Вы тут

Як прайшоў першы год часопiса «Беларускi музей»


Калi азiрнуцца навокал, то i пры выразным развiццi краязнаўчай справы на ўсёй постсавецкай прасторы сiстэмнай перыёдыкi па гэтай тэме не так ужо i шмат. Прычын тут можа быць некалькi. Па-першае, краязнаўства ва ўсе часы носiць у значнай ступенi грамадскi характар. Па-другое, тэма рэгiёназнаўства, радзiмазнаўства знаходзiць сваё месца ў самых розных масмедыя — ад мясцовых да рэспублiканскiх грамадска-палiтычных газет.


I ўсё ж выдання кшталту часопiса дваццатых гадоў мiнулага стагоддзя — «Наш край», дзе супольна разглядалiся б i практыка, i методыка краязнаўчай работы, дзе знаходзiлася месца агляду памкненняў iншых краiн i народаў да арганiзацыi вывучэння гiсторыi, да гiстарычнага выхавання грамадства, заўсёды не хапае. I ў мiнулыя дзесяцiгоддзi, i сёння.

Так, цяпер у выдавецтве «Адукацыя i выхаванне» выходзiць «Беларускi гiстарычны часопiс», якi аб'ядноўвае навукоўцаў. Былi да нядаўняга часу часопiсы «Спадчына», «Беларуская мiнуўшчына» (у iм, мiж iншым, праяўлялася найбольшая тэматычная акрэсленасць у дачыненнi да краязнаўства). Намаганнямi Беларускага фонду культуры выходзiць сёння «Краязнаўчая газета». Ёсць у Нацыянальным гiстарычным музеi неперыядычнае выданне «Музейны веснiк». I на фоне ўсiх гэтых масмедыя, як i на фоне недахопу гiсторыка-краязнаўчага выдання, здольнага кансалiдаваць грамадства ў вывучэннi гiсторыi Айчыны ўсiмi сiламi — i навукоўцаў, i культурна-асветнiцкiх работнiкаў, i настаўнiцтва, i проста грамадскасць, рашэнне ўрада i Мiнiстэрства культуры, у прыватнасцi, аб выданнi штоквартальнага часопiса «Беларускi музей», стала сапраўднай падзеяй.

Заснавальнiкам новага штоквартальнага выдання, абазначанага як навукова-папулярны часопiс, выступiў Нацыянальны гiстарычны музей Рэспублiкi Беларусь. Галоўны рэдактар першага нумара — Кастусь Сталярчук (з другога нумара абавязкi рэдактара выконвае дырэктар музея Павел Сапоцька) ва ўступным слове да сакавiцкага выпуску выказаў наступнае: «Беларускi музей» — выданне навукова-папулярнае, заклiканае адлюстроўваць тое галоўнае, што адбываецца ў музейнай навуцы i ў самiх музеях, перш за ўсё беларускiх. Ад аўтараў гэта патрабуе празрыстасцi сэнсу, вобразнасцi пераказу, умення не знiжаць планку чытацкай цiкавасцi. З улiкам «законаў жанру» рэдакцыйная калегiя вырашыла ахвяраваць падрадковымi зноскамi (адно з патрабаванняў да сур'ёзных навуковых артыкулаў). Выключэннi даюцца толькi ў асобных выпадках, якiя прадыктаваны ў першую чаргу тэмай. Мяркуецца, што ва ўсiх нумарах тэксты будуць суправаджацца багаццем iлюстрацый» . I далей: «БМ» — iнтэлектуальны прадукт, якi праходзiць праз прызму журналiсцкiх клопатаў аб папулярызацыi музейнай навукi»...

Стваральнiкi новага часопiса заклiкалi прапаноўваць свае матэрыялы музейных супрацоўнiкаў, краязнаўцаў, гiсторыкаў, этнолагаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, выкладчыкаў ВНУ, iншых спецыялiстаў i ўсiх чытачоў, неабыякавых да лёсу музеяў.

