараль, эміграцыя аўтараў або іх відавочная нядобранадзейнасць, нарэшце, абарона інтарэсаў зацікаўленых ведамстваў — ад сельскай гаспадаркі да космасу. Забарона гатовай карціны лічылася надзвычайным захадам, таму крамолу імкнуліся знішчаць у зародку, на ўзроўні сцэнарыя, а «памылковыя» эпізоды пераздымаць або выразаць.

У перыяд «адлігі» ў вытворчасці беларускіх фільмаў акрамя здымачнай групы «ўдзельнічалі» аддзелы прапаганды і агітацыі, а таксама культуры ЦК КПБ, Галоўліт БССР, ваенная цэнзура, Дзяржкамітэты па кінематаграфіі (беларускі і агульнасаюзны), сцэнарна-рэдакцыйная калегія і мастацкі савет кінастудыі, а таксама створаны ў 1962 годзе. Саюз кінематаграфістаў БССР. Значная частка прадукцыі кінастудыі «Беларусьфільм» была прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя карціны акрамя вышэйзгаданых інстанцый праходзілі цэнзураванне ў палітычным упраўленні Беларускай ваеннай акругі, а таксама ў Галоўным палітычным упраўленні Узброеных Сіл. У 1963 годзе. Васіль Быкаў падчас здымак фільма па яго аповесці «Трэцяя ракета» (рэжысёр — Віктараў) падлічыў, што права ўмешвацца ў кінапрацэс мела каля 60 чалавек. Кожны з іх штосьці забараняў, змяняў, патрабаваў.

Старшыня Дзяржкіно БССР Паўлёнак асабіста кантраляваў працэс здымак «Альпійскай балады», папракаючы Васіля Быкава: «...збеглы з фашысцкага палону чырвонаармеец скардзіцца італьянцы на несправядлівасць сацыялістычнага ладу». Ад аўтара сцэнарыя фільма «Сыны ідуць у бой» Алеся Адамовіча ён патрабаваў, каб той прыбраў «...спачуванне да немчыкаў, якія церпяць ад рускіх марозаў».

Кадр з фільма «Альпійская балада»

Увесь склад сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі выступіў супраць Караткевіча

Галоўнай задачай, якую партыйнае кіраўніцтва ставіла перад кінагаліною ў пастанове, было камуністычнае выхаванне працоўных. Папулярнасць кіно не зніжалася (у 1962 годзе
ў рэспубліцы было прададзена 115 млн квіткоў на кінасеансы), а гэта значыць, яно павінна было вырашаць выхаваўчыя задачы. У якасці аднаго з найважнейшых інструментаў ідэалагізацыі кіно аўтары пастановы па-ранейшаму бачылі прэвентыўную цэнзуру. Увосень 1962 года быў зацверджаны склад сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», работа яе стала рэгулярнай. Галоўным рэдактарам калегіі стаў Аркадзь Куляшоў (неўзабаве яго змяніў Максім Лужанін). Адначасова павысілася адказнасць за ідэйна-мастацкую якасць прадукцыі мастацкага савета кінастудыі, які ўзначальваў дырэктар «Беларусьфільма» Дорскі.

Першапачаткова органы прэвентыўнай кінацэнзуры цалкам не спраўджвалі спадзяванні партыйнага кіраўніцтва. У 1965 годзе сцэнарна-рэдакцыйная калегія двойчы абмяркоўвала матэрыял фільма «Любімая» рэжысёра Віктарава. Але, па словах старшыні Дзяржкіно БССР Паўлёнка, заўвагі членаў калегіі толькі часткова палепшылі якасць карціны (Віктарава абвінавачвалі ў апашленні кахання, скажэнні сацыялістычнай рэчаіснасці і іншым). У выключных выпадках кінастудыя атрымлівала загад на забарону з «самага верху». Пасля разгромнай крытыкі творчасці Васіля Быкава на з'ездзе Саюза пісьменнікаў у 1966 годзе загадам з ЦК была спынена падрыхтоўка дыпломнай работы рэжысёра Мартынюка — фільма паводле аповесці Быкава «Пастка».

У кінавытворчасці саюзных рэспублік, у тым ліку ў БССР, ідэалагічны дыктат быў больш жорсткі, чым у Маскве. Беларускія кінематаграфісты існавалі ў рэжыме двайной цэнзуры, калі маскоўскія цыркуляры дапаўняліся службовай стараннасцю мясцовых улад. Пачынаючы з 1960-х гадоў, іх асаблівую ўвагу прыцягвалі спробы кінематаграфістаў даць уласную інтэрпрэтацыю далёкіх і блізкіх падзей айчыннай гісторыі.

