Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра спартыўнае заканчэнне 2020 года.


1. Беларускiя плыўцы выступiлi на Кубку Сальнiкава ў Санкт-Пецярбургу. Найлепшы вынiк паказаў Iлья Шымановiч, якi выйграў Гран-пры Кубка. Беларус набраў максiмальную колькасць балаў Мiжнароднай федэрацыi плавання (FINA) на 100 метрах брасам. Дыстанцыю ён пераадолеў за 56,04 секунды. Другi залаты медаль Iлья Шымановiч выйграў на 50 метрах брасам, да фiнiшу ён прыплыў за 25,67 секунды.

Трэцi залаты медаль для беларусаў здабыў Рыгор Пякарскi, які стаў першым на 50 метрах батэрфляем. Дыстанцыю ён праплыў за 22,37 секунды. Гэты вынiк — новы нацыянальны рэкорд.

Беларусы падымалiся на найвышэйшую прыступку п'едэстала i ў змешанай эстафеце 4х50 метраў. Вiктар Стасяловiч, Iлья Шымановiч, Настасся Куляшова i Настасся Каракоўская паказалi вынiк — 1 хвiлiна 38,83 секунды.

Вiктар Стасяловiч стаў сярэбраным прызёрам у стартах на 50 метраў на спiне — 23,45 секунды. Такi ж медаль заваявала i Алiна Змушко на дыстанцыi 50 метраў брасам з вынiкам 30,26 секунды.

Турнiр «Кубак Сальнiкава» традыцыйна з'яўляецца адным з апошнiх мiжнародных стартаў у сезоне.


2. Баскетбалiсты «Цмокi-Мiнск» — 12-разовыя ўладальнiкi Кубка Беларусi. У вырашальным матчы мiнская каманда абыграла магiлёўскую каманду «Барысфен» з рознiцай у чатыры балы — 83:79. Самым вынiковым гульцом у пераможцаў стаў Роберт Лоўры, якi набраў 25 балаў. У матчы за трэцяе месца вiцебскi «Рубон» абыграў «Гродна-93» з вынiкам 94:75.

«Цмокi-Мiнск» — каманда-рэкардсмен па колькасцi перамог у Кубку Беларусi. Сем разоў у Кубку перамагала «Гродна-93». Галоўны трэнер «цмокаў» Расцiслаў Вяргун падзялiўся ўражаннямi: «Кожны кубак дарагi па-свойму. Я рады, што спартсмены праявiлi характар i дасягнулi неабходнага вынiку пры ўсiх нюансах. Баскетбол у Беларусi атрымаў новых аматараў, таму што калi бачыш такую гульню, хочацца прыйсцi яшчэ раз», — яго словы прыводзiць прэс-служба Беларускай федэрацыi баскетбола.


3. Валейбалiсткi «Мiнчанкi» выйгралi Кубак Беларусi. Вырашальную сустрэчу дзяўчаты правялi супраць гродзенскай каманды «Камунальнiк-ГрДУ». Матч скончыўся з вынiкам 3:2 (25:14, 23:25, 27:29, 25:21, 15:11). Падчас гульнi iшла барацьба за кожны бал. У першым сэце мiнчанкi перамаглi з вялiкай рознiцай у балах. Але ў другiм сэце гродзенскiя валейбалiсткi ўзялi рэванш, чаго не чакалi iх сапернiцы i праз разгубленасць прайгралi i трэцi сэт. Аднак у чацвёртым сэце, дзякуючы заменам некаторых гульцоў, «Мiнчанка» змагла вярнуць сабе пераможны настрой. Сёлетнi трафей — шосты ў гiсторыi «Мiнчанкi».

«Эмоцыi перапаўняюць. Так, крыху не хапiла. Я спадзяваўся, што будзе барацьба. Мы павiнны былi даць барацьбу, бо вельмi настройвалiся на гэты фiнал. I, як паказаў вынiк, мы выступiлi дастойна. I ўзровень у нас, скажам шчыра, крыху розны. Я рады за дзяўчат, я рады за каманду i за гульню», — адзначыў трэнер «Камунальнiка-
ГрДУ» Дзмiтрый Кот
прэс-службе Беларускай федэрацыi валейбола.

У матчы за трэцяе месца перамагла каманда «Прыбужжа», якая сустрэлася з прадстаўнiцамi каманды «Мiнчанка-2».


4. Хакеiсты мiнскага «Дынама» перамаглi рыжскiх аднаклубнiкаў у матчы чэмпiянату Кантынентальнай хакейнай лiгi. Перамога прыйшла да «зуброў» у авертайме. Вынiк матча — 3:2. Абедзве каманды паказалi гледачам атакуючы, яркi хакей. Шайбы ў вароты рыжскiх апанентаў закiнулi Брэннан Менэл i Аляксандр Когалеў.

Састаў «Дынама-Мiнск» павялiчыўся на двух выдатных хакеiстаў. Клуб заключыў аднабаковыя кантракты да канца сезона з Закам Мiтчэлам i Дзянiсам Масалёвым. Зак Мiтчэл — канадскi форвард, у матчах КХЛ выступае з 2016 года. Абараняў колеры такiх клубаў, як «Мiнесота», «Лос-Анджэлес Кiнгз», «Нафтахiмiк» i «Дынама-Рыга». Дзянiс Масалёў удзельнiчаў у 598 матчах КХЛ, падчас якiх набраў 218 балаў.


5. Юнацкая зборная Беларусi U-18 па гандболе выступае на мiжнародным маладзёжным турнiры «Мядзведзi Cup — 2020» у горадзе Чэхаве (Расiя). Беларускiя гандбалiсты ў першы дзень турнiру перамаглi каманду «Чэхаўскiя мядзведзi» з вынiкам 24:30 i стаўрапольскую каманду «Вiктар-СУОР» з вынiкам 42:26. Затым беларусы абыгралi астраханскiх сапернiкаў «СШАР iмя Гладчанкi» — 33:18. А матч супраць расiйскай зборнай U-18 скончыўся з вынiкам 29:33 на карысць беларускiх гандбалiстаў. Аднак пасля гэтага беларусы ўступiлi камандзе «ЦСКА-2» з вынiкам 24:27. У паўфiнал беларуская каманда выйшла дзякуючы перамозе над «Чэхаўскiмi мядзведзямi-2» — 26:22.

Наступны матч беларуская каманда правядзе супраць «ЦСКА-2».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крынiц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.