Вы тут

Распавядаем пра модныя стрыжкі хатніх жывёл


У нашы дні да хвастатых і вусатых гадаванцаў гаспадары ставяцца не менш уважліва, чым да ўласных дзяцей.


Пра моду і крэатыў

Праца грумера сезонная. І зімой якраз «несезон». Наплыў кліентаў у стылістаў чатырохногіх — вясной (асабліва калі яна, як у апошнія гады, пачынаецца раптоўна, і гаспадары разумеюць, што іх сабакі пасля зімы выглядаюць не вельмі дагледжанымі) і ўвосень, пасля дачнага сезона. Коцікаў, дарэчы, прыводзяць у гэтую пару да стылістаў не радзей, чым сабак: вясновая і восеньская лінька вусатых-хвастатых пасля стрыжкі менш праблематычная. Цяпер, не ў сезон, у Крысціны Нічыпаровіч, грумера з амаль дзесяцігадовым стажам, у дзень звычайна не больш за два-тры кліенты.

— Калі я толькі пачынала працаваць, сабакі, ды і каты траплялі да мяне ў жахлівым стане. Асабліва ў канцы лета і пачатку восені, пасля таго, як правялі з гаспадарамі шмат часу на прыродзе, — распавядае Крысціна. — У даўгашэрсных былі самыя сапраўдныя дрэды, як у рэпераў: нават блохі ў іх не заводзіліся! Прывядзенне ў належны выгляд жывёлы пасля «летніх вакацый» займала не менш за два дні. Цяпер гаспадары лепш разумеюць патрэбы сваіх гадаванцаў, і паход да стыліста ўжо перастаў быць чымсьці «для элітных хатніх жывёл».

Сярод пастаянных кліентаў суразмоўніцы — у асноўным невялікія пароды сабак: ёркшырскія тэр'еры, балонкі, шпіцы, пудзелі, чыхуахуа і спаніэлі. Апошнім часам стала досыць шмат «двортэр'ераў»: іх гаспадары таксама хочуць, каб гадаванцы былі прыгожыя. Стрыжкі сабак бываюць выставачнымі — тут няма месца асабліваму крэатыву: выгляд некаторых парод не мяняецца стагоддзямі. Пэт-грумінг, або стрыжкі «для сябе», — вось поле, на якім праяўляюць крэатыў і гаспадары, і стылісты, дзе ёсць месца модзе. Але і тут існуюць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, ёсць пароды, прадстаўнікоў якіх нельга стрыгчы «налыса»: поўсць потым можа не вырасці наогул.

— Для пудзеляў існуе пяць класічных стрыжак: папі, леў, спартыўная, стрэч, настальжы (не лічачы розных варыяцый на іх тэмы). У рызеншнаўцараў класікай лічыцца «Шапачка Папы Рымскага». Акрамя стрыжкі, многім пародам патрабуецца трымінг — выскубанне поўсці (неабходна тэр'ерам) або спалучэнне трымінгу і стрыжкі. Няма жорсткага эталона і ў стрыжцы катоў — толькі агульныя рэкамендацыі.

Што датычыцца моды, цяпер для дэкаратыўных парод сабак на піку папулярнасці так званы азіяцкі стыль. Гэтая мода нарадзілася ў Карэі, захліснула Еўропу і ў рэшце рэшт прыйшла да нас. Сутнасць яе ў тым, каб маленькіх сабак з дапамогай стрыжкі рабіць падобнымі на плюшавыя цацкі.

— Перад купаннем жывёла стрыжэцца як бы ў «чарнавым варыянце», — расказвае Крысціна. — Потым — сушка фенам і завяршэнне стрыжкі.

Стандартная стрыжка для коцікаў — «леў»: галаву пакідаюць калматай, не чапаюць ніжнюю частку лапак і кончык хваста. Астатнюю поўсць выдаляюць пад машынку (застаецца прыкладна 2 мм даўжыні). У сярэднім, комплекс паслуг займае дзве гадзіны: стрыжка, чыстка зубоў і вушэй, абрэзка кіпцяў.