Адразу ж пасля вяртання з Вышэйшых сцэнарных курсаў у Маскве з беларускай кінацэнзурай сутыкнуўся Уладзімір Караткевіч. У 1963 годзе ён перадаў на «Беларусьфільм» свой дыпломны сцэнарый — філасофскую прытчу «Гнеўнае сонца палючае». З ім узяўся працаваць малады беларускі рэжысёр Ігар Дабралюбаў. Але ўвесь склад сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі на чале з Максімам Лужаніным выступіў супраць гэтага твора Караткевіча, і фільм не стаў рэальнасцю. У наступныя гады супрацоўніцтва пісьменніка з кінастудыяй было больш плённае — выйшлі знятыя па караткевічаўскіх сцэнарыях дакументальныя карціны «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967).

Аднак у 1965 годзе сцэнарый мастацкага фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» зноў сустрэў супрацьдзеянне на ўзроўні сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі. Неўзабаве Дзяржкіно БССР атрымала адмоўны водгук на сцэнарый з Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР. У ім, у прыватнасці, адзначалася, што аўтар «не паказвае шкоднасць рэлігійнай ідэалогіі...», «правакуе на нядобразычлівае стаўленне да веруючых». Асабліва раззлавалі экспертаў савета апошнія словы сцэнарыя: «Слава сыну божаму! Гора сыну чалавечаму!» У 1967 годзе работу над карцінай спыняў асабіста начальнік Галоўнага ўпраўлення мастацкай кінематаграфіі Камітэта па кінематаграфіі пры Савеце Міністраў СССР. У 1968 г. ён жа адмовіўся прымаць карціну з-за «недакладнай ідэйнай канцэпцыі і стылістычнага рашэння». Перайменаваная ў «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка», пасля дванаццаці рэдактур, скарачэнняў і перазапісаў карціна ў рэшце рэшт была пакладзена «на паліцу», бо «шаржыраваны паказ царкоўнікаў крыўдзіў пачуцці вернікаў». Па словах яе рэжысёра Бычкова, у «Жыцці...» камусьці з кіраўніцтва ўбачыўся намёк на Хрушчова, якога, як і Хрыста, пакінулі ўсе верныя паплечнікі. Не менш палохала маскоўскае кіраўніцтва беларуская гісторыя, нацыянальны каларыт фільма.

З фільма зніклі песні Высоцкага

Афіша да фільма «Я родам з дзяцінства»

У другой палове 1960-х гадоў маскоўскае кінакіраўніцтва выказвала заўвагі з мэтай «паляпшэння ідэйна-мастацкай якасці» беларускім карцінам «Колькі лет, колькі зім» (рэжысёр — Фігуроўскі), «Тысяча вокнаў» (рэжысёры — Спешнеў і Рагавы).

У 1967 годзе яно адхіліла сцэнарый фільма «Я, Францыск Скарына» Садковіча, а кінастудыі «Беларусьфільм» рэкамендавалі сканцэнтравацца на вытворчасці сцэнарыяў, прысвечаных тагачаснай беларускай рэчаіснасці. Годам раней па ўказанні з Масквы з мастацкага фільма рэжысёра Турава «Я родам з дзяцінства» зніклі песні Высоцкага «Пра шпіталь» і «Штрафныя батальёны», у якіх надта моцна адчуваўся іх аўтар.

Цяжка ствараліся рэжысёрам Туравым мастацкія фільмы па раманах Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». У іх уносілі праўкі прадстаўнікі ўсіх магчымых «інстанцый» — мастацкага савета кінастудыі, Дзяржкіно рэспублікі, аддзела культуры ЦК КПБ, Дзяржкіно СССР. Патрабавалі прыбраць пралог, прысвячэнне фільма, рэпліку гераіні, дзе яна згадвала сваіх раскулачаных бацькоў і іншае. Адамовіч быў сведкам, як рэжысёр даволі смела для таго часу супрацьстаяў «кастрацыі» дылогіі аб партызанах. Калі аднойчы сакратар ЦК па ідэалогіі Пілатовіч «выгаворваў» аўтарам, Тураў, не стрымаўшыся, запярэчыў: «А чаму вы лічыце, што ваша думка ў кіно самая галоўная?» Адказ быў безапеляцыйны: «Таму што мы пастаўлены кіраваць...» Больш падрабязна пра складаны шлях гэтых фільмаў да гледача распавёў сам Тураў ва ўспамінах пра Высоцкага: «Яны два з нечым года ляжалі на паліцах, іх сур'ёзна парэзалі, і цяпер яны існуюць зусім не ў тым выглядзе, як былі задуманы першапачаткова».

