Вы тут

Прэм’ера дзіцячай оперы «Пінокіа» адбылася ў Мінску


На постсавецкай прасторы чытач, глядач і нават слухач лепей ведае казку «Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiна» (1936) Аляксея Талстога, чым твор «Прыгоды Пінокіа. Гісторыя драўлянай лялькі» (1881) Карла Калодзі, італьянскага пісьменніка і журналіста ХІХ стагоддзя (сапраўднае імя Карла Ларэнцыні). Вядома, што ў свой час Талстой рэдагаваў пераклад казкі Калодзі з італьянскай на рускую, які зрабіла Ніна Пятроўская, але, захапіўшыся, напісаў аўтарскі твор. Між тым Пінокіа старэйшы за Бураціна на 55 гадоў і ў наступным годзе ляльцы, выструганай з чароўнага сасновага палена («піна» — гэта сасна), споўніцца ажно 140 гадоў. Пра прыгоды Пінокіа ведаюць у 90 краінах — прыкладна на столькі моў перакладзена кніга.


Прэм’ера дзіцячай оперы «Пінокіа» нямецкага кампазітара Глорыі Бруні ў пастаноўцы рэжысёра Наталлі Бараноўскай (рэжысёрскi дэбют на вялiкай сцэне), дырыжора Уладзіміра Авадка, мастака Любові Сідзельнікавай, хормайстра Сяргея Аграновіча і балетмайстра Сяргея Мікеля адбылася ў мінулыя выхадныя, 19 і 20 снежня, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Упершыню опера Глорыі Бруні прагучала ў Гамбургу ў 2008 годзе, потым яе ставілі тэатры ў Неапалі, Парме, Лондане і іншых гарадах Еўропы. Між тым беларускі слухач ужо знаёмы з творамі кампазітара: у свой час у Полацку можна было паслухаць яе «Рэквіем у Рыме», а ў Мінску адбылося першае выкананне сімфоніі «Кола парабалы».

Казка Карла Калодзі — шырокае поле для любых інтэрпрэтацый. Разнастайнасць трактовак, актыўнае дзеянне і, нарэшце, чатыры тыпы персанажаў (людзі, лялькі, жывёлы і чароўныя істоты) даюць магчымасць на падставе адной казкі стварыць мноства зусім непадобных адзін да аднаго самастойных твораў. Так, балетмайстар Барыс Эйфман пад музыку Жака Афенбаха паставіў яго на пуанты, свае оперы «Пінокіа» напісалі кампазітары П’еранджэла Вальціноні, Джонатан Доўв, Філіп Босманс і, вядома ж, Глорыя Бруні, якая з дзяцінства любіць спевы, асабліва оперу, таму імкнецца ўнесці свой уклад у прыцягненне дзяцей да чароўнага свету опернага мастацтва.

«Музыку да оперы “Пінокіа” я хацела напісаць як твор, сярэдні паміж рамантычнай операй “Гензэль і Грэтэль” Хумпердзінка і сімфанічнай операй-казкай Пракоф’ева “Пеця і воўк”, — адзначыла Глорыя Бруні пасля прэм’еры. — Ён адмыслова напісаны так, што можа выконвацца як напаўсцэнічна (з частковымі дэкарацыямі), так і з паўнавартаснай сцэнаграфіяй (як гэта адбылося ў тэатрах Італіі і ў Мінску). І цалкам свядома я ўключыла сюды сучасныя музычныя формы, такія як, напрыклад, рэп у сцэне “Краіна Цудаў”. Але гэта аркестравы рэп, які ніколі не выконваўся. Усе эфекты ў оперы “Пінокіа” дасягаюцца з дапамогай гучання музычных інструментаў звычайнага аркестра. Пры гэтым мне было важна вылучыць розныя адценні гучання ўсіх інструментаў».

