Вы тут

Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі запусцяць з 1 студзеня


Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі запусцяць у тэставым рэжыме з 1 студзеня 2021 года. Пра гэта паведаміла падчас круглага стала ў БелТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА.


Метадычная падтрымка

— Настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на працягу шэрагу гадоў як у час правядзення ўрокаў, так і для арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў. На нацыянальным адукацыйным партале размешчана інфармацыя аб інтэрнэт-сэрвісах, якія можна выкарыстоўваць для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Выкарыстанне ІКТ ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі дазволіла ва ўмовах няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі забяспечыць навучанне ўсіх школьнікаў у ІV чвэрці з наступнай іх атэстацыяй па выніках 2019/2020 навучальнага года, — расказала Ірына Каржова. — Разам з тым педагагічная грамадскасць разумее, што ва ўмовах актыўнай лічбавізацыі ўсіх працэсаў сістэма адукацыі не можа стаяць на месцы і быць задаволенай наяўнымі напрацоўкамі. Рэаліі часу вымусілі нас паскорыцца, і яшчэ вясной было прынята рашэнне аб стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Плануецца, што платформа пачне працаваць у тэставым рэжыме з 1 студзеня 2021 года. Але інфармацыйна-адукацыйны рэсурс не заменіць рэальны навучальны працэс у школе. Ён дапоўніць працэс вывучэння прадметаў і стане метадычнай падтрымкай для навучання тых дзяцей, якія па нейкіх прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі альбо маюць патрэбу ў дадатковым тлумачэнні падчас выканання хатніх заданняў.

Рэсурс уключае пералік навучальных матэрыялаў, а таксама розныя сэрвісы для арганізацыі і кіравання адукацыйным працэсам (электронны дзённік, журнал, камунікацыю ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу і г. д.).

«Стварэнню платформы папярэднічала вывучэнне айчыннага вопыту і вопыту іншых краін. Да распрацоўкі адукацыйнага кантэнту былі запрошаны найлепшыя настаўнікі з усіх рэгіёнаў краіны. У абласцях створаны творчыя групы, у склад якіх увайшлі ў першую чаргу настаўнікі-метадысты, настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, педагогі — аўтары навучальных дапаможнікаў, якія маюць вопыт стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў. У работу ўключыліся ўдзельнікі рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель». Распрацоўку адукацыйнага кантэнту каардынуюць рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. Падрыхтаваныя навучальныя матэрыялы прайшлі метадычную экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце», — дадала Ірына Каржова.

Напаўненне рэсурсу

— Адзін з элементаў інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, які цяпер распрацоўваецца, — бібліятэка навучальных матэрыялаў. Яна структураваная па вучэбных прадметах, па класах і модулях, сфарміраваных на аснове навучальных праграм. Усе матэрыялы будуць адпавядаць адукацыйным стандартам агульнай сярэдняй адукацыі і вучэбным праграмам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі, — паведаміла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна ГІНЧУК. — Бібліятэка навучальных матэрыялаў уключае некалькі падраздзелаў. У кожным модулі будзе абавязковая спасылка на параграф навучальнага дапаможніка, на падставе якога ён распрацаваны. У кожным модулі ёсць раздзел, які арыентуе навучэнцаў на вынікі вывучэння новай тэмы. Будуць пералічаны веды і ўменні, прадугледжаныя вучэбнай праграмай, якія неабходна засвоіць падчас вывучэння новай тэмы. Абавязковая наяўнасць відэароліка з тлумачэннем новага навучальнага матэрыялу. Школьнікам прапануюць тэставыя заданні для самакантролю ведаў і ўменняў. Прадугледжана рубрыка «Дадатковыя матэрыялы», якая будзе напаўняцца паступова. Мы плануем, што ў яе ўключацца ў тым ліку метадычныя напрацоўкі педагогаў, электронныя адукацыйныя рэсурсы. Сёння мы акумулюем усе тыя распрацоўкі, якія ўжо існуюць.

Магчымасць дыстанцыйных заняткаў

— Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе мець высокі ўзровень абароны інфармацыі, — запэўнівае дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Юрый КРУГЛІК. — Мы сфарміравалі тэхнічныя патрабаванні да ўсіх тых матэрыялаў, якія распрацоўваюцца і размяшчаюцца на платформе. Зразумела, што рыхтуемся да вялікіх нагрузак — актыўнага наведвання платформы, прычым адначасовага. Плануецца адзіная сістэма аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў, выкарыстанне вэб-інтэрфейсаў, якія будуць забяспечваць магчымасць аддаленай і размеркаванай працы карыстальнікаў усіх катэгорый.

Калі казаць пра наборы асноўных функцый, то, безумоўна, гэта лічбавы профіль для кожнай установы адукацыі, кожнага вучэбнага класа альбо вучэбнай групы. Таксама мы закладваем магчымасць аўтаматызаванай сістэмы кіравання ўстановай адукацыі. Гэта і пытанні раскладу заняткаў, уліку харчавання, нагрузкі на педагагічных работнікаў, аналізу паспяховасці навучэнцаў.

Юрый Круглік акцэнтаваў увагу на тым, што з улікам пэўных рызык у перыяд пандэміі альбо пры неабходнасці арганізоўваць надомнае навучанне прадугледжваецца магчымасць праводзіць заняткі дыстанцыйна. «Педагог выступіць у ролі мадэратара заняткаў. Таксама будуць выкарыстоўвацца магчымасці групавога альбо індывідуальнага чата, стасункі ў рэжыме відэаканферэнцыі», — патлумачыў ён.

У хуткім часе ў рэгіёнах пачнуцца семінары для педагогаў, што дазволіць пазнаёміць іх з новым рэсурсам і пачуць прапановы па яго далейшым удасканаленні.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.