Па словах Алеся Адамовіча, больш за ўсё прэтэнзій на розных узроўнях да аўтараў было за негераічны паказ партызанскай барацьбы. Аўтараў жа цікавілі не баявыя дзеянні, а вайна ў саміх людзях, іх маральна-псіхалагічны стан. Да таго ж у фільмах песні Высоцкага былі агучаны іншым выканаўцам, бо голас Высоцкага не падабаўся прымаючым інстанцыям.

Пасля выхаду дылогіі Адамовіча і Турава на экраны яе цэнзурная гісторыя не скончылася. У лютым 1971 года ўпаўнаважаны Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў БССР у сакрэтнай справаздачы сакратару ЦК Кузьміну ўстрывожана пісаў, што ў апошні час павялічыўся выпуск кінафільмаў, дзе прапагандуюцца царкоўныя службы. «Нядаўна выйшаў на экраны рэспублікі кінафільм «Вайна пад стрэхамі» рэжысёра В. Турава, дзе дэталёва паказана богаслужэнне. Незразумела, ці то аўтары хочуць расказаць пра партызанскую яўку, ці то паказаць царкоўную службу. Хутчэй за ўсё, другое, таму што сцэна яўкі ў фільме была неабавязковая».

Каб здаць мастацкі фільм, трэба было прайсці 13 інстанцый

Сродкам цэнзуры было тыражаванне мастацкіх фільмаў. Кінаначальства патрабавала павелічэння дэманстрацыі савецкага кіно і адпаведна змяншэння замежнага, перш за ўсё фільмаў «капіталістычных» краін, пракат якіх даваў найвялікшы прыбытак. 24 студзеня 1961 г. выйшла пастанова ЦК КПСС «Аб мерах па паляпшэнні арганізацыі кінапракату», у выніку якой паступленне ў рэспубліку фільмаў вытворчасці «капіталістычных» краін значна паменшылася. Калі раней кінасетка БССР атрымлівала ў год 68 мастацкіх фільмаў, закупленых на Захадзе, то ў 1962 годзе атрымала іх толькі 20. Гэты паказчык утрымліваўся з невялікімі зменамі і надалей. Напрыклад, на 1967 год кіраўніцтва Дзяржкіно БССР замовіла ў Маскве 161 мастацкі фільм айчыннай вытворчасці (8914 копій), 60 фільмаў вытворчасці сацыялістычных краін (1802 копіі) і 24 фільмы вытворчасці «капіталістычных» краін (459 копій). Фільмы апошняй катэгорыі забаранялі паказваць на дзіцячых сеансах, па тэлебачанні, тыражаваць на вузкай стужцы. Вясковым гледачам на кінаперасоўках у 1967 г. паказалі толькі тры заходнія фільмы.

Апошні «брэжнеўскі» перыяд гісторыі савецкага кіно пачаўся з рэкорднай колькасці фільмаў, пакладзеных «на паліцу». Толькі ў 1968 годзе ў СССР іх было дзесяць. Пачынаючы з 1969 года колькасць «палічных» фільмаў скарачалася, бо пачала актыўна працаваць прэвентыўная цэнзура (сцэнарна-рэдакцыйныя калегіі і мастацкія саветы кінастудый). Кінапраекты імкнуліся не даводзіць да стану «палічных», бо студыям трэба было выконваць план і атрымліваць прэміі, а не вымовы і непрыемнасці. Прамым вынікам «прафілактычнай работы» розных інстанцый быў вал «шэрых» фільмаў, які захліснуў савецкі кінематограф у пачатку 1980-х гадоў.

