Вы тут

Новы год без лішніх кілаграмаў. Накрываем стол з аглядкай на талію


Новы год і Каляды ў нашай культурнай традыцыі — гэта шматгадзінныя застоллі з тлустым мясам і алкаголем, каларыйнымі салатамі, запраўленымі маянэзам. Гаспадыні выстаўляюць на стол усё найлепшае адразу — каўбасы, закаткі, марынады... Садавіну і «салодкі стол» таксама ніхто не адмяняў. У выніку наступнай раніцай мы звыкла мучымся ад галаўнога болю і цяжару ў страўніку, а праз месяц не можам улезці ў любімыя джынсы.


А ці магчымы Новы год без лішніх кілаграмаў? Аказваецца, так.

— Правільнае харчаванне за навагоднім сталом — не настолькі нерэальная задача, як гэта падаецца на першы погляд, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Валерый Шылаў.

І для гэтага не трэба ператварацца ў маркотнага зануду, які адмаўляецца пакаштаваць фірменны салацік гаспадыні. Дастаткова проста выконваць нескладаныя правілы.

Правіла першае. Рэжым харчавання

Цэлы дзень 31 снежня «назапашваць» голад перад застоллем — так сабе рашэнне. Сняданак, абед і — увага — вячэра! — павінны прысутнічаць у вашым раскладзе на апошні дзень года, як і ў любы іншы дзень. Тады да моманту, калі сям'я збярэцца за святочным сталом, вы не будзеце гатовыя праглынуць, не разбіраючы, усё, што на ім пастаўлена.

— Не варта садзіцца за святочны стол на галодны страўнік. Каб пазбегнуць пераядання, за 30 хвілін да пачатку застолля можна выпіць шклянку вады ці з'есці порцыю лёгкай салаты з агародніны.

Пра тое, што апошні прыём ежы для яе правільнага пераварвання і засваення павінен быць за 2-3 гадзіны да сну, сёння, напэўна, ведае кожны. У навагоднюю ноч вы можаце сесці за стол, напрыклад, у 20.00 — так і свята працягнецца даўжэй, і асноўны голад вы задаволіце значна раней, чым адправіцеся спаць, кажа суразмоўнік.

Правіла другое. Сервіроўка стала

— Мабыць, найважнейшае правіла навагодняй ночы — не есці, а дэгуставаць, — распавядае Валерый Шылаў.

Дапамагчы ў гэтым сваім гасцям можа гаспадыня, аддаўшы перавагу сучаснай сервіроўцы стала. Прыгожы посуд невялікага аб'ёму, менажніцы, парцыённая падача салаты ў бакалах, піялах, «ядомым» посудзе (кошыках з тонкага цеста), дэсертаў — на кавалачках агародніны і садавіны, каўбас і сыроў — на шпажках. Так, як накрываюць стол спецыялісты кейтэрынгу. «Тазікі» салаты — гэта мінулае стагоддзе, да таго ж такая падача правакуе пераяданне і праблемы са страўнікава-кішачным трактам і лішняй вагой. Ды і, у рэшце рэшт, сучасная сервіроўка стала — гэта проста прыгожа і стыльна.

І яшчэ адна парада. Не трэба гатаваць «з запасам». Салаты, што змянілі смак, і засохлая мясная нарэзка, якія пакутліва даядаюцца ўсёй сям'ёй тыдзень, — зусім не карысныя.

Правіла трэцяе. Альтэрнатыва

У чалавека павінна быць права выбару. Але звычайна ў навагоднім меню выбару няма.

— Традыцыйныя навагоднія стравы вельмі каларыйныя. Часта людзі пераядаюць за святочным сталом, таму што на стале проста няма некаларыйных страў. Няхай не ўсе стравы на вашым стале будуць цяжкія. Дадайце агароднінныя і фруктовыя салаты, дзе замест маянэзу ў якасці запраўкі выкарыстоўваюцца лімонны або гранатавы сок, натуральны ёгурт. Пастаўце на стол рыбу і морапрадукты, — раіць спецыяліст.

Ну, а калі вы запрошаны ў госці — дапамажыце сабе самі. Захапіце з сабой, акрамя падарункаў, некалькі не вельмі каларыйных, але смачных страў уласнага прыгатавання. Так, па-першае, вы прыйдзеце ў дом не з пустымі рукамі, а па-другое, забяспечыце сабе і сябрам здаровую альтэрнатыву «Аліўе» і селядцу «пад футрам». І не забудзьцеся паставіць на стол чыстую пітную ваду без газу. Калі вы будзеце піць дастаткова вады за навагоднім сталом, гэта паменшыць апетыт. Дарэчы, у суткі неабходна 30 мл на кілаграм вагі. І гэта не лічачы іншых напояў і супу.

Правіла чацвёртае. Парадак страў

Не есці ўсё, да чаго дацягнуўся, а выконваць парадак ужывання страў нават за навагоднім сталом — залог таго, што вам не прыйдзецца актыўна худзець у сярэдзіне студзеня. І паспрабуйце есці павольна: за сталом сядзець доўга.

— Пачніце з агародніннай салаты, запраўленай раслінным алеем, — раіць Валерый Вікенцевіч. — Агародніна злёгку задаволіць апетыт і дапаможа страваванню. Аддайце перавагу бялку, а не вугляводам. Гэта могуць быць запечанае мяса або, напрыклад, тарталеткі з ікрой. У ідэале ваша трапеза павінна складацца напалову з агародніны і на другую палову — з бялкоў і вугляводаў.

