Вы тут

Чым пахне зялёны? Адказ можна знайсці на выстаўцы «Шлях да колеру»


Чым пахне зялёны?

Адказ на гэтае пытанне можна знайсці на незвычайнай выстаўцы «Шлях да колеру», што адкрылася ў сталічным Палацы мастацтваў. Упершыню тут выстаўляюцца карціны невідушчых мастакоў. Здавалася б, як чалавеку, які з нараджэння не мае зроку, працаваць з фарбамі? Але маладыя людзі даказваюць, што мастацтва можа быць даступнае для ўсіх.


Сакрэты ўспрымання

Як памацаць жоўты колер? Які на смак чырвоны? Як гучыць зялёны? Калі вы паспрабуеце знайсці адказы на гэтыя пытанні, атрымаеце ключык да разумення незвычайных карцін. Маладыя мастакі праз свае работы перадаюць адчуванні. Жоўты — гэта цяпло сонечных прамянёў на скуры, пясок, што шамаціць пад нагамі. Чырвоны — можа нагадваць пра каханне, мужнасць, урачыстасць, быць салодкім ці вострым, альбо саланаватым, як кроў. Зялёны пахне скошанай травой, мятай, хвояй. Лёгка здагадацца, як выглядае карціна «Басанож». А як намаляваць дотык, сяброўства, спакой, характар, аблокі, душу? Усе гэтыя тэмы «пакладзены» на халсты. Гэтая выстаўка дапамагае зазірнуць углыб рэчаў, патрапіць у асаблівы свет уяўленняў і эмоцый. А для гледачоў гэта выдатная магчымасць па-іншаму ўбачыць свет. І, хто ведае, можа, менавіта з работ невідушчых мастакоў пачнуцца новыя гісторыі ў сучасным жывапісе?

Як правіла, для людзей, што ад нараджэння жывуць у цемры, назвы фарбаў — пустыя словы. Але толькі не для тых, хто пачынае маляваць. Для мастакоў колеры пахнуць, перацякаюць паміж пальцамі, адчуваюцца, гучаць. На кожную фарбу накладваюцца пэўныя асацыяцыі, якія могуць не супадаць у розных асоб.

Праект BelonіcaArt пачаў працаваць на базе сталічнай спецыялізаванай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку. Яго куратары падказваюць невідушчым мастакам, як абыходзіцца з колерамі. У будучым плануецца стварыць арт-тэрыторыю, дзе невідушчыя людзі розных узростаў змогуць навучацца, сустракацца, эксперыментаваць, рэалізоўвацца праз жывапіс і, магчыма, такім чынам зарабляць. «Наш праект не пра тое, як сабрацца, каб цікава правесці час. Ён дае людзям магчымасць рэалізавацца, пашырае магчымасці ўспрымання навакольнага свету», — заўважае заснавальніца праекта Ірына Бандаровіч.

Усё ж выбар прафесій для асоб з праблемамі зроку вельмі абмежаваны, а падобныя праекты дазваляюць сціраць межы і натхняюць на пошукі новых дарог, шанцаў, адкрыццяў.

З гэтых работ для невідушчых людзей пачынаецца шлях у краіну колераў. Падобных школ жывапісу для людзей, што не маюць зроку, у свеце яшчэ не было. Тут канцэнтруюцца абсалютна новыя ідэі, выпрацоўваюцца методыкі і вядуцца актыўныя пошукі інструментаў, якія дапамогуць невідушчым людзям паглыбіцца ў мастацтва.

У сваёй рабоце каманда выкарыстоўвае розныя прылады. Драўляная рамка з нацягнутай лескай дазваляе невідушчым мастакам арыентавацца на палатне. Клей ПВА, ніткі, пластык, малярная стужка дапамагаюць ствараць пэўныя межы, контуры, выстройваць фігуры і кампазіцыі. Колеравы круг тут «перакладзены» для чытання» невідушчымі людзьмі — ён раздрукаваны аб'ёмным на ЗD-прынтары. У ход ідуць элементы адзення, фрагменты тканіны, што для маладых мастакоў служаць не толькі фактурай, якую можна памацаць, але і часткай кампазіцыі.

Чароўны ліхтарык

Спецыяльна пад праект беларускія айцішнікі распрацавалі прыладу «Ліхтар», якая дазваляе невідушчым людзям распазнаваць колеры. Яна складаецца з датчыка колеру і мікракантролера, які апрацоўвае вымярэнні інтэнсіўнасці RGB-хваль. Пасля апрацоўкі «чароўны» ліхтарык «перакладае» колеры на мелодыі. Так людзі без зроку, якія не ведаюць фарбаў, пры дапамозе музыкі і асацыяцый уяўляюць колеры. На дадзены момант прылада тэсціруецца. З ёй якраз і працуюць удзельнікі першай у Беларусі мастацкай студыі для невідушчых. У будучым плануецца зрабіць «Ліхтар» даступным для ўсіх. Ужо сёння каманда BelonіcaArt гатовая дзяліцца сваімі напрацоўкамі. Работы незвычайных мастакоў выкладваюцца ў сацыяльных сетках, і невідушчыя людзі вельмі чакаюць водгукаў, просяць, каб ім зачытвалі, якія думкі іх работы выклікаюць у людзей. Карціны асаблівых мастакоў можна набыць. Выручаныя грошы пойдуць на развіццё праекта.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Чым пахне зялёны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.