Вы тут

«Ката ў ботах» паставілі ў Новым драматычным тэатры


Памёр адзін млынар і пакінуў сваім тром сынам толькі млын, асла ды ката — так пачынаецца любімая ўсімі казка Шарля Перо «Кот у ботах», упершыню апублікаваная ў 1697 годзе. На працягу некалькіх стагоддзяў твор шматразова пераасэнсоўваўся рознымі рэжысёрамі, але на сёння найбольш папулярным сярод дзяцей стаў створаны з розных кавалкаў і цалкам самастойны «Кот у ботах» студыі DreamWorks Animation. Але першакрыніца застаецца запатрабаванай — літаральна цалкам сюжэт казкі перадае аднайменная навагодняя пастаноўка ў Новым драматычным тэатры. Прэм’ера адбылася 19 снежня.


У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка выступіў Сяргей Кулікоўскі, які ўжо палюбіўся гледачу Новага драматычнага дзякуючы спектаклям «Трыбунал» (Андрэй Макаёнак), «Фабрычная дзяўчынка» (Аляксандр Валодзін), «Жанна» (Яраслава Пуліновіч), «Я рэч» (Аляксандр Астроўскі) ды іншымі. Над праектам таксама працавалі рэжысёр Лізавета Машковіч, мастак-пастаноўшчык Марына Шуста, рэжысёр па пластыцы Марына Баранава, мастак па святле Таццяна Кудзінава.

Няхай спектакль і не заяўлены як інтэрактыўны, пэўная камунікацыя герояў на сцэне і  гледачоў у зале ўсё ж прадугледжана. Так, яшчэ перад пачаткам дзеяння прыходзяць Снягурка і  Дзед Мароз — каб паразмаўляць і пагуляць з дзецьмі. Яны нібы разварушваюць крыху лянівага і пакуль баязлівага маленькага наведвальніка тэатра, якому, нягледзячы на ўсе перашкоды і правілы прыстойнасці, хочацца ўвагі. І  нават калі навагоднія персанажы сыходзяць са сцэны, камунікацыя, якой, дарэчы, спрыяе ўтульнасць залы Новага тэатра, працягваецца. Аўтарам нават нічога не давялося выдумляць. Так, калі новаспечаны маркіз здзяйсняе прагулку верхам разам з каралём, яго дачкой і фрэйлінамі, кот звяртаецца да гледачоў, каб тыя дапамаглі схлусіць каралю пра валоданне яго гаспадара палямі і сенажацямі. Тое ж, толькі ў больш задорнай і хітрай форме, адбываецца ў арыгінале: калі кароль запрасіў маркіза ў карэту, Кот вельмі абрадаваўся, што яго планы пачынаюць спраўджвацца, і пабег наперад. Убачыўшы на сенажаці сялян, якія касілі траву, ён сказаў ім: «Гэй, людзі добрыя, касцы! Ведайце: калі вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!»

«“Мяу” не “рох-рох”», — прамаўляе ў  роспачы галоўны герой Жак (ролю выконвае Арцём Пінчук), надзвычайна лянівы хлопец, якому ў  спадчыну пакінулі Ката (у выкананні Валерыя Глазкова). У разгубленасці таксама прынцэса (яе іграе Ірына Антонава), якой бацька (у цудоўным выканані Васіля Ніцко) прапаноўвае розных жаніхоў, бо ў палацы няма чаго есці. А  сярод іх — граф Таўстабрух, герцаг Бліскучая Лысіна, а таксама Ёлупень XVIII… Але здагадлівы глядач адчувае, з кім павінна застацца прынцэса, якую мышку мяркуе з’есці хітрадумны Кот і хто застанецца жыць у замку Людаеда (яго іграе Сяргей Шырочын).

Займальная гісторыя, яркія касцюмы, чароўная музыка і вясёлыя танцы — тое, што чакае маленькіх гледачоў ды іх бацькоў у Новым тэатры. Навагоднія цуды пачынаюцца ўжо перад спектаклем. «У фае тэатра нашых гасцей чакаюць ёлка, фотазоны, гандлёвыя пункты з пачастункамі, сувенірамі і, вядома  ж, падарункі», — адзначылі арганізатары. Паказы спектакля «Кот у ботах» будуць праходзіць да 7 студзеня 2021 года.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Прэзідэнцкі прыём праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?