Кінарэжысёр Міхаіл Пташук так апісвае работу тагачаснай сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Дзяржкіно СССР. «У самым цэнтры Масквы ёсць знакаміты асабняк, у якім яшчэ з трыццатых гадоў зацвярджаліся сцэнарыі, прызначаліся на пастаноўку рэжысёры — вырашаўся лёс усяго савецкага кіно. На чацвёртым паверсе ў маленькай душнай глядзельнай зале збіралася кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па кінематаграфіі і члены Галоўнай сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Дзяржкіно СССР. Кожны займаў сваё любімае ў гэтай зале месца, і яны, як мышы, чакалі, калі зойме свае месца старшыня альбо ягоны намеснік — тады пачынаўся прагляд фільма. Рэжысёру адводзілася месца ў куце, каля пульта. Яму казалі, калі зрабіць гучней, а калі цішэй. Падчас прагляду ніхто не перагаворваўся, усе мелі з сабой блакнот і маленькі ліхтарык, каб падчас прагляду запісваць заўвагі. Усе сцэнарыі, якія былі ў запуску на студыях краіны, работнікі камітэта ведалі на памяць, таму што сцэнарыі і рэжысёры зацвярджаліся імі…

Афі­ша мас­тац­ка­га філь­ма  «Хрыс­тос пры­зям­ліў­ся ў Га­род­ні».

Сцэнарый так фільтраваўся, што ад яго амаль нічога не заставалася. Пісалася некалькі варыянтаў, і па кожным варыянце прымаліся рашэнні, пісалася заключэнне за подпісам адказнага рэдактара Галоўнай сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Дзяржкіно СССР, накіроўвалася ў рэспубліку, дзе меўся такі ж Камітэт па кінематаграфіі з уласнай Галоўнай сцэнарна-рэдакцыйнай калегіяй, — тут прымалася рашэнне па атрыманым з Масквы заключэнні, і толькі тады накіроўвалася на студыю і рэжысёр мог з ім пазнаёміцца».

Іншы славуты беларускі кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў падлічыў, што каб здаць мастацкі фільм у эпоху «застою», трэба было прайсці 13 інстанцый — «рэдакцыйны савет, мастацкі савет, іншыя саветы, сцэнарная калегія Дзяржкіно БССР, ЦК КПБ, Дзяржкіно СССР...»

«Да мяне прыйшоў узброены нажніцамі чыноўнік з ваеннай цэнзуры і вельмі спрытна стаў рэзаць гатовую карціну проста на маіх вачах»

У 1969 годзе мастацкі савет «Беларусьфільма» прыняў, але забараніў на шырокім экране паказ дакументальнага фільма «Маршрут 13» (рэжысёр — Гаско), які быў прысвечаны першаму беларускаму рок-фестывалю, што адбыўся ў Мінску ў 1968 годзе (у 1977 годзе негатыў фільма ўвогуле змылі). Фільму не пашанцавала, бо здымаць яго пачалі да пачатку падзей у Чэхаславакіі, а здавалі мастацкаму савету ўжо пасля іх.

У справаздачы маскоўскаму кіраўніцтву за 1969 год начальнік Галоўліта БССР Маркевіч з неспакоем адзначаў, што «ў апошні час павялічыліся выпадкі прадстаўлення фільмаў кінастудыяй «Беларусьфільм» на кантроль без папярэдняга ўзгаднення з ваеннай цэнзурай». Вось як згадвае работу ваеннага цэнзара рэжысёр Дабралюбаў: «Нягледзячы на тое, што кансультантам фільма, прысвечанага лётчыкам-знішчальнікам «Таму што люблю», быў маршал авіяцыі М. С. Скрыпко, да мяне прыйшоў узброены нажніцамі чыноўнік з ваеннай цэнзуры, з засаленымі на локцях рукавамі... сеў і вельмі спрытна, прафесійна стаў рэзаць гатовую карціну проста на маіх вачах. Сэрца маё скаланулася:

— А... а... А сюжэт!?

— Што-небудзь прыдумаеце.

Здавалася, мяне аперыруюць: адразаюць руку, нагу, галаву. Я не вытрымаў і сышоў. Ён павольна дарэзаў усё, што хацеў, я толькі паглядзеў потым, што засталося — скласці з гэтага нават прыблізна добрую карціну было немагчыма».

Паралельна з актывізацыяй дзейнасці Галоўліта, ваеннай цэнзуры, а таксама прэвентыўнага цэнзурнага кантролю Дзяржкіно, узмацнілася ўвага да кінапрадукцыі партыйнага кіраўніцтва, якое па-ранейшаму валодала правам апошняга слова, альбо звышцэнзуры.

