Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Напярэдадні, альбо Як атрымаць яскравыя святочныя эмоцыі

Адыходзячы 2020-ты выдаўся вельмі няпросты, ад чаго настрой у многіх беларусаў... аналагічны. І таму, каб трохі абстрагавацца ад не заўжды добрых навін, можна паспрабаваць стварыць для сябе атмасферу свята. Нездарма ж псіхолагі раяць пачаць усміхацца — за ўсмешкай, магчыма, падцягнецца і радасць. Такім чынам…

Адпраўляем паштоўкі

У многіх людзей яны па-ранейшаму выклікаюць замілаванне — ад цёплых слоў, ад прыгожых малюнкаў...

Адно ўсведамленне таго, што да родных і сяброў спяшаюцца напісаныя вамі пажаданні, дадасць радасці ад чакання свята.

Развучваем альбо ўспамінаем навагоднія песні

І напярэдадні штодня напяваем іх. Гэты занятак абавязкова падыме настрой і вам, і ўсім дамашнім, асабліва калі песні будуць даносіцца з кухні разам з чароўнымі пахамі печыва.

Вы нічога раней не пяклі? Не бяда: збярыце сяброў ці сям'ю, вазьміце першы ўпадабаны рэцэпт і... за справу. Час, праведзены з блізкімі, можа стаць выдатнай навагодняй традыцыяй.

Гуляем у «Таемнага Cанту»

Калегі, сям'я, кампанія сяброў падыдуць ідэальна. Застаецца вызначыцца з бюджэтам і ўключыць фантазію. Згуляць можна на сайце «Таемны Санта» або афлайн. Гульня гэта добрая тым, што дае магчымасць абмежаваць колькасць і кошт падарункаў. Правілы вельмі простыя: для кожнага ўдзельніка робім картку з дзвюх роўных частак. Зверху пішам «Вы — нумар Х», а знізу «Вы робіце падарунак нумару Х». Нумары на палавінках павінны супадаць. Калі зверху напісана «Вы — нумар адзін», то знізу павінна быць «Вы робіце падарунак нумару адзін». Разразаем кожную картку папалам. Пасля гэтага мяняем месцамі верхнія палавінкі адных картак з ніжнімі іншых картак і склейваем тое, што атрымалася. Кожны ўдзельнік выбірае сабе па картцы...

Купляем навагодні світар

Адзін толькі працэс пакупкі сагрэе думкамі аб будучых святах (а пра само нашэнне і казаць не трэба!). Смешныя світары надзяваюць нават самыя заўзятыя модніцы!

Чытаем «цёплыя» кнігі і глядзім навагоднія фільмы

Гэта — якраз тое, што трэба для цёплага зімовага вечара.

Мяняем застаўкі

Апошнім часам на экраны смартфона або камп'ютара мы глядзім часцей, чым у люстэрка. Таму крыху чараўніцтва дададуць навагоднія застаўкі ў гаджэтах.

Ставім ёлку

Няхай парада і банальная, але працуе на ўсе 100 %. Пах ёлкі, распакоўванне скрынак з цацкамі, развешванне гірляндаў і лямпачак... Новы, шчаслівы год проста абавязаны прыйсці! І ў найбліжэйшыя дні!..

Ідзём у лес альбо гуляць па цэнтральных вуліцах

Гарады ўпрыгожваюць не толькі для таго, каб мы любаваліся імі, праязджаючы на аўтамабілях і аўтобусах.

І гандлёвыя цэнтры ў пераднавагоднюю пару — проста цуд! Ззяе ўсё: сцены, столі, вітрыны. У Новы год — у новым убранні! І з падарункамі.

Выбар іх — прыемная справа яшчэ і таму, што можна трапіць на добрыя зніжкі. Гэта таксама падымае настрой. Нешта вартае можна падарыць і самаму важнаму чалавеку... сабе.

Ну чаму б і не? Невялікі, але жаданы падарунак упрыгожыць чаканне свята.

Лепім снегавіка

Самы час «упасці» ў дзяцінства, заняўшыся актыўнымі гульнямі і пішам ліст Дзеду Марозу.

Ну і што, што даўно за дзесяць! У Дзеда Мароза свая пошта і адрас: 225063, п/а Каменюкі, Камянецкі р-н, Брэсцкая вобласць, Белавежская пушча.

А правіл няма: проста пішаце ліст, «канвертуеце» і закідваеце ў паштовую скрынку. А далей — чакаеце цуду.

Напаўняем дом водарамі свята

Альбо проста зімовымі. Мандарыны, карыца, аніс, ігліца — гэтыя пахі дакладна нагадаюць навагоднія гісторыі з дзяцінства, ад чаго прыемны настрой забяспечаны.

