Вы тут

Лексіка Палесся: як фатографы візуалізуюць ідэнтычнасць беларусаў


«Прыпяць, або «припечь» — старая назва, якая яшчэ захавалася ва ўжытку на мясцовасці, азначае пясчаны нанос сярод ракі».


Спалучэнне ўнікальных слоў і ўнікальных пейзажаў... Прырода як падтэкст мовы... Культурніцкі цэнтр «Корпус» у фармаце open-aіr праводзіць фотавыстаўку «Лексіка Палесся». Вы гледзіце на ручнікі, прыдарожныя крыжы, дзівосныя рэкі і птушак — і чуеце старадаўнія словы, якія ўсё гэта суправаджаюць... Спасцігаеце таямнічае, загадкавае Палессе, якое ўразіла і Купрына, і Караткевіча...

Работы ўмоўна падзелены на тры катэгорыі: экалагічную, этнаграфічную і антрапалагічную. Відавочна, што пытанне экалагічнага стану Палесся стаіць вельмі востра. Па-першае, паўплывала меліярацыя рэгіёна, якая праводзілася ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта сказалася на ўзроўні вады ў рэках. Прыпяць, вядомая ўсім беларусам рака, пачала мялець.

І, канешне ж, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, з наступствамі якой даводзіцца працаваць нават цяпер. Чорны цень чароўнага краю…

З тэмай далікатнай экасістэмы Палесся працуюць фатографы Уладзімір Карэлін, Аляксандр Сідарэўскі і Таццяна Внучка. Яны асэнсоўваюць адну з найбольш адчувальных траўм беларусаў.

Этнаграфічны складнік «Лексікі Палесся» прадстаўлены работамі Дар'і Сапранецкай і Марыі Мароз. На фотаздымках захаваны імгненні вясковага жыцця: народныя святы, жыхары палескіх вёсак. Некаторым бабулям і дзядулям споўнілася амаль па сто гадоў. Фіксуючы прыдарожныя крыжы, ручнікі і самаробныя плеценыя капелюшы, аўтары візуалізоўваюць нацыянальны культурны код.

Апошняя катэгорыя здымкаў — антрапалагічная, якая адлюстроўвае ўзаемадзеянне чалавека з прыродай. Напрыклад, здымак Івана Восіпава: ён сфатаграфаваў спадчыннага бортніка Васіля, які дастае з калоды-вулля сцельнікі з лясным мёдам. Або серыя здымкаў Аляксея Мацюшкова, якая расказвае гісторыю вёскі Снядзін, куды няма дарогі: тая проста сыходзіць пад ваду падчас вясновай паводкі.

Вельмі цягне назваць выстаўку паэтычнай і кранальнай. Аднак, акрамя гэтага, «Лексіка Палесся» выконвае вельмі шмат важных функцый. Прадстаўленыя работы — гэта рэфлексія і асэнсаванне культурных траўм; фіксаванне былой і пошук новай ідэнтычнасцяў беларусаў; пастаноўка пытання аб экалагічных праблемах краю.

Праект арганізаваны пры дапамозе грамадскай арганізацыі аховы дзікай прыроды «Багна» і арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Удзел у выстаўцы прынялі як знакамітыя беларускія фатографы, так і самі палешукі. Пабачыць экспанаты можна будзе ў двары «Корпуса» да 31 снежня.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Максіма ТАРНАЛІЦКАГА і Дар'і САПРАНЕЦКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».