Крэатыў звычайна датычыцца сабак: каты прыгожыя і так, да таго ж з'яўляюцца значна больш нервовымі кліентамі: фамільярнасці яны не пацерпяць. Максімум — згадзяцца на выбрыты ўзор на спінцы або хвасце. А вось сабакі гатовыя пацярпець дзеля таго, каб гаспадар быў задаволены. Асабліва разыгрываецца творчае ўяўленне гаспадароў перад Новым годам, распавядае Крысціна. Любімцам і вушкі ўпрыгожваюць бліскаўкамі, і рознакаляровы нейл-дызайн заказваюць. Але часам варта спыняць гэты вір крэатыву, таму што галоўная запаведзь грумера, як і лекара, — «Не нашкодзь!»

Прыгажосць — страшная сіла

Ёсць пароды, якія стрыгчы трэба абавязкова: адрастаючы, поўсць негатыўна ўплывае на здароўе гадаванцаў. Напрыклад, у пудзеляў «зарастаюць» вочы, і жывёла пачынае дрэнна бачыць. Іншыя пароды (з кароткай поўсцю) у стылісце аб'ектыўна не маюць патрэбы — гэта проста жаданне гаспадароў зрабіць жывёлу прыгожай.

У маёй суразмоўніцы ветэрынарная адукацыя. Да любові да жывёл дадалося захапленне модай — і ў выніку Крысціна скончыла курсы грумінгу. І з тых часоў пастаянна ўдасканальвае свае веды і ўменні. Для грумера вельмі важныя ветэрынарныя веды, кажа яна. Кожная стрыжка павінна пачынацца з агляду: хворую жывёлу стрыгчы нельга.

Прафесійныя рызыкі грумераў досыць сур'ёзныя: далёка не ва ўсіх хвастатых «кліентаў» ёсць прышчэпкі. Ну і, вядома, ніводнаму грумеру не ўдалося пазбегнуць драпін і ўкусаў. Аказваецца, каціныя ўкусы страшнейшыя за сабачыя з-за спадарожных інфекцый, выкліканых бактэрыямі, што глыбока пранікаюць у тканіны ў момант укусу.

— Небяспека ўкусаў кошак абумоўлена асаблівасцямі пабудовы іх зубоў. Сабачыя зубы не такія вострыя і не пранікаюць занадта глыбока. Каціныя ўкусы нагадваюць укол. Каты глыбока пракусваюць тканку, заносячы бактэрыі ў суставы і сухажыллі, — тлумачыць суразмоўца.

Да таго ж кошкі, як ужо гаварылася, значна менш лаяльныя да майстра. У прынцыпе, для грумераў створаны спецыяльныя прыстасаванні, каб засцерагчыся падчас працы, але той жа наморднік Крысціна лічыць крайняй мерай. Галоўнае — даць жывёле зразумець, што стыліст яму сябар, а не вораг. І тут вельмі важныя добразычлівасць і вера ў свае сілы.

— У мяне ёсць пастаянны кліент — персідскі кот з арыстакратычнай радаслоўнай. Ён павінен быць белы, але на нервовай глебе перыядычна жаўцее: становіцца светла-бурым. А душэўная арганізацыя ў яго тонкая: любая дробязь выводзіць яго з сябе, і ён жоўкне. Яго я купаю ў палатняным мяшэчку, завязаным пад падбароддзем. Поўсць выдатна прамываецца, затое ад кіпцюроў я абароненая.

Наогул, ні сабакі, ні кошкі, калі псіхіка ў іх у раўнавазе, не маюць моцнага паху. «Пахне сабачынай» або «катамі смярдзіць» у кватэры, дзе жывёлу нешта непакоіць або расстройвае...

Кошт візіту да «звярынага стыліста» пачынаецца ад 50—70 рублёў.

— Кошт залежыць ад многіх фактараў, — тлумачыць Крысціна. — У тым ліку ад памераў жывёлы: чым яна большая, тым даражэй будзе яе пастрыгчы. Пры гэтым многія пароды маюць патрэбу ў паслугах цырульніка не радзей, чым раз на два месяцы. Акрамя таго, правільная стрыжка дапамагае схаваць недахопы экстэр'ера. Напрыклад, у мяне ёсць пастаянны кліент кокер-спаніэль: у яго ўсё ідэальна, але «падкачалі» вуглы задніх канечнасцяў. Я стрыгу яго так, каб гэтага не было відаць. У цэлым паслугі грумера абыдуцца прыкладна ў тую ж суму, што і наведванне цырульніка ў чалавечым салоне прыгажосці, — цэны супастаўляльныя.