2020 год падышоў да свайго завяршэння. Перад намi — чатыры нумары часопiса «Беларускi музей». Яны даюць усе падставы паразважаць, якая ўсё ж задача выканана, як яна выканана, якiя вымалёўваюцца перспектывы. У чатырох нумарах — больш за паўсотню публiкацый. Сапраўды, яны выкананы ў розных жанрах: ёсць i карэспандэнцыя, i грунтоўны навуковы артыкул, i публiцыстычны нарыс, i рэпартаж, i паведамленне... Дзякуючы шырокай палiтры публiкацый чытач можа ажыццявiць вiртуальнае падарожжа ў розныя музейныя, гiстарычныя адрасы нашай краiны — Оршу, Добруш, Ветку, Мiр, Вiцебск, Залессе, Кушляны, Нясвiж, Ружаны, Дымава (гэта — Шклоўскi раён), Стоўбцы, Гомель, Брэст, Асiповiчы, Акопы, Магiлёў... Багата iлюстраваныя артыкулы, рэпартажы прысвечаны тэмам асобных калекцый, асобным персанажам айчыннай гiсторыi. Лiтаральна кожная з публiкацый настолькi захапляльная, што складваецца ўражанне прысутнасцi ў той цi iншай мясцiне, добрага знаёмства з персанажамi айчыннай гiсторыi, якiя сваiмi справамi ўслаўлялi Беларусь, пра якiх невыпадкова расказваюць музейныя экспазiцыi цi нават асобныя музеi ў той цi iншай старонцы.

Згадаем хоць бы некаторых аўтараў «Беларускага музея»: намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Надзея Стрыбульская, намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Вiцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Пракапцоў, дырэктар музея Марка Шагала ў Вiцебску Iрына Воранава, старшы навуковы супрацоўнiк Музея Марка Шагала ў Вiцебску Алена Ге, загадчык аддзела пiсьмовых i выяўленчых крынiц Нацыянальнага гiстарычнага музея Надзея Саўчанка... Кожны з аўтараў — лiтаральна Асоба ў музейнай справе! I кожны з аўтараў здолеў расказаць пра тое, з чым звязаны гадамi пошуку, настойлiвай работы па тым цi iншым тэматычным кiрунку. I калi часам некаторыя публiкацыi носяць аглядны характар, з'яўляюцца своеасаблiвымi «ўводзiнамi» ў музей цi экспазiцыю, iншыя з iх адкрываюць зусiм невядомыя дагэтуль факты, з'явы, падзеi. Вось, напрыклад, артыкул маскоўскага калекцыянера Андрэя Кусакiна i вядучага навуковага супрацоўнiка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь Юрыя Пiскуна «Расказала акварэль...» Размова — пра акварэльны малюнак з выявай горада Магiлёва. Акварэль устаўлена ў аўтэнтычную раму, тыповую для другой чвэрцi ХIХ стагоддзя: з пазалотай, рэльефнымi арнаментальнымi накладкамi па вуглах, рэльефнай накладкай у сярэдзiне нiжняга поля з гербам Магiлёва. «Лiтоўская пагоня на чырвоным полi. У верхняй частцы герба — палова расiйскага двухгаловага арла», зацверджанага пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай i ўключэння Магiлёва ў склад Расiйскай iмперыi. Рама каштоўная знакавай прысутнасцю на ёй магiлёўскага герба i добрай захаванасцю — ёсць нават арыгiнальнае шкло ХIХ стагоддзя з няроўнай таўшчынёю... Назва акварэлi — «Вiд горада Магiлёва на Дняпры з Чарнiгаўскай дарогi». Аўтар — магiлёўскi губернскi архiтэктар Аляксандр Бусырскi. У артыкуле — падрабязны разгляд унiкальнага мастацка-дакументальнага сведчання па гiсторыi горада 1840-х гадоў. Альбо яшчэ адна публiкацыя — «Загадкi Дымаўскай сядзiбы» навуковага супрацоўнiка Шклоўскага раённага гiсторыка-краязнаўчага музея Iрыны Гапеевай. Аўтар запрашае чытача пазнаёмiцца з лёсам рускага ваеначальнiка, палявога археолага i нумiзмата Мiкалая Турбiна на фоне аповеду пра сядзiбу ў Дымаве. Дарэчы, многiя старонкi часопiса — добрая падказка для журналiстаў розных выданняў: куды з'ездзiць, што расказаць чытачу.