Упрыгожваем усё навокал

Без гэтага — нельга. Да таго ж ледзь не палову жыцця мы праводзім на рабоце, а таму і сваё рабочае месца таксама варта ўпрыгожыць.

Займаемся сабой

Навагодні манікюр ці новая стрыжка падыме настрой любой жанчыне. Мужчыны — не выключэнне.

Плануем Новы год

І хай збудзецца ўсё, што мы задумалі і спланавалі!

Наталля Камарова, г. Мінск.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.


Да нас прыедуць дзеці

...У новых гарадскіх дамах суседзі некалі хіба здароўкаліся. У нас дом ужо стараваты, бо мы, засяліўшыся, помню, хадзілі па кватэрах, каб пазычыць электрадрылі, грошай, стала, табурэтак, а часам і талерак для гасцей... І пры гэтым лёгка знаёміліся самі, знаёмілі сваіх дзяцей.

Тады яны былі малымі. І беды з імі — таксама.

Большыя пачаліся ў нашай сям'і, калі дачка скончыла школу і не паступіла на бюджэт. Мы ўсе разам пагаравалі тады, параіліся і вырашылі, што паспрабуем адвучыцца на платным. Муж нават падпрацоўку знайшоў.

Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Месяцы праз тры, у той самы год, наша дачка сказала, што... выходзіць замуж, што яго завуць Юра, што ён нядаўна вярнуўся з войска, а да службы працаваў механізатарам у калгасе.

Будучага зяця мы тады ніяк не ўяўлялі (дачцэ ўсяго 18!), а таму напрамілы бог сталі прасіць яе выкінуць з галавы замужжа, не кідаць вучобу, пагуляць, пачакаць, падумаць... На што Вера адказала, што Юра ўжо ўсё прадумаў, што яна з ім згадзілася і назад не адступіць.

Я тады, помню, не вытрымала, схадзіла да суседкі паплакацца, падзяліцца сваёй бядой. Спадзявалася, што тая (нашмат старэйшая) нешта разумнае параіць ці хоць разважыць.

Так яно і атрымалася: раздзяліўшы мае страхі, суседка сказала, што гэты Юра хутчэй за ўсё добры прайдоха, што жаніцца яму трэба, каб лягчэй пераехаць у Мінск, прапісацца ў нашай кватэры і ўладкавацца на добрую работу, а потым, маўляў...

Нешта падобнае (толькі іншымі, больш далікатнымі словамі) мы таксама спрабавалі давесці дачцэ і ўрэшце пачулі ад яе цалкам заканамернае: як можна, маўляў, судзіць чалавека, ні разу яго не ўбачыўшы?!

Іншага выйсця не было: прыйшлося запрасіць у госці... І — ці паверыце — адразу ўбачыць, што хлопец і сапраўды на дзіва сур'ёзны, прыгожы, а галоўнае — без памяці закаханы.

У такім выпадку чыніць перашкоды неяк не выпадала. Мы сустрэліся з яго бацькамі і ўжо разам з імі зладзілі хай сціплае, але прыгожае вяселле.

Пасля яго Юра пераехаў да нас, у лічаныя дні ўладкаваўся працаваць на будоўлю, атрымаў асобны пакой у інтэрнаце і перавёз туды жонку. Вучобу, як і абяцала, яна не кінула — нават тады, калі нарадзіла нам першага ўнука, а за ім — і другога.

Мы, бацькі, вядома, дапамагалі маладой сям'і, але ж цяжкасцяў ім хапіла ўсё роўна.

...Навошта аб гэтым пішу? Днямі ў горадзе я сустрэла суседку (даўно былую), да якой некалі хадзіла «паплакацца». Яна, вядома ж, спытала, дзе мы будзем сустракаць Новы год. Я сказала, што сёлета застаёмся дома (звычайна ўсе разам ездзілі ў вёску да сватоў), што да нас, хай ненадоўга, але заедуць дзеці: любімыя ўнукі, дачка, зяць, які стаў нам за роднага сына. І страшна падумаць, што было б, калі б некалі мы паслухалі «суседак» — прымусілі дачку адмовіцца ад хлопца, нечага пачакаць. А чаго?

Антаніна Р., г. Мінск.


На карысць сабе і прыродзе

У нумары «Звязды» за 16 снежня з цікавасцю прачытаў, як Ірына С. з Гродна здавала макулатуру, а заадно ўспомніў, што і сам у піянерскім узросце чаго толькі не збіраў! Не буду казаць, што мне гэта вельмі падабалася, але ж трэба было, а там, глядзіш, уцягнуўся, можа, нават падсеў.

