Вы тут

Анколаг Сяргей Красны: Пры некаторых злаякасных пухлінах пацыент не заражаецца COVІD-19


Нягледзячы на распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава працягвае лячэнне пацыентаў з ракавымі пухлінамі. Цяпер тут прымаюць хворых ледзь не з усёй краіны. Як каранавірус паўплываў на работу анкалагічнай службы і ці варта чакаць усплёску новых выпадкаў раку, калі пандэмія завершыцца? Як анкалагічныя пацыенты пераносяць COVІD-19? Калі адновяцца праграмы ранняга выяўлення пухлін і каго найперш будуць правяраць на рак страўніка і рак лёгкіх? Пра гэта і іншае расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Красны.


— Сяргей Анатолевіч, як распаўсюджанне COVІD-19 адбілася на дыягностыцы анказахворванняў, рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі і на паводзінах саміх пацыентаў?

— Гэта, безумоўна, вялікая праблема. Распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі паўплывала на работу ўсёй анкалагічнай службы. Найперш, многія анкалагічныя дыспансеры ў краіне пераарыентаваны — часткова ці цалкам — на аказанне дапамогі пацыентам з ковіднай інфекцыяй. Адпаведна, анкалагічныя хворыя, якія мусілі лячыцца там, перанакіраваны да нас. Але гэта не стала прычынай перагрузкі нашага цэнтра. Цяпер у нас заўсёды ёсць свабодныя месцы, бо колькасць анкалагічных пацыентаў, якія прыязджаюць на лячэнне, значна зменшылася.

Звязана гэта з двума фактарамі. Па-першае, на першапачатковых стадыях злаякасных пухлін часцей за ўсё не трэба аказваць тэрміновую дапамогу. Гэтыя пухліны, як правіла, марудна прагрэсіруюць, і за 1—3 месяцы стан здароўя гэтых пацыентаў істотна не зменіцца, таму можна дачакацца зніжэння захваральнасці на каранавірусную інфекцыю і пралячыць іх вясной ці летам. Па-другое, паліклінікі і раённыя бальніцы цяпер працуюць з вялікай перагрузкай і аказваюць дапамогу пераважна пацыентам з інфекцыяй COVІD-19. Натуральна, займацца планавай дапамогай, у тым ліку дыягностыкай злаякасных пухлін, яны не могуць, цалкам спынены скрынінг. Адпаведна, колькасць анкалагічных пацыентаў, якія выяўляюцца, зменшылася. Таму вялікага наплыву ў наш цэнтр няма.

Мы цалкам спраўляемся з тымі пацыентамі, якія да нас паступаюць. Шпіталізацыя ў нас арганізавана вельмі строга: усе павінны мець адмоўны тэст на каранавірусную інфекцыю. Акрамя таго, перад шпіталізацыяй мы робім усім нашым пацыентам камп'ютарную тамаграфію лёгкіх, таму што нават пры адмоўным аналізе на COVІD-19 праскокваюць выпадкі з бессімптомнай пнеўманіяй. Бо ПЦР-аналіз, на жаль, не валодае 100-працэнтнай дакладнасцю. Акрамя таго, ён сапраўдны на працягу некалькіх дзён, і за гэты час чалавек можа падхапіць інфекцыю. Яму паспяваюць зрабіць аперацыю, і пасля праяўляюцца сімптомы хваробы — такія выпадкі, на жаль, таксама бываюць. Такі пацыент можа заразіць суседа па палаце ці медыцынскі персанал.

Некаторыя супрацоўнікі нашага цэнтра або перахварэлі, або хварэюць у цяперашні час. Гэта таксама выклікае пэўныя цяжкасці, але мы да іх прызвычаіліся. У цэнтры распрацавана сістэма барацьбы з COVІD-19. Пацыентаў, у якіх выяўляецца інфекцыя, мы адразу пераводзім у адпаведныя спецыялізаваныя ўстановы, за выключэннем тых выпадкаў, калі ім патрабуецца тэрміновая анкалагічная дапамога. Для гэтага ў нас ёсць спецыялізаванае аддзяленне — ізаляванае, з чырвонай зонай. І там аказваецца дапамога пацыентам са спалучэннем анкалагічнага захворвання і каранавіруснай інфекцыі.

Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы сказаць словы падзякі і захаплення ўсім медыцынскім работнікам, якія ў гэтыя складаныя часы, не шкадуючы сябе, працуюць з вялікім напружаннем, выратоўваючы нашых пацыентаў. Паверце, што мужнасць і гераізм у дачыненні да іх — не пафасныя словы, а штодзённая рэчаіснасць.

— Як пацыенты з анкалогіяй пераносяць COVІD-19?

— Па меры назапашвання ведаў па спалучэнні каранавіруснай інфекцыі і анкалагічнай паталогіі высвятляюцца даволі цікавыя рэчы. Лагічна было б меркаваць, што анкалагічныя пацыенты часцей будуць хварэць і складаней пераносіць гэту інфекцыю, бо прынята лічыць, што іх імунная ахова зніжана. Але аказалася, што пры некаторых злаякасных пухлінах COVІD-19 або ўвогуле не паражае такіх пацыентаў, або, калі яны і заражаюцца, захворванне працякае ў лёгкай форме. Прыкладам з'яўляецца Б-клетачная лімфома, калі функцыя Б-лімфацытаў рэзка парушана. Яны не выконваюць сваёй ахоўнай функцыі па выпрацоўцы антыцел. А пры каранавіруснай інфекцыі гэта надзвычай важна ў плане развіцця гіперімуннай рэакцыі або цытакінавага шторму. Такім чынам, у пацыентаў з лімфомай ён у прынцыпе не можа развіцца з-за недастатковых функцыянальных магчымасцяў Б-лімфацытаў.

Нядаўна высветлілася, што пацыенты з распаўсюджаным ракам прастаты, якія атрымліваюць гармонатэрапію, таксама або не заражаюцца, або хварэюць у лёгкай форме. Мабыць, блакада гарманальных рэцэптараў перакрыжоўваецца з тымі рэцэптарамі, праз якія дзейнічае вірус COVІD-19. У іх таксама захворванне працякае ў лёгкай форме.

Але ў большасці выпадкаў анкалагічныя пацыенты хварэюць дастаткова цяжка. Бо гэта, як правіла, людзі пажылыя, у іх аслаблены арганізм. Таму мы ставім усе загараджальныя бар'еры, якія толькі магчыма, каб інфекцыя не распаўсюджвалася ўнутры цэнтра.

— Вы сказалі, што скрынінгавыя мерапрыемствы цяпер спынены. Можна меркаваць, што, калі распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі пойдзе на спад, мы атрымаем усплёск анкалагічных хвароб?

— Па прычыне спынення скрынінгу гэтага не будзе. Бо скрынінгавыя праграмы разлічаны на здаровых людзей ці тых, хто сябе такімі лічыць. У іх, як правіла, выяўляецца нулявая ці першая стадыя захворвання падчас скрынінгу. Да развіцця другой стадыі праходзіць не адзін месяц, а часам і гады. У нулявой стадыі (так званага прадраку) захворванне развіваецца вельмі марудна. Таму з-за таго, што мы спынілі скрынінгавыя праграмы на некалькі месяцаў, нічога страшнага не адбудзецца.

А вось што датычыцца звычайнай дыягностыкі злаякасных пухлін, калі людзі звяртаюцца да ўрача са скаргамі, то тут сапраўды можа быць праблема, бо цяпер аказанне планавай дапамогі, на жаль, часова спынена. І гэтыя пацыенты церпяць, нягледзячы на тое што маюцца сімптомы, і не абследуюцца. І гэта можа мець сур'ёзныя наступствы: калі яны праз паўгода прыйдуць да анколага, у іх можа быць запушчаная стадыя злаякаснай пухліны. Гэта сур'ёзнае наступства пандэміі COVІD-19, прычым, мяркую, такая праблема характэрна для ўсяго свету. І праз год-два гэта можа прывесці да павелічэння смяротнасці ад злаякасных пухлін.