Не варта змешваць несумяшчальныя прадукты, напрыклад:

  • Не трэба есці садавіну і салодкае адразу пасля тлустага і смажанага. Гэта прамы шлях да дыярэі.
  • Адмоўцеся ад салодкай газіроўкі. Для маленькіх удзельнікаў навагодняга застолля змяшайце фруктовы сок (пажадана свежавыціснуты) з мінералкай.
  • Безалкагольныя напоі выбірайце несалодкія: морсы, сокі, тую ж мінеральную ваду (лепш — без газу). А для «салодкага стала» лепш за ўсё падыходзіць моцны чорны чай з лімонам.

Правіла пятае. Разумны падыход да алкаголю

Піць «за здароўе», каб раніцай адчуваць сябе вельмі нездаровым, не варта. Але цяжкага пахмелля можна пазбегнуць.

— Перш за ўсё алкаголь піце толькі пасля тостаў. Запіваць ім ежу — неразумнае рашэнне. Алкагольныя напоі вельмі каларыйныя, асабліва калі яны салодкія. А яшчэ алкаголь павышае апетыт — з ім вы з'ясце больш, чым без яго.

Кактэйлі, салодкае віно, настойкі і лікёры за навагоднім сталом забяспечаць вам пераяданне, не кажучы ўжо аб цяжкім пахмеллі. Лепш ужываць белае і чырвонае сухое віно. Шампанскае хай будзе брут, сухое або паўсухое.

  • Недапушчальна змешваць» вінаградны і збожжавы алкаголь. Як і вінаградныя і трысняговыя алкагольныя напоі (ром, тэкіла і г. д.). Вы атрымаеце моцную інтаксікацыю.
  • Не запівайце моцны алкаголь салодкай газіроўкай. Яны несумяшчальныя. Як, дарэчы, і алкаголь з шакаладам. Гэта бомба для вашага страўніка і падстраўнікавай залозы.
  • Зусім несумяшчальныя каньяк і бананы. А таксама любы алкаголь з дыняй.
  • Ідзяце ў госці? Абавязкова паешце дома: хутчэй за ўсё вам літаральна з парога нальюць келіх. А алкаголь на галодны страўнік прыводзіць да хуткага ап'янення.

Правіла шостае. Рух

Не сядзіце ўсю ноч за сталом. Танцуйце, гуляйце ў гульні і ўдзельнічайце ў конкурсах. Адпраўляйцеся на прагулку, ідзіце ў парк ці на каток. У гэтым годзе многія будуць сустракаць Новы год за горадам, на дачах, на базах адпачынку і ў фармаце катэджа, які здымаецца на кампанію. Так пагуляйце на прыродзе! Гэта дадасць святочнага настрою, даставіць незабыўныя эмоцыі і зробіць свята непадобным на ўсе астатнія.

Правіла сёмае, паслясвяточнае. Не карайце сябе дыетай

З 1 студзеня прынята пачынаць новае жыццё. Але не спяшайцеся садзіцца на дыету з першымі прамянямі сонца 2021 года.

— Разгрузачныя дні раней за 3 студзеня стануць стрэсам для арганізма. А пераяданне ў навагоднія дні і так было велізарнай нагрузкай. Дайце сваёй стрававальнай сістэме час, каб нармалізаваць работу. Дарэчы, і нізкакаларыйныя дыеты ў снежні, «каб пахудзець да Новага года», я раю завяршыць не пазней чым за тыдзень да навагодняй ночы.

А каб пазбавіцца лішняй вагі пасля навагодніх і калядных «празмернасцяў», неабходна проста збалансаванае харчаванне, а не жорсткія дыеты. Дарэчы, мужчыны паўнеюць у Новы год менш, чым жанчыны. У жанчын павышаны апетыт у святочныя дні звязаны з ваганнямі цукру ў крыві. Таму іх цягне на салодкае. У мужчын метабалізм больш стабільны. Але і моцнай палове варта выконваць вышэйпералічаныя правілы застолля.

Святочныя лайфхакі ад дыетолагаў

Не забудзьцеся паставіць на навагодні стол:

  • Чыстую ваду без газу.
  • Свежую буйна нарэзаную гародніну. Яна выдатна спалучаецца з мясам і дапамагае хутчэй адчуць насычэнне.
  • Лёгкія закускі. Соусы да іх падайце асобна — гэта, як правіла, самы каларыйны інгрэдыент многіх страў.
  • Хлеб — цэльназерневы, і толькі з жытняй мукі.

Падчас гатавання мяса выкарыстоўвайце посуд з антыпрыгарным пакрыццём — так вам не спатрэбіцца шмат алею.

Усюды, дзе толькі можна, замяняйце маянэз на нізкакаларыйныя соусы — іх лёгка прыгатаваць з дапамогай блэндара. Вось некалькі простых рэцэптаў:

Тар-тар: ёгурт + карнішоны + кроп + часнок + спецыі.

Грыбны: смажаныя шампіньёны + цыбуля + спецыі + ёгурт.

Таматавы: памідоры + кінза + зялёная цыбуля + кроп + часнок + спецыі.

Кары: ёгурт + яечныя жаўткі + цыбуля + прыправа «Кары».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

Пятая клінічная бальніца застаецца адной з медустаноў Мінска, куды шпіталізуюць хворых на COVІD-19. 

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.