Вы тут

Маленькія жывыя ёлкі становяцца ўсё больш папулярныя


Маленькія жывыя навагоднія ёлкі становяцца ўсё больш папулярныя. У такой ёлкі шмат пераваг. Яе можна фарміраваць на свой густ з дапамогай рэгулярных абрэзак і за пару гадоў зрабіць вельмі прыгожай. А колькі грошай можна сэканоміць на штогадовай куплі ссечанай елкі! А пасля заканчэння свят жывая елка ў кадцы ўпрыгожыць сабой сад або балкон!


Для вырошчвання ў кадцы ў якасці жывой навагодняй ёлкі ідэальна падыходзяць карлікавыя пароды елкі або піхты. Калі вы хочаце не самую традыцыйную жывую навагоднюю ёлку ў кадцы, можна звярнуць увагу на карлікавыя ядловец, сасну, кіпарыс, ціс (асцярожна, расліна атрутная!), тую і іншыя іглічныя пароды. Сёння ў продажы можна знайсці разнастайныя віды, сарты і афарбоўкі гэтых іглічных.

Далейшыя рэкамендацыі для тых, хто хоча захаваць елку на гады. Купляючы жывую елку для вырошчвання ў кантэйнеры, абавязкова даведайцеся пра марозаўстойлівасць дрэва, калі большую частку года яно будзе праводзіць у садзе або на балконе. Марозаўстойлівасць павінна быць на 1-2 зоны вышэй за ваш рэгіён (расліны ў кантэйнерах прамярзаюць хутчэй, чым у адкрытым грунце). Зімой елка знаходзіцца ў стадыі спакою. Прыносячы яе з ёлачнага базару дадому, пакіньце расліну на некалькі дзён у больш халодным памяшканні для акліматызацыі. Калі адразу ўнесці жывую елку ў цёплае памяшканне, дрэва можа крануцца ў рост і падмерзнуць пазней, пры вынасе елкі на холад, што можа выклікаць праблемы.

Можна адразу ж пасля пакупкі перасадзіць такую елку ў большы па памеры гаршчок з добрым грунтам. Лепш вырошчваць жывую елку ў вялікай цяжкой ёмістасці, бо яны больш устойлівыя, у іх змяшчаецца больш глебы і яна даўжэй застаецца вільготнай. Гэтыя фактары выключна важныя ва ўмовах цёплага пакоя, дзе жывыя елкі праводзяць зімовыя святы.

Пасля перасадкі елкі ў новы гаршчок цалкам замачыце яго ў большай ёмістасці з вадой на некалькі гадзін, каб земляны ком поўнасцю прамок. Затым зліце лішнюю ваду праз дрэнажныя адтуліны. Цяпер можна змясціць гаршчок з жывой елкай у вялікае прыгожае кашпо. Калі яно дазваляе, насыпце пласт жвіру або дрэнажных гранул на дно і наліце вады, якая будзе выпарвацца і трохі падымаць узровень вільготнасці каля жывой елкі. Не стаўце яе побач з крыніцамі цяпла (камінам, печчу або радыятарам)!

Жывой елцы ў кадцы ў памяшканні спатрэбяцца багатыя рэгулярныя палівы. Не ўгнойвайце елку дома: угнаенні і цяпло выклічуць непажаданы рост новых парасткаў, якія потым могуць падмерзнуць на холадзе. Для ўпрыгожвання елкі выкарыстоўвайце светлавыя гірлянды слабай магутнасці, каб не пашкодзіць дрэва. Пасля заканчэння свят перанясіце елку ў кантэйнеры на холад, дзе яна будзе пастаянна знаходзіцца, праз памяшканне з прамежкавымі тэмпературамі для акліматызацыі (падобна з тым як уносілі ў цёплае памяшканне з холаду).

Далейшы догляд мала чым адрозніваецца ад догляду за любой іншай культурай у гаршчку. Калі карані дрэва запаўняюць кантэйнер, час перасаджваць іглічнае дрэўца ў большы па памеры кантэйнер. Перасадку варта рабіць у халодны перыяд года, калі расліна знаходзіцца ў стане спакою. Грунт для жывой елкі і іншых іглічных парод варта браць кіслы, на тарфяной аснове. Вясной, калі жывая елка пускаецца ў актыўны рост, дрэва варта падкарміць комплексным угнаеннем.

Галінкі елкі і іншых іглічных парод можна «трэніраваць», падвязваючы або падтрымліваючы палкамі ў патрэбным становішчы, у якім яны пасля прывыкаюць расці. «Трэніроўка» — добрае выйсце для тых, хто баіцца або не хоча займацца абрэзваннем. Правільная абрэзка дапаможа стварыць дрэва гарманічнай формы. Абрэзванне жывой елкі і іншых іглічных варта рабіць перад пачаткам новага сезона, ранняй вясной, у сухое надвор'е. Перад абрэзваннем уважліва аглядаюць елку, каб зразумець, як менавіта адбываецца яе рост. Натуральная форма кроны іглічных дрэў сама па сабе гарманічная, таму пры абрэзванні варта прытрымлівацца гэтай натуральнай формы. Мэта абрэзкі жывой елкі: пакараціць залішне доўгія аголеныя галінкі, каб стымуляваць галінаванне і ўтварэнне больш пышнай кроны. Абразайце галінкі адразу пасля «сустава», ад якога далей пойдзе галінаванне. Не варта праводзіць абрэзванне слабых або хворых дрэў. Іглічныя дрэвы абразаюць толькі да зялёнай ігліцы, а не да карычневых галінак: унутраная здранцвелая частка лапак многіх іглічных ужо не дае новых парасткаў.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Адважыцца і... пачаць! Што стрымлівае развіццё «жаночага» бізнесу?

Адважыцца і... пачаць! Што стрымлівае развіццё «жаночага» бізнесу?

Уклад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП нашай краіны за 2020 год склаў 26,4 %.

Грамадства

Рыхтуй печ загадзя. Каб не застацца зімой без даху над галавой, паклапаціцеся аб ацяпленні сёння

Рыхтуй печ загадзя. Каб не застацца зімой без даху над галавой, паклапаціцеся аб ацяпленні сёння

Верасень сёлета асабліва не вызначыўся восеньскай цеплынёй, якая яшчэ характэрная для гэтай пары года.

Грамадства

Як ва ўмовах пандэміі працуе санітарна-эпідэміялагічная служба

Як ва ўмовах пандэміі працуе санітарна-эпідэміялагічная служба

Заўтра санэпідэмслужбе нашай краіны спаўняецца 95 гадоў.