Такім чынам, другасную сыравіну я збіраю са школьных гадоў і так, як гэта належыць: шкло — у адзін мех, пластык — у другі, паперу — у трэці... Да пары да часу ўсё гэта «багацце» стаіць у пуні, а як толькі пачынае замінаць, я «запрагаю» міні-трактар і вязу (калі 70 кілаграмаў, а калі і больш) у мясцовую краму. Ведаю, што грошай на гэтым амаль не зараблю (хутчэй за ўсё там жа і патрачу — на розныя прысмакі), але не засмучаюся, бо для мяне асабіста нашмат важней чыстае сумленне ў адносінах да прыроды.

Што датычыцца іншых вяскоўцаў (і, напэўна ж, не толькі маіх?), то ў кантэйнеры для смецця яны выкідваюць усё без разбору: бутэлькі, пластык, непатрэбнае адзенне, арганіку... Не бачаць сэнсу нешта сартаваць і здаваць. Значыць, пытанне, колькі плаціць за другасную сыравіну, усё ж актуальнае. І калі б яго вырашыць, думаю, шмат хто, перш чым выкінуць смецце, падумаў бы, як гэта лепш зрабіць. На карысць сабе і прыродзе.

Аляксандр Матошка, Расонскі раён.


Такім яго помняць вяскоўцы

Людзей, якія нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў адной мясцовасці, завуць абарыгенамі. Да іх я адношу і сябе: даўно жыву, добра ведаю ўсіх жыхароў на кожнай вуліцы-завулку. І тых, якія жывуць цяпер, і тых, якія жылі раней. Прычым памяць пра асобных не сціраецца, не гасне... З такіх — Уладзімір Іванавіч Анцыпаў.

Нарадзіўся ён у звычайнай вясковай сям'і, змалку не цураўся ні сялянскай працы, ні кніг ды вучобы, што дазволіла скончыць Барысаўскі педтэхнікум, узначаліць пачатковую школу.

Потым была служба ў Чырвонай Арміі, вяртанне на радзіму, сустрэча з маладой каляжанкай Лідзіяй Іосіфаўнай Карэўкай і стварэнне сям'і. Да яе, ну вядома ж, даходзілі чуткі пра магчымую вайну, аднак верыць ім не хацелася. Маладыя настаўнікі працавалі, нараджалі дзяцей, строілі планы... І, дзякаваць богу, шмат што паспелі, хоць вайна і перашкодзіла: ва Уладзіміра Іванавіча яна забрала тры гады жыцця (ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце ў 125-й стралковай дывізіі) і немаведама колькі сіл і здароўя...

Наша Капланецкая сямігодка, якую пасля вайны ўзначаліў Уладзімір Іванавіч, размяшчалася тады ў пяці невялічкіх пакоях былога папоўскага дома, а дзяцей (збольшага пераросткаў) было столькі, што вучыць іх даводзілася ў дзве змены, арандуючы «залы» ў дамах калгаснікаў.

Не ў панскіх умовах жыў і сам дырэктар: сям'я, дзе расло чацвёра малых, тулілася ў старой хаціне. Такім чынам, Уладзіміру Іванавічу давялося, як той казаў, закасаць рукавы: будаваць і новую школу, і жыллё, завочна вучыцца ў інстытуце...

Як кіраўнік калектыву, У. І. Анцыпаў быў узорам памяркоўнасці: амаль ніколі не павышаючы голас, ён умеў трымаць дысцыпліну, разам з жонкай ды іншымі настаўнікамі пастаянна ладзілі сустрэчы з бацькамі, праводзілі вялікую асветніцкую работу, бо ў вёсцы ў той час не было нават радыё, мала хто выпісваў газеты.

Для дзяцей (у тым ліку і родных) Анцыпавы былі ўзорам працавітасці і сумленнасці, а таму не дзіва, што многія выпускнікі сталі сапраўднымі людзьмі і выдатнымі спецыялістамі, што Анцыпавы-малодшыя таксама атрымалі вышэйшую адукацыю, а сыны абаранілі дысертацыі.

...Час, на жаль, досыць бязлітасны: няма сярод жывых Анцыпавых-старэйшых, у лепшы свет сышлі іх першы сын і малодшая дачка. Аднак бацькоўскі дом не апусцеў, а таму з ранняй вясны да позняй восені ён патанае ў квецені. Сад, агарод, вялікі пчальнік, прыгажосць і ўтульнасць усюды! Ад чаго здаецца, што Уладзімір Іванавіч і Лідзія Іосіфаўна па-ранейшаму з намі.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».