— А як часта трэба наведваць грумера?

— Гэта залежыць у першую чаргу ад пароды. Але і ад гаспадара таксама. У сярэднім, хадзіць да грумера трэба раз на тры месяцы. Але калі гаспадары падтрымліваюць стрыжку ў хатніх умовах, перапынак паміж візітамі можа складаць і каля паўгода.

— Ці звяртаюцца да стыліста гаспадары іншых хатніх жывёл?

— Гэтым летам я стрыгла ангорскага хамячка. Яму было горача, прыйшлося падстрыгчы яго «пад машынку».

Выхад у свет

Выставы сабак і катоў ніхто не адмяняў і зімой. А значыць, грумерам без працы сядзець не давядзецца. Рыхтуюць жывёл да выставы толькі вопытныя грумеры, прычым у іх ёсць спецыялізацыя: як правіла, такія майстры спецыялізуюцца на пэўных пародах сабак.

— Падрыхтоўка да выставы — неверагодна адказная задача. Любая памылка можа паўплываць на рашэнне журы.

Звычайна падрыхтоўка да выставы ў жывёл светлай афарбоўкі пачынаецца за два тыдні, цёмнай — за тры. Але часта — значна раней. Напрыклад, існуе метад ролінгу — шматслойнага абрастання поўсцю: майстар вышчыпвае поўсць у шахматным парадку раз на месяц-два. Графік наведванняў трэба дакладна выконваць. Але ў выніку мы атрымліваем неверагодна шаўкавістую, густую поўсць, якая выдатна ўкладваецца пры дапамозе расчоскі і фена.

— Калі поўсць кучаравіцца, а павінна быць прамой, прымяняецца тэмпературнае ўздзеянне на кончыкі поўсці ў спалучэнні з вычэсваннем. Перад выставай выцягваю фенам кожную пасмачку. Шмат марокі з пушыстымі пародамі. Трэба, скажам, гадаванцу быць калматым, і ён усім прыгожы, а вось поўсцю — не. Значыць, яе перад выставай можна начасаць, — расказвае Крысціна. — Ёсць яшчэ такая хітрасць: на гадаванца апранаюць камбінезон супраць шэрсці і здымаюць непасрэдна перад паказам.

Наогул, выставачных «хітрасцяў» дастаткова шмат, кажа суразмоўца.

— Афарбоўкай жывёл сёння нікога не здзівіш. Таніруюць сабак і катоў, каб надаць воўне больш яркія, бліскучыя адценні. А часам — каб схаваць недахопы натуральнай афарбоўкі. Ёсць адценневыя гелі і шампуні для жывёл, але асабіста мне больш падабаецца працаваць «чалавечымі». Так бы мовіць, праверана на сабе. Купаю ў дзіцячых бессульфатных шампунях, для ўкладкі выкарыстоўваю гелі і лакі моцнай фіксацыі. Фарбую «L'oreal», дробныя дэфекты афарбоўкі хаваю з дапамогай «макіяжу» — алоўкам для броваў або тушшу для павек. Першае таніраванне робіцца за месяц да выставы. Потым шэрсць афарбоўваецца паўторна. Апошні штрых — воцатная вада, якой да бляску націраецца шэрстка. Таксама перад выставай стылісты пакрываюць жывёле кіпцюры лакам — бясколерным, для бляску.

Звычайна сабакі, як вялікія, так і маленькія, пакорліва пераносяць усе неабходныя працэдуры. Вось з коцікамі так проста «дамовіцца» не ўдаецца...

— Для жывёлы першая выстава — гэта стрэс. «Суродзічы», пахі, нервовасць гаспадароў, нязручнасці: да выступлення (а гэта можа быць гадзіна і больш) гаспадары не дазваляюць ні сесці, ні легчы, каб не парушыць укладку. Але паступова выставы становяцца для жывёл радаснай падзеяй: «Я найлепшы, мной захапляюцца, гаспадар мной ганарыцца!» Большасць сабак, якія ўжо ацанілі радасць перамог на выставах, без раздражнення аддаюць сябе ў рукі цырульніка. Каты ж пакусаюць і падрапаюць. Ціхмянымі становяцца толькі перад самым паказам — дазваляюць і поўсць распушыць, і страсянуць сябе, як каўнер, акуратна ўтрымліваючы за пярэднія і заднія лапкі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.