Вы тут

Васіль ТКАЧОЎ. СЮРПРЫЗ, альбо КІШМІШ. Гумарэска


Васіль ТКАЧОЎ

Дзед Ахрэм і баба Поля чакалі ўнука Петрыка. Яны жывуць у вёсцы, а той — гараджанін. Патэлефанаваў надоечы, што едзе на ўсе зімовыя канікулы. Так і заявіў: «Будзем святкаваць Новы год разам! Ура-а-а!»
Старыя, вядома ж, узрадаваліся, а дзед нават прапанаваў сустрэць унука сюрпрызам. Хітравата паглядзеў на жонку і сказаў:

 Заўтра раненька, пакуль ніхто не бачыць, злепім снегавіка. Даеш згоду?
Баба Поля заўпарцілася:
— Здзяцініўся, ці што? Ляпіць снегавікоў і снежных баб — у нашым узросце? Людзі засмяюць, стары дурань!
Дзед міралюбіва гыркнуў:
— Дык я ж і кажу, бязмозглая твая галава, — раненька. Пакуль усе спяць. Заадно і маладыя гады ўспомнім. Унук заявіцца, а ў нас на двары яму сюрпрыз падрыхтаваны. Во радасці будзе малому! Дык я і пытаю: даеш згоду?
— Даю, — пагадзілася тая, бо ведала, што з гаспадаром, калі ён што задумаў, спрачацца дарэмна.
Снегавіка зляпілі прыцемкам. Для носа баба Поля прынесла з клеці вялікую морквіну, а для вачэй дзед Ахрэм вырашыў скарыстаць кішміш. Некалі ён служыў салдатам ва Узбекістане, а там гэтых ягад — мора, толькі еш! Калі вярнуўся ў свае Паплавы пасля войска, пасадзіў каля адрыны некалькі кустоў вінаграду. Даў сабе такое слова ў арміі. З таго часу кішмішу ў яго хапала.
Як толькі развіднела, у хату да старых завітаў сусед. Ледзь пераступіўшы парог, запытаў:
— Што, унук Петрык ужо прыехаў? Бачу, снегавік на двары.
Дзед Ахрэм і баба Поля моўчкі пераглянуліся: як быць, што адказаць? Паколькі хлусіць не ўмелі, то адразу ва ўсім прызналіся.
Сусед, чаго старыя не чакалі, пахваліў іх і нават падзякаваў за добры прыклад, заявіў:— А гэта ідэя! Пайду я дахаты і такім жа чынам свайго ўнука сустрэну. Таксама чакаю. Зляплю што-небудзь…
Адыходзячы, заўважыў:
— Толькі, гляджу, вочы вы запамяталі снегавіку зрабіць.
— Як гэта забыліся?! — здзівіўся дзед Ахрэм. — Нічога не забыліся!
Ён, спехам ускінуўшы кажух на плечы, падаўся на вуліцу да снегавіка. Сапраўды, вачэй не было.
— Я ж сам яму кішміш уторкнуў. Сваімі рукамі, — разгублена тлумачыў суседу, што выйшаў з хаты за ім. — Самы большы выбраў. Верыш? І куды ж тыя вочы падзеліся? Дзівосы, аднак.
Стары хуценька выправіў гэтую недарэчнасць. Сеў у хаце каля акна і задумаўся: цікава, дзе падзеўся вінаград? Укралі? Тады хто ж рабаўнік? Калі адзін раз спакусіўся, спакусіцца і другі. Кішміш жа — смаката. Значыць, трэба пільнаваць…
І высачыў! Неўзабаве да снегавіка падляцела варона, хуценька склявала ягады і адляцела. Села на галінку яблыні, агледзелася па баках і, пачасаўшы дзюбу аб пер’е, задаволена каркнула.
— Я табе зараз пакажу, дзе ракі зімуюць! — мужчына схапіў стрэльбу, якую даўно не браў у рукі, і выбег на падворак. — Дзе яна тут? Ага, уцякаць? — і ён нацэліў ствол ружжа на птушку.
Варона, убачыўшы паляўнічага, вокамгненна схавалася за хату. «Адчувае, халера ясная, віну. Бач ты яе, драпнула!..» — дзед Ахрэм уздыхнуў і зноў пайшоў у хату па вінаград…
І на гэты раз кішміш дастаўся вароне. Стары не на жарты ўзлаваўся і пабажыўся застрэліць яе, чаго бяму ні каштавала. Гэтак, дальбог, і здарылася, калі б у яго меўся хоць адзін патрон. А так толькі накрычаўся ды папалохаў птушку.
Што цікава: калі выйшаў на падворак без стрэльбы, варона не ўцякала. Толькі ступіў на ганак з ружжом — пуста! Ён нават паўтарыў для эксперыменту свае выхады некалькі разоў. Той жа вынік!
— Хто мне цяпер скажа, што варона дурная?! — абурана прамовіў дзед. — Давядзецца здацца. Нясі, Поля, вугельчыкі. Будзем снегавіку вочы рабіць. А вароне жменю кішмішу вынось. Пачастуем яе. Усё ж свята надыходзіць — Новы год. Хай і яна парадуецца, ліхадзейка. Бачу, дужа спадабаўся ёй наш вінаград. І каб я больш не чуў пра сябе: дурны, як варона! Прыдумай іншую абразу. Гэтая не падыходзіць. Адпадае...
Для ўнука Петрыка снегавік стаў сапраўдным сюрпрызам.
— Я потым яшчэ аднаго зляплю, — паабяцаў хлопчык. — Удвух ім весялей будзе. Вось толькі паабедаю.
Дзед Ахрэм прытуліў унука да сябе, а вароне, якая сядзела на яблыні, прыгразіў, блазнуючы, пальцам:
— Глядзі там у мяне! Каб без фокусаў!
Хоць якія могуць быць трукі, калі вочы ў снегавіка не з кішмішу, а з вугельчыкаў?
Але ж перад Новым годам — майце на ўвазе! — могуць здарацца і не такія сюрпрызы…

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».