Глорыя Бруні таксама заўважыла, што ёй не давялося скарачаць аркестравыя галасы, і гэта вельмі добра, бо ў  тэатры ёсць вялікі калектыў музыкантаў. У «Пінокіа» задзейнічаны ўсе групы інструментаў, асабліва ўдарная. Увогуле, спектакль разгортваецца як паступовы пераход ад зінгшпіля з размоўнымі дыялогамі да ўсё большай опернасці. Дарэчы, лібрэта — плён працы Урзель Шэфлер і Наталлі Бараноўскай. «У сакавіку 2019 года я прыязджала ў Мінск і пазнаёмілася ў тэатры з Наталляй Бараноўскай, чалавекам з неўтаймаванай фантазіяй, а таксама з Уладзімірам Авадком, выключна добра падрыхтаваным дырыжорам. У іх ужо да таго часу выспела мноства ідэй па пастаноўцы версіі оперы на рускай мове. Мы разам абмеркавалі лібрэта і партытуру ўсёй оперы, і менавіта Наталля як рэжысёр выказала жаданне дадаць некалькі сцэн з арыгінальнага тэксту Калодзі, а да іх і музыку, — адзначыла кампазітар і дадала: — Такім чынам, у нас не проста новая пастаноўка маёй оперы, а  мінская версія оперы “Пінокіа”, і мне вельмі цікава, якой будзе рэакцыя на яе беларускай аўдыторыі». Між тым на прэм’еры, прынамсі, той, што прайшла 19 снежня, маленькіх і дарослых аматараў оперы сабралася даволі шмат. Пастаноўка не звязана з надыходзячымі святамі, але аўтары знайшлі ключык, які дазволіў аб’яднаць знакамітую на ўвесь свет казку і Новы год, што адлюстроўваецца ў пралогу: анёлы свавольнічаюць і забываюць аб місіі, ускладзенай на іх Дзедам Марозам, — запальваць зоркі ў калядную ноч. З’яўленне добрага чараўніка прыпыняе гульню, і разам яны бяруцца за працу. Падпарадкоўваючыся дзіўнай сіле посаха Дзеда Мароза, ажывае вялікае Дрэва Жыцця. І тут з’яўляецца Пясочны Чалавек (увасабленне цёмных сіл), які хоча нашкодзіць сілам святла — знішчыць Дрэва Жыцця. Дзед Мароз і яго маленькія сябры ўступаюць з ім у бой, але злыдзень усыпляе герояў. З’яўленне Феі зорак перашкаджае задуме Пясочнага Чалавека, і ён не паспявае завяршыць свой план. Дзед Мароз і анёлы кідаюцца да Дрэва Жыцця — яго можна выратаваць, а з таўшчэзнай галіны, зламанай па віне Пясочнага Чалавека, можа атрымацца выдатная драўляная лялька.

На працягу дзеяння на сцэне — восем цэнтральных персанажаў: Пінокіа (Алена Шэўчык), тата Джэпета (Дзмітрый Трафімук), Фея (Кацярына Галаўлёва), Цвыркун (Вольга Маліноўская), Пясочны Чалавек, дырэктар тэатра лялек Карабас-Барнабас (абедзве ролі выканаў Станіслаў Трыфанаў), Кот (Андрэй Сялюцін) і Ліса (Алена Таболіч). Знаёмая гісторыя складваецца так, што ў выніку памылкі героя, без якіх гэты твор немагчыма ўявіць, даюць яму шанс стаць лепей, і ён праходзіць шлях ад упэўненасці ў сваёй геніяльнасці да разумення неабходнасці ахвяраваць сабой у імя іншага чалавека. Але казка не была б такой, калі б у ёй не было месца для цуду: ахвяра не застаецца незаўважанай, і ляльку выратоўвае ад смерці Фея. Пінокіа — эгаістычнае, як і ўсе, дзіця, чысты ліст — становіцца сапраўдным хлопчыкам. «Гісторыя пра драўляную ляльку, якая стала чалавекам, сёння асабліва актуальная, — лічыць рэжысёр Наталля Бараноўская. — Мы ўсе робім памылкі, аднак выпраўляем іх і расцём. Так і Пінокіа, аступіўшыся, усё ж прыходзіць да таго, што ахвяруе сабой дзеля іншага чалавека». Ідэя ператварэння драўлянага чалавечка ў жывога сына майстра-вынаходніка ў арыгінале абгрунтоўвалася праз тое, што Пінокіа пачынае дапамагаць хвораму бацьку, многа і цяжка працуе, каб штодзень прыносіць яму выратавальны кубак свежага малака. Тэма выхавання, маралі, ад якой, дарэчы, імкнуўся адысці Аляксей Талстой, стала галоўнай і ў оперы «Пінокіа» — толькі шляхам неадкаладнага рашэння і хуткага дзеяння. Хрысціянскі матыў самаахвяравання зрабіў твор яшчэ больш чуллівым і ўніверсальным.

Многія сцэны атрымаліся пазнавальнымі з-за пэўнага бэкграўнду (абмен буквара, атрыманне пяці манет ад Карабаса, застолле ў карчме), але ёсць і здольныя здзівіць. Сярод такіх — фрагмент, што адлюстроўвае хітрасць Пясочнага Чалавека, а таксама любая камунікацыя Пінокіа і Цвыркуна, якому даручылі накіроўваць ляльку на правільны шлях. Справа тут у тым ліку ў мастацкім афармленні, складнікі якога — найпрыгажэйшыя дэкарацыі, яркія касцюмы, відэапраекцыя і мультыплікацыйны шэраг. Апошні асабліва ўражвае падчас фінальных сцэн, калі змешваецца рэальнае ды ірацыянальнае. Нечаканымі сталі таксама інтэрактыўныя моманты — музычныя, цыркавыя выступленні пасярод глядзельнай залы, здольныя захапіць маленькага гледача. Дарэчы, наступныя паказы оперы «Пінокіа» пройдуць 26, 27, 28, 30 снежня, а 3 студзеня адбудуцца два спектаклі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фотаздымкі прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі

Загаловак у газеце: Блудны сын Джэпета

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.