— Акрамя чатырох вядомых скрынінгавых праграм па выяўленні раку шыйкі маткі, прастаты, грудзей і коларэктальнага раку, магчыма, у нас з'явяцца і іншыя?

— Калі захваральнасць на каранавірусную інфекцыю знізіцца, праекты па скрынінгу будуць працягвацца па ўсіх чатырох лакалізацыях. Акрамя гэтага, мяркую, што да таго часу ўжо скончыцца пілотны праект па скрынінгу раку страўніка.

На першым этапе пацыентам выконваюцца сералагічныя даследаванні: па аналізах крыві вывучаюцца аб'ёмы і суадносіны пепсінагенаў, наяўнасць хелікабактару. Калі маюцца гэтыя фактары і мы бачым, што рызыка злаякаснай пухліны ці атрафічных працэсаў у страўніку дастаткова высокая, робіцца гастраскапія. Прычым сярод гэтых пацыентаў, якім выконваецца гастраскапія, альбо пухліны, альбо перадпухлінныя працэсы выяўляюцца дастаткова часта. Ім праводзіцца мэтанакіраванае лячэнне. Дык вось пілотны праект паказаў дастаткова высокую эфектыўнасць, і мы спадзяёмся, што, калі стабілізуецца сітуацыя, будзем пашыраць скрынінгавую праграму на гэту лакалізацыю.

Ужо год ідзе праект па раку лёгкага, ён разлічаны на пяць гадоў. Пацыентам выконваецца нізкадозная камп'ютарная тамаграфія, і даволі часта выяўляюцца ўтварэнні ў лёгкіх на ранняй стадыі. Яны выдаляюцца, і гэта дазваляе знізіць смяротнасць ад раку лёгкага.

— Хто трапіць у праграмы скрынінгу раку страўніка і раку лёгкага?

— Па раку страўніка мэтавая аўдыторыя вылучаецца сярод тых, хто мае сімптомы захворвання. Але па вялікім рахунку яго трэба праводзіць і сярод тых, у каго найчасцей гэтыя пухліны сустракаюцца. Як правіла, гэта людзі пасля 40 гадоў, таксама сюды трапляюць курыльшчыкі. Пасля ўзроставыя рамкі будуць пашырацца. І дадаюцца людзі, у якіх ёсць спадчынная схільнасць: калі сваякі хварэлі на такія ж захворванні.

Што датычыцца раку лёгкага, то тут у групу рызыкі трапляюць выключна курыльшчыкі, прычым з вялікім стажам — не менш за 15 гадоў. Тут існуе спецыяльная формула разліку: 15 гадоў курэння па пачку цыгарэт у дзень. Калі па два пачкі ў дзень, чакаць 15 гадоў не трэба — захворванне развіваецца хутчэй. Па заканчэнні пілотнага праекта будуць зроблены высновы, наколькі ён эфектыўны для нашай краіны і ці можна яго выкарыстоўваць. Гэта нятаннае задавальненне, бо патрабуе дарагога абсталявання. Але не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. З прычыны распаўсюджання каранавіруса былі закуплены адпаведныя камп'ютарныя тамографы, якія ў спакойны перыяд будуць больш свабоднымі і іх можна будзе выкарыстоўваць для камп'ютарнай тамаграфіі лёгкіх у курцоў. Спадзяюся, што да завяршэння праекта пандэмія скончыцца, і будзем укараняць скрынінг раку лёгкага.

— Ці працуе метад вадкаснай цыталогіі, які мусіў замяніць ранейшы мазок на вызначэнне раку шыйкі маткі?