Дакументальны фільм Лысятава «Бацькоўскае поле», дзе асцярожна ўздымаліся сацыяльныя праблемы вёскі, напрыклад, масавы ад'езд моладзі ў горад, на афіцыйнай здачы быў прызнаны шкодным. Фільм паслалі на экспертызу віцебскаму партыйнаму кіраўніцтву (здымкі праводзіліся на Віцебшчыне), і тое нечакана яго падтрымала. Неўзабаве фільм падтрымаў Пётр Машэраў, і толькі пасля гэтага ён выйшаў на экраны. Машэраў выступаў арбітрам у спрэчках паміж рэжысёрам Дабралюбавым і загадчыкам аддзела культуры ЦК КПБ Антановічам падчас здымак карціны «Трэцяга не дадзена», прысвечанай партызанскаму камандзіру Васілю Каржу.

Увесну 1977 года ў Мінску адбыўся прэм'ерны закрыты паказ фільма Ларысы Шэпіцькі «Узыходжанне» па аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». На паказ з'явіўся Машэраў, які ведаў, што да фільма рэзка адмоўна ставіцца сакратар маскоўскага гаркама КПСС Грышын. Калі пасля заканчэння фільма ў зале ўключылі святло, заплаканы беларускі кіраўнік кінуўся цалаваць рэжысёрку: «Як жа вы, такая маладая дзяўчына, як жа вы здолелі?.. Так дакладна ўсё адчулі, убачылі, паказалі нас, партызан...»

Кадр з фільма «Узыходжанне»

Праз некалькі гадоў пасля публікацыі аповесці Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» на хвалі яе шалёнай папулярнасці ў 1979 годзе рэжысёр Валерый Рубінчык зняў па матывах аповесці фільм-прытчу. Каб дагадзіць цэнзарам, Караткевічу і Рубінчыку давялося неаднойчы рэдагаваць сцэнарый.

У выніку шматлікіх пераробак фільм атрымаўся не столькі экранізацыяй караткевічаўскай аповесці, колькі самастойным мастацкім творам Рубінчыка. У ім была парушана храналогія падзей, дададзены «экшн», прыбраны нацыянальны каларыт і маналогі цэнтральнага персанажа аб нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. І тым не менш пасля прагляду фільма ў закрытай кіназале ЦК КПБ ў снежні 1979 года змрочны Машэраў устаў і рэзюмаваў: «Крок назад у беларускім кіно».

Неўзабаве пасля смерці галоўны кінаглядач рэспублікі сам зрабіўся аб'ектам цэнзурнай забароны. Па загадзе партыйных органаў дакументальны фільм пра пахаванне першага сакратара ЦК КПБ Машэрава быў пакладзены на паліцу. Камусьці «наверсе» паказ народнай любові да першага прыйшоўся недаспадобы.

Дзіцячае кіно выклікала ўвагу цэнзараў не менш за дарослае. Дабралюбаў наступным чынам згадваў, як у Маскве прымалі яго дзіцячы фільм : «Ім не падабалася, што галоўны герой спявае «Песню пра трохкутнік» Высоцкага. У рэдактуры Дзяржкіно СССР нам растлумачылі: «Значыцца, так. З'язджайце дамоў у Мінск, выражце гэтую сцэну і выразаную частку прывязіце, тады будзем далей весці гаворку». Дзіцячы фільм кінарэжысёра Мартынюка «Сямейныя абставіны» па аповесці Альберта Ліханава «Падман» выйшаў вузкім пракатам з грыфам «Педагогам — толькі для спецыяльных сеансаў». Паклалі на паліцу дакументальны фільм Жданоўскага па сцэнарыі Пісьменнай і Раманава — у ім былі зняты пяцікласнікі адной з мінскіх школ, якія на ўроку разважалі пра катэгорыі свабоды і нявольніцтва.

Кадр з фільма «Іван Макаравіч»

Новы перыяд развіцця савецкага кіно вызначыў V з'езд кінематаграфістаў СССР, які адбыўся ў маі 1986 года. Адпаведна з адным з яго рашэнняў пры Саюзе кінематаграфістаў СССР паўстала канфліктная камісія, якая распачала разгляд «палічных» фільмаў і выпуск іх у пракат. Усе пацярпелыя карціны падзяляліся на безумоўна забароненыя, скалечаныя цэнзарскімі нажніцамі і фільмы фармальнага пракату, што атрымалі мізэрны тыраж копій. Члены камісіі па кожным фільме рыхтавалі заключэнне, якое перадавалася на разгляд у Дзяржкіно СССР, а калі забарона сыходіла з ЦК КПСС, дык патрабавалася ўзгадненне «на самым версе». За чатыры гады работы канфліктная камісія вярнула гледачу каля 250 карцін, адыграўшы, такім чынам, важную ролю ў дэмантажы інстытута кінацэнзуры. Сярод гэтых карцін быў фільм «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка».

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.