Чатыры нумары «Беларускага музея» высвятляюць яшчэ i характар актыўнасцi аўтараў з таго цi iншага рэгiёна. Канешне ж, часопiс стаў добрай пляцоўкай для гiсторыка-публiцыстычнай работы супрацоўнiкаў Нацыянальнага гiстарычнага музея. Прыкметны на старонках выдання i Нацыянальны мастацкi музей. Грунтоўным, манаграфiчнага характару падаецца i артыкул пра яго кiраўнiка — «Адчуць мастацкую аўру майстра: Асоба Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi ў мастацтвазнаўстве i творчасцi Уладзiмiра Пракапцова», аўтарам якога з'яўляецца дырэктар Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Нацыянальнай акадэмii навук, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Валерый Жук. Вылучаецца сярод iншага i замкавы комплекс «Мiр». Вiдавочна, музейныя супрацоўнiкi зацiкаўлены выкарыстоўваць такую аўтарытэтную медыйную пляцоўку для апавядання пра свае зборы, пра свае праекты, за кожным з якiх — грунтоўная праца, уважлiвы пошук.

Вось як падсумоўвае першы год выдання «Беларускi музей» яго галоўны рэдактар i дырэктар Нацыянальнага гiстарычнага музея Павел Сапоцька:

— У першы год свайго iснавання часопiс знаходзiўся ў працэсе пошуку, разам з тым ужо сёння можна казаць пра рубрыкi, якiя нам падаюцца найбольш актуальнымi: «Вытокi» (з гiсторыi музейнай справы ў Беларусi), «Збор» (музейныя калекцыi), «Экспазiцыйныя праекты» (стацыянарныя экспазiцыi i часовыя выстаўкi), «Замежжа» (замежны вопыт, музейныя навiны), «Выданнi» (каталогi, альбомы i iншае), «Музейная аўдыторыя» (культурна-адукацыйныя i культурна-асветнiцкiя праграмы), «Асоба» (энтузiясты музейнай справы), «Музей ХХI стагоддзя» (новыя тэхналогii ў музейнай практыцы). Гэта не поўны пералiк рубрык, iх колькасць i наяўнасць будуць залежаць ад надзённых праблем музея. Заўважу, што часопiс «Беларускi музей» — сумесны i, дарэчы, не адзiны зладжаны ў 2020 годзе праект Нацыянальнага гiстарычнага музея Рэспублiкi Беларусь i яго генеральнага партнёра кампанii «Джапан Табака Iнтэрнэшнл ЭсЭндДзi».

Выдавецкiя праекты — альбом i каталог «I рай i боль на Песеннай Зямлi... Беларусь вачыма мастакоў 1920— 1930-х гадоў» (на падставе музейнай калекцыi графiкi) i альбом «Адраджэнне i вяртанне» (да 25-годдзя нараджэння М. К. Агiнскага), вiртуальны праект «Музыка герояў. Мелодыi Перамогi» (да 75-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне), а яшчэ маштабны I Рэспублiканскi краязнаўчы форум, у якiм узяло ўдзел больш за 250 чалавек — вынiкi супольнай працы кампанii i музея ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Таксама музей i кампанiя JTI заснавалi шматгадовую сацыяльную праграму «Iнклюзiўная Беларусь. Уключыся ў музей!», накiраваную на стварэнне безбар'ернага асяроддзя для людзей са слабым зрокам i сляпых наведвальнiкаў, а таксама наведвальнiкаў з парушэннямi апорна-рухальнага апарату. Што датычыцца часопiса «Беларускi музей», дзякуючы фiнансавай падтрымцы нашага генеральнага партнёра кожны музей сiстэмы Мiнiстэрства культуры, а таксама нашы замежныя калегi змаглi атрымаць у якасцi падарунка ўсе яго чатыры выпускi.

Цяпер «Беларускаму музею» засталося стаць яшчэ i ў некаторай ступенi i масавым, запатрабаваным грамадскасцю выданнем. Нацыянальны гiстарычны музей зрабiў дзеля гэтага ўсё магчымае. Слова — за музеямi краiны. I дзяржаўнымi, i грамадскiмi. I прыватнымi.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў

Лукашэнка: Мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў

Пра гэта Прэзідэнт заявіў падчас нарады з кіраўніцтвам Савета міністраў.

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.

Грамадства

Не ўпэўнены — не бяры. Як збіраць, гатаваць і захоўваць дары лесу

Не ўпэўнены — не бяры. Як збіраць, гатаваць і захоўваць дары лесу

Восень — пара «ціхага палявання», калі многія з нас адпраўляюцца ў лес па грыбы.