— Пакуль не праводзяцца скрынінгавыя праграмы, ён выкарыстоўваецца для звычайнай дыягностыкі. У пераходны перыяд усе жанчыны абследаваліся двума метадамі, каб навучыць і цытолагаў, і гінеколагаў, бо і сістэма забору матэрыялу, і падрыхтоўкі мазкоў зусім іншая. Цяпер навучанне скончылася, і калі COVІD-19 пойдзе на спад, можна будзе больш шырока выкарыстоўваць вадкасную цыталогію.

— Што чалавек павінен правяраць у 30—40 гадоў?

— У дачыненні да злаякасных пухлін у 30 гадоў — нічога, за выключэннем раку шыйкі маткі, бо ён рэзка памаладзеў. Ён звязаны з распаўсюджаннем папіломавіруснай інфекцыі. І па прычыне больш ранняга пачатку палавога жыцця (ужо не рэдкасць, калі яго пачынаюць у 12—15 гадоў) у нас цяпер з'явіліся 25-гадовыя і нават 20-гадовыя пацыенткі з пухлінамі шыйкі маткі. Бо калі аслаблены ахоўныя сілы арганізма, пухліна можа развіцца не за 10 гадоў, а нават хутчэй. Таму з прычыны раку шыйкі маткі шырокамаштабны скрынінг праводзіцца з 30 гадоў. Увогуле ж, жанчына з пачатку палавога жыцця мусіць перыядычна наведваць гінеколага, і ён вырашае, калі выконваць цыталагічныя даследаванні.

Што датычыцца ўсіх астатніх злаякасных пухлін, то яны дастаткова рэдка сустракаюцца ў маладым узросце, таму мэтанакіравана абследавацца ў гэтым выпадку не трэба.

А вось пачынаючы з 40 гадоў з'яўляюцца больш сур'ёзныя праблемы са здароўем, таму трэба падключацца да розных скрынінгавых праграм. У залежнасці ад узросту мы ўключаем такіх пацыентаў у скрынінг раку малочнай залозы, прастаты і іншыя.

— А можа так здарыцца, што чалавек нармальна сябе адчувае, робіць час ас часу даследаванні, скажам, УГД грудзей, наведвае гінеколага, а потым у яго знаходзяць рак у трэцяй стадыі?

— Можа здарыцца і такое, але верагоднасць меншая, чым у тых, хто не ходзіць да доктара і не абследуецца, а чакае, пакуль яму стане дрэнна. Натуральна, колькі б мы ні мелі метадаў дыягностыкі, ні адзін з іх не валодае 100-працэнтнай эфектыўнасцю і магчымы як ілжыва-станоўчыя, так і лжыва-адмоўныя вынікі. І адно і другое не надта добра. Пацыенту ставяць пры дапамозе таго ці іншага метаду падазрэнне на злаякасную пухліну, а падчас удакладняльнай дыягностыкі дыягназ здымаецца. Але псіхалагічную траўму пацыент атрымаў, у яго застаецца пэўны страх на ўсё жыццё. У гэтым недахоп скрынінгаў. Такія выпадкі даволі часта здараюцца, але да гэтага трэба быць гатовым, калі ідзеш на скрынінг, і не ўпадаць у паніку.

Ілжыва-адмоўныя вынікі таксама могуць быць, калі пухліна маленькая, і раздзяляльная здольнасць метаду не дазваляе яе выявіць. А потым пацыент з'яўляецца праз два гады на наступны этап скрынінгу, і пухліну знаходзяць, або на працягу двух гадоў праяўляюцца сімптомы — гэта так званы міжскрынінгавы рак. На жаль, такія сітуацыі бываюць, але нашмат радзей, чым сярод людзей, якія ўвогуле не абследуюцца.

Працяг размовы чытайце ў адным з наступных нумароў